ГЁТЭ ((Goethe) Іаган Вольфганг фон) (28.8.1749, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 22.3.1832),

нямецкі пісьменнік, мысліцель і прыродазнавец; адзін з заснавальнікаў ням. л-ры новага часу. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Вучыўся ў Лейпцыгу (1765—68) і Страсбуры (1770—71). З 1775 жыў у Веймары. Першы зб. вершаў «Лейпцыгская кніга песень» (1769). Пад уплывам літ. руху «Бура і націск» напісаны драмы «Гёц фон Берліхінген» (1773), «Клавіга» (1774), «Стэла» (1775), сентыментальны раман «Пакуты маладога Вертэра» (1774). У 1786—88 і 1790 падарожнічаў па Італіі. Сябраваў з Ф.Шылерам, у канцы 1780-х г. разам з ім распрацаваў канцэпцыю т.зв. веймарскага класіцызму (трагедыі «Іфігенія ў Таўрыдзе», 1787; «Тарквата Таса», цыкл «Рымскія элегіі», абодва 1790). У гіст. драме «Эгмант» (1788) уславіў барацьбу за нац. незалежнасць. Яго негатыўныя адносіны да Французскай рэвалюцыі 1789—99 выявіліся ў «Венецыянскіх эпіграмах» (1790, выд. 1796), п’есе-памфлеце «Грамадзянін-генерал» (1793), скіраванай супраць рэв. насілля, і паэме-ідыліі «Герман і Даратэя» (1797). У паэме «Рэйнеке-Ліс» (1793) высмеяў феад. прыгнёт і дэспатызм. Класічны ўзор «рамана выхавання», спалучаны з сац. утопіяй, — «Гады вучэння Вільгельма Майстэра» (1795—96) і «Гады вандраванняў Вільгельма Майстэра» (ч. 1—3, 1821—29). Праблемы фарміравання асобы і ўзаемаадносін чалавека і грамадства закрануты таксама ў аўтабіягр. кнігах «З майго жыцця. Паэзія і праўда» (ч. 1—4, выд. 1811—33) і «Італьянскае падарожжа» (т. 1—3, 1816—29). Цікавасць да Б.​Усходу выявілася ў зб. інтымнай лірыкі, навеянай перс. паэзіяй, «Заходне-ўсходні дыван» (1819). Твор усяго жыцця Гётэ, выдатны маст. помнік ням. і сусв. л-ры — трагедыя ў вершах «Фауст» (ч. 1—2, 1808—31), якая падвяла вынік развіццю еўрап. асветніцкай думкі 18 ст. У ёй філас. роздум пра сэнс быцця, спрадвечнае імкненне чалавека спасцігнуць таямніцы сусвету, вера ва ўсепераможнасць працы і пазнання. Гётэ аўтар літ.-маст. даследаванняў («Да дня Шэкспіра», 1771; «Пра нямецкае дойлідства», 1773; «Пра нямецкі тэатр», 1812—13, і інш.), прыродазнаўчых прац («Вопыт аб метамарфозе раслін», 1790; «Вучэнне пра колер», 1810, і інш.).

Шырокую вядомасць набылі малюнкі Э.​Дэлакруа да «Фауста». На творы Гётэ пісалі музыку: Л.​Бетховен — да драмы «Эгмант» (1810), Ш.​Гуно — оперу «Фауст» (1859), А.​Бойта — оперу «Мефістофель» (1868), Ж.​Маснэ — оперу «Вертэр» (1886), Г.​Берліёз — араторыю «Асуджэнне Фауста» (1846). На бел. мову творы Гётэ перакладалі А.​Барычэўскі, Ю.​Гаўрук, А.​Дудар, Ю.​Таўбін, В.​Вольскі, С.​Ліхадзіеўскі, А.​Зарыцкі, В.​Сёмуха, А.​Лойка. І.​Навуменка адзначыў тыпалагічныя паралелі асобных вобразаў і сцэн у творах Я.​Купалы і Гётэ, падкрэсліваў значэнне «Фауста» для стварэння драм. паэм Я.​Купалы «Адвечная песня» і «Сон на кургане». Бел. мастак А.​Кашкурэвіч даў новую маст. інтэрпрэтацыю вобразаў «Фауста». Бел. т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўкі опер «Фауст» Гуно (1950), «Вертэр» Маснэ (1959).

Тв.:

Бел. пер. — Рэйнеке-Ліс. Мн., 1940;

Спатканне і ростань: Выбр. лірыка. Мн., 1981;

Фауст: Трагедыя. Мн., 1996;

У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;

У кн.: Ліхадзіеўскі С. Берасцянка жывых трывог. Мн., 1962;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—13. М.; Л., 1932—49;

Собр. соч. Т. 1—10. М., 1975—80;

Фауст. Мн., 1971;

Избр. произв. Мн., 1977.

Літ.:

Барычэўскі А. Гётэ і ягоны Фауст // Полымя рэвалюцыі. 1932. № 1;

Вильмонт Н. Гете: История его жизни и творчества. М., 1959;

Тураев С. Иоганн Вольфганг Гете. 2 изд. М., 1957;

Шагинян М. Гете. М.; Л., 1950;

Эккерман И.П. Разговоры с Гете в последние годы его жизни. М.; Л., 1981.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 5, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРНС ((Burns) Роберт) (25.1.1759, Алаўэй, каля г. Эйр, Шатландыя — 21.7.1796),

шатландскі паэт. Першы зб. «Вершы, напісаныя пераважна на шатландскім дыялекце» (т.зв. «Кільмарнакскі зборнік», 1786). Пачынаў у рэчышчы сентыменталізму (паэма «Суботні вечар ласяляніна»), пазней палітра ўзбагацілася рысамі асветніцкага рэалізму і прэрамантызму. У лірыцы Бёрнса зліваюцца народна-песенная шатландская культура і традыцыі англ. асветніцкай л-ры, арганічна спалучаюцца фалькл. спадчына і дух высокай кніжнай паэзіі. Ён яскрава адлюстраваў не толькі побыт шатландскага сялянства (верш «Быў чэсны фермер бацька мой...»), але ўвасобіў неўміручы нар. дух (балада «Джон Ячменнае Зерне»), выявіў глыбіню пачуццяў простага чалавека (вершы «Каханне», «Начлег у дарозе» і інш.), выступіў з крытыкай сац., нац. і клерыкальнага прыгнёту (паэмы «Два пастухі», 1784; «Малітва святошы Вілі», 1785; вершы «Брус — да шатландцаў», «Шатландская слава», «За тых, хто далёка...», «Чэсная беднасць», «Дрэва Свабоды» і інш.). Мяккі гумар і задушэўны лірызм спалучаюцца ў яго паэзіі са злой іроніяй і сарказмам (асабліва ў эпіграмах). Аўтар поліфанічнай кантаты «Вясёлыя жабракі», вершаванай аповесці «Тэм О’Шэнтар». Збіраў і апрацоўваў шатландскія нар. песні для фалькл. зб-каў «Шатландскі музычны музей» (1787—1803), «Выбраны збор арыгінальных шатландскіх мелодый» (1793). Многія вершы Бёрнса сталі нар. песнямі. На бел. мову яго творы перакладалі Ю.​Гаўрук, Я.​Семяжон і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Шатландская слава: Выбр. Мн., 1957;

Вам слова, Джон Ячмень. Мн., 1983;

Рус. пер. — Роберт Бернс в переводах С.​Маршака. Кн. 1—2. М., 1979;

Избранное. М., 1982.

Літ.:

Райт-Ковалева Р.Я. Роберт Бернс. М., 1965;

Елистратова Л.А. Роберт Бернс. 3 изд. М., 1965;

Колесников Б.И. Роберт Бернс: Очерк жизни и творчества. М., 1967;

Венок Роберту Бернсу. М., 1964.

Г.​В.​Сініла.

Р.Бёрнс.

т. 3, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ПРАЛЕТА́РСКІХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (БелАПП). Існавала з ліст. 1928 да мая 1932. Створана ў выніку рэарганізацыі літ. аб’яднання «Маладняк», усебеларускі з’езд якога (25—28.11.1928) абвясціў сябе 1-м з’ездам БелАПП. Статут прыняты 10.3.1929. Орган кіравання — праўленне і яго сакратарыят. Друкаваны орган — час. «Маладняк» (з № 12, 1928). Члены: А.​Александровіч, З.​Астапенка, А.​Астрэйка, С.​Баранавых, П.​Броўка, П.​Галавач, Ю.​Гаўрук, А.​Звонак, А.​Куляшоў, М.​Лынькоў, Б.​Мікуліч, Р.​Мурашка, А.​Салагуб, Я.​Скрыган, В.​Таўлай, П.​Трус, М.​Чарот, С.​Шушкевіч, Х.​Шынклер і інш. Асацыяцыя мела рус., літоўскую, польск. і яўр. секцыі. Існавалі Бабруйская, Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Полацкая і інш. філіі, якія выдавалі свае зборнікі, альманахі, асобныя творы. 22.9.1930 філіі ліквідаваны, былі створаны літ. гурткі, студыі пры буйных прадпрыемствах і калгасах. Мінская філія пераўтворана ў Мінскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (МінАПП), Віцебская — у Віцебскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. У дзейнасці БелАПП вылучаюцца два этапы: 1928—30 і 1930—32. Да 1930-х г. асацыяцыя праводзіла значную работу па стварэнні пралетарскай л-ры, садзейнічала аб’яднанню літ. сіл, наладжванню сувязяў з л-рамі народаў СССР. На дзейнасці БелАПП адмоўна адбівалася тое, што яе кіраўніцтва дапускала адміністраванне ў дачыненні да членаў арг-цыі. Белапаўская крытыка механічна пераносіла метадалогію філасофіі на маст. творчасць, прапагандуючы своеасаблівы дыялектыка-матэрыялістычны метад л-ры. З пач. 30-х г. асацыяцыя стала правадніком ідэй РАПП з яе памылковымі тэорыямі і метадамі кіравання, дапускала праявы групаўшчыны, пагардлівых адносін да інш. арг-цый, прэтэндавала на кіруючую ролю ў бел. л-ры. Значную шкоду прычыніла вульгарна-сацыялаг. крытыка (Л.​Бэндэ, А.​Кучар, М.​Аляхновіч і інш.). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932).

