Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКТАТУ́РА,
1) сістэма неабмежаванага паліт., эканам., сац., духоўнага панавання на чале з лідэрам-дыктатарам. Яго імя або вызначаемая ім сац.-паліт. ідэя дае назву адпаведнай разнастайнасці дыктатарскага рэжыму (цэзарызм, банапартызм, абсалютызм, фашызм, таталітарызмі г.д.). Характарызуецца падаўленнем грамадзянскай супольнасці, паліт. тэрорам, канцэнтрацыяй улады ў руках дыктатара, усталяваннем юрыд. абмежаванняў паліт. правоў і свабод. Унутраная і знешняя палітыка ва ўмовах Д. грунтуецца на ідэалогіі месіянізму, прымусу непакорных. Паводле марксісцка-ленінскай тэорыі Д. — заканамерная з’ява класава-антаган. грамадства. Д. пралетарыяту ўстанаўліваецца ў выніку сацыяліст. рэвалюцыі і ахоплівае пераходны перыяд ад капіталізму да сацыялізму і мае на мэце буд-ва камунізму. Пры неабходных умовах яна выкарыстоўвае насілле для падаўлення супраціўлення эксплуататарскіх класаў і дзейнасці варожых сацыялізму элементаў. Ва ўмовах канчатковай перамогі сацыялізму Д. пралетарыяту завяршае сваю гіст. місію і ператвараецца ў агульнанародную дзяржаву пры захаванні кіруючай ролі камуніст. партыі да пабудовы камунізму. Д. — з’ява гіст., таму яе трэба разглядаць толькі ў канкрэтным гіст. кантэксце. Пры некаторых абставінах яна адыгрывала станоўчую ролю, захоўвала законнасць, парадак і тэр. цэласнасць краіны ў перыяд паліт. і сац.-эканам. крызісаў, а таксама адбіцця знешняй агрэсіі і прадухілення грамадз. вайны. Таму ў канстытуцыях некаторых краін (Францыя, Італія) прадугледжана магчымасць стварэння т.зв. «канстытуцыйнай Д.», якая мае магчымасць у надзвычайных сітуацыях ажыццяўляць экстранныя захады для аднаўлення законнасці і парадку ў краіне.
2) Спосаб ажыццяўлення дзярж. уладай непасрэднага выкарыстання ўзбр. насілля ў надзвычайных становішчах.
Літ.:
Джилас М. Лицо тоталитаризма: [Пер. с серб.-хорв.]. М., 1992;
Маркс К. Восемнадцатое брюмера Луи Бонапарта // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 8;
Ленін У.І. Дзяржава і рэвалюцыя // Тв. Т. 25. (Полн. собр. соч. Т. 33);
Яго ж. Аб дыктатуры пралетарыяту // Тв. Т. 30. (Там жа. Т. 39).
