ДЫКТА́ТАР (лац. dictator ад dicto дыктую, прадпісваю),
1) у лац. гарадах стараж. Італіі штогадова абраны правіцель, які меў неабмежаваную ўладу, у т. л. кіраўнік Лацінскага саюза.
2) У Стараж. Рыме перыяду Рэспублікі (5—2-я пал. 1 ст. да н.э.) надзвычайная службовая асоба (магістрат) з неабмежаванымі грамадскімі і вайск. паўнамоцтвамі, якая прызначалася консуламі паводле рашэння сената ў выключных выпадках (унутр. беспарадкі, ваен. небяспека) максімальна на 6 месяцаў. У 2—1 ст. да н.э. былі выпадкі бестэрміновай дыктатуры (Карнелій Сула, Юлій Цэзар). Пасада скасавана ў 44 да н.э. Маркам Антоніем.
3) Носьбіт дзярж. улады ў краінах з недэмакр. (аўтарытарным бо таталітарным) праўленнем (гл.Дыктатура).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́ЎДЗІЙ, Тыберый Клаўдзій Нерон Германік (Tiberius Claudius Nero Germanicus; 1.8.10 да н.э., Лугдунум, цяпер г. Ліён, Францыя — 13.10.54 н.э.),
старажытнарымскі імператар [41—54 н.э.]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў. Абвешчаны імператарам пасля забойства яго пляменніка Калігулы. За час праўлення К. ўмацавана ваен.дыктатура і імператарская ўлада, у т. л. за кошт выцяснення і замены сената, закладзены асновы імперскай бюракратыі, палепшана фін. становішча дзяржавы, упарадкавана падаткаабкладанне, правінцыялы надзелены правамі рым. грамадзян, пашыраны межы дзяржавы, у т. л. далучаны Паўд. Брытанія, Маўрэтанія. Пры ім пабудаваны гавань у Остыі, 72 км водаправода і інш. Атручаны жонкай Агрыпінай.
Літ.:
Крист К. История времен римских императоров от Августа до Константина. Т. 1. Ростов н/Д, 1997;
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 128—134.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РБАС Лесь (Аляксандр Сцяпанавіч; 25.2.1887, г. Самбар Львоўскай вобл., Украіна — 15.10.1942),
украінскі рэжысёр, акцёр; адзін з заснавальнікаў укр.сав.т-ра. Нар.арт. Украіны (1925). Вучыўся ў Венскім і Львоўскім ун-тах. З 1916 арганізатар і кіраўнік тэатр. труп, у т. л. «Беразіль» (1922, з 1934 Укр.т-р імя Т.Р.Шаўчэнкі ў Харкаве). Лепшыя акцёрскія работы: Гнат («Абяздоленая» І.Карпенкі-Карага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Макбет («Макбет» У.Шэкспіра). Паставіў спектаклі «У пушчы» Лесі Украінкі, «Цар Эдып» Сафокла (абодва 1918), «Гайдамакі», «Іван Гус» паводле Т.Шаўчэнкі, «Нявольнік» М.Крапіўніцкага (усе 1920), «Джымі Хігінс» паводле Э.Сінклера (1923), «Дыктатура» І.Мікітэнкі (1930), «Маклена Граса» М.Куліша (1933) і інш. Рэжысёр-пастаноўшчык фільмаў «Вендэта», «Макдональд» (абодва 1924), «Арсенальцы» (1925).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІДАРЫЯ́НСКІ ПЕРАВАРО́Т,
палітычны пераварот 27—28.7.1794 (паводле рэсп. календара 9—10 тэрмідора 2-га года рэспублікі) у Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99, у выніку якога скінута дыктатура групоўкі якабінцаў на чале з М.Рабеспёрам. Летам 1794 незадаволеныя палітыкай рабесп’ерыстаў (жорсткі тэрор, няздольнасць выйсці з эканам. крызісу і інш.) правыя і левыя дэпутаты Канвента пры кіруючай ролі прадстаўнікоў «новай» буржуазіі («правых тэрмідарыянцаў» Ж.Л.Тальена, П.Бараса і Ж.Фушэ) і падтрымцы астатніх дэпутатаў («балота») арганізавалі змову. 9 тэрмідора Рабесп’ер разам з прыхільнікамі (Л.Сен-Жуст, Ж.