СІФАНАФО́РЫ (Siphonophora, ад грэч. siphōn трубка + phoros які нясе),

падклас беспазваночных жывёл кл. гідроідных тыпу кішачнаполасцевых. Каля 170 відаў (па інш. звестках 250). Пашыраны ў акіянах і морах з высокай салёнасцю вады, пераважна ў трапічных і цёплых водах да глыб. 5000 м. Найб. вядомыя «партугальскі караблік» (Physalia), фізафора (Physophora hydrostatica).

Даўж. цела 1 см — 3 м (разам са шчупальцамі да 20 м). Празрыстыя арганізмы, асобныя ч. цела яркія. Каланіяльныя, калоніі паліморфныя (гл. Полімарфізм), складаюцца з асобін, якія выконваюць пэўныя функцыі: перамяшчэння (маюць пнеўматафор і «плавальны каўпак», або нектафор), кармлення (гастразоіды з доўгім рухомым прыдаткам, або «арканчыкам» з жыгучымі клеткамі), размнажэння (ганазоіды). Звычайна розныя асобіны калоніі сабраныя ў групы — кармідыі. Размнажэнне палавое. Лічынка (відазмененая планула) шляхам пачкавання ўтварае маладую калонію. Кормяцца дробнымі марскімі жывёламі. Некат. буйныя трапічныя С. небяспечныя для чалавека (выклікаюць цяжкія апёкі і агульнае захворванне з павышэннем т-ры).

Да арт. Сіфанафоры. «Партугальскі караблік».

т. 14, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)