ГІРАКО́МПАС,
механічны паказальнік кірунку сапраўднага (геаграфічнага) мерыдыяна, прызначаны для вызначэння курсу рухомага аб’екта і напрамкаў на зямныя і нябесныя арыенціры.
Дзеянне гіракомпаса заснавана на ўласцівасці цяжкага гіраскопа (яго цэнтр цяжару знаходзіцца ніжэй за пункт падвесу) займаць пад уздзеяннем сутачнага вярчэння Зямлі становішча, калі яго вось паралельная геагр. мерыдыяну. У адрозненне ад магн. компаса паказанні гіракомпаса практычна не залежаць ад зямнога магнетызму, прысутнасці метал. мас, эл.-магн. палёў. Адрозніваюць гіракомпас: з адным і двума гіраскопамі; з маятнікавым і эл.-магн. (больш дакладным) кіраваннем. Выкарыстоўваюць на марскіх суднах, пры геадэзічных, тапаграфічных, маркшэйдэрскіх і інш. работах. Гіракомпас — састаўная частка аўтарулявога.
т. 5, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГА́НДЫ (ад лац. ligo звязваю),
малекулы ці іоны, непасрэдна злучаныя з цэнтр. атамам у комплексных злучэннях.
Звычайна Л. з’яўляюцца аніёны (напр., гідраксіл ОН−, астачы азотнай NO3−, салянай Cl, сінільнай CN− кіслот) ці нейтральныя малекулы, якія маюць атамы кіслароду, азоту, фосфару, крэмнію, мыш’яку або кратныя сувязі (напр., неарган. малекулы — аксід вугляроду CO у карбанілах металаў, аміяк NH3; арган. злучэнні — аміны, спірты, алефіны). У каардынацыйнай сферы комплексаўтваральніка Л. можа займаць адно (т.зв. монадэнтатныя Л.) ці некалькі месцаў (полідэнтатныя Л., якія злучаны з цэнтр. атамам праз некалькі атамаў Л.). Комплексы з полідэнтатнымі Л. наз. хелатнымі (гл. Хелатныя злучэнні).
т. 9, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ,
уласцівасць матэрыяльнага цела займаць пэўную частку прасторы, валодаць прасторавымі памерамі (мець даўжыню, шырыню, вышыню). Вырашае ўзаемасувязь элементаў або часцей цел, момант іх адноснай устойлівасці; можа параўноўвацца па велічыні.
У гісторыі філасофіі П. разглядалася як атрыбут матэрыяльнай субстанцыі і нярэдка атаясамлівалася з самой прасторай. Франц. матэрыялісты 18 ст. Р.Дэкарт, Т.Гобс лічылі П. сутнасцю матэрыі. Для свайго тлумачэння П. патрабуе матэрыяльнага цела, без яго яна пустая абстракцыя. У матэматыцы дакладнае ўяўленне аб адрозненні геам. уласцівасцей прасторы, такіх, як П. і форма, ад яго фіз. уласцівасцей было дасягнута пасля адкрыцця неэўклідавых геаметрый.
т. 13, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-САВЕ́ЦКА-ІРА́НСКІ ДАГАВО́Р 1942 аб саюзе.
Падпісаны 29 студз. ў Тэгеране. Яго падпісанню папярэднічаў часовы ўвод сав. і англ. войскаў у Іран у жн.—вер. 1941 з мэтай перашкодзіць фаш. Германіі выкарыстаць тэрыторыю і рэсурсы Ірана ў вайне супраць СССР і Англіі. Дагавор забяспечваў супрацоўніцтва Ірана з антыгітлераўскай кааліцыяй у 2-й сусв. вайне. СССР і Англія абавязваліся абараняць Іран ад агрэсіі з боку Германіі або інш. дзяржавы, не займаць пазіцыі, якая магла б пашкодзіць інтарэсам Ірана ва ўзаемаадносінах з інш. краінамі. Іран у сваю чаргу абавязваўся не ўсталёўваць адносін, несумяшчальных з дагаворам. Пасля заканчэння 2-й сусв. вайны войскі саюзнікаў выведзены з Ірана.
т. 1, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РА ПАКАРА́ННЯ ў крымінальным праве,
пакаранне пэўнага віду і памеру, якое назначана асуджанаму на падставе санкцыі канкрэтнай нормы крымін. закона, па якой кваліфікавана ўчыненае злачынства. КК Рэспублікі Беларусь прадугледжвае М.п.: арышт, пазбаўленне волі, папраўчыя работы без пазбаўлення волі, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, штраф, звальненне з пасады, грамадскае ганьбаванне. За некаторыя асабліва цяжкія злачынствы як выключная М.п. дапускаецца пакаранне смерцю (расстрэл). За асабліва цяжкія злачынствы дапускаецца таксама пажыццёвае зняволенне. Да ваеннаслужачых тэрміновай службы можа таксама выкарыстоўвацца як М.п. накіраванне ў дысцыплінарны батальён. Да асуджаных могуць ужывацца таксама дадатковыя М.п.: канфіскацыя маёмасці, пазбаўленне воінскага або спец. звання.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 10, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКАМО́РЫ,
службовая асоба ў ВКЛ. П. прыдворны адказваў за парадак і ўбранства ў пакоях вял. князя, быў яго дарадчыкам і ўваходзіў у склад Рады Вялікага княства Літоўскага. Прызначаўся з буйных феадалаў. П. павятовы разглядаў зямельныя спрэчкі паміж шляхтай у падкаморскім судзе, удзельнічаў у разглядзе спраў у каптуровым судзе. Прызначаўся вял. князем з 4 кандыдатаў, выбраных шляхтай на павятовым сейміку. Гэту пасаду мог займаць толькі шляхціц-хрысціянін, ураджэнец ВКЛ, які валодаў маёнткам у гэтым павеце, ведаў права. П. прызначаў сабе з мясц. шляхты 1—2 памочнікаў — каморнікаў, якія вымяралі спрэчныя землі, а таксама па яго даручэнні разглядалі дробныя справы.
