англійскі паэт. Прадстаўнік лонданскіх рамантыкаў малодшага пакалення (т. зв. «школы кокні»). Па адукацыі ўрач. Друкаваўся з 1816. Першы зб. — «Вершы» (1817). Унёс у англ. паэзію рамантызму новыя матывы (суадносіны ісціны і прыгажосці, мастацтва і рэчаіснасці), маст. прыёмы (асацыятыўнасць метафорыкі). Паэмы «Сон і паэзія» (1816), «Эндыміён» (1818) — пошук К. ідэальнай рэальнасці, гармоніі паэзіі і жыцця. Звяртаўся да сюжэтаў л-ры Адраджэння (паэмы «Ізабела, ці Гаршчок з базілікам», «Канун Святой Агнесы»; абедзве 1820). Алегарычная паэма «Гіперыён» (1820) пра барацьбу тытанаў і багоў-алімпійцаў. Пісаў санеты («Конік і цвыркун»), оды («Ода да грэчаскай вазы», «Ода да салаўя»), балады. Аўтар гіст. трагедыі «Атон Вялікі» (нап. 1819), драм. паэмы «Кароль Стэфан» (1819, не завершана). Паліт. матывы ў вершы «Да Касцюшкі». На бел. мову паасобныя вершы К. пераклаў Я.Семяжон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
кухонны, сталовы і тарны посуд 10—18 ст., знойдзены пры археал. раскопках г. Заслаўя і Заслаўскага курганнага могільніка (Мінскі р-н). У 10—14 ст. выраблялі пераважна гаршкі для хатняга ўжытку, якія аздаблялі лінейным рыфленнем, хвалістымі лініямі, зігзагамі, касымі або прамымі насечкамі і інш. У 10 ст. арнаментавалі ўсё тулава гаршка, пазней — частку ад шыйкі да сярэдзіны тулава або толькі плечукі пасудзіны. У некат. вырабах дэкарыравалі толькі венчык. У 16—18 ст. асартымент посуду значна пашырыўся. Выраблялі танкасценны сталовы посуд (макотры, міскі, талеркі, чаркі і інш.) з высакаякаснай глінянай масы. Унутр. паверхню большасці вырабаў палівалі, знешнюю аздаблялі ангобам; некат. з іх палівалі звонку і знутры. Дэкарыравалі пераважна верхнюю частку вырабаў лінейным ці хвалістым арнаментам, валікамі, зашчыпамі, кветкавым узорам. У канцы 17—18 ст. выраблялі эмаліраваны керамічны посуд. З 18 ст. пашыраны чорназадымлены глянцаваны посуд. Для З.к. 16—18 ст. характэрны стандартызацыя і уніфікацыя форм посуду, блізкасць да мінскай керамікі.
Літ.:
Заяц Ю.А. Керамическая посуда Заславля X—XVIII вв. // Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі. Мн., 1993;
Яго ж Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.
Ю.А.Заяц.
Заслаўская кераміка 10—11 ст.Заслаўская кераміка. Гаршчок 15 ст. (злева); посуд 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ КЕРА́МІКА,
вырабы 10—18 ст. з мясц. гліны, знойдзеныя ў час археал. раскопак у Віцебску.
Вырабы 10 — 1-й пал. 14 ст. (гаршкі, міскі) таўстасценныя, арнаментаваныя рэльефнымі ямкамі, касымі насечкамі, хвалістым малюнкам, лінейным рыфленнем, кальцавымі і спіральнымі налепамі. Кераміка 2-й пал. 14 — 1-й пал. 16 ст. (збаны, спарышы, макотры, накрыўкі) вызначаецца большай разнастайнасцю формаў і тонкімі сценкамі. У 2-й пал. 16—17 ст. посуд рабілі на нажным ганчарным крузе, знутры вырабы пакрывалі зялёнай і жоўтай глазурай, звонку дэкарыравалі ангобам або рэльефным (лінейным ці хвалістым) арнаментам. У 17 ст. значна пашырыўся асартымент (глякі, талеркі, кубкі, малочнікі, чайнікі і інш.), выкарыстоўвалася падглазурная ангобная размалёўка, арнаменты ў выглядзе ліній, салярных знакаў, кветак, кропак выконвалі карычневым і белым колерамі на зялёным і жоўтым фонах. Вырабы 18 ст. арнаментаваны менш, формы посуду спрошчаны, размалёўвалі толькі міскі і талеркі, выкарыстоўвалі пераважна аднаколерную паліву, якая пакрывала сценкі знутры і звонку. Гліняныя падсвечнікі, цацкі, люлькі і інш. прадметы хатняга ўжытку таго часу дэкарыраваны рэльефнымі арнаментамі, разеткамі.
В.М.Ляўко.
Віцебская кераміка. Уверсе: гаршчок, 14 ст. (злева); гляк, 15 ст.Унізе: паліваная пасудзіна для спецый, 16 ст. (злева); фрагмент размаляванай паліванай міскі, 16—17 ст. (у цэнтры); паліваная чарніліца, 17 ст.