Кутон і інш.) арыштаваны Канвентам, але быў вызвалены нацыянальнай гвардыяй і падтрыманы Парыжскай камунай. У ноч на 10 тэрмідора ён зноў арыштаваны і раніцай разам з прыхільнікамі без суда пакараны смерцю (абезгалоўлены). Уся ўлада фармальна перайшла да Канвента, фактычна — да кіраўнікоў тэрмідарыянскай змовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРОНТ НАЦЫЯНА́ЛЬНАГА ВЫРАТАВА́ННЯ (ФНВ; Frontul Salvării Naţionale) у Румыніі, масавая грамадска-паліт.арг-цыя ў канцы 1980 — пач. 1990-х г. Узнік у ходзе снежаньскіх падзей 1989, калі была скінута дыктатура Н.Чаўшэску. Створаны 26.12.1989 Савет ФНВ (старшыня І.Іліеску) распусціў усе тагачасныя дзярж. структуры і ўзяў на сябе ўсю паўнату дзярж. улады, абвясціў пераход краіны да дэмакратыі і рыначнай эканомікі, сфарміраваў часовы ўрад на чале з П.Романам. З лют. 1990 ФНВ у складзе Часовага савета нац. згоды. Пасля выбрання 20.5.1990 парламента (70% месцаў у ФНВ) і прэзідэнта Румыніі (Іліеску; ФНВ узначаліў Роман) ФНВ фармальна страціў уладныя функцыі, а з фарміраваннем у краіне ў пач. 1990-х г. шматпарт. сістэмы сышоў з паліт. арэны. Частка яго членаў у 1992 утварыла Дэмакр. ФНВ (з ліп. 1993 Партыя сац. дэмакратыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКІТЭ́НКА Іван Кандратавіч (6.9.1897, с. Роўнае Кіраваградскай вобл., Украіна — 4.10.1937),
украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі мед.ін-т (1927). Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Дэбютаваў вершамі ў 1922. Аўтар зб-каў апавяданняў «На сонечных гонях» (1926), аповесцей «Браты» (1927), «Вуркаганы» (1928), незакончанага рамана «Ранак» (1933). Драм. творы прасякнуты гуманізмам, вызначаюцца спалучэннем лірыкі, патэтыкі і сатыры: п’есы «Дыктатура» (1930, паст. БДТ-3 1930), «Справа гонару» (1931), «Бастылія божай маці» (1934), лірычная камедыя «Дзяўчаты нашай краіны» (1933, паст. БДТ-3 1934), сатыр. камедыя «Сола на флейце» (1935), «Калі ўзыходзіла сонца» (1937, апубл. 1962) і інш.Літ. крытык, публіцыст (кнігі «Галубы міру», 1929; «Трынаццатая вясна», 1930). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі В.Каваль, В.Сташэўскі.
Тв.:
Твори. Т. 1—4. Київ. 1982—83;
Бел.пер. — Вуркаганы. Мн., 1932;
Рус.пер. — Светите, звезды!: (Сб. пьес). М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎЦКІ (Kautsky) Карл (16.10.1854, Прага — 17.10.1938),
дзеяч аўстр., герм. і міжнар.с.-д. руху, адзін з тэарэтыкаў і лідэраў Інтэрнацыянала 2-га. Скончыў Венскі ун-т (1879). З 1875 у аўстр.с.-д. руху. У 1881 у Лондане пазнаёміўся з К.Марксам і Ф.Энгельсам. У 1883 заснаваў і да 1917 рэдагаваў тэарэт. орган С.-д. партыі Германіі (СДПГ) час. «Die Neue Zeit» («Новы час»). Выступаў супраць рэвізіянізму Э.Бернштэйна і рэв. радыкалізму Р.Люксембург, пазней супраць інтэрпрэтацыі марксізму У.І.Леніным («бальшавізм»). У 1910—12 ідэолаг цэнтрызму. У 1-ю сусв. вайну (1914) выступаў пераважна з пазіцый пацыфізму. У 1917—22 чл.Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі. У 1938 эмігрыраваў у Амстэрдам. Аўтар фундаментальных прац «Эканамічнае вучэнне Карла Маркса» (1887), «Папярэднікі сацыялізму» (1909—21), «Матэрыялістычнае разуменне гісторыі» (1927), брашуры «Дыктатура пралетарыяту» (1918) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Происхождение христианства. М., 1990.
