ВЯ́ЗЫНКА,
вёска ў Радашковіцкім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Мінск. За 40 км ад Маладзечна, 38 км ад Мінска. 428 ж., 181 двор (1997).
Фальварак Вязынка Мінскага пав. да 1815 належаў Пшаздзецкім, потым Замбржыцкім. У 1880—83 у С.В.Замбржыцкага фальварак арандаваў Д.А.Луцэвіч, у якога 7.7.1882 нарадзіўся сын Ян, будучы бел. паэт Янка Купала. У 1909 у фальварку 26 ж., 4 двары. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Радашковіцкім р-не. З 20.1.1960 у Маладзечанскім р-не. У 1972 б. фальварак, вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі аб’яднаны ў адну вёску Вязынка.
Клуб, базавая школа. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Купалы Янкі літаратурнага музея філіял. Каля вёскі гарадзішча Вязынка.
т. 4, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)