Літ.:

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20—30-я гады. Мн., 1975.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́САЎ (Валерый Якаўлевіч) (13.12.1873, Масква — 9.10.1924),

рускі пісьменнік. Праф. (1921). Скончыў Маскоўскі ун-т (1899). Арганізатар і рэктар Вышэйшага літ.-маст. ін-та ў Маскве (з 1921). Пачынальнік сімвалізму ў рус. л-ры. Выступаў як паэт, празаік, драматург, літ.-знавец, тэарэтык верша і перакладчык. У зб-ках «Рускія сімвалісты» (вып. 1—3, 1894—95; у асноўным вершы Брусава), «Chefs d’oeuvre» («Шэдэўры», 1895), «Me eum esse» («Гэта — я», 1897) — уплыў зах.-еўрап. і рус. дэкадансу, пошукі новых формаў паэзіі. Аўтар зб-каў вершаў «Urbi et Orbi» («Гораду і свету», 1903), «Stephanos» («Вянок», 1906), «Люстра ценяў» (1912) і інш., празаічных зб-каў «Зямная вось» (1907), «Ночы і дні» (1913), гіст. раманаў «Вогненны Анёл» (1907—08), «Алтар перамогі» (1911—12), «Юпітэр звергнуты» (незак., апубл. 1934), п’есы «Падарожнік» (1911), трагедыі «Пратэсілай памерлы» (1913), у якіх — зварот да урбаністычных матываў, навукі і гісторыі, міфалогіі і сучаснасці. У зб-ках «Апошнія мары» (1920), «У такія дні» (1921), «Міг» (1922), «Меа!» («Спяшайся!», 1924) інтымная, пейзажная, міфалагічная, філас. і палітычная тэматыка. У гіст.-літ. працах (кн. «Далёкія і блізкія», 1912) і публікацыях, прысвечаных А.​С.​Пушкіну (больш за 80), Я.​А.​Баратынскаму, М.​В.​Гогалю, Ф.​І.​Цютчаву і інш., канкрэтнасць і канструктыўная яснасць аналізу, аргументаванасць вывадаў, лаканізм і вытанчанасць стылю, шырыня эрудыцыі Брусава-даследчыка. Перакладаў на рус. мову творы ант., зах.-еўрап. паэзіі і драматургіі (Дж.​Байрана, Вергілія, Дантэ, П.​Верлена, Мальера і інш.). Перакладчык арм. паэзіі (анталогія «Паэзія Арменіі са старажытных часоў да нашых дзён», 1916, факс. выд. 1987; званне нар. паэта Арменіі 1923). На рус. мову пераклаў асобныя вершы Я.​Купалы. Творы на бел. мову перакладалі А.​Александровіч, Ю.​Гаўрук, А.​Дудар, С.​Дзяргай, С.​Шушкевіч.

Літ.:

Максимов Д.Е. Брюсов: Поэзия и позиция Л., 1969;

Сивоволов Б.М. Валерий Брюсов и передовая русская литература его времени. Харьков, 1985.

т. 3, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙНЭ ((Heine) Генрых) (13.12.1797, г. Дзюсельдорф, Германія — 17.2.1856),

нямецкі паэт, публіцыст, крытык. Сінтэзаваў дасягненні ням. рамантызму, вызначыў тэндэнцыі развіцця рэалізму. У 1819—25 вучыўся ў Бонскім, Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах; слухаў лекцыі Г.Гегеля. У 1825 прыняў лютэранства, што дазволіла яму атрымаць ступень доктара права. З 1831 у эміграцыі ў Парыжы. З 1848 прыкаваны да ложка, паступова страчваючы зрок і слых. Друкаваўся з 1817. Найб. значныя творы ранняга перыяду (1816—31) — зб. лірычных вершаў «Кніга песень» (1827) і кн. нарысаў «Дарожныя малюнкі» (т. 1—4, 1826—31). «Кніга песень» (цыклы «Юнацкія пакуты», «Лірычнае інтэрмецца», «Вяртанне на радзіму», «Паўночнае мора») перадае асабістую драму паэта, малюе карціну духоўнага сталення маладога чалавека, праз лірычнае «я» дае шырокую панараму эпохі. Асэнсаванне трагічнага разрыву паміж ідэалам і рэальнасцю, рамантычна-ўзнёслы настрой і іронія вызначаюць змест і асаблівасці гэтага зб-ка. У «Дарожных малюнках» стварыў рэзка сатырычны вобраз феад.-манархічнай Германіі. З пач. 1830-х г. у яго творчасці пераважаюць паліт., грамадскія, філас.-эстэт. праблемы (кн. «Французскія справы», 1832; «Людвіг Бёрне», 1840; «Лютэцыя», 1840—47; «Рамантычная школа», 1833; «Да гісторыі рэлігіі і філасофіі ў Германіі», 1834). У творах паліт. і сатыр. тэматыкі (зб. «Сучасныя вершы», 1844; паэмы «Ата Троль. Сон у летнюю ноч», 1841—47; «Германія. Зімовая казка», 1844) Гейнэ выкрываў дух шавінізму і пангерманізму, з болем і любоўю разважаў пра мінулае і будучае радзімы. Трагічнаму лёсу яўр. народа, яго духоўнай спадчыне прысвяціў цыкл «Яўрэйскія мелодыі» (1849), уключаны ў зб. «Рамансера» (1851), у якім шырока выкарыстаў фальклор, апрацаваў гіст., міфалагічныя, біблейскія сюжэты. Яго паэзіі ўласцівыя эмацыянальнасць, узнёсласць і скептыцызм, песеннасць ладу, вольныя рытмы і яркая вобразнасць, паліт. надзённасць і глыбіня філас. абагульненняў. На бел. мову творы Гейнэ перакладалі М.​Багдановіч, М.​Васілеўская, А.​Вяржбоўскі, Ю.​Гаўрук, А.​Дудар, А.​Зарыцкі, С.​Ліхадзіеўскі, А.​Мардвілка, Я.​Семяжон, І.​Сіманоўскі, Ю Таўбін.

Тв.:

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1959;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1980—83.

Літ.:

Вольфсон С.Я. В матрацной могиле. Мн., 1940;

Дейч А.И. Поэтический мир Генриха Гейне. М., 1963;

Гиждеу С.П. Лирика Г.​Гейне. М., 1983;

Пронин В.А. «Стихи достойные запрета...»: Судьба поэмы Генриха Гейне «Германия. Зимняя сказка». М., 1986.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮГО́ ((Hugo) Віктор Мары) (26.2.1802, г. Безансон, Францыя — 22.5.1885),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1841). У ранні перыяд творчасці (паэт. зб. «Оды і розныя вершы», 1822; «Оды і балады», 1826; раманы «Ган Ісландзец», 1823; «Бюг Жаргаль», 1826) эвалюцыяніраваў ад падтрымкі манархіі да ліберальна-дэмакр. поглядаў, ад класіцызму да рамантызму. У зб. «Усходнія матывы» (1829) пра нац.-вызв. барацьбу грэкаў заявіў аб сабе як рэфарматар паэзіі — стваральнік разнастайных рыфмаў і гнуткіх рытмаў, арыгінальнай строфікі. У «Прадмове» да драмы «Кромвель» (1827), прызнанай эстэт. маніфестам франц. рамантызму, вылучыў і абгрунтаваў тэорыю кантрастаў і гратэску, якую рэалізаваў у рамант. драмах «Марыён Дэлорм» (нап. 1829), «Эрнані» (1830), «Кароль забаўляецца» (1832), «Руі Блаз» (1838) і інш. Антыманархічны, вольналюбівы настрой драм, напісаных на гіст. сюжэты, адпавядаў рэв. зрухам у Францыі напярэдадні і пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У атмасферы бурлівых паліт. падзей напісаў гіст. раман з жыцця Францыі 15 ст. «Сабор Парыжскай Божай маці» (1831). Тэматычнай і стылістычнай разнастайнасцю вызначаліся лірычныя зб-кі «Лісце восені» (1831), «Песні змроку», «Унутраныя галасы» (1837), «Промні і цені» (1840). Пасля дзярж. перавароту 1851 эмігрыраваў з Францыі. У перыяд выгнання, які працягваўся 19 гадоў, у Гюго праявіўся талент публіцыста і сатырыка (паліт. памфлет «Маленькі Напалеон», 1852; паэт. зб. «Адплата», 1853). У раманах «Адвержаныя» (1862), «Працаўнікі мора» (1866), «Чалавек, які смяецца» (1869) паказаў кантрасты галечы і багацця, улады і бяспраўя, жорсткасці і велікадушнасці. Асэнсоўваючы сац. канфлікты ў маральным аспекце, аўтар зыходзіў з ідэаліст. разумення гісторыі як спрадвечнай барацьбы двух пачаткаў — цёмнага дэманічнага і светлага боскага. Вяршыня паэзіі Гюго — зб. «Сузіранні» (т. 1—2, 1856), своеасаблівы лірычны дзённік паэта. Аўтар паэт. зб. «Грозны год» (1872) пра падзеі франка-прускай вайны і Камуны, гіст. рамана «Дзевяноста трэці год» (1874) пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст. У 1883 завяршыў 3-ю серыю ліра-эпічнага цыкла «Паданне стагоддзяў» (1-я серыя — 1859, 2-я — 1877). На бел. мову перакладзены раманы «Адвержаныя» (1938) і «Дзевяноста трэці год» (пер. Я.​Маўра, 1937). Творы Гюго перакладалі таксама Э.​Агняцвет, А.​Астрэйка, Ю.​Гаўрук, С.​Ліхадзіеўскі і інш.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. В 7 т. Т. 1—3. М., 1994.

Літ.:

Моруа А. Олимпио, или Жизнь Виктора Гюго: Пер. с фр. М., 1987;

Сафронова Н.Н. Виктор Гюго. М., 1989.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЙРАН ((Byron) Джордж Ноэл Гордан) (22.1.1788, Лондан — 19.4.1824),

англійскі паэт-рамантык. Атрымаў па спадчыне тытул лорда; з 1809 чл. Палаты лордаў Брыт. парламента. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1808). У 1816 назаўсёды пакінуў Англію. Удзельнік руху карбанарыяў (1817—23) і нац.-вызв. вайны ў Грэцыі (1823—24). Памёр ад ліхаманкі ў ваен. лагеры (г. Місалунгі). Першы зб. «Вольныя часіны» (1807) пазначаны рысамі рамант. светаадчування. У сатыр. паэме «Англійскія барды і шатландскія аглядальнікі» (1809) выступіў як прыхільнік асветніцкага класіцызму. У ліра-эпічнай паэме «Паломніцтва Чайльд Гарольда» (песні 1—4, 1812—18) расчараванне і горыч суайчыннікаў Байрана, ашуканых вынікамі франц. бурж. рэвалюцыі канца 18 ст., захапленне нац.-вызв. барацьбой народаў супраць захопніцкіх намераў Напалеона I, прыгнёту тур. султана, разважанні пра ход гісторыі і лёс чалавецтва. Пратэст і выклік кіруючым колам Англіі прагучалі ў «Одзе аўтарам біля супраць разбуральнікаў станкоў» (1812), «Песні для лудзітаў» (1816) і інш. У паэмах т.зв. «ўсходняга» цыкла «Гяур» і «Абідоская нявеста» (абедзве 1813), «Карсар» і «Лара» (абедзве 1814), «Асада Карынфа» і «Парызіна» (абедзве 1816) адлюстраваў канфлікт «байранічнага» героя з варожым светам, трагічны зыход бунту. Жанрава разнастайная лірыка Байрана сінтэзавала філасофскія, грамадз. і любоўныя матывы (цыкл любоўна-медытатыўных вершаў па матывах Бібліі «Яўрэйскія мелодыі», 1815; вершы «Бывай!», «Стансы да Аўгусты» і інш.). Душэўны стан паэта-выгнанніка, безвыходная туга і песімізм у вершах «Сон»; «Цемра», напісаных у Швейцарыі (вясна—восень 1816). У філас. драмах «Манфрэд» (1817), «Каін» (1821) бунтарскія матывы «ўсходніх» паэм пераходзяць у багаборніцкія. Свабодалюбствам прасякнуты паэмы «Шыльёнскі вязень» (1816), «Скарга Таса» (1817), «Прароцтва Дантэ» (1819). Рух карбанарыяў і прычыны яго разгрому атрымалі і філас. асэнсаванне ў драмах на гіст. і біблейскія сюжэты «Марына Фальера, дож Венецыі», «Сарданапал», «Два Фаскары» (усе 1821), якія спалучаюць элементы паэтыкі рамантызму і класіцызму. Сатыры «Ірландская аватара» (1821), «Прывід суда» (1822), «Бронзавы век» (1823) — выдатны ўзор паліт. лірыкі 19 ст. У рамане ў вершах «Дон Жуан» (1818—23, не скончаны на 17-й песні), энцыклапедыі еўрап. жыцця на мяжы 18—19 ст., спалучаюцца эпічны размах з лірычнымі адступленнямі, літ. і паліт. палемікай, з’едлівай пародыяй, рамант. тэндэнцыі з рэалістычнымі. Гераічнаму супраціўленню грэч. народа прысвечаны яго апошнія вершы «Песня пра суліётаў», «Апошнія словы пра Грэцыю». Творчасць Байрана моцна паўплывала на развіццё сусв. паэзіі 19—20 ст. На бел. мову творы Байрана перакладалі Э.​Агняцвет, Р.​Барадулін, П.​Броўка, Ю.​Гаўрук, П.​Глебка, У.​Дубоўка, Г.​Дубянецкая, Е.​Лось, М.​Лужанін, Я.​Семяжон, М.​Танк і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Выбранае. Мн., 1963;

Лірыка. Мн., 1989;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1981;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1987;

На перепутьях бытия...: Худож. публицистика. М., 1989.

Літ.:

Елистратова А.А. Байрон. М., 1956;

Кургинян М. Джордж Байрон. М., 1958;

Дьяконова Н.Я. Лирическая поэзия Байрона. М., 1975;

Зверев А. Звезды падучей пламень: Жизнь и поэзия Байрона. М., 1988;

Моруа А. Байрон. Мн., 1990.

Дж.Байран.

т. 2, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДНЯ́К»,

аб’яднанне бел. пісьменнікаў у ліст. 1923 — ліст. 1928. Узнік як гурток маладых паэтаў пры час. «Маладняк». Заснавальнікі: М.​Чарот, А.​Вольны, А.​Дудар, А.​Александровіч, А.​Бабарэка, Я.​Пушча. Са стварэннем філіі ў Маскве (май 1924) і ініцыятыўных груп у Віцебску і Магілёве прыняў назву Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў. Меў філіі ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомелі, Клімавічах (Калінінская філія), Магілёве, Оршы, Полацку, Слуцку, Смаленску, Ленінградзе, Празе, Рызе, студыі і гурткі ў многіх гарадах і мястэчках, а таксама нац. секцыі рус., літ., польск. і яўр. пісьменнікаў.

Членамі «М.» ў розны час былі М.​Аляхновіч, З.​Бандарьша, І.​Барашка, П.​Броўка, З.​Бядуля, У.​Галубок, В.​Гарбацэвіч, Ю.​Гаўрук, П.​Глебка, К.​Губарэвіч, А.​Гурло, У.​Дубоўка, Я.​Журба, У.​Жылка, М.​Зарэцкі, А.​Звонак, В.​Каваль, Т.​Кляшторны, К.​Крапіва, М.​Лынькоў, В.​Маракоў, Р.​Мурашка, М.​Нікановіч, Л.​Родзевіч, В.​Сгашэўскі, П.​Трус, У.​Хадыка, Н.​Чарнушэвіч, К.​Чорны, С.​Шушкевіч, А.​Якімовіч і інш. Кіруючы орган — прэзідыум, з лют. 1925 Цэнтр. бюро, у розныя гады якое ўзначальвалі М.​Чарот, А.​Вольны, Дубоўка, П.​Галавач. Друк. орган — час. «Маладняк», многія філіі мелі свае часопісы або альманахі. З мая 1925 «М.» выдаваў на свае сродкі бібліятэчку (кніжніцу) — невял. зборнікі твораў сваіх членаў (выйшла каля 60).

Творчая праграма «М.» сфармулявана ў дэкларацыі (снеж. 1924): «...ідэі матэрыялізму, марксізма і ленінізма ажыццявіць у беларускай мастацкай творчасці...»; мастацкі вобраз павінен аб’ектыўна адпавядаць рэальнасці. Праграма ўдакладнялася новымі дэкларацыямі (1925, 1926) у кірунку размежавання творчай і культ.-масавай працы, барацьбы за развіццё марксісцкай крытыкі і інш. Праводзіў выхаваўчую работу сярод моладзі, садзейнічаў выяўленню талентаў, наладжваў сувязі з літ. арг-цыямі інш. рэспублік, кнігаабмен з зарубежнымі краінамі. Творчасць маладнякоўцаў прасякнута пафасам сцвярджэння сацыяліст. ладу, вызначалася пошукамі новых маст. форм і сродкаў. Аднак многія з іх абвяшчалі літ. спадчыну перажыткам старога грамадства, захапляліся арыгінальнічаннем, фармаліст. штукарствам (атрымала назву «бурапена»). У сваёй дзейнасці «М.» кіраваўся ўказаннямі КП(б)Б, быў цесна звязаны з камсамолам. У маі 1926 у выніку расколу многія члены (К.​Чорны, К.​Крапіва, Дубоўка, Бабарэка, Глебка, Пушча, М.​Лужанін і інш.), а на мяжы 1927—28 і асн. кіруючае ядро (М.​Чарот, А.​Вольны, А.​Дудар, Сташэўскі і інш.) выйшлі з «М.». Рэарганізаваны ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў.

Літ.:

Гарэцкі М. «Маладняк» за пяць гадоў, 1923—1928. Мн., 1928;

Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;

Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг. Мн., 1960;

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»), Мн., 1962;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Навумовіч У.А. Шляхамі арлянят: Проза «Маладняка». Мн., 1984;

Чыгрын І.П. Проза «Маладняка»: Дарогамі сцвярджэння. Мн., 1985.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 9, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКІ (Максім) (сапр. Пешкаў Аляксей Максімавіч; 28.3.1868, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 18.6.1936),

рускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Ганаровы акадэмік АН БССР (1932). З 1878 працаваў служкай, грузчыкам, пекарам, дворнікам і інш. З 1884 жыў у Казані, удзельнічаў у нелегальных народніцкіх гуртках. У 1888—89 і 1891—92 вандраваў па Расіі. За ўдзел у арганізацыі падп. друкарні ў 1901 высланы з Ніжняга Ноўгарада. Удзельнічаў у Снежаньскім узбр. паўстанні 1905. У 1906 выехаў у Амерыку, потым — у Італію, жыў на в-ве Капры (1906—13). У 1913 вярнуўся ў Расію. Узначальваў выд-ва «Всемирная литература» (1918—24). У 1924—31 жыў у Сарэнта (Італія). З 1931 у СССР. Засн. шэраг часопісаў, кніжных серый, у т. л. «Жыццё выдатных людзей», «Бібліятэка паэта» і інш. Ініцыятар 1-га з’езда (1934) і 1-ы старшыня Саюза сав. пісьменнікаў. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне ідэйна-эстэт. прынцыпаў сав. л-ры.

У друку ўпершыню выступіў з апавяданнем «Макар Чудра» (1892). У яго ранняй творчасці спалучаліся рамантызм і рэалізм. У алегарычных творах («Песня пра Сокала», 1895, «Песня пра буравесніка», 1901) адлюстраваліся погляды Горкага на рэвалюцыю. Шырокі рэзананс меў зб. «Нарысы і апавяданні» (т. 1—3, 1898—99). У рэаліст. творах (раманы «Фама Гардзееў», 1899; «Трое», 1900—01, і інш.) паказаў Расію напярэдадні 20 ст. У драме «Мяшчане» (паст. 1902), п’есах «На дне» (1902), «Дачнікі» (1904), «Дзеці сонца» (1905), «Варвары» і «Ворагі» (1906) адлюстраваў перадрэвалюцыйныя працэсы ў рас. грамадстве. У рамане «Маці» (1907) спачувальна паказаў нарастанне рэв. руху ў Расіі. Аповесці «Лета» і «Гарадок Акураў» (1909), «Жыццё Мацвея Кажамякіна» (1910—11) пра рус. сялянства і мяшчанства. Патрыятычнымі настроямі прасякнуты «Казкі пра Італію» (1911—13), цыкл апавяданняў «Па Русі» (1912—17). У публіцыстычнай кн. «Несвоечасовыя думкі» (асобнае выд. 1918) крытыкаваў узяты У.​І.​Леніным курс на рэвалюцыю, сцвярджаў пра яе дачаснасць і разбуральныя вынікі. Напісаў аўтабіягр. трылогію («Дзяцінства», 1913—14; «У людзях», 1916; «Мае універсітэты», 1923), раман «Справа Артамонавых» (1925), п’есы «Ягор Булычоў і іншыя» (паст. 1932), «Дасцігаеў і іншыя» (1933), «Васа Жалязнова» (1936, 1-я рэд. 1910), у якіх зноў звярнуўся да паказу жыцця Расіі да 1917. Аўтар літ. партрэтаў «Леў Талстой» (1919), «У.​Г.​Караленка» (1923), «Сяргей Ясенін» (1927) і інш. Апошні твор — няскончаны раман-эпапея «Жыццё Кліма Самгіна» (ч. 1—3, 1927—31, ч. 4, 1937) у надзвычай згушчанай, насычанай форме адлюстраваў падзеі перадрэвалюцыйных дзесяцігоддзяў.