Літ.:
Брайович С.М. Карл Каутский — эволюция его воззрений. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ЎЗБРО́ЕНАЕ ПАЎСТА́ННЕ Ў РУМЫ́НІІ 1944,
нацыянальнае антыфаш. паўстанне рум. народа, у ходзе якога скінута дыктатура І.Антанеску. Летам 1943 па ініцыятыве камуніст. партыі Румыніі (КПР) быў створаны патрыят. антыгітлераўскі фронт. Вясной 1944 дасягнута пагадненне пра адзінства дзеянняў камуністаў і сацыял-дэмакратаў; 20.7.1944 падпісаны дагавор пра стварэнне нац.-дэмакр. блока — часовай паліт. кааліцыі нац.-ліберальнай, нац.-царанісцкай, камуніст. і с.-д. партый з мэтай ліквідацыі існуючага рэжыму і выхаду Румыніі з блока фаш. дзяржаў, створаны Ваен.к-т. Кансалідацыя партый спрыяла прыцягненню да барацьбы значных паліт. сіл краіны: ствараліся патрыят. атрады, вялася адпаведная работа ў арміі. Вызваленчая барацьба актывізавалася пасля паспяхова праведзенай Чырв. Арміяй Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944. 23.8.1944 паўстанцы выступілі адкрыта. Кароль Міхай падтрымаў паўстанне і санкцыяніраваў арышт дыктатара Антанеску 24 жн. Румынія спыніла ваен. дзеянні супраць антыгітлераўскай кааліцыі, атрады паўстанцаў і армейскія часці распачалі ваен. дзеянні супраць ням. войск у Бухарэсце, у даліне Прахавы і інш. раёнах. З уступленнем у Бухарэст Чырв. Арміі (31 жн.) паўстанне канчаткова перамагло.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫ РЭЖЫ́М,
спосаб функцыянавання палітычнай сістэмы грамадства і паліт. працэсаў; тып дзярж. кіравання са спецыфічнымі прынцыпамі і структурамі, якія рэгулююць грамадскія адносіны. Асн. пытаннем П.р. з’яўляецца праблема ўлады, якая ўздзейнічае на ўсе сферы грамадства, на эканам., сац., культ. і інш. структуры, паліт. паводзіны і дзейнасць людзей. Існуе мноства крытэрыяў, паводле якіх класіфікуюцца П.р. Можа быць ліберальны, аўтарытарны, дэмакр., аўтакратычны, монакратычны (дыктатарскі), дырэкторыя (калект. кіраванне), камбінаваны; гл. Аўтарытарызм, Дыктатура, Дэмакратыя, Лібералізм, Таталітарызм. Класіфікуюцца таксама па сац. складзе кіруючых эліт, ступені адкрытасці і закрытасці, характары абароны і падтрымкі рэжыму, формах і метадах паліт. ўзаемадзеяння паміж кіруючай элітай і грамадствам. Вызначае тып арганізацыі ўлады, паліт. адносіны, сукупнасць элементаў ідэалаг., інстытуцыянальнага і сац. парадку, якія садзейнічаюць фарміраванню паліт. культуры. Тып П.р. вызначаецца ўзроўнем развіцця і інтэнсіўнасцю паліт. працэсаў, структурай кіруючай эліты, механізмам яго фарміравання, станам правоў і свабод чалавека ў грамадстве, пануючым тыпам легітымнасці, развітасцю грамадска-паліт. традыцый, дамінуючай паліт. свядомасцю і паводзінамі. Паводле марксісцкай тэорыі існуюць П.р. сацыяліст. і капіталістычныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЬЯРЫ́Я (ад італьян. signoria панаванне, улада),
1) орган гар. самакіравання ў італьян. гарадах-камунах 13—14 ст. 2) Форма паліт. ладу шэрагу гарадоў-дзяржаў Паўн. і Сярэдняй Італіі 2-й пал. 13 ст. — сярэдзіны 16 ст., пры якой уся грамадз. і ваен. ўлада канцэнтравалася ў руках сіньёра (тырана, гл.Тыранія). Пераход ад выбарнага калегіяльнага кіравання камуны да С. адбываўся ва ўмовах жорсткай барацьбы паміж папаланамі (гандл.-рамесніцкія слаі) і феадаламі, калі ні адзін з бакоў не мог атрымаць поўнай перамогі. У выніку ўсталёўвалася дыктатура, якая адлюстроўвала інтарэсы або вярхоў папаланаў і феадалаў (напр., Вісконці ў Мілане), або толькі феадалаў (напр., д’Эстэ ў Ферары). Улада замацоўвалася наданнем сіньёру папам ці імператарам тытула вікарыя. На пачатку С. была пажыццёвай, пазней спадчыннай. У выніку бесперапынных войнаў да сярэдзіны 15 ст. многія С. былі паглынуты больш буйнымі, правіцелі якіх атрымалі тытулы герцагаў ці маркізаў (так утварыліся герцагствы Міланскае, Тасканскае, Ферара і інш.).