ГАРЭ́ЛІК (Любоў Мікалаеўна) (н. 16.3.1941, в. Хацяноўшчына Мінскага р-на),

бел. літаратуразнавец. Скончыла БДУ (1964). Канд. філал. н. (1973). Працавала настаўніцай, з 1971 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Выступае ў друку па пытаннях сучаснага літ. працэсу, з артыкуламі, прысвечанымі творчасці П.​Броўкі, М.​Танка, П.​Панчанкі, А.​Пысіна, Р.​Барадуліна. Аўтар манаграфій «Аляксей Пысін» (1981), «Зямля бацькоў дала мне права» (1983), «Сатыры слова гнеўнае» (1989), «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996; з Т.​К.​Грамадчанка і А.​С.​Гурскай).

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТО́ (франц. plateau ад plat плоскі),

узвышаная раўніна з роўнай або хвалістай, слаба парэзанай паверхняй, аддзеленая выразнымі ўступамі ад суседняй раўніннай прасторы. Вылучаюць П. структурныя (горныя пароды залягаюць гарызантальна, напр., Усцюрт), вулканічныя (залітыя лавай няроўнасці паверхні, напр., П. Армянскага нагор’я), дэнудацыйныя (пенеплен і абразійныя раўніны, напр., пустыня Бетпак-Дала), нагорныя (міжгорныя ўпадзіны з прадуктамі выветрывання горных хрыбтоў, напр., асобныя ўчасткі Усх. Паміра). Высока размешчаныя П. часта ўваходзяць у склад пласкагор’яў і нагор’яў, П. са стромкімі, часам прыступкавымі, схіламі могуць утвараць сталовыя краіны.

т. 12, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАБІ́СТАЯ У́НІЯ, персанальная унія,

у перыяд феадалізму форма канфедэрацыі на чале з адзіным манархам, але пры захаванні кожнай дзяржавай-удзельніцай самастойнасці ў вырашэнні ўнутр. пытанняў і значнай самастойнасці ў знешнепаліт. дзейнасці. Спрыяла павышэнню ваенна-паліт. магутнасці дзяржаў-удзельніц. Існавалі асабістыя уніі Англіі і Гановера (1714—1837), Нідэрландаў і Люксембурга (1815—90) і інш. Крэўская унія 1385 дала пачатак канфедэратыўным адносінам ВКЛ і Польшчы на прынцыпах асабістай уніі. Віленска-Радамская унія 1401 і Гарадзельская унія 1413 пацвердзілі такія адносіны. Люблінская унія 1569 прывяла да стварэння новай федэратыўнай дзяржавы — Рэчы Паспалітай.

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАР (Мікалай Якаўлевіч) (6.1.1865, г. Кутаісі, Грузія — 20.12.1934),

расійскі філолаг і археолаг. Акад. Пецярбургскай АН (1912), АН СССР (1925), АН Беларусі (1928). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1890), з 1900 праф. у ім. Даследаваў каўк. мовы [«Граматыка чанскай (лазскай) мовы з хрэстаматыяй і слоўнікам», 1910; «Граматыка старажытналітаратурнай грузінскай мовы», 1925], гісторыю, археалогію і этнаграфію Каўказа. Вывучыў і апублікаваў тэксты шэрагу стараж.-груз. і стараж.-арм. помнікаў. У 1920—30-я г. стварыў навукова неабгрунтаваную «яфетычную тэорыю» («новае вучэнне пра мову»), якая тым не менш дала імпульс распрацоўцы праблем сувязі развіцця навукі і грамадства.

Тв.:

Избр. работы. Т. 1—5. М.; Л., 1933—37.

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЎРЫ (грэч. Nevroi),

старажытнае племя, якое, паводле звестак Герадота, жыло ў 6—5 ст. да н.э. ў басейнах р. Гарынь і Паўд. Буг. Аб Н. і іх краіне Неўрыдзе згадвалі таксама Эфор, Дыянісій Перыегет, Пліній Старэйшы, Аміян Марцэлін і інш. антычныя аўтары. Інфармацыя Герадота пра тое, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, дала падставу шматлікім аўтарам (П.​Шафарык, П.​Шпілеўскі і інш.) змяшчаць Н. на тэр. Беларусі, дзе ўяўленне аб ваўках-пярэваратнях было найб. пашырана. Археал. даследаванні дазваляюць атаясамліваць з герадотавымі Н. частку насельніцтва мілаградскай культуры.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАСНЁЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1870 у Францыі,

буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Францыі, якая знішчыла Другую імперыю і абвясціла рэспубліку. Падрыхтавана працяглым крызісам банапартысцкага рэжыму, паскорана паражэннямі франц. войск у франка-прускай вайне 1870—71. Непасрэдны штуршок — паражэнне пад Седанам і здача ў палон Напалеона III з арміяй (2 вер. 1870). 4 вер. паўстанцы Парыжа ўварваліся ў Бурбонскі палац і дамагліся ад Заканад. корпуса звяржэння дынастыі Бурбонаў. У той жа дзень у ратушы абвешчана рэспубліка. Перамога працоўных была выкарыстана буржуазіяй, якая узурпіравала ўладу; прадстаўнікі рэв. дэмакратыі ва ўрад не трапілі. Вераснёўская рэвалюцыя дала пачатак Трэцяй рэспубліцы ў Францыі.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНРО́ВІЯ (Monrovia),

горад, сталіца Ліберыі, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак., у вусці р. Сент-Пол. Адм. ц. графства Мантсерада. 421 тыс. ж. (1997). Марскі порт (вываз каўчуку, жал. руды, пальмавых ядраў і алею). Вузел чыгунак і аўтадарог. 2 міжнар. аэрапорты. Паліт. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Металаапр., цагельначарапічны з-ды, 2 кіслародныя з-ды, аўтамайстэрні; мэблевыя, харч. прадпрыемствы. Ун-т. Нац. музей.

Засн. ў 1822 неграмі — перасяленцамі з ЗША (названа ў гонар прэзідэнта ЗША Дж.​Манро). З 1847 сталіца Ліберыі. У 1961 у М. адбылася канферэнцыя 20 недалучаных краін Афрыкі, якая дала пачатак стварэнню Арганізацыі афрыканскага адзінства.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́НСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,

школа італьян. жывапісу. Узнікла ў г. Балоння каля 1585 пасля заснавання братамі Карачы «Акадэміі тых, хто стаў на правільны шлях», дала пачатак развіццю акадэмізму ў еўрап. мастацтве і будучых акадэмій мастацкіх. Пад гэтым тэрмінам маюць на ўвазе адну з плыняў у італьян. жывапісе перыяду фарміравання і росквіту барока.

У канцы 16—17 ст. мастакі Балонскай школы жывапісу Карачы, Г.​Рэні, Гверчына, Даменікіна апіраліся на вонкавае ўспрыманне маст. прыёмаў майстроў высокага Адраджэння, выпрацавалі эфектыўныя дэкар. кампазіцыі на рэліг. і міфалагічныя тэмы, манум.-дэкар. размалёўку, распрацавалі тыпы манум. алтарнай карціны і т.зв. гераічнага пейзажа. У далейшым акадэмізм алонскай школы ператварыўся ў безжыццёвую маст. плынь.

т. 2, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГА́НАВА (Агрыпіна Якаўлеўна) (26.6.1879, С.-Пецярбург — 5.11.1951),

руская артыстка балета, педагог, балетмайстар. Нар. арт. Расіі (1934). Скончыла Пецярбургскае харэаграфічнае вучылішча (1897). У 1897—1916 у Марыінскім т-ры, «царыца варыяцый». З 1921 выкладала ў Ленінградскім харэаграфічным вучылішчы (з 1946 праф.; цяпер Акадэмія рускага балета імя Ваганавай). Сярод партый: Сванільда, Наіла («Капелія», «Ручай» Л.​Дэліба), Цар-дзяўчына («Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні), Гаспадыня дрыяд («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана). Пед. сістэма Ваганавай дала новае развіццё выканальніцкім прынцыпам (методыка выкладзена ў кн. «Асновы класічнага танца», 1934). Сярод вучаніц Ваганавай: М.Сямёнава, Г.Уланава, Н.Дудзінская, Х.Калпакова, А.​Асіпенка, Т.​Вячэслава. Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 3, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТЭ́ЛА, Вітэлій (Witelo, Vittelio) Эразм (каля 1230, каля г. Вроцлаў, Польшча — каля 1280), польскі прыродазнавец і філосаф. Вучыўся ў Парыжы і Падуі. Філасофію трактаваў як своеасаблівую навуку аб прыродзе, яго навук. дзейнасць звязана з развіццём эмпірычнага прыродазнаўства, пачатак якому дала оксфардская школа. Аўтар вядомага ў сярэднія вякі трактата па оптыцы «Перспектыва» (1270—73), тройчы выдадзенага ў Нюрнбергу (1535, 1551, 1572). У гэтым творы выкладаюцца элементы геам. оптыкі, вядомыя Эўкліду, Пталамею і Альхазену, а таксама прыводзіцца закон абарачальнасці прамянёў пры пераламленні святла, даказваецца, што парабалічныя люстэркі маюць адзін фокус, разглядаюцца будова вока і ўласцівасці зроку, тлумачыцца прырода вясёлкі на аснове пераламлення святла ў вадзяных кроплях.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)