Горкі першы з рус. пісьменнікаў звярнуў увагу на бел. л-ру, даў высокую ацэнку творчасці Я.​Купалы і Я.​Коласа. Пераклаў на рус. мову верш Я.​Купалы «А хто там ідзе», які назваў нацыянальным гімнам беларусаў. Цікавіўся бел. фальклорам. З 1896 у сваяцкіх адносінах з сям’ёй А.​Я.​Багдановіча. У 1929 у час вяртання на радзіму на ст. Негарэлае яго сустракалі Я.​Купала, Ц.​Гартны, А.​Александровіч, у 1931 — К.​Крапіва, П.​Галавач і інш. На бел. мову творы Горкага перакладалі Т.​Гардзялкоўская, К.​Чорны, М.​Гарэцкі, Э.​Самуйлёнак, П.​Глебка, К.​Крапіва, М.​Лынькоў, А.​Куляшоў, Я.​Брыль, Э.​Агняцвет, З.​Астапенка, С.​Баранавых, В.​Вітка, Ю.​Гаўрук, А.​Зарыцкі, М.​Лобан, М.​Машара, Я.​Скрыган, Т.​Хадкевіч, У.​Хадыка, А.​Якімовіч. П’есы Горкага неаднаразова ставіліся і на сцэнах бел. т-раў.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—25. М., 1968 — 76;

Архив А.​М.​Горького. Т. 1—14. М., 1939—76;

Бел. пер.Зб. твораў. Т. 5—13, 16—20, 23—24. Мн., 1935—38 (т. 1—4, 14—15, 21—22 не выд.);

Архіп і Лявонка. Вільня, 1910;

Зброднік. Канавалаў, Чалкаш. Мн., 1930;

Справа Артамонавых. Мн., 1941;

Маці. Мн., 1941;

Дзяцінства. Мн., 1949;

У людзях. Мн., 1952;

Мае універсітэты. Мн., 1953;

Казкі. Мн., 1968.

Літ.:

Летопись жизни и творчества А.​М.​Горького. Вып. 1—4. М., 1958—60;

Десницкий М.В. А.​М.​Горький: Очерки жизни и творчества. М., 1959;

Михайловский Б., Тагер Е. Творчество М.​Горького. 3 изд. М., 1969;

Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;

Ивашин В.В. М.​Горький и белорусская литература начала XX в. Мн., 1956;

Ларчанка М. Славянская супольнасць. Мн., 1963;

Максім Горкі і Беларусь: Зб. арт. і ўспамінаў. Мн., 1968.

М.​П.​Кенька.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎ,

горад, цэнтр Магілёўскай вобл. і раёна. За 201 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Оршу, Асіповічы, Жлобін, Крычаў і аўтамаб. дарог на Мінск, Гомель, Віцебск, Бабруйск і інш. Порт на р. Дняпро. Аэрапорт. 368,9 тыс. ж. (1998).

Гісторыя. Тэр. М. заселена ў раннім жал. веку (5 ст.), пра што сведчаць археал. даследаванні гарадзішчаў Змяёўка і Магіла. У пач. 13 ст. М., верагодна, быў цэнтрам феад. сядзібы-вотчыны, мог выконваць і функцыі крэпасці. Знаходкі рэчаў, характэрных для мангола-татар, даюць падставы меркаваць аб знішчэнні імі М. ў сярэдзіне 13 ст. Упершыню ў пісьмовых крыніцах М. згадваецца ў 14 ст. ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх». У канцы 14 — пач. 15 ст. М. належаў Ядвізе, жонцы вял. кн. ВКЛ і польскага караля Ягайлы, у 1431 — вял. кн. ВКЛ Свідрыгайлу, з 1503 — вял. княгіні Алене Іванаўне. У 1561 М. атрымаў права на войтаўства (гар. самакіраванне), у 1577 — магдэбургскае права і герб (на блакітным полі мураваная вежа з надпісам «Печать места Могилевского»). У 16 ст. М. часта быў арэнай баявых дзеянняў у войнах Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (асабліва ў Лівонскую вайну 1558—83), у 1595 узяты казацка-сял. войскам С.Налівайкі. Нягледзячы на разбурэнні, у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. горад інтэнсіўна рос: у 1577 у М. 1261 жылы дом, у 1588—1500, у 1604—2211. Паводле дакументаў 2-й пал. 16 ст., у М. каля 70 рамесных спецыяльнасцей, рамеснікі былі аб’яднаны ў 12 цэхаў, у 1-й пал. 17 ст. — у 17 цэхаў. Паводле гасп. значэння горад займаў адно з першых месцаў у ВКЛ, меў права на 2 кірмашы ў год. Супярэчнасці паміж гар. вярхамі і простымі гараджанамі прыводзілі да сац. канфліктаў, што найб. выявілася ў Магілёўскіх паўстаннях 1606—10. У канцы 16—18 ст. ва ўмовах Рэфармацыі і Контррэфармацыі М. з’яўляўся буйнейшым цэнтрам бел. праваслаўя. Тут ствараліся брацтвы, у 1632 засн. Магілёўская праваслаўная епархія, тады адзіная на Беларусі. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 — 67 жыхары М. ў жн. 1654 перайшлі на бок рас. войск і ўпусцілі іх у горад. У час Магілёва абароны 1655 М. вытрымаў аблогу войск Рэчы Паспалітай. Аднак з цягам ваен. дзеянняў настроі магілёўцаў змяніліся, што прывяло да Магілёўскага паўстання 1661. У 1661 кароль Ян Казімір надаў гораду новы герб: на блакітным полі 3 гарадскія вежы, у сярэдзіне — у адчыненай браме рыцар з узнятым мячом, наверсе — коннік (герб «Пагоня»). У Паўночную вайну 1700—21 М. пацярпеў у 1708 ад шведскіх і рас. войск. У 1745 у горадзе 10 408 ж., 1301 дом. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) М. у Рас. імперыі, цэнтр Магілёўскай губерні, Магілёўскай правінцыі (1772—75), Магілёўскага намесніцтва (1778—96). З 1773 М. — цэнтр Бел. рымска-каталіцкай епархіі (з 1782—83 — Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія). У 1781 зацверджаны новы герб горада: «Пагоня» на чырв. полі, а ў верхняй палавіне двухгаловы арол. У вайну 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1859 у М. 5 тыс. ж., 2833 дамы, 923 крамы, 29 цэркваў, 2 манастыры, 4 касцёлы, кірха, 34 сінагогі і яўр. школы. Напярэдадні паўстання 1863—64 восенню 1862 тут створана паўстанцкая арг-цыя з мясц. інтэлігенцыі, а ў 1863 — ваен.-рэв. арг-цыя ў 3-й артыл. брыгадзе, члены якіх пазней уступілі ў Магілёўскія паўстанцкія атрады. У 1897 у М. 43 119 ж., з іх 47,7% пісьменныя, 41 чал. меў вышэйшую адукацыю. У 1902 праз М. пракладзена Пецярбургска-Адэская чыгунка. У пач. 20 ст. ў М. ўзніклі мясц. арг-цыі РСДРП, эсэраў, Бунда і інш. партый. У рэвалюцыю 1905—07 працоўныя горада ўдзельнічалі ў забастоўках, у т. л. ў Кастрычніцкай Усерас. стачцы 1905, адбыўся Магілёўскі з’езд сял. дэпутатаў і інш. У 1-ю сусв. вайну з 21.8.1915 да 26.2.1918 у М. знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага.

Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у сак. 1917 быў абраны Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі меншавікі і эсэры. У 1917—18 у М. дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт. У ходзе барацьбы супраць карнілаўшчыны ў М. вырас уплыў бальшавікоў. Гар. Савет прызнаў сав. ўладу, 20.11(3.12).1917 Стаўка занята атрадам рэв. войск на чале з новым галоўнакамандуючым бальшавіком М.В.Крыленкам. З 12.3.1918 М. акупіраваны польскімі легіянерамі (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), з 26.5 да 31.10.1918 — герм. войскамі. З 26.4.1919 па 3.3.1925 М. — павятовы цэнтр Гомельскай губ. РСФСР. 3 сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 цэнтр Магілёўскай акругі і Магілёўскага раёна, з 15.1.1938 цэнтр Магілёўскай вобласці. У пач. Вял. Айч. вайны створана Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, якое з 3 да 26.7.1941 разам з рэгулярнымі часцямі Чырв. Арміі ўдзельнічала ў Магілёва абароне 1941; упартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім полі; значная частка абсталявання з-даў і фабрык горада эвакуіравана, 26.7.1941 М. акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Захопнікі праводзілі палітыку масавага знішчэння насельніцтва і ваеннапалонных: створаны Лупалаўскі лагер смерці, гета ў раёне Дубравенкі, 341-ы перасыльны лагер для ваеннапалонных; усяго ў М. загублена 70 тыс. чал. У М. дзейнічала Магілёўскае патрыятычнае падполле. 28.6.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. Пасля вайны адбудаваны. У 1970—202,3 тыс. ж.

