МЕ́ЛЬНІКАВА (па мужу Піліпенка) Антаніна Аляксееўна

(н. 19.2.1958, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. спартсменка (веславанне на байдарках і каноэ). Майстар спорту СССР міжнар. кл. (1978). Скончыла Бел. ін-т фізічнай культуры (1984). У 1984—85 інструктар-метадыст вучэбна-спарт. аддзела Мінаблсавета добраахвотнага спарт. т-ва (ДСТ) «Спартак». У 1988—89 на Мінскім вытв. аб’яднанні «Камсамолка». У 1989—92 ст. інструктар-метадыст Рэсп. спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімп. рэзерву (РСДзЮШАР) па веласпорце Белсавета ДСТ «Працоўныя рэзервы». У 1992—96 ст. інструктар-метадыст, нам. дырэктара рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства Рэсп. цэнтра фіз. выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Мін-ва адукацыі Беларусі. У 1996—98 дырэктар РСДзЮШАР па веласпорце. З 1998 нам. дырэктара комплекснай дзіцяча-юнацкай спарт. школы. Бронз. прызёр XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) на байдарцы-адзіночцы на дыст. 500 м. Сярэбраны прызёр VII Спартакіяды народаў СССР (1979, Масква) на байдарцы-двойцы на дыст. 500 м. Бронз. прызёр чэмпіянату СССР (1980) на байдарцы-двойцы на дыст. 500 м (з Т.​Лапцевай, Беларусь). Сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР на байдарцы-адзіночцы (Масква, 1978, 1980), байдарцы-двойцы (Масква, 1978, 1981), байдарцы-чацвёрцы (1981) на дыст. 500 м (з Д.​Люлітэ, Літва). Уладальніца Кубка СССР (1981, г. Жытомір, Украіна) на байдарцы-адзіночцы і байдарцы-двойцы на дыст. 500 м. Пераможца міжнар. рэгаты (1980, г. Холстэбра, Данія; 1981, г. Дуйсбург, Германія) на байдарцы-двойцы на дыст. 500 м.

А.​А.​Дубовік.

А.А.Мельнікава.

т. 18, кн. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРУКО́Ў Барыс Рыгоравіч (н. 7.11.1948, в. Новая Рудня Ельскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спарт. дзеяч, спецыяліст па водных відах спорту. Засл. трэнер Беларусі (1986), засл. трэнер СССР (1988). Скончыў Гомельскі ун-т (1970). З 1978 ст. трэнер спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімп. рэзерву г. Бабруйска. У 1985—2002 ст. трэнер рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства па водных відах спорту (Мінск), адначасова трэнер зборнай каманды Беларусі (1978—82, 1989—95), зборнай СССР (1983—88); трэнер-кансультант па веславанні на байдарках і каноэ ў Індыі (1987). Сярод выхаванцаў — В.Рэнейскі, А.​Рэнейскі, А.​Курляндчык.

А.​А.​Дубовік.

т. 18, кн. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР АЛІМПІ́ЙСКАЙ ПАДРЫХТО́ЎКІ ПА ТЭ́НІСЕ І НАСТО́ЛЬНЫМ ТЭ́НІСЕ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Засн. ў Мінску ў 1996. Яго дзейнасць накіравана на падрыхтоўку спартсменаў і нац. каманд да Алімп. гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы і інш. Каардынуе дзейнасць аддзяленняў спарт. дзіцяча-юнацкіх школ, вучылішчаў алімп. рэзерву і інш. Спарт. комплекс Н.ц. пабудаваны ў 1978 у Мінску. Мае 4 крытыя тэнісныя корты з трыбунай для 500 гледачоў, трэніровачную залу, мед. і метадычны кабінеты, дапаможныя памяшканні, 13 адкрытых кортаў (6 з травяным і 7 з грунтавым пакрыццём), якія выкарыстоўваюцца для вучэбна-трэніровачных заняткаў, правядзення міжнар. і рэсп. спаборніцтваў. У цэнтры працуюць вучэбна-спарт. групы, трэнеры-выкладчыкі. Сярод выхаванцаў — пераможцы міжнар. спаборніцтваў Н.Зверава, В.​Барабаншчыкава, У.​Ваўчкоў, М.​Мірны, У.​Самсонаў і інш.

В.​Я.​Ржаных.

т. 11, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА́ТАМКА»,

коннаспартыўны комплекс; рэсп. цэнтр па конным спорце і конегадоўлі. Размешчаны ў пас. Ратамка Мінскага р-на. Аб’ядноўвае Мінскі конны з-д імя Даватара і Рэсп. дзіцяча-юнацкую школу алімп. рэзерву па конным спорце (з 1960). Гал. цэнтр падрыхтоўкі бел. нац. зборных каманд па конным спорце (выездка, канкур, трохбор’е і інш.). Праводзяцца міжнар. і рэсп. спаборніцтвы па конным спорце і сучасным пяцібор’і.

