НЕ́ЎРЫ (грэч. Nevroi),
старажытнае племя, якое, паводле звестак Герадота, жыло ў 6—5 ст. да н.э. ў басейнах р. Гарынь і Паўд. Буг. Аб Н. і іх краіне Неўрыдзе згадвалі таксама Эфор, Дыянісій Перыегет, Пліній Старэйшы, Аміян Марцэлін і інш. антычныя аўтары. Інфармацыя Герадота пра тое, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, дала падставу шматлікім аўтарам (П.Шафарык, П.Шпілеўскі і інш.) змяшчаць Н. на тэр. Беларусі, дзе ўяўленне аб ваўках-пярэваратнях было найб. пашырана. Археал. даследаванні дазваляюць атаясамліваць з герадотавымі Н. частку насельніцтва мілаградскай культуры.
т. 11, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)