НАРО́ДНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,

самая старажытная сістэма вершаскладання, якая ўзнікла ў народнай паэтычнай творчасці ўсх. славян у перыяд сінкрэтычнага мастацтва, дзе слова існавала неаддзельна ад музыкі, жэста, руху. Нар. верш спяваўся або напеўна дэкламаваўся. Так, рус. быліны, укр. думы, бел. замовы і галашэнні вымаўляліся нараспеў, нярэдка ў суправаджэнні (за выключэннем замоў і галашэнняў) муз. інструмента (гусляў, кобзы, ліры). Асабліва цесна звязаны слова і мелодыя, сэнс і гучанне ў бел. нар. песнях (гістарычных, каляндарна-абрадавых, лірычных). У нар. вершы вял. ролю адыгрываў чыста музычны прынцып арганізацыі рытму: у аснове сувымернасці была колькасць часу, неабходная для вымаўлення першаснай рытмічнай адзінкі — склада. У выніку слова настолькі падначальвалася напеву, што часта пазбаўлялася граматычнага націску або ён перастаўляўся з аднаго склада на другі, у вершаваных радках з’яўляліся лішнія словы, асобныя склады расцягваліся або сцягваліся (замест «у» і «і» з’яўляліся «ў» і «й»), Пазней, калі вершаваны тэкст пачаў паступова адасабляцца ад мелодыі, арганізуючым рытмічным пачаткам нар. верша стаў моцны (апорны) націск, які падпарадкоўваў сабе націскі суседніх слоў (не толькі дапаможных, але і самастойных). Чаргаванне пэўнай колькасці такіх націскаў у вершаваных радках стварала рытм танічнага ў сваёй аснове нар. верша (гл. Танічнае вершаскладанне). Існуюць 2 тыпы нар. верша: напеўны і гутарковы, або рэчытатыўны. Гутарковы верш больш позні, у ім у адрозненне ад напеўнага некалькі меншая сувязь з музыкай (напевам). Пашыраныя яго формы — былінны верш, раёшнік. Напеўны верш таксама неаднастайны. Даследчык бел. фальклору І.​Насовіч у прадмове да зб. «Беларускія песні» (1874) вылучаў у залежнасці ад колькасці апорных націскаў 3 віды нар. напеўнага верша — «у адзін тэмп»:

Камарочкі мае,
Не кусайце мяне,
А кусайце паноў,
Што не пускаюць дамоў;
«у два тэмпы»:
Ты сяло маё, / сяло новае
Сяло новае, / ўсё кляновае!
Ой, ты чым, сяло, / прыукрашана.
Ці калінаю, / ці малінаю,
А ці чорнаю / смародзінаю?;
«у тры тэмпы»:
Мак зялёны, / мак чырвоны, / у поўначы квіцець,
Там за гарою, / там за другою / мяне татка клічэць.

Песенны рытм «у тры тэмпы» найб. пашыраны ў стараж. песнях. Магчыма, ён паўплываў на рытміку былін, для якіх у пераважнай большасці таксама характэрны 3 моцныя націскі ў вершаваных радках.

Н.в. паступова відазмянялася пад уплывам літ. верша, які ўзнік у беларусаў у пач. 16 ст., — антычнага (метрычнага) верша ў паэзіі на лац. мове (гл. Антычнае вершаскладанне) і сілабічнага ў паэзіі на старабел. мове (гл. Сілабічнае вершаскладанне). Літ. верш з яго роўнаскладовасцю радкоў, раўнамернасцю чаргавання моцных (доўгіх) і слабых (кароткіх) складоў адчувальна ўплываў на чыста танічныя прынцыпы нар. верша. З 16 ст. ў вершы нар. песень узнікаюць сілаба-танічныя формы, што аб’ядноўваюць ранейшыя прыкметы тонікі (аднолькавая колькасць рытмічных акцэнтаў у радках) з новымі прыкметамі сілабізму (аднолькавая колькасць складоў). У песнях з’яўляюцца рыфмы, строфы; у сваю чаргу раннія сілаба-танічныя формы нар. верша пачалі ўплываць на літ. сілабічны верш, паскараючы фарміраванне сілаба-танічнага вершаскладання.

Літ.:

Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.

В.​П.​Рагойша.

т. 11, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕДАКЛА́ДНАЯ РЫ́ФМА.

прыблізная рыфма, няпоўная рыфма, рыфма, якая вызначаецца адсутнасцю поўнай эўфанічнай сугучнасці ў заключных частках рытмарада. Найб. пашыраныя і апрабаваныя яе віды — асанансная, кансанансная, апорная, усечаная і рознанаціскная. Іх асн. эстэт. функцыя — пашырэнне выяўл. магчымасцей верша, што надзвычай істотна, калі ўлічыць абмежаванасць зыходных рыфмалагічных магчымасцей кожнай нац. мовы. Н.р. ўзбагачае і пашырае гэтыя магчымасці: нават нязначны адыход ці вар’іраванне пэўнай гукавой суладнасці ў канцы вершаванага радка, у яго т.зв. клаўзульнай (гл. Клаўзула) частцы, падкрэслівае стабільнасць асн. рытміка-інтанацыйнай канвы верша, надаючы яму новыя эмацыянальна-вобразныя адценні і асацыяцыі.

М.​М.​Грынчык.

т. 11, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНІ́НСКІ ВЕРШ, леанін,

верш, у якім асобныя паўрадкоўі рыфмуюцца паміж сабой (у адрозненне ад нерыфмаванага ант. верша). У бел. вершатворчасці танізаваны Л.в. спарадычна сустракаўся ў 17 ст. З пісьмовай л-ры ён перайшоў у фальклор. Фальклорны Л.в. у сваю чаргу паўплываў на творчасць некаторых паэтаў: Я.​Баршчэўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, М.​Багдановіча, Я.​Купалы і інш.

Біце ж чалом тром сакалом,
хлопцы, маладзіцы!
Гэта ж кветкі з свойскай веткі
славянскай зямліцы.
(В.​Дунін-Марцінкевіч, «Павіншаванне войта Наума»)

У новай бел. паэзіі Л.в. — верш з рэгулярнымі ўнутр. рыфмамі. Да такога верша асабліва часта звяртаўся Я.​Купала («Касцам», «З дарогі», «За праўду»).

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІБАЛІ́Я (ад грэч. amphibolia двухсэнсавасць) у літаратуры, двухсэнсавасць выразу, якая ўзнікае ў выніку сінтаксічнай няўзгодненасці асобных частак выказвання. Напр., у радку верша В.​Макарэвіча «Гораду», «Былы я лесаруб, каваль» 2 словы «былы я» ўспрымаюцца як адно «былыя».

т. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЛЬКО́ (Іван Дзмітрыевіч) (21.11.1929, в. Макраны Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 27.12.1979),

бел. літ.-знавец, крытык, паэт. Канд. філал. н. (1968). Скончыў БДУ (1958). З 1951 працаваў настаўнікам, з 1961 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкаваўся як крытык з 1958. Даследаваў праблемы сучаснай паэзіі, гісторыі і тэорыі бел. вершаскладання («Вершаскладанне, 1977). Кн. «Беларускі верш. Старонкі гісторыі і тэорыі» (1969) — першае ў бел. літ.-знаўстве гісторыка-тэарэт. даследаванне праблем бел. верша. З 1954 выступаў як паэт. Яго паэзіі ўласцівы зварот да маральна-этычных праблем сучаснасці, любоў да роднай зямлі.

Тв.:

Святло зары вячэрняй: Вершы. Мн., 1983;

Верш і мова: (Прабл. тэорыі і гісторыі бел. верша). Мн., 1986.

В.​Ю.​Дэконская.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАСТРО́ФНЫ ВЕРШ,

верш, які не падзелены на асобныя строфы і ўяўляе сабой адно інтанацыйна-сінтакс. і сэнсавае цэлае. Звычайна ўключае ад 2 да 8 вершарадоў. Да аднастрофнага верша адносяць і класічны санет, у якім і тэрцэты, і катрэны звязаны паміж сабой аднолькавымі рыфмамі.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАДЗІ́ (Даўлетмамед) (1700—60),

туркменскі паэт і вучоны. Бацька Махтумкулі. Прыхільнік містычнай плыні ў ісламе — суфізму. Займаўся тэорыяй верша. Асн. твор — дыдактычная паэма «Пропаведзь Азадзі» («Вагзі-Азад») — разважанні пра справядлівага правіцеля, маральна-этычныя нормы паводзін, развіццё гандлю і земляробства. Мова паэмы архаічная, насычаная араба-персідскімі элементамі.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПАМЕТРЫ́Я (грэч. lipometria ад liepō не хапаць + metron памер),

замена склада паўзай у пачатку стопнага вершаванага радка. Робіць больш разнастайным рытмічна-інтанацыйны малюнак верша.

Па сялі́бах непрабу́дны
Згі́нуў со́н,
Прад вачы́ма шлях у со́нцы
Но́вых дзё́н.
(Я.​Купала. «Здаецца ж, было гэта ўчора...»)

А.​А.​Майсейчык.

т. 9, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРЫ́ЧНЫ ВЕРШ,

верш, у аснове якога ляжаць метрычныя прынцыпы арганізацыі вершаванага радка (гл. Метр у вершаскладанні). Да яго адносяцца ўсе віды вершаў ант. (метрычнай) і сілаба-танічнай сістэм вершаскладання. Як яго процілегласць існуе дысметрычны верш, што ўключае формы верша (сілабічны, танічны, свабодны), у якіх не вылучаюцца стопы.

В.​П.​Рагойша.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКЛЕПІЯ́ДАЎ ВЕРШ,

памер у метрычным вершаскладанні, вынайдзены стараж.-грэч. паэтам Асклепіядам Самоскім (3 ст. да нашай эры). Своеасаблівая мадыфікацыя пентаметра, у якім першая і перадапошняя дактылічныя стопы ўсечаны на адзін кароткі склад. У сілабатанічным вершаскладанні імітацыі Асклепіядава верша выключна рэдкія. У бел. паэзіі ўжыты толькі ў перакладзеным М.​Багдановічам «Помніку» Гарацыя.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)