ТА́ЛЬКА,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Талька, на аўтадарозе, якая злучае вёску з г. Мар’іна Горка; чыг. ст. на лініі Асіповічы—Мінск. Цэнтр сельсавета. За 21 км на ПдУ ад г. Мар’іна Горка, 83 км ад Мінска. 443 ж., 213 двароў (2002). Аграфірма «Верасень», лясніцтва. цэх па перапрацоўцы драўніны, санаторый-прафілакторый «Талька». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. У Вял. Айч. вайну каля чыг. ст. Т. партызаны правялі Талькаўскую аперацыю 1942.

т. 15, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУГНІ́Н Мікалай Аляксандравіч (н. 28.11.1946, г. Ноўгарад, Расія),

бел. мастацтвазнавец, педагог, графік. Канд. мастацтвазнаўства (1982). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага ун-та (1970) і выкладае ў ім. Даследуе гісторыю і праблемы развіцця бел. кніжнай графікі. Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 5, 1992), Працуе ў станковай графіцы: каля 70 кніжных знакаў (1966—89), кампазіцыі «Красавік. Ружовы золак» (1970), «Слабада», «Дарога на Лучосу» (абедзве 1988), «Верасень» (1994), «Ранішні снег» (1996) і інш. У творчасці пераважае пленэрны падыход, стрыманасць лінейна-жывапісных рытмаў, някідкія каларыстычныя інтанацыі («Зіма. Богаяўленскі сабор», 1993).

М.​Л.​Цыбульскі.

М.Гугнін. Зіма. Богаяўленскі сабор. 1993.

т. 5, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНІКАЎ Уладзімір Паўлавіч (н. 12.1.1956, Мінск),

бел. жывапісец. Сын П.В.Масленікава. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). Творы вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, лірычным настроем, стрыманай жывапіснай палітрай, пошукамі выразных танальных вырашэнняў. Сярод пейзажаў: «Захад» (1989), «Зямля дзядоў», «Навальніца» (абодва 1993), «Цішыня», «Ліпень», «Восень у Драздах», «Верасень» (усе 1994), «Прыпяць» (1995), «Магілёў. Падніколле», «Дняпроўскія далячыні» (абодва 1996), «Княжыцы», «Бярэзіна» (абодва 1997), «На радзіме бацькі» (1999). Аўтар партрэтаў рэжысёра В.​Маслюка (1987), «Мае бацькі. Май 1945» (1995), В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (1998), некалькіх партрэтаў бацькі.

Літ.:

Фатыхава Г. Жывыя традыцыі — творчасць няспынная // Мастацтва. 1996. № 10.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Масленікаў. Партрэт бацькі. 1995.

т. 10, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЛКО́ЎСКІ Уладзімір Якаўлевіч (н. 19.7.1950, г. Брэст),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1974). У 1974—81 выкладаў у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве. Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Творы адметныя своеасаблівай кампазіцыйнай пабудовай, выкарыстаннем фактурнай манеры пісьма, імкненнем да эпічнасці. Сярод твораў: «Полацкі нацюрморт» і «На родным Палессі» (абодва 1974), «Зямля Браслаўская» (1983), «Мой бераг родны» (1985), «Верасень» і «Партрэт М.​Багдановіча» (абодва 1991), «Навальніца на Палессі» (1992), «На прадвесні» (1993); серыя палотнаў «Радзіма Якуба Коласа» (23 карціны; 1986—89).

І.​Л.​Чэбан.

т. 15, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́КАН (Yukon),

рака ў Канадзе і ЗША (штