ГІРАКО́МПАС,

механічны паказальнік кірунку сапраўднага (геаграфічнага) мерыдыяна, прызначаны для вызначэння курсу рухомага аб’екта і напрамкаў на зямныя і нябесныя арыенціры.

Дзеянне гіракомпаса заснавана на ўласцівасці цяжкага гіраскопа (яго цэнтр цяжару знаходзіцца ніжэй за пункт падвесу) займаць пад уздзеяннем сутачнага вярчэння Зямлі становішча, калі яго вось паралельная геагр. мерыдыяну. У адрозненне ад магн. компаса паказанні гіракомпаса практычна не залежаць ад зямнога магнетызму, прысутнасці метал. мас, эл.-магн. палёў. Адрозніваюць гіракомпас: з адным і двума гіраскопамі; з маятнікавым і эл.-магн. (больш дакладным) кіраваннем. Выкарыстоўваюць на марскіх суднах, пры геадэзічных, тапаграфічных, маркшэйдэрскіх і інш. работах. Гіракомпас — састаўная частка аўтарулявога.

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)