Комплекс уключае крыты коннаспарт. манеж (64 × 24 м) з трыбунамі на 150 месцаў, 2 трэніровачныя крытыя коннаспарт. манежы і выездкавы манеж, З адкрытыя манежы, канкурнае поле (140 × 100 м) з трыбунамі на 3 тыс. месцаў, 4 трэніровачныя канкурныя палі, трасу палявых выпрабаванняў па трохбор’і, трэніровачны скакавы круг, гасцінічны комплекс, прафілакторый, базу коннага пракату.

Г.​П.​Баярына.

т. 13, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУ́КІН Уладзімір Барысавіч (н. 4.4.1952, Мінск),

бел. спартсмен (гімнастыка спарт.). Майстар спорту СССР міжнар. кл. (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1973). У 1968—75 у складзе зборных каманд СССР (маладзёжнай і дарослай). З 1976 трэнер Рэсп. школы-інтэрната спарт. профілю (Мінск), у 1978—83 трэнер па акрабатыцы, завуч спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімп. рэзерву «Кольцы Славы». Сярэбраны прызёр XX Алімп. гульняў (1972; г. Мюнхен, Германія) у камандным заліку. Чэмпіён Сусветнай універсіяды (1973, Масква) у асабістым (перакладзіна) і камандным заліку; сярэбраны прызёр у мнагабор’і. Абс. чэмпіён сярод юніёраў V Спартакіяды народаў СССР (1971, г. Уфа) у мнагабор’і і камандным заліку, сярэбраны прызёр VI Спартакіяды народаў СССР (1975) у камандным заліку. Чэмпіён СССР (1972, Кіеў) у камандным заліку.

У.Б.Шчукін.

т. 18, кн. 1, с. 469


Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДРЫХТОЎКА І ВЫХАВАННЕ КАДРАЎ ПА ФІЗІЧНАЙ КУЛЬТУРЫ І СПОРЦЕ.

Пачаткам развіцця на Беларусі фізічнага выхавання і падрыхтоўкі спарт. кадраў можна лічыць «Інструкцыю і праграму выкладання гімнастыкі ў мужчынскіх установах» (1889) Мін-ва нар. асветы, дзе былі сфармуляваны агульныя палажэнні пра задачы фізічнага выхавання, методыка правядзення заняткаў і пералік фізічных практыкаванняў, што ўводзіліся ў школе як абавязковы прадмет. У шэрагу навуч. устаноў, у т. л. ў некаторых прыходскіх вучылішчах, падобныя заняткі вяліся яшчэ да з’яўлення адпаведных інструкцый, з выкарыстаннем нар. гульняў і фізічных практыкаванняў. У 1910—14 заняткі гімнастыкай і фізічнымі практыкаваннямі ў многіх навуч. установах сталі рэгулярнымі, што патрабавала адпаведных кваліфікаваных выкладчыцкіх спарт. кадраў. Спачатку гэта былі запрошаныя з Расіі ці з-за мяжы (з Чэхіі і інш.) спарт. спецыялісты, якія працавалі пераважна ў створаных на той час спарт. арганізацыях і філіялах рас. спартыўных т-ваў — Мінскае т-ва аматараў спорту, «Сокал» і інш. Да 1917 у гарадах Беларусі функцыянавала каля 70 спарт. гурткоў, клубаў і т-ваў, у якіх займаліся больш за 2,5 тыс. чал.: 2 з такіх клубаў працавалі (паводле сучаснага падзелу) у Брэсцкай вобл., 10 — у Віцебскай, 13 — у Гомельскай, па 6 — у Гродзенскай і Магілёўскай, 11 — у Мінскай.

У БССР сістэматычная падрыхтоўка спецыялістаў па фізічнай культуры і спорце пачалася ў 1920-я г. Спачатку гэтым займаліся аддзелы Усевобуча, якія рыхтавалі інструктараў па фізічнай культуры і дапрызыўнай падрыхтоўцы.

Пазней выкладчыкаў, трэнераў і суддзяў па спорце рыхтавалі курсы і семінары пры Вышэйшым савеце фізічнай культуры БССР, Наркамаце асветы БССР, Цэнтральным і абласных камітэтах ЛКСМБ.

У 1929 у Мінску адкрыты Бел. тэхнікум фізічнай культуры — першая сярэдняя спец. навуч. ўстанова, якая рыхтавала кадры выкладчыкаў фізічнага выхавання. У 1937 тэхнікум пераўтвораны ў Бел. ін-т фізічнай культуры (ІФК). Да сярэдзіны 1941 падрыхтаваны 853 спецыялісты па фізічнай культуры і спорце, у т. л. 102 мелі вышэйшую адукацыю. Акрамя таго, у рэспубліцы працавалі спецыялісты, падрыхтаваныя ў Цэнтр. ін-це фізічнай культуры ў Маскве і Ленінградскім ін-це фізічнай культуры імя П.​Ф.​Лесгафта. Усяго працавала каля 1 тыс. спецыялістаў па фізічнай культуры і спорце.