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЧО́ВАЯ ДЫКТАТУ́РАў Савецкай Расіі ў 1918—21,
сістэма надзвычайных захадаў сав. улады па арганізацыі харч. забеспячэння прамысл. цэнтраў і Чырв. Арміі. Выклікана харч. крызісам, які развіваўся ў Расіі з 1915. Уведзена дэкрэтамі ВЦВК і СНК РСФСР ад 13 і 27 мая 1918. Уключала цэнтралізацыю нарыхтоўкі і размеркавання харчавання, манаполію хлебнага гандлю, харчразвёрстку, была ч. палітыкі «ваеннага камунізму». Ажыццяўлялася Наркаматам харчавання і яго мясц. органамі — харч. к-тамі з дапамогай харчарміі і харчатрадаў, выклікала масавую незадаволенасць і выступленні сялянства. Адменена з увядзеннем новай эканамічнай палітыкі (1921).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКАБІ́НСКАЯ ДЫКТАТУ́РА,
этап рэвалюцыі 1789—99 у Францыі (чэрв. 1793 — ліп. 1794), калі вышэйшыя і мясц. органы ўлады кантралявалі якабінцы. Устаноўлена ў выніку нар. паўстання 31.5—2.6.1793 у Парыжы ў момант найвыш. небяспекі з боку ўнутр. і знешняй контррэвалюцыі. Фармальна вышэйшым органам улады заставаўся Канвент, але рэальныя ўладныя паўнамоцтвы засяродзіліся ў руках К-та грамадскага выратавання на чале з М.Ф.М.І.Рабесп’ерам. К-т грамадскай бяспекі і Рэвалюцыйны трыбунал праводзілі рэв. тэрор, ахвярамі якога, акрамя контррэвалюцыянераў і спекулянтаў, сталі тысячы невінаватых людзей. Я.д. вырашыла агр. пытанне, скасавала рабства ў калоніях, падавіла контррэв. мяцяжы і дамаглася пералому ў вандэйскіх войнах, стварыла масавую рэв. армію, якая нанесла паражэнні войскам варожых рэв. Францыі Аўстрыі і Прусіі. Аднак яе аслаблялі няздольнасць пераадолець эканам. крызіс і барацьба паміж асобнымі групоўкамі якабінцаў. Скінута ў выніку тэрмідарыянскага перавароту 27—28.7.1794. Гл. таксама Якабінцы, Французская рэвалюцыя 1789—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНАПАРТЫ́ЗМ,
гістарычны тэрмін, якім першапачаткова пазначалі паліт. рэжымы Напалеона I і Напалеона III у Францыі. Ужываецца з 19 ст. Адметны абаронай інтарэсаў буйной буржуазіі, апорай на армію і кансерватыўныя слаі сялянства, лавіраваннем паміж рознымі паліт. сіламі грамадства, спалучэннем дэмагогіі з палітыкай наступлення на дэмакр. свабоды і рэв. рух. У шырокім сэнсе банапартызм — антыдэмакр. дыктатура пэўных сац. груп, што лавіруюць паміж рознымі сіламі грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ЛА Луцый Карнелій (Lucius Cornelius Sulla; 138—78 да н.э.),
старажытнарымскі ваен. і паліт. дзеяч. Вызначыўся ў Югурцінскай вайне (111—105 да н.э.), узяў у палон цара Нумідыі Югурту. У 104—102 да н.э. ўдзельнічаў у вайне з тэўтонамі і кімврамі. У 93 да н.э. прэтар, у 92 да н.э. прапрэтар Кілікіі. Легат і ваен. трыбун у Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э., консул і галоўнакамандуючы ў вайне супраць Мітрыдата VI Еўпатара. Адхілены ад гэтай пасады на карысць Марыя, рушыў свае войскі на Рым, авалодаў ім і аднавіў уладу аптыматаў. Пераправіўшыся ў Грэцыю, захапіў Афіны, разбіў пантыйскія войскі і заключыў мір з Мітрыдатам VI Еўпатарам, абклаў кантрыбуцыяй правінцыю Азія. У 83 да н.э. высадзіўся ў Італіі, разбіў войскі папуляраў (марыянцаў) і абвясціў сябе дыктатарам. Яго дыктатура суправаджалася тэрорам: ахвярамі сталі каля 4,7 тыс.рым. грамадзян, вынішчаны цэлыя плямёны (самніты, этрускі). С. абапіраўся на ветэранаў, якіх адорваў зямельнымі надзеламі, дзярж. пасадамі, у т. л. месцамі ў сенаце. Дыктатура С. была скіравана на ўмацаванне ўлады сенацкай алігархіі. У 79 да н.э. С. склаў паўнамоцтвы дыктатара. Аўтар «Мемуараў» (не захаваліся).
Літ.:
Утченко С.Л. Древний Рим: События. Люди. Идеи. М., 1969;
Плутарх. Избранные жизнеописания. Мн., 1998;
Инар Ф. Сулла: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1997.
А.Г.Зельскі.
Выява Луцыя Карнелія Сулы на дэнарыі. 63—62 да н.э.