ДЫХАГА́МІЯ (ад грэч. dicha асобна, паасобку + ...гамія),

розначасовае выспяванне пыльнікаў і рыльца кветкі або органаў рознага полу ў споравых раслін. Адзін з механізмаў, які перашкаджае самаапыленню і садзейнічае перакрыжаванаму апыленню. Адрозніваюць пратандрыю, калі пыльнікі раскрываюцца раней, чым выспявае рыльца (напр., у большасці гваздзіковых, гераніевых і інш.), і пратагінію, калі раней выспявае рыльца кветкі (напр., у крыжакветных, ружавых і інш.), што бывае радзей. Тып Д. зрэдку можа залежаць ад умоў надвор’я (напр., у асаковых у гарачую вясну замест пратаганіі можа назірацца пратандрыя).

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)