Пасля Вял. Айч. вайны падрыхтоўка кадраў па фізкультуры і спорце ажыццяўлялася ў Мінскім ІФК, Мінскім (пазней Віцебскім) і Гродзенскім тэхнікумах фізічнай культуры, Магілёўскім дашкольным пед. вучылішчы, на ф-тах фізічнага выхавання Гомельскага і Брэсцкага пед. ін-таў.

У наш час на Беларусі спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй з наданнем кваліфікацыі «трэнер па віду спорту» рыхтуюць вучылішчы алімпійскага рэзерву, а спецыялістаў з вышэйшай фізкультурнай адукацыяй — выкладчыкаў фізічнай культуры — ф-ты фізічнага выхавання пед. ун-таў і Бел. дзярж. ун-т фізічнай культуры. Акрамя таго, ва ун-це фізічнай культуры вядзецца падрыхтоўка трэнераў па відах спорту, спецыялістаў па дашкольным фізічным выхаванні, фізкультурна-аздараўленчай рабоце і турызме, лячэбнай фізічнай культуры, фізічнай рэабілітацыі, менеджэраў спорту і турызму. У складзе ун-та 4 ф-ты, Ін-т павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў фізічнай культуры і спорту, аспірантура і дактарантура.

Штогод у краіне рыхтуецца каля 350 спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай і больш за 750 — з вышэйшай адукацыяй, якія працуюць ва ўсіх сферах галіны — трэнерамі па відах спорту (дзіцяча-юнацкія спарт. школы, спарт. клубы, секцыі калектываў фізічнай культуры, зборныя каманды), выкладчыкамі фізкультуры (вышэйшыя і сярэднія спец. навуч. ўстановы, каледжы, прафес.-тэхн. вучылішчы), настаўнікамі фізкультуры сярэдніх школ, а таксама ў сферы арганізацыі і кіравання фізкультурным рухам (дырэктары спарт. школ, спарт. баз, дзярж. трэнеры, работнікі Мін-ва спорту і турызму, федэрацый) і інш. Курсы павышэння кваліфікацыі штогод праходзяць больш за 2800 спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму, ажыццяўляецца перападрыхтоўка каля 100 чалавек.

На Беларусі дзейнічае больш за 40 ВНУ і практычна ў кожнай з іх функцыянуе кафедра фізічнага выхавання. Падрыхтоўка спарт. рэзерву ажыццяўляецца ў спецыялізаваных вучэбна-спарт. установах. Сярод іх (на пач. 2004) 10 вучылішчаў алімпійскага рэзерву (2744 навучэнцы), 13 школ вышэйшага спарт. майстэрства (1535 навучэнцаў), 8 цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі (2280 чал.), 162 спецыялізаваныя дзіцяча-юнацкія школы алімпійскага рэзерву (53 474 навучэнцы), 281 дзіцяча-юнацкая спарт. школа (119 914 вучняў), 45 дзіцяча-юнацкіх клубаў фізічнай падрыхтоўкі (34 481 вучань).

На пач. 2004 на Беларусі працуюць 24 830 спецыялістаў па фізічнай культуры і спорце. Сярод іх з вышэйшай фізкультурнай адукацыяй — 18 088, з сярэдняй спец. — 3394. Урокі фізічнай культуры ў агульнаадукацыйных школах забяспечваюць 8169 настаўнікаў, вучэбна-трэніровачны працэс у спецыялізаваных вучэбна-спарт. установах — 5932 трэнеры-выкладчыкі па спорце, у дзіцячых дашкольных установах фізічнае выхаванне забяспечваюць 2224 спецыялісты, у калектывах фізічнай культуры па месцах жыхарства з насельніцтвам працуюць каля 2300 інструктараў-метадыстаў.

Літ.:

Кулинкович К.А. Развитие физической культуры и спорта в БССР. Мн., 1969;

Физическая культура и спорт БССР. Мн., 1979.

В.​І.​Марозаў.

т. 18, кн. 2, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СПАРТА́К»,

спартыўнае таварыства прафсаюзаў у 1935—93. Аб’ядноўвала работнікаў асветы, аўтатранспарту, аховы здароўя, грамадз. авіяцыі, дзярж. гандлю, дзярж. устаноў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, культуры, лёгкай і харч. прам-сці, спажывецкай кааперацыі, сувязі і інш.