Гаспадарка. У 17—18 ст. М. вядомы як рамесна-гандл. цэнтр, які меў гандл. сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі. У 1783—84 дзейнічалі 33 прамысл. прадпрыемствы, у т. л. 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельныя з-ды, 2 млыны. 3 адкрыццём Бярэзінскага канала (1805) — буйны рачны порт. Развіццё прам-сці паскорылася ў 2-й пал. 19 ст. У 1854 у М. дзейнічалі 27 цагельных з-даў, 4 мукамольна-крупадзёрныя прадпрыемствы, 34 маслабойні, развіваліся лесапільная, ганчарная, піваварная, свечачная, тытунёвая і інш. галіны прам-сці; у 1859—189 прадпрыемстваў, каля 2500 рамеснікаў; у 1885—124 прадпрыемствы, у т. л. пенькатрапальная мануфактура, Магілёўскія тытунёвыя прадпрыемствы, Магілёўскі піваварны завод; у 1897—220 прадпрыемстваў. У 1877 праведзены гар. водаправод, у 1878 — тэлефон. На пач. 20 ст. ў горадзе з’явілася лінія конкі. У 1910 пабудавана электрастанцыя, у 1913 — чыгуна-медналіцейны з-д (гл. Магілёўскі завод «Строммашына»), у 1915 — Магілёўская панчошная фабрыка. У 1912 на 170 прадпрыемствах М. працавала 712 рабочых. У 1919 дзейнічалі чыгуналіцейна-мех., маслабойны, піваварны, 2 мылаварныя з-ды, лесапільні і гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая і гільзавая ф-кі, электрастанцыя, гар. друкарня. У 1920—30-я г. М. ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр БССР. У 1926—27 пачала дзейнічаць кандытарская ф-ка «10-ы Кастрычнік», у 1930 — Магілёўскі гарбарны завод, у 1932 трубаліцейны з-д (гл. Магілёўскі металургічны завод), Магілёўскі завод металічных вырабаў. У 1929—30 пабудавана першае на Беларусі прадпрыемства хім. прам-сці — ф-ка штучнага шоўку (гл. Магілёўскі завод штучнага валакна). У 1926—32 пабудавана чыгунка Рослаўль—Крычаў—Магілёў—Асіповічы, у 1931 адкрыта прыстань на р. Дняпро. У 1934 уведзены гар. аўтобусныя маршруты. У 1933—37 пабудаваны з-ды: аўтарамонтны (гл. Магілёўскі аўтамабільны завод), клеявы (гл. Магілёўскі жэлацінавы завод), цагельны (гл. Магілёўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), мэблевая ф-ка. У 1940 у М. 210 прамысл. прадпрыемстваў, каля 13 тыс. рабочых. У пач. Вял. Айч. вайны значная частка прамысл. абсталявання заводаў і фабрык эвакуіравана. Акупанты знішчылі амаль усе прамысл. прадпрыемствы. Пасля вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у М. пачалі аднаўляцца даваен. і будавацца новыя прадпрыемствы. У 1945 адноўлены металаапр. камбінат (з 1958 Магілёўскі завод «Электрарухавік»), у 1949 пачата буд-ва з-да натуральнага каўчуку (у 1952 рэарганізаваны ў рэгенератарны з-д). У 1950-я г. М. стаў горадам машынабудавання, металургіі, хіміі. З 1960 працуе Магілёўская фабрыка мастацкіх вырабаў. З 1963 тут працуе Магілёўская стужкаткацкая фабрыка, з 1967 — Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, з 1968 — Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі камбінат сілікатных вырабаў. З 1970 у М. пракладзены тралейбусныя маршруты. Развіты машынабуд. (Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш», ВА «Тэхнапрыбор», «Зеніт» і інш.), хім. (Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», рэгенератарны з-д і інш.), лёгкая (прадпрыемствы «Магатэкс», «Вяснянка», ф-кі швейная, «Світанак» і інш.), харч. (камбінаты мясны, малочны, з-д напіткаў, хлебазавод і інш.) прам-сць. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў, чорнай металургіі, металаапрацоўкі (Магілёўскі завод вентыляцыйных загатовак і інш.), дрэваапр. прам-сці.

Асвета і культура. Першыя школы ў М. ствараліся пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, буйных маёнтках. Пашыраным было навучанне дзяцей вандроўнымі настаўнікамі-самавукамі. У 1590—92 пры Спаскім манастыры засн. брацкая школа, у якой вывучалі грэч., лац., бел., польск. мовы, дыялектыку, рыторыку, музыку, асновы арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, геаграфіі. У 1740-я г. адкрыта піярская школа (навуч. ўстанова каталіцкага ордэна піяраў), у якой выкладаліся багаслоўе, гісторыя, лац. і польск. мовы, матэматыка, фізіка і інш. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (1772) у М. пачалі адкрывацца рус. школы і вучылішчы. У 1789 створана 4-класнае гал. нар. вучылішча, на базе якога ў 1809 адкрыта мужчынская гімназія; у 1865 створаны жаночая гімназія (гл. Магілёўскія гімназіі), Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1875 — Цэнтр. фельчарская школа (на яе базе ў 1917 створана мед. вучылішча), у 1885 — Магілёўскае рэальнае вучылішча, у 1899 — жаночая нядзельная школа. У пач. 20 ст. створаны камерцыйнае і рамеснае вучылішчы, муз. школа, курсы бухгалтараў. У 1912 у М. 4 гімназіі, прыватная яўр. жаночая прагімназія, 14 вучылішчаў, у т. л. мужчынскае духоўнае і жаночае епархіяльнае, духоўная семінарыя, 9 школ, у т. л. жаночая 2-класная, 5 царк.-прыходскіх, 2 агульнаадукацыйныя. У 1913 засн. Магілёўскі настаўніцкі інстытут (на яго базе ў 1918 створаны пед. ін-т; гл. Магілёўскі універсітэт). У 1923 засн. пед. тэхнікум (гл. Магілёўскі педагагічны каледж), у 1928 — культ.-асв. вучылішча (з 1990 вучылішча культуры), у 1937 — муз. вучылішча. У 1932—36 дзейнічаў Магілёўскі палітыка-асветны інстытут. У 1937—53 пры пед. ін-це існаваў настаўніцкі ін-т. У Вял. Айч. вайну большасць навуч. і культ.-асв. устаноў разбурана. Да канца 1945 адноўлены 12 агульнаадук. школ, адкрыты буд. тэхнікум (гл. Магілёўскі будаўнічы каледж), у 1946 засн. Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, у 1947 — машынабудаўнічы тэхнікум (гл. Магілёўскі політэхнічны тэхнікум). У першыя пасляваенныя гады працавалі пед. і настаўніцкі ін-ты, 3 буд. школы, 2 рамесныя і 2 механізацыі сельскай гаспадаркі вучылішчы. У 1961 адкрыты Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (на базе яго тэхнал. ф-та ў 1973 створаны Магілёўскі тэхналагічны інстытут). З 1967 працуе Магілёўскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. У 1998/99 навуч. г. ў М.: 100 дашкольных устаноў (больш за 18 тыс. дзяцей), у т. л. 18 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, экалагічнае выхаванне, муз. і тэатр.-маст. творчасць), 2 санаторныя сады (пульманалаг. профілю і для тубвіражных дзяцей); 48 навуч. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (больш за 35 тыс. навучэнцаў), у т. л. 3 ліцэі і 3 гімназіі з фізіка-матэм., філал., грамадска-эканам., хіміка-біял., эканам.-прававым і інш. профілямі; 6 муз. і 23 дзіцяча-юнацкія спарт. школы; 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 10 сярэдніх спец. навуч. устаноў (больш за 7 тыс. студэнтаў), у т. л. школа міліцыі, вучылішчы мед. і алімп. рэзерву; 4 ВНУ, у т. л. недзярж. фінансава-эканам. ін-т. У М. 19 масавых б-к, у т. л. Цэнтральная, 10 дзіцячых, 4 мяшанага тыпу, абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.​В.​Масленікава, Магілёўскі музей этнаграфіі (філіял краязн. музея), Магілёўскі мастацкі музей В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (філіял Нац. маст. музея Беларусі), Музей гісторыі Магілёва.

Архітэктура. У выніку археал. раскопак на ўсх. ускраіне М. выяўлены стаянка позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.), стараж. гарадзішчы Пелагееўскае (6 ст. да н.э. — 13 ст. н.э.) і Магіла (5 ст.). Ядром стараж. горада быў умацаваны драўляны замак на высокім узгорку з крутымі схіламі ў сутоках рэк Дубравенка і Дняпро. У 15 ст. М. складаўся з 3 частак: умацаванага замка (дзядзінец), Нагорскага рамесна-гандл. пасада (пазней Стары горад; абмежаваны з У Дняпром, з 3 Дубравенкай, з Пн замкавым ровам) і гандл. плошчы паміж імі. Каля 1526 на месцы старога пабудаваны новы Магілёўскі замак. У 16 ст. тэр. пасада значна пашырылася, на Пн ад яго пачала фарміравацца новая жылая забудова (пазней Новы горад), узніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубравенкай (Задубравенскі пасад), паміж Дняпром і ручаём Дзебра (Пакроўскі пасад). У 1609—33 узведзены 3 паясы абарончых умацаванняў (земляныя валы з бастыёнамі і ровам). У 17 ст. ў асноўным сфарміравалася планіровачная структура М. Яго цэнтрам стала Гандлёвая пл. (цяпер Савецкая; у 1604 яе тэрыторыя больш за 2 га), на якой размяшчаліся 26 радоў крам і Магілёўская ратуша. Ад плошчы адыходзілі 2 гал. вуліцы — Шклоўская (цяпер Першамайская) і Ветраная (Ленінская), што разам з вуліцамі-дарогамі на Вільню (ПнЗ), Быхаў (3) і Мсціслаў (Пд) фарміравалі радыяльную сістэму планіроўкі горада. У 17—18 ст. сфарміравалася Магілёўская школа дойлідства. Сярод збудаванняў гэтага часу: Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс, Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі касцёл і калегіум езуітаў, цэрквы Успенская і Пакроўская, фарны касцёл. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 М. спалены і разрабаваны, да сярэдзіны 18 ст. адноўлены. У 1778 распрацаваны праектны план М., які меў на мэце ўпарадкаваць планіровачную структуру, надаць ёй рэгулярны характар. У пач. 19 ст. пачалі знішчаць абарончыя земляныя ўмацаванні, якія перашкаджалі далейшаму росту горада. У 1850 пракладзены Бабруйская шаша і Дняпроўскі пад’ём. Да сярэдзіны 19 ст. сфарміраваліся ансамблі Губернатарскай пл. (б. Гандлёвая) з адм. будынкамі на Магілёўскай Саборнай плошчы і Магілёўскім Іосіфаўскім саборам у цэнтры, манум. брамай і будынкам манежа. Арх.-маст. аблічча цэнтр. ч. горада ў 18—19 ст. вызначалі культавыя, жылыя і адм. будынкі: Магілёўскі Спаскі манастыр, Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі, Магілёўскі архіепіскапскі палац, Магілёўскі архірэйскі палац, Магілёўскі касцёл кармелітаў, касцёл і кляштар бернардзінцаў, будынак мужчынскай гімназіі, 2-павярховыя жылыя дамы. Пры ўездзе ў горад на месцы драўляных пабудаваны мураваныя брамы. На планіровачную структуру М. канца 19 — пач. 20 ст. значна паўплывала буд-ва чыгункі (1902). У паўн. ч. горада ўтворана Прывакзальная пл. з кампазіцыйным цэнтрам — будынкам Магілёўскага чыгуначнага вакзала. Пасля ўзвядзення будынка абл. драм. т-ра сфарміравалася Тэатральная пл. Тэр. горада значна пашыралася, забудоўваліся прадмесці Шклоўскае, Быхаўскае, Віленскае, Карабанаўскае, Лупалаўскае; на правым беразе р. Дняпро створана Магілёўская сядзіба «Піпенберг». Мураваныя жылыя і грамадскія будынкі размяшчаліся пераважна ў цэнтры горада. У гэты час узведзены: Магілёўскага банка будынак, Магілёўскага губернскага праўлення будынак, Магілёўскага дваранскага сходу будынак, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, Магілёўскага крэдытнага таварыства будынак, Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы, Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынак, будынкі рэальнага вучылішча і жаночай гімназіі.

