апарат для паглынання (абсорбцыі) газаў з іх сумесі вадкімі абсарбентамі. У хім. і нафтаперапр. прам-сці выкарыстоўваюць некалькі канструкцый. Паверхневы абсорбер — рэзервуар з абсарбентам, над паверхняй якога прапускаюць газ, і кампаненты газавай сумесі часткова паглынаюцца абсарбентам. Выкарыстоўваюць, калі газавая сумесь добра раствараецца ў абсарбенце. Насадачны абсорбер — верт.метал. або керамічная калона (труба) з некалькімі гарыз. рашоткамі, на якія насыпаюць слаі насадкі (кокс, каменне, метал. або керамічныя кольцы і інш.). Абсарбент падаецца зверху і праз насадку сцякае ўніз, а сумесь газаў — знізу. У талерчатым абсорберы (гл.рыс.) газавую сумесь з рэчывамі, якія неабходна выдаліць, прадзімаюць знізу ўверх праз абсарбент, што сцякае з талеркі на талерку па пераліўных трубках. Адбываецца барбатаж (перамешванне) вадкасці з газам, што спрыяе паглынанню рэчываў абсарбентам. Абсорбер выкарыстоўваюць і ў сістэмах жыццезабеспячэння касм. апаратаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІФАНАФО́РЫ (Siphonophora, ад грэч. siphōn трубка + phoros які нясе),
падклас беспазваночных жывёл кл. гідроідных тыпу кішачнаполасцевых. Каля 170 відаў (па інш. звестках 250). Пашыраны ў акіянах і морах з высокай салёнасцю вады, пераважна ў трапічных і цёплых водах да глыб. 5000 м. Найб. вядомыя «партугальскі караблік» (Physalia), фізафора (Physophora hydrostatica).
Даўж. цела 1 см — 3 м (разам са шчупальцамі да 20 м). Празрыстыя арганізмы, асобныя ч. цела яркія. Каланіяльныя, калоніі паліморфныя (гл. Полімарфізм), складаюцца з асобін, якія выконваюць пэўныя функцыі: перамяшчэння (маюць пнеўматафор і «плавальны каўпак», або нектафор), кармлення (гастразоіды з доўгім рухомым прыдаткам, або «арканчыкам» з жыгучымі клеткамі), размнажэння (ганазоіды). Звычайна розныя асобіны калоніі сабраныя ў групы — кармідыі. Размнажэнне палавое. Лічынка (відазмененая планула) шляхам пачкавання ўтварае маладую калонію. Кормяцца дробнымі марскімі жывёламі. Некат. буйныя трапічныя С. небяспечныя для чалавека (выклікаюць цяжкія апёкі і агульнае захворванне з павышэннем т-ры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́МБА (франц. bombe ад лац. bombus шум, гул),
1) адзін з асн. відаў авіяц. боепрыпасаў. Бомбы асн. прызначэння забяспечваюцца выбуховымі рэчывамі, запальнымі саставамі,ядз. або тэрмаядз. зарадамі (вадародныя, нейтронныя і інш. бомбы; гл.Ядзерная бомба, Прамянёвая зброя). Бываюць фугасныя, асколачныя (у т. л. шарыкавыя), супрацьтанкавыя, супрацьлодачныя, запальныя, бранябойныя, хім. і інш. Дапаможныя авіяц. бомбы прызначаны для стварэння дымавых заслонаў, асвятлення мясцовасці, сігналізацыі, навуч. мэтаў і інш. Сучасныя бомбы могуць мець сістэмы тэлекіравання і саманавядзення, аснашчацца для бомбакідання з малых вышынь парашутамі. Маса авіяц. бомбы ад 0,5 кг да 20 т. 2) Марскі боепрыпас для знішчэння падводных лодак, якарных і донных мін, іншых падводных аб’ектаў. Глыбінныя бомбы (упершыню выкарыстаны ў 1915) падзяляюцца на карабельныя (скідваюцца з кармавых бомбаскідальнікаў або выстрэльваюцца з бамбамётаў) і авіяцыйныя (скідваюцца з самалётаў і верталётаў). Маюць звычайныя і ядз. зарады, кантактныя, некантактныя, гідрастатычныя і дыстанцыйныя ўзрывальнікі. Маса 120—250 кг, далёкасць стральбы да 4 км.
3) Устарэлая назва артыл. асколачна-фугаснага снарада масай больш за 16 кг (з меншай масай наз.гранатамі). Выкарыстоўваўся ў 17—19 ст. У гладкаствольнай артылерыі меў сферычны чыгунны корпус, у наразной — прадаўгаваты.
4) Асколачны снарад для стральбы з бамбамётаў у 1-ю сусв. вайну.
5) Назва саматужных снарадаў, зробленых для дыверсійных і тэрарыстычных мэтаў (у б. Расійскай імперыі, напр., выкарыстоўваліся ў тэрарыстычнай дзейнасці нарадавольцаў).