Створана ў 1935 як усесаюзнае добраахвотнае фізкультурна-спарт. т-ва работнікаў прамысл. кааперацыі на аснове фізкультурных гурткоў. У 1960 рэарганізавана ў спарт. т-ва прафсаюзаў (12 галіновых прафсаюзаў). Будавалася паводле тэрытарыяльна-вытв. прынцыпу і мела пярвічныя арг-цыі — калектывы фіз. культуры і спарт. саветы (рэсп., краявыя, абл., гар.).

На Беларусі рэсп. савет аб’ядноўваў 6 абл. і 18 гар. спарт. саветаў. Т-ва мела (1981) 36 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ, 8 стадыёнаў, 30 футбольных палёў, 99 спарт. залаў, 102 лыжныя базы, 65 спарт.-аздараўленчых лагераў; культываваліся 40 відаў спорту. У 1985 на базе некалькіх спарт. т-ваў, у т. л. і «С.», створана адзінае добраахвотнае фізкультурна-спарт. т-ва прафсаюзаў; у 1993 раз’яднана на шэраг фізкультурна-спарт. клубаў.

т. 15, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАХО́Л Мікалай Рыгоравіч (5.1.1948, в. Чырвоная Зорка Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 11.5.1997),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1971). Трэнер спарт. т-ва «Працоўныя рэзервы» (1975—80), трэнер-выкладчык Мінскага аблсавета «Дынама» (1980—82), прафес.-тэхн. вучылішчаў (1982—85), дырэктар і інструктар-метадыст спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх школ па веславанні (1990—94). Чэмпіён свету і Еўропы на байдарцы-адзіночцы ў эстафеце 4×500 м (1970, Капенгаген) і на дыстанцыі 500 м (1971, Бялград), бронз. прызёр на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м. Чэмпіён свету (1973, Тамерэ, Фінляндыя) на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м, сярэбраны прызёр на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 1000 м. Чэмпіён СССР (1971, 1973) на байдарцы-адзіночцы на дыстанцыі 500 м і на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 1000 м; на байдарцы-двойцы ў эстафеце 4×500 м (1973); на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м (1974). Чэмпіён Спартакіяды народаў СССР (1971) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 1000 м.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 16, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БРСКІ,

гар. пасёлак у Беларусі, цэнтр Акцябрскага р-на Гомельскай вобл., на р. Нератоўка (прыток Пцічы). За 190 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Рабкор на лініі Бабруйск—Рабкор, на аўтадарозе Глуск—Азарычы. 8,4 тыс. ж.

Утвораны 31.8.1954 у выніку аб’яднання вёсак Карпілаўка, Рудобелка і Рудня. Сяло Рудобелка (Рудыя Белкі) вядома з сярэдзіны 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне, здавалася ў часовае трыманне ці арэнду Радзівілам, Вішнявецкім і інш. З 1661 прыватнае ўладанне. У канцы 18 ст. належала памешчыку Д.​Лапе, які заснаваў маёнтак Карпілаўка. У 1918—20 існавала Рудабельская рэспубліка. У студз. 1920 Рудобелка спалена польск. войскамі, пасля вызвалення воласць перайменавана ў Акцябрскую. У 1939 утвораны Акцябрскі р-н з цэнтрам у в. Карпілаўка. У 1962—66 Акцябрскі ў Светлагорскім р-не.

Завод сухога абястлушчанага малака, спіртзавод, хлебазавод, камбінат быт. абслугоўвання, райаграпрамтэхніка, лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса, метэастанцыя. Сярэдняе ПТВ механізацыі, 3 сярэднія, дзіцяча-юнацкія спарт. і муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом піянераў і школьнікаў, Дом культуры, Акцябрскі музей народнай славы, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяр фашызму.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́РАЎСК,

гарадскі пасёлак, цэнтр Кіраўскага раёна Магілёўскай вобл., на р. Ала. На аўтадарозе Бабруйск—Магілёў. За 87 км ад Магілёва, 25 км ад чыг. ст. Бярэзіна на лініі Асіповічы—Жлобін. 10,1 тыс. ж. (1998).

На месцы К. ў 19 ст. быў маёнтак Качэрычы Качэрыцкай вол. Бабруйскага пав., з ліп. 1924 у Старцаўскім с/с Бабруйскага р-на. Пасля ўтварэння Кіраўскага р-на 12.2.1935 (названы ў гонар С.М.Кірава), часовы цэнтр раёна — в. Старцы, 20.4.1939 перайменавана ў в. Кірава. Каля в. Старцы на месцы маёнтка пабудаваны пас. К., куды пазней перанесены раённы цэнтр. З 30.6.1941 па 26.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 152 ж., дзейнічала антыфаш. група (кіраўнік Ц.​С.​Коржаў). У 1944—54 у Бабруйскай вобл. У 1955 в. Кірава злілася з пас. К., з 17.11.1959 — гар. пасёлак.

Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці. Ільнозавод. 2 сярэднія, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, царква, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі. Брацкія магілы: сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (пач. 20 ст.).

т. 8, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)