Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНА,
вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе г.п. Церахоўка — в. Кругавец-Калініна. Да 1930 наз. Папоўка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 50 км на ПдУ ад г. Добруш, 60 км ад Гомеля, 2 км ад чыг. ст. Кругавец. 895 ж., 495 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз.
сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Свята-Мікалаеўская царква. За 3 км на ПдУ ад вёскі — гарадзішча. Каля вёскіЛенінскае радовішча пяскоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНЕ́ЖЫЦЫ,
вёска ў Беларусі, у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад Пінска, 173 км ад Брэста, на аўтатрасе Гомель—Брэст. 1197 ж., 367 двароў (1995). Забудоўваюцца паводле праекта планіроўкі 1968 (БелНДІдзіпрасельбуд; карэкціроўка 1980, аўтар забудовы арх. Н.Нядзелька, інж. В.Хандогін). Гал. вось кампазіцыі — шырокі бульвар, які звязвае асн. ўезд у вёску з боку Пінска з цэнтр. плошчай, дзе знаходзяцца адм. будынак, гандл. цэнтр, Дом культуры з залай на 600 месцаў. Цэнтр вёскі забудоўваецца 2—3-павярховымі 8-12-кватэрнымі секцыйнымі і 2—4-кватэрнымі жылымі дамамі з кватэрамі ў 2 узроўнях. Унутрыквартальная прастора азялененая і добраўпарадкаваная, мае малыя арх. формы — пляцоўкі для адпачынку і інш. У паўн. частцы вёскі сканцэнтравана індывід. забудова сядзібнага тыпу, на ПнЗ — вытв. зона. На У ад цэнтр. плошчы створаны парк з зонамі адпачынку і спорту. Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ВАЦКІ БОЙ 1942,
бой паміж партызанамі брыгады К.Заслонава і фаш. карнай экспедыцыяй у в. Купаваць Сенненскага р-на Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Раніцай 14 ліст. буйныя сілы ням. карнікаў пачалі наступаць у раён в. Смаляны Аршанскага р-на і в. Купаваць, дзе размяшчаўся штаб партыз. брыгады і частка партыз. падраздзяленняў Яны скрытна падышлі да вёскі і раптоўна атакавалі. У час жорсткіх баёў загінулі камандзір брыгады Заслонаў і яшчэ 4 партызаны; партызаны з боем адступілі ў лес. Карнікі падпалілі вёску. Партызан, што загінулі ў баі, пахавалі каля вёскі. У 1947 астанкі Заслонава і яго ад’ютанта Я.Коржаня перапахавалі на чыг. ст. Орша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял.Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.Ф.Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАЎКА,
вёска ў Прыбыткаўскім с/с Гомельскага р-на, чыг. ст. на лініі Гомель—Чарнігаў. Цэнтр эксперым. базы «Гомельская». За 21 км ад Гомеля. 949 ж., 396 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі — гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГА́ЦЬКАЎКА,
вёска ў Беларусі, у Раздзельскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Рамясцвянка. За 23 км на ПнЗ ад Мсціслава, 104 км ад Магілёва, 27 км ад чыг. ст. Ходасы. 100 ж., 66 двароў (1993).
У 1834 — 116 ж., 28 двароў, уласнасць памешчыка. У пач. 20 ст. існавалі 2 вёскі: Вял. Багацькаўка (172 ж., 30 двароў) і Малая Багацькаўка (160 ж., 21 двор) у складзе Шамаўскай вобласці Мсціслаўскага пав. У Вял.Айч. вайну з 14.7.1941 да 29.9.1943 вёскі акупіраваны ням. фашыстамі. У 1976 аб’яднаны ў адну вёску. Малая Багацькаўка — радзіма бел. пісьменніка Максіма Гарэцкага і бел. вучонага, акад.АН Беларусі Г.І.Гарэцкага. Музей М.Гарэцкага.
Да арт.Багацькаўка. Хата Гарэцкіх у бы-лой в. Малая Багацькаўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАВО́РНЫ РУХ 1905—07,
сялянскі рух у выглядзе складання зваротаў (прыгавораў) да цара за паляпшэнне свайго становішча і перадачу яму зямлі ва ўласнасць. Стаў пашыраным пасля царскага Маніфеста ад 18.4.1905. У прыгаворах выкладаліся наспелыя патрабаванні жыхароў вёскі. Бел. сяляне выступалі з патрабаваннямі перадачы ўсіх зямель у рукі прац. люду, неадкладнай перадачы беззямельным і малазямельным сялянам казённых, удзельных і манастырскіх зямель, ліквідацыі розных перажыткаў прыгонніцтва, скасавання саслоўных інстытутаў па кіраванні сялянамі, выказваліся таксама патрабаванні роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, увядзення ўсеаг. абавязковага бясплатнага навучання дзяцей школьнага ўзросту. П.р. сведчыў у пэўнай ступені пра царысцкія ілюзіі сялян, хоць у працэсе складання, абмеркавання і прыняцця прыгавораў сяляне арганізоўваліся і непазбежна ўступалі ў канфрантацыю з уладамі. У ідэалаг. адносінах П.р. сведчыў пра рэвалюцыянізацыю вёскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЫНКА,
вёска ў Радашковіцкім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Мінск. За 40 км ад Маладзечна, 38 км ад Мінска. 428 ж., 181 двор (1997).
Фальварак Вязынка Мінскага пав. да 1815 належаў Пшаздзецкім, потым Замбржыцкім. У 1880—83 у С.В.Замбржыцкага фальварак арандаваў Д.А.Луцэвіч, у якога 7.7.1882 нарадзіўся сын Ян, будучы бел. паэт Янка Купала. У 1909 у фальварку 26 ж., 4 двары. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Радашковіцкім р-не. З 20.1.1960 у Маладзечанскім р-не. У 1972 б. фальварак, вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі аб’яднаны ў адну вёску Вязынка.
Клуб, базавая школа. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Купалы Янкі літаратурнага музея філіял. Каля вёскі гарадзішча Вязынка.