пупышка, якая распускаецца ў кветку. Звычайна бутон адрозніваецца ад лісцевых пупышак той жа расліны памерамі і прытупленай верхавінкай. Усе часткі кветкі ў бутоне ўжо сфарміраваныя. Па папярочным зрэзе праз бутон складаюць дыяграмы кветкі, што даюць нагляднае ўяўленне пра лік і ўзаемнае размеркаванне яе асобных частак. Вывучэнне бутонаў мае значэнне ў марфал. характарыстыцы розных сям. раслін і іх сістэматыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНЕЦЭ́Й (ад гін... + грэч. oikion хата, жыллё),
рэпрадукцыйная ч.кветкі, сукупнасць усіх пладалісцікаў, якія ўтвараюць адзін або некалькі песцікаў — жаночых органаў кветкі. Гінецэй, складзены з свабодных пладалісцікаў, кожны з якіх утварае песцік, наз. апакарпным (напр., у казяльцу). У працэсе эвалюцыі пладалісцікі зрастаюцца і ўтвараецца цэнакарпны гінецэй. У цэнакарпным адрозніваюць сінкарпны (напр., у лілеяў і цюльпанаў), паракарпны (у маку, агурка, гарбуза) і лізікарпны (напр., у вочнага цвету) гінецэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАЧА́Й (Euphorbia),
род кветкавых раслін сям. малачайных. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 12 дзікарослых, каля 20 інтрадукаваных і вял. колькасць відаў у пакаёва-аранжарэйнай культуры. У лясах, на лугах і як пустазелле найчасцей трапляюцца М. санцагляд (E. helioscopia, нар. назва заячы скок, малатчак), глянцаваты (E. lucida), кіпарысавы (E. cyparissias), лозны (E. virgata).
Адна- і шматгадовыя травы, кусты (часта сукулентныя, кактусападобныя), радзей дрэвападобныя формы. Маюць у сабе млечны сок (адсюль назва). Лісце суцэльнае, чаргаванае, супраціўнае або кальчаковае. Кветкі аднаполыя, у складаным суквецці — цыятыі (складаецца з песцікавай кветкі, абкружанай 4—5 моцна рэдукаванымі тычынкавымі суквеццямі, выконвае ролю асобнай двухполай кветкі). Лек., тэхн., дэкар. расліны. Амаль усе ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМО́НАК (Chamomilla),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды Р.: аптэчны, ці абадраны (Ch. recutita), і рамонкападобны, або пахучы (Ch. suaveolens). Трапляюцца ўздоўж дарог, на лугах, пашы, палях.
Аднагадовыя травяністыя пахучыя расліны. Сцёблы прамастойныя, уверсе галінастыя выш. да 80 см. Лісце перыстарассечанае. Суквецце — кошык, у якім краявыя кветкі язычковыя, белыя ці плёнчатыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя. Кошыкі дыяметрам да 2,5 см. Плод — сямянка. Таксама Р. называюць расліны з родаў нівянік, пірэтрум, пупок і інш., у якіх сярэдзінныя трубчастыя кветкі ў кошыку жоўтыя, а краявыя псеўдаязычковыя кветкі («пялёсткі») белыя. Сапраўдныя Р. — адналетнікі з канічным полым ложам суквецця і з сямянкамі, якія ў вільготным стане аслізняюцца. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯКВЕ́ТНІК,
лістападобныя покрыўныя органы кветкі, якія акружаюць тычынкі і песцік. У падвоенага К. (званочак) вонкавыя зялёныя лісцікі — чашачка, унутр. ярка афарбаваныя — вяночак. Просты К. складаецца з аднолькавых па афарбоўцы лісткоў (у лілеі). Бывае ярка афарбаваны, паходзіць на вяночак і наз. вяночкападобным (у цюльпана), калі К. зялёны і паходзіць на чашачку то наз. чашачкападобным (у крапівы). У некат. відаў К. адсутнічае (у вярбы, ясеня), таму кветкіназ. голымі ці бяспокрыўнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЙСТАГА́МІЯ (ад грэч. kleistos закрыты + gamos шлюб),
самаапыленне і самаапладненне раслін у нераскрытых кветках. Бывае пастаянная (у фіялкі, кісліцы), звязана з рэдукцыяй калякветніка і памяншэннем памераў кветкі. Асобная форма пастаяннай К. — развіццё і апладненне кветак у глебе (у арахісу). Непастаянная К. абумоўлена неспрыяльнымі ўмовамі (засуха, высокая або нізкая т-ра навакольнага асяроддзя) і не суправаджаецца рэдукцыяй калякветніка (у аўса, кавылю, пшаніцы і інш.). На адной расліне бываюць клейста- і хазмагамныя (адкрытыя) кветкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХАГА́МІЯ (ад грэч. dicha асобна, паасобку + ...гамія),
розначасовае выспяванне пыльнікаў і рыльца кветкі або органаў рознага полу ў споравых раслін. Адзін з механізмаў, які перашкаджае самаапыленню і садзейнічае перакрыжаванаму апыленню. Адрозніваюць пратандрыю, калі пыльнікі раскрываюцца раней, чым выспявае рыльца (напр., у большасці гваздзіковых, гераніевых і інш.), і пратагінію, калі раней выспявае рыльца кветкі (напр., у крыжакветных, ружавых і інш.), што бывае радзей. Тып Д. зрэдку можа залежаць ад умоў надвор’я (напр., у асаковых у гарачую вясну замест пратаганіі можа назірацца пратандрыя).