У 1-й пал. 20 ст. ў М. рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя прадпрыемствы, вялося масавае жыллёвае і грамадскае буд-ва. Пачалася комплексная забудова раёнаў горада. Генплан рэканструкцыі М. 1936—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Н.​Трахтэнберг, М.​Андросаў) у асноўным захоўваў гістарычна складзеную планіроўку. Горад развіваўся ў шыротным напрамку. Яго структуру вызначалі 2 узаемна перпендыкулярныя дыяметры — вул. Першамайская і праспект Міру, на іх скрыжаванні сфарміраваўся новы адм.-грамадскі цэнтр — пл. Леніна. У 1938—40 тут пабудаваны Магілёўскі Дом Саветаў, адм. будынак (цяпер корпус машынабуд. ін-та; арх. П.​Абросімаў), 5-павярховыя жылыя дамы, гасцініца «Дняпро» (усіх арх. А.​Брэгман і А.​Воінаў), кінатэатр «Радзіма» (арх. У.​Вараксін) і інш. Пасля Вял. Айч. вайны горад развіваўся паводле генплана аднаўлення і рэканструкцыі 1947—50 («Белдзяржпраект», арх. Андросаў, Г.​Парсаданаў). Асн. ўвага аддавалася забудове цэнтр. вул. Першамайскай з прылеглымі да яе кварталамі. З 1960-х г. М. забудаваўся пераважна буйнымі масівамі — жылымі раёнамі і мікрараёнамі. Першыя мікрараёны створаны ў зах. ч. горада — Магілёў-2 (з 1962), Мір-1, -2 (з 1964), пазней ва ўсх. напрамку — «Юбілейны» (з 1967, усіх арх. І.​Фралоў). Паводле генплана 1969 («Белдзяржпраект», арх. Ю.​Глінка, М.​Трыгубовіч, М.​Семяненка) горад развіваўся пераважна ва ўсх. і паўд. напрамках. У паўд. ч. сфарміраваліся новыя жылыя раёны — Задняпроўскі, пазней па пр. Дзімітрова. Інтэнсіўна забудоўваюцца праспекты Пушкінскі, Шміта, Дзімітрава. Для паляпшэння трансп. сувязі з новымі раёнамі ўзведзены 3 масты цераз р. Дняпро. У цэнтр. ч. горада паводле праекта рэканструкцыі вул. Першамайскай (1974, арх. Фралоў) узведзены першыя 3 буйнамаштабныя жылыя дамы з комплексам прадпрыемстваў быт. абслугоўвання (арх. Фралоў, Р.​Борахаў, Я.​Бранцаў, Ю.​Іўжанка), будынкі б. абкома КПБ (цяпер Дом юстыцыі, арх. А.​Кучарэнка, Ю.​Шпіт), дыягнастычнага цэнтра (арх. К. і Г.​Аляксеевы), у інш. ч. горада — гасцініцы «Магілёў» (арх. В.​Астаповіч, Г.​Бенядзіктаў, А.​Лукомская) і «Турыст» (арх. Борахаў, А.​Валовіч), Палац піянераў і школьнікаў (арх. Семяненка, А.​Мельнікаў), Палац культуры камбіната «Хімвалакно» (арх. Я.​Смальгоўскі, В.​Ладыгіна, Астаповіч), карпусы ін-таў педагагічнага (арх. Фралоў, Кучарэнка, Г.​Аляксеева), машынабуд. (В.​Шаўчэнка, Кучарэнка, А.​Юрын) і тэхналагічнага (Ю.​Павалій, У.​Начараў, С.​Сень), навукова-тэхн. аб’яднання (цяпер тэхнапарк, арх.В.​Кільчыцкі), абл. статыстычнага ўпраўлення, вяслярнай базы (арх. І.​Голубева), будынкі кінатэатраў «Кастрычнік» (арх. Кучарэнка) і «Ветразь» (арх. Г.​Бранцаў, С.​Варанец), дзіцячай бальніцы і радзільнага дома (арх. Юрын), аблсаўпрофа (арх. І.​Магазінер), цэнтр. райвыканкома і філіяла Белаграпрамбанка (арх. Кучарэнка), аэрапорт (арх. М. і А.​Семяненкі), дамы дзіцяці (арх. У.​Свінарэнка), друку (арх. А.​Шарапава) і інш. Паводле карэкціроўкі генплана 1969 (1981, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Глінка, А.​Горб, М.​Мызнікаў) горад развіваўся ў паўн.-ўсх. напрамку, ствараўся агульнагар. цэнтр уздоўж праспекта Міру і р. Дубравенка. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі 1988 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана далейшая рэканструкцыя забудовы цэнтра горада. У розных раёнах М. пабудавана шмат жылых дамоў паводле індывід. праектаў. Створаны дзіцячы парк, лесапаркі Любужскі і Пячэрскі са штучным возерам. З 1993 ін-там «БелНДІПгорадабудаўніцтва» (пры ўдзеле ін-та «Магілёўграмадзянпраект») вядзецца распрацоўка новага генплана.

У М. брацкія магілы: сав. воінаў; апалчэнцаў; сав. воінаў і падпольшчыка; лётчыкаў, чырвонаармейцаў; магіла ахвяр фашызму. Узведзены мемар. комплексы «Змагарам за Савецкую ўладу» (1982, скульпт. Л.​Гумілеўскі, арх. К.​Аляксееў, А.​Іваноў), на месцы лагера смерці (1948, 1984). Помнікі А.​С.​Пушкіну, М.​Горкаму, Герою Сав. Саюза І.​С.​Лазарэнку, землякам, надмагільны помнік А.​В.​Пысіну, бюсты двойчы Героя Сав. Саюза І.​І.​Гусакоўскага, мастакоў В.​Бялыніцкага-Бірулі, П.​Масленікава і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1616—1773 у М. існавала Магілёўская брацкая друкарня, якая выпускала л-ру на бел, грэч., лац. і польск. мовах. Царк. і свецкую л-ру на бел. і польск. мовах з 1676 выдавала брацкая друкарня пры Богаяўленскім манастыры. З 1774 дзейнічала кансісторская друкарня (гл. Магілёўская друкарня), у якой выкарыстоўваўся грамадз. шрыфт. Сярод шматлікіх выданняў яна друкавала і даведачную л-ру: «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783 г.» (1782), «Беларускі каляндар на ...» (1784—95), царк. календары. У 1833—1917 пры губ. праўленні працавала Магілёўская губ. друкарня, якая акрамя афіц. матэрыялаў і л-ры свецкага характару з 1838 друкавала газ. «Могилевские губернские ведомости., штогоднія даведнікі «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні» (1861—1916), «Агляд Магілёўскай губерні» (1879—1915) і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў М. пачалі стварацца прыватныя друкарні. У 1883—1917 выдаваліся час. «Могилевские епархиальные ведомости» з дадаткам «Воскресенье» (у 1991 адноўлена). У пач. 20 ст. ў М. дзейнічала друкарня Магілёўскай арг-цыі РСДРП. Перыяд. выданняў значна пабольшала, выходзілі таксама працы, справаздачы, даклады і інш., што мелі працяг. Газ. «Могилевские губернские ведомости» мела дадаткі «Сельскохозяйственный листок» (у 1901—9 нумароў) і «Могилевский листок сельского хозяйства и охоты» (1902—05). Акрамя афіцыйных, выдаваліся розных кірункаў грамадска-паліт. і літ. газеты: штодзённая левакадэцкая «Могилевский голос» (1906), праваакцябрысцкая «Могилевский вестник» (1906—17) з дадаткамі — час. «Вестник земского хозяйства Могилевской губернии» (1907—08) і «Листок Коммерческого отдела Могилевского общества сельского хозяйства» (1908—09); «Могилевский курьер» (1911). Губернская земская ўправа выдавала штодзённыя газеты: у 1910 «Могилевскую земскую неделю», у 1917 «Могилевскую жизнь», у 1914—17 «Вестник Могилевского земства». У 1910—11 выходзіў пед. час. «Белорусский учительский вестник». У 1-ю сусв. вайну, калі ў М. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага, выходзілі перыяд. выданні рознай арыентацыі: для распаўсюджвання ў арм. часцях «Наш вестник» (1915—17) з ілюстраваным дадаткам, т.зв. беспарт. сацыяліст. орган «Свобода, равенство и братство», газ. «Живое слово», органы Стаўкі Часовага ўрада «Вестник главного комитета союза офицеров армии и флота» і «Бюллетень штаба Верховного главнокомандующего» (усе 1917). У час акупацыі М. герм. войскамі выходзілі газ. «Труд», якую выдавалі афіцэры белай гвардыі, газ. кадэтаў «Эхо» (абедзве 1918). Ваен.-рэв. к-т пры Стаўцы выдаваў газ. «Революционная ставка» (ліст. 1917 — сак. 1918). Свае грамадска-паліт. газеты выпускалі Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў: «Молот» (май — вер. 1917), «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» (са студз. 1918, неаднаразова мяняла назву, з 1956 «Магілёўская праўда»).

У 1919—20-я г. выходзілі насценныя газеты РОСТА, газ. «Красноармеец», аднадзёнкі, бюлетэнь «Работница и крестьянка». Грамадска-паліт. і літ. газ. «Соха и молот» (1919—24) выпускала штотыднёвы лісток «Красная молодежь» (1920—21) і «Профессиональный двухнедельник» (1921). На прадпрыемствах горада пачалі выпускаць шматтыражныя газеты. У 1931 пачала выходзіць газ. «За камуністычную працу» (мяняла назвы, сучасная «Прыдняпроўская ніва»). У пач. Вял. Айч. вайны ў М. друкавалася рэсп. газ. «Звязда». У часы ням.-фаш. акупацыі магілёўская падп. арг-цыя «Камітэт садзеяння Чырв. Арміі» выпускала малафарматную газ. «За Родину» (з 1942, з восені 1942 — «За Советскую Родину»).

Выходзяць газеты: абл. «Магілёўская праўда» на бел. і рус. мовах) з дадаткам газ. «Днепровская неделя», «Магілёўскія ведамасці» (з 1990, на бел. і рус. мовах), раённая «Прыдняпроўская ніва» (на бел. і рус. мовах), гар. «Вечерний Могилев» (з 1993) з дадаткам, «Веснік Магілёва» (з 1990) з дадаткам, «Толока» (з 1990) з дадаткамі, «Зямля і людзі» (з 1992, на бел. і рус. мовах), «Воскресная газета», «Тыднёвік Магілёўскі» (абедзве з 1996); «Могилевские епархиальные ведомости» і інш. Дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза журналістаў.