Я.А.Юхо.
т. 11, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л АРТЫЛЕ́РЫІ,
адна з дыгнітарскіх (вышэйшых прыдворных) пасад у ВКЛ. Загадваў арсеналамі, збраёўнямі, парахоўнямі і людвісарнямі (майстэрнямі па вырабе гармат, званоў і інш.), займаўся навучаннем артылерыстаў, забеспячэннем войска і арсеналаў амуніцыяй і порахам. Пасада вядома з 17 ст., калі кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV надаў артылерыі вайсковую арганізацыю (т.зв. «Артыкулы», абвешчаныя ў 1634 пад Смаленскам). Генерал артылерыі прызначаўся пажыццёва і не меў права займаць інш. вайсковых пасад. Распараджаўся вял. грашовымі сродкамі, прымаў спец. прысягу не расходаваць гэтыя грошы на інш. мэты, акрамя артылерыі. Даваў справаздачы вял. гетману, з 1775 Вайсковаму дэпартаменту Усечасовай рады. Непасрэдна ў ваен. дзеяннях не ўдзельнічаў. Першым генералам артылерыі ВКЛ быў Мікалай Абрамовіч (1638).
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 5, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1563,
заканадаўчы акт, якім фармальна былі ўраўнаваны ў паліт. правах правасл. феадалы ВКЛ з феадаламі-католікамі. Выдадзены на бел. мове вял. кн. ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам II Аўгустам 7.6.1563 на Віленскім сейме. Тэкст прывілея ў якасці прэамбулы ўвайшоў у Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Прывілеем устаноўлена, што правасл. шляхціцы, як і католікі, могуць займаць розныя дзярж. пасады. Было засведчана, што дыскрымінацыйныя адносна правасл. шляхты ВКЛ нормы Гарадзельскага прывілея 1413 фактычна і раней не дзейнічалі (асабліва пасля прыняцця прывілея 1434 і прывілея 1447). Таму Віленскі прывілей 1563 меў не столькі практычнае значэнне, колькі фармальнае, і быў выдадзены з мэтай паліт. кансалідацыі шляхты пасля няўдач у Лівонскай вайне 1558—83, у час правядзення валочнай памеры, напярэдадні заключэння Люблінскай уніі 1569.
І.А.Юхо.
т. 4, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З ВЫРАТАВА́ННЯ»,
тайная паліт. арганізацыя дзекабрыстаў у 1816—17. Паводле статута (1817) наз. «Таварыства сапраўдных і верных сыноў Айчыны». Заснавальнікі: А.М. і М.М.Мураўёвы, М.І. і С.І.Мураўёвы-Апосталы, С.П.Трубяцкой, І.Дз.Якушкін, М.С.Лунін, Ф.П.Шахаўской, П.І.Песцель. Налічваў каля 30 чалавек. Мэта «С.в.» — ліквідаваць прыгонніцтва, увесці канстытуц. манархію шляхам ваен. перавароту. Чл. «С.в.» павінны былі пашыраць склад т-ва, займаць важнейшыя ваен. і цывільныя пасады, фарміраваць грамадскую думку, асабліва сярод перадавога дваранства. «Саюз» падзяляўся на 3 ступені — «баляры», «мужы» і «браты», быў арганізаваны на прынцыпах глыбокай канспірацыі і строгай дысцыпліны. У «С.в.» вылучыліся радыкальная і памяркоўная плыні. Разыходжанні ў пытаннях тактыкі, непадрыхтаванасць да рашучых дзеянняў прывялі да самароспуску «С.в.» і заснавання ў 1818 т-ва «Саюз працвітання».
т. 14, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ КАМПА́НІЯ,
гандлёвае аб’яднанне ў Расіі ў 1799—1868. Засн. з мэтай асваення рас. уладанняў у Амерыцы, Курыльскіх і інш. астравоў. Напачатку праўленне кампаніі размяшчалася ў Іркуцку, з 1800 — у Пецярбургу. Кампанія атрымала ў манапольнае карыстанне ўсе промыслы і карысныя выкапні гэтых тэрыторый, права арганізоўваць экспедыцыі, займаць новаадкрытыя землі і гандляваць з суседнімі краінамі. Кампанія стварыла ў «Рускай Амерыцы» пастаянныя паселішчы, суднабудаўнічыя верфі, майстэрні і інш., у 1804—40 пры ўдзеле рас. ўрада арганізавала 25 экспедыцый, у т. л. 15 кругасветных (І.Ф.Крузенштэрна і Ю.Ф.Лісянскага і інш.), вяла геагр. і этнагр. даследаванні на Алясцы, удзельнічала ў засяленні в-ва Сахалін і Прыамур’я, садзейнічала пашырэнню ў шэрагу раёнаў агародніцтва, хлебаробства і жывёлагадоўлі. Дзейнасць кампаніі ўскладнялася моцнай канкурэнцыяй брыт. і амер. прадпрымальнікаў. У сувязі з продажам амер. уладанняў Расіі ЗША Р.-а.к. ў 1868 скасавана.
Літ.:
История Русской Америки, 1732—1867. Т. 1—3. М., 1997—99.
т. 13, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)