«МІКІ́ТА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Найб. тыповы варыянт танца апісаў Е.​Раманаў: «Два хлопцы, узяўшыся за процілеглыя канцы палкі, пад музыку, у такт, то адну, то другую нагу спрытна перакідваюць над палкай, быццам бы пералазяць цераз яе. Гэты танец даволі ўтомны і патрабуе спрыту». У Брэсцкай вобл. танцор браў палку (ці качаргу) за адзін канец, а другі апускаў на падлогу і прыпяваючы скакаў цераз яе туды і назад, а потым выконваў вакол качаргі імправізаваны танец. Часам на падлогу клалі 3 палкі паралельна, часам 2 накрыж, і скакалі, танцавалі над імі, стараючыся не зачапіць іх. Выконваецца пад прыпеўкі. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЮСТЭ́РКА»,

«Люстра», бел. нар. танец, блізкі да карагода. Муз. памер ​2/4, тэмп жвавы. Мае істотныя рэгіянальныя адрозненні. На Гродзеншчыне ўдзельнікі, узяўшыся за рукі, рытмізаваным крокам бягуць па крузе ў адзін, потым у другі бок, спыняюцца, каб саліст, які стаіць у цэнтры карагода, выбраў сабе замену. Потым павольна сыходзяцца да цэнтра круга, вяртаюцца і ўздымаюць угару злучаныя рукі. У аснове інш. варыянта 2 процілеглыя рады, якія па чарзе выконваюць танц. фігуры, а потым заканчваюць агульным танцам. На Магілёўшчыне «Л.» — карагод, які паступова пераходзіць у танец з пацалункамі і рознымі жартамі, а таксама разнавіднасць кадрылі (вядома пад назвай «Зеркала»). У Лельчыцкім р-не — адно з кален кадрылі. Сцэнічны варыянт «Л.» створаны балетмайстрам Л.​Ляшэнка ў Гродзенскім нар. ансамблі песні і танца «Нёман».

т. 9, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАКІ́,

група парод паляўнічых сабак. Выкарыстоўваюць для палявання на зайцоў, лісоў і ваўкоў, а таксама капытных. Вядомы з глыбокай старажытнасці, паходзяць ад стараж. травільных сабак. Ганчакі па нюху знаходзяць след звера і з гучным брэхам гоняць яго (адсюль назва). Пашыраны ў многіх краінах свету, вядома каля 80 парод ганчакоў; на Беларусі гадуюць рускага ганчака, рускага рабога і эстонскага.

Ганчакі рускай і рускай рабой парод (выш. ў карку 55—68 см) маюць моцную канстытуцыю, тэмпераментныя і настойлівыя ў пошуку і гонцы дзічыны. Паводзіны ўраўнаважаныя, характар спакойны, лёгка дрэсіруюцца. Масць рускага ганчака рыжая з цёмным чапраком, часам шэрая з жоўтымі падпалінамі, рускага рабога — пераважна чорна-рабая з рыжымі плямамі на галаве, плячах і крыжы. Эстонскі ганчак нізкарослы (выш. 42—52 см), жвавы, масць часцей чорна-рабая з рыжымі плямамі.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 5, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЯВО́НІХА»,

бел. нар. танец. Мясц. назвы: «Крутуха», «Круцёлка», «Падарожная», «Бычок», «Мяцеліца», «Лявоніха» па-даўнейшаму». Існуе ў адзінстве трох кампанентаў: харэаграфічнага ў 2 разнавіднасцях — імправізацыйнай (танцуюць па аднаму або ў крузе з выхадам асобных выканаўцаў) і рэгламентаванай, з устаноўленым парадкам фігур (выконваюць парамі або тройкамі); песенна-паэтычнага з мноствам тэкстаў жартоўнага зместу; муз.-інструментальнага з рознай меладычнай асновай. Рытмаформула ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ 𝄾. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. У нар. практыцы бытуе як абрадавы (калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі», вяселле на Паазер’і) і пазаабрадавы танец. Упершыню выведзена на сцэну ў паказах трупы І.​Буйніцкага, 1-я сцэн. рэдакцыя створана ў 1920-я г. К.​Алексютовічам; выкарыстана ў балетах «Салавей» М.​Крошнера і «Князь-возера» В.​Залатарова. Танец папулярны на Беларусі і за яе межамі, уваходзіць у рэпертуар прафес. і самадз. танц. калектываў, служыць своеасаблівай візітнай карткай бел. мастацтва за мяжой.

І.​Дз.Назіна.

т. 9, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)