Радыёвяшчанне з 1918, пастаяннае з 1944. Тэлебачанне з 1964, працуюць абл. студыя «Магілёў-1» і гар. канал «Магілёў-2».

Літаратурнае жыццё. У 17 ст. ў М. пэўны час працаваў паэт і філосаф А. (Ян) Белабоцкі (Белаблоцкі). Гісторыі горада прысвечана Магілёўская хроніка, створаная ў канцы 17 — пач. 18 ст. У 1799 на Магілёўшчыне пабываў рус. паэт Г.​Дзяржавін. У М. спыняўся А.​Пушкін (1820, 1824), праз яго праязджалі М.​Гогаль (1828) і Т.​Шаўчэнка (1843, 1847). Пра М. і інш. бел. гарады пісаў у «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) І.​Лажэчнікаў. У 1818 тут выйшаў падрыхтаваны пісьменнікам і педагогам Ф.​Орля-Ашменцам першы на Беларусі час. «Отечественный памятник». У М. нарадзіўся фалькларыст і этнограф П.В.Шэйн. У яго зборніках, асабліва ў «Матэрыялах для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902) шырока прадстаўлены бел. матэрыял, у т. л. запісы, зробленыя ў М. і на Магілёўшчыне. У 1853 у Пецярбургу выдадзены зб. «Народныя беларускія песні», запісаныя на Магілёўшчыне ўраджэнкаю горада К.​І.​Паўлоўскай (Кігн). У 1859 С.С.Акрэйц, які працаваў у М., намерваўся выдаць тут час. «Белорусский вестник» (праект складзены і ўхвалены рэдакцыяй час. «Современник»), але яго задума не здзейснена. У 1860-я г. ў М. паявіліся літ. творы на бел. мове (гутаркі Ф.​Блуса, брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела», 1861, мяркуемы аўтар А.​Кісель). У 1900 выйшаў зб. бел. твораў «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (2-е выд. ў 1902 акрамя гэтай паэмы ўключала вершы Ф.​Багушэвіча, В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча і інш.). У 1896—1906 у М. працаваў бел. этнограф, фалькларыст і археолаг Е.Р.Раманаў. У пач. 20 ст. ў Магілёўскай гімназіі вучыўся бел. пісьменнік М.Грамыка, у духоўнай семінарыі — М.Зарэцкі (з 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне, у 1920 працаваў у М. заг. валаснога аддзела работнікаў асветы), В.Шашалевіч, А.Мрый. У 1909—10 у гарбарных майстэрнях М. працаваў Ц.Гартны, пісаў тут вершы, пасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва»; у М. прайшлі і апошнія яго дні. М. увайшоў у бел. л-ру дзякуючы паэме Я.​Купалы «Магіла льва» (нап. 1913), вершу М.​Багдановіча «Летапісец», нарысу М.​Гарэцкага «Магілёў». У 1918 вакол газ. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» групаваліся мясц. пісьменнікі. У 1920-я г. дзейнічала Магілёўская філія літ. аб’яднання «Маладняк», рэарганізаваная пазней у філію Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Тут выдаваліся «Зарніцы» (літ. дадатак да газ. «Соха и молот», 1924), літ. альманахі «Дняпроўскія ўсплёскі» (1927), «Ранне» (1929). Праводзіліся літ. вечары, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў. Горад неаднойчы наведвалі Я.​Купала, Я.​Колас, А.​Куляшоў; у 1924 у М. прыязджала ў творчую камандзіроўку група бел. пісьменнікаў на чале з Я.​Купалам, у ліст. 1928 з групай пісьменнікаў быў Я.​Колас, у лютым 1930 — Я.​Калас, З.​Бядуля, П.​Броўка, М.​Нікановіч, І.​Цвікевіч. У студз. 1933 Я.​Купала, Ц.​Гартны, П.​Галавач, М.​Лужанін, А.​Александровіч і інш. сустракаліся з чытачамі ў Доме Чырв. Арміі і пед. ін-це. У крас. 1938 Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Клімковіч прысутнічалі на спектаклі «У пушчах Палесся» Я.​Коласа, якім адкрываў гастролі ў горадзе БДТ-2. У 1920—30-я г. ў М. працавалі В.​Бурносаў, Э.​Валасевіч, П.​Пруднікаў (рабочымі), І.​Баранкевіч, Ю.​Лявонны, Г.​Шчарбатаў (у газетах «Соха и малот», «Магілёўскі селянін», «Камунар Магілёўшчыны»), выкладалі ў пед. ін-це І.​Гутараў (і ў палітыка-асветным ін-це), Ю.​Гаўрук, Дз.​Палітыка, Ю.​Пшыркоў, у пед. тэхнікуме В.​Гарбацэвіч, у мед. вучылішчы Я.​Журба. У навуч. установах горада вучыліся У.​Агіевіч, М.​Барсток, А.​Бялевіч, Я.​Васілёнак, М.​Гарулёў, А.​Дзеружынскі, Я.​Курто, М.​Ларчанка, Ю.​Лявонны, В.​Матэвушаў, І.​Новікаў, Палітыка, П.​Прыходзька, С.​Фамін, Я.​Шарахоўскі, П.​Шасцерыкоў, М.​Шумаў, У.​Шахавец, Шчарбатаў і інш. У пач. Вял. Айч. вайны як ваен. карэспандэнты ў М. прыязджалі А.​Суркоў і К.​Сіманаў (абароне горада прысвяціў свае рэпартажы, раман «Жывыя і мёртвыя»). Сіманаў сустракаўся ў М. з чытачамі ў 1965, 1966 і 1974; паводле завяшчання пісьменніка пад Магілёвам на Буйніцкім полі — месцы суровых баёў у 1941 — развеяны яго прах. Выдадзены альманахі «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Дняпро» (1957), «Прыдняпроўе» (1958). Літ. жыццё М. ажывілася з 1960, калі тут створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пры газ. «Магілёўская праўда» працуе літ. аб’яднанне «Прыдняпроўе». У 1980-я г. ў М. шырока адзначалася 60-годдзе І.​Мележа, 70-годдзе Сіманава, Куляшова, 100-годдзе з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа. У 1986 літ. вечар быў прысвечаны гераічнай абароне М. У Пушкінскім свяце паэзіі (май 1988) удзельнічалі І.​Чыгрынаў, В.​Зуёнак, П.​Макаль, А.​Пісьмянкоў, А.​Мельнікаў, М.​Луфераў, ва Усесаюзных сіманаўскіх літ. чытаннях (ліп. 1988) — рус. і бел. пісьменнікі А.​Вазнясенскі, Р.​Казакова, Р.​Раждзественскі, Я.​Хелемскі, І.​Шклярэўскі, В.​Быкаў, Р.​Барадулін, А.​Жук, Л.​Прокша, І.​Аношкін і інш. Наладжаны сувязі з пісьменнікамі Браншчыны, Чарнігаўшчьшы, Ровеншчыны, дзе ў днях л-р удзельнічалі магілёўскія пісьменнікі А.​Пысін, Аношкін, А.​Кандрусевіч і інш. У снеж. 1997 у М. выступалі ўдзельнікі Дзён рус. л-ры ў Беларусі М.​Аляксееў, Ю.​Кузняцоў, Г.​Пашкоў, П.​Праскурын, В.​Сарокін, К.​Скварцоў. У М. нарадзіліся П.​Кабзарэўскі, Р.​Бярозкін, Валасевіч, І.​Клаз, М.​Шумаў. У Магілёўскім пед. ін-це вучыліся Дз.​Бугаёў, Г.​Бубнаў, Луфераў, В.​Ракаў, М.​Янчанка, Шклярэўскі, М.​Казакоў, Аношкін, С.​Марчанка, В.​Хаўратовіч, А.​Палітыка, А.​Салтук, Р.​Яўсееў, Кандрусевіч, У.​Буграмееў і інш., у вучылішчах — С.​Гаўрусёў, Л.​Левановіч, С.​Панізнік, настаўніцкі ін-т скончыў Г.​Юрчанка. У М. жылі і працавалі пісьменнікі Валасевіч, Палітыка, А.​Макарэвіч (выкладалі ў пед. ін-це), М.​Ткачоў, Гарулёў, Валасевіч (у газ. «За Радзіму»), Матэвушаў, Пысін, В.​Карамазаў, Кандрусевіч (у газ. «Магілёўская праўда»), А.​Макаёнак, І.​Сіўцоў, М.​Шумаў, Шасцерыкоў, Ракаў, Мельнікаў і інш. У М. (1999) жывуць і працуюць пісьменнікі Аношкін, У.​Дуктаў, Я.​Клімуць, М.​Лук’янаў, І.​Пехцераў, В.​Рагаўцоў і інш.

Мастацкае жыццё. М. здаўна вядомы як буйны цэнтр рамёстваў і маст. промыслаў. У 14—16 ст. тут развіваліся кавальства, ткацтва, маст. апрацоўка дрэва, скуры, металаў (ліццё, коўка, чаканка), ружэйная справа, ювелірнае мастацтва. З 15 ст. М. — цэнтр керамічнай вытв-сці (гл. Магілёўская кераміка, Магілёўская кафля). Вядомы імёны мастакоў 16 ст. Макара Акулініча, Дзмітра Івановіча, Ісака Івановіча, Ламакі (Ламаты) Федаровіча, Семяновіча. У 17 ст. высокага ўзроўню дасягнула маст. ліццё і коўка (выраблялі алавяны посуд, ліхтары, гарматы, званы, пазалочаныя і пасярэбраныя рэчы з медзі, жалеза і інш.), набойка, маст. шкло. У канцы 17 ст. склалася Магілёўская школа гравюры. Фасады жылых дамоў упрыгожвалі размалёўкай, разьбой па дрэве, культавыя будынкі — разьбой па камені (Пакроўская царква, 1668—87). Выдатнымі ўзорамі бел. нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва з’яўляюцца іканастас і царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы і інтэр’ер Богаяўленскага сабора работы мясц. майстроў. У 17 ст. працавалі мастакі Ігнат Соц, Фёдар, Афанасій Пігарэвіч і інш., у 18 ст. А.​Главацкі (партрэтыст, дэкаратар, архітэктар), У.​Баравікоўскі (выканаў эскізы і размаляваў фрэскамі Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, намаляваў шэраг партрэтаў і абразоў), Чайкоўскі (удзельнічаў у аздабленні фрэскамі Магілёўскага касцёла кармелітаў), Пігарэвіч (маляваў абразы, афармляў інтэр’еры), Ежы Александровіч (партрэтыст), жывапісцы Якуб Бараховіч, Мацвей Філановіч, Цімка Флюндра, Ян Чурула, Яўстафій Маргун, Лявон Сілініч, Пётр Сілініч, Андрэй Казак, Васіль Сушчэўскі, Максім Мастак, Якуб Малук, Васко, Карней, Арон, Маеўскі, Міхал, Айзік Сегаль, ювелір і чаканшчык Афанасій Воўчак. На мяжы 18—19 ст. тут працаваў Ю.Пешка. Зберагліся ўзоры высокамаст. арх. лепкі і маст. ліцця, разьбы па дрэве. У 19 ст. ў М. працавалі прыгонны мастак Ф.​Тулаў, шэраг краявідаў у 2-й пал. 19 ст. намалявалі Н.Орда, Ф.​Пархоменка, І.​Чамаданаў. У канцы 19 ст. ў М. дзейнічалі Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, прыватная маст. школа, якой кіраваў Пархоменка, у 1900—05 — Т-ва вывучэння бел. краю. Пасля 1917 у М. існаваў цэнтр. музейны фонд, які меў на мэце ахову помнікаў мастацтва. У 1919 створаны Магілёўскі дзярж. гіст. музей (існаваў да 1941). У 1920-я г. ў М. працавалі мастакі М.​Цеханоўскі, Р.​Пархоменка і інш., дзейнічаў філіял Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі; праводзіліся выстаўкі магілёўскіх мастакоў. У М. экспанаваліся творы 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1928), графікі бел. мастакоў (1941). У пасляваенны час выстаўкі мастакоў М. і вобласці прайшлі ў 1952, 1955, 1969, 1971, 1972, персанальныя А.Бархаткова (1968) і У.Кульваноўскага (1969), сатыры бел. мастакоў, да семінара творчай моладзі (абедзве 1968), графікі (1973) і інш. Маст. жыццё актывізавалася пасля стварэння Магілёўскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі (1974) і аб’яднання маладых мастакоў вобласці (1976). Сярод найб. значных выставак 1970—80-х г. «30 год Вялікай Перамогі» (1975), маладых мастакоў Магілёўшчыны (1977), мастакоў вобласці, перасоўная «Пейзаж нашай Радзімы», твораў мастакоў г. Габрава (Балгарыя, усе 1978), нар. мастацтва Францыі (1981), прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М.​Багдановіча, рэспубліканская бел. графікі (абедзве 1982), маладых мастакоў М., твораў А.​Гараўскага, бел. сав. эстампа (усе 1983), да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, персанальныя Г.​Туроўскай, Г.​Конавай, У.​Кузьміча (усе 1984), В.​Грамыкі (1998) і інш. З 1997 праводзяцца кожны год у М. пленэры: В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (1997), М.​В.​Неўрава (1998), П.​В.​Масленікава (1999). Працуюць Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.​В.​Масленікава, Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі.

Тэатральнае жыццё. Тэатр у М. вядомы з 1698 (паказы дыялогаў). У 1722—32 існаваў школьны т-р пры езуіцкім калегіуме. У 1780 пабудавана спец. памяшканне (арх. Брынгозі) т.зв. т-ра Чарнышова. У канцы 1780-х г. функцыянаваў прыватны т-р арцыбіскупа С.​Богуш-Сестранцэвіча. Паміж 1792 і 1795 выступала трупа на польск. і рус. мовах, сфарміраваная А.​Ш.​Жукоўскім. У 19 ст. былі пашыраны паказы батлейкі. У 1888 пабудаваны будынак гар. тэатра, у якім у 19 — пач. 20 ст. выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст. т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.​Яблачкінай, трупы Г.​Волгіна, Ф.​Карскага, П.​Максімава, С.​Няволінай, Р.​Неўскага, Ф.​Корша, Ф.​Хмары; польск. трупы В.​Ашпергера, К.​Фядзецкага, Ю.​Кондрата, Я.​Хелмікоўскага; гастраліравалі буйныя майстры сцэны (В.​Камісаржэўская, П.​Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.​Далматаў, Ю.​Жукоўская, М.​Занькавецкая, М.​Петыпа, М.​Садоўскі, Г.​Фядотава, Ю.​Юр’еў і інш.). У 1900—04 дзейнічаў Магілёўскі аматарскі тэатр. У 1910—16 у М. выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.​Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. У 1919—20 створана сетка тэатр. гурткоў, у сярэдзіне 1920-х г. існавалі калектывы «Сіняй блузы». Арганізаваны: сав. т-р (1919), рус. драм. трупа «Пошукі» (1921), Першы паказальны т-р (1920—22). У 1935—41, 1944—45 у М. працаваў Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі. У 1946—49 існаваў Магілёўскі драматычны тэатр. Дзейнічаюць: Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек.

Музычнае жыццё. Навучанне хар. спевам было адной з асн. вучэбных дысцыплін у школах пры правасл. брацтвах (1-е засн. ў 1578). У 17 ст. Магілёўская брацкая друкарня выдавала нотныя зборнікі. Музыка суправаджала спектаклі школьнага т-ра, што існаваў пры езуіцкім калегіуме з 1-й пал. 18 ст. У 1780 з нагоды сустрэчы ў М. імператрыцы Кацярыны II у горадзе выступалі італьян. опера і прыдворная капэла, выпісаныя З.​Р.​Чарнышовым з Пецярбурга. У канцы 18 — пач. 19 ст. пры т-ры Чарнышова існаваў прыгонны аркестр. У М. пачынаў творчую дзейнасць І.Дабравольскі. У 19 ст. муз. жыццё горада канцэнтравалася вакол гімназій і семінарый. Музыку і спевы ў гімназіі выкладаў М.​Лустгартэн, на чале з якім наладжваліся канцэрты вучняў, выкладчыкаў і інш. аматараў музыкі. Муз. спектаклі паказвалі гастрольныя тэатр. трупы: у 1842 ішла камічная опера С.​Манюшкі «Карманьёла, або Французы любяць жартаваць» на лібрэта А.​Корвін-Мілеўскага. У 1860 Л.Скрабецкі арганізаваў і наладзіў у Варшаўскім муз. ін-це сіламі магілёўскіх музыкантаў муз. вечарыну на карысць вучняў Магілёўскай губ. Гарадзецкі прыгонны квартэт У.​Г.​Кастрыёта-Скандэрбека часта выконваў у горадзе творы В.​А.​Моцарта і Л.​Бетховена. Тут выступалі скрыпачы Г.​Ягеман (Ягноў), І.​Крушэўскі, піяністка Л.​Чачкова. Працавалі муз.-драм. т-ва з аддзеламі вак. і інстр. музыкі і муз. школа Пячкоўскай (з 1886), Магілёускі музычна-драматычны гурток аматараў. У 1895 у М. выступаў з канцэртамі С.​Рахманінаў (з італьян. скрыпачкай Т.​Туа), у пач. 20 ст. — Л.​Аўэр, С.​Барцэвіч, А.​Вержбіловіч, І.​Гофман, К.​Грыгаровіч, Н.​Фігнер, М.​Эрдэнка, Мекленбургскі квартэт і інш.; гастрольнымі трупамі паказаны оперы «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава, «Дэман» А.​Рубінштэйна, «Фауст» Ш.​Гуно, «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Травіята» Дж.​Вердзі. З 1905 працавалі Магілёўскі літаратурна-музычна-драматычны гурток, муз. школы, заснаваныя Р.​Пеўзнерам (1906) і У.Ерыхайлавым (1908), рабочая муз. студыя на чале з піяністкай Р.​Блюман. На базе гэтай студыі ў 1919 арганізавана дзярж. дзіцячая муз. школа імя Рымскага-Корсакава (цяпер Дзіцячая муз. школа-сямігодка № 1). Наладжваліся сімф. канцэрты (дырыжор Я.​Пеўзнер), лекцыі (Ю.​Дрэйзін), канцэрты хору работнікаў асветы. У 1921 працаваў гурток «Асвета», які меў муз.-вакальную, драм. і літ. секцыі. У 1924 сіламі аматараў з удзелам прафес. артыстаў у М. пастаўлена адна з першых бел. опер «Вызваленне працы» М.​Чуркіна. З 1937 цэнтрам муз. жыцця горада стала Магілёўскае музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава, створанае на базе дзіцячай муз. школы. З 1974 канцэртную дзейнасць ажыццяўляла пераважна абл. гастрольна-канцэртнае аддз. Белдзяржфілармоніі. У 1984 пры абл. Навукова-метадычным цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы створаны клуб самадз. кампазітараў. Новы этап у муз. жыцці горада пачаўся са стварэннем Магілёўскай абласной філармоніі (1990). У М. працуюць (1999): філіял Бел. акадэміі музыкі (з 1990), муз. і культ.-асв. вучылішчы, 4 муз. школы, 2 школы мастацтваў, Магілёўскі абл. навукова-метадычны цэнтр нар. творчасці і культ.-асв. работы. Развіта муз. самадзейнасць; 28 муз., харэаграфічных і фалькл.-этнагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных. У М. праводзяцца міжнар. фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», эстрадны «Залаты шлягер» (з 1995) і інш..

Літ.:

Могилев: (Ист.-экон. очерк). Мн., 1971;

Чарняўская Т.І. Архітэктура Магілёва. Мн., 1973;

Могилев и окрестности: Справочник-путеводитель. Мн., 1982;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Магілёўская вобл. Мн., 1986;

Мелешко В.И. Могилев в XVI — середине XVII в. Мн., 1988;

Могилев: Энцикл. справ. Мн., 1990;

Агееў А.Р., Марзалюк І.А., Пушкін І.А. Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах. 2 выд. Магілёў, 1999;

Марзалюк І.А. Магілёў ў XII—XVIII стст. Мн., 1998;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Магілёва. Мн., 1998.

І.​А.​Марзалюк, А.​В.​Марзалюк (гісторыя), І.​М.​Шаруха (гаспадарка), М.​І.​Ліс, В.​Л.​Цыбоўскі (асвета і культура), Т.​І.​Чарняўская, І.​І.​Фралоў (архітэктура), Л.​В.​Календа (друк, радыё, тэлебачанне), М.​Р.​Міхайлаў (літаратурнае жыццё), А.​Л.​Капілаў, В.​П.​Пракапцова (музычнае жыццё).

Магілёў. З гравюры 18 ст.
Магілёў. Вуліца Першамайская.
Магілёў. Агульны выгляд горада. Фота пач 20 ст.
Праспект Міру ў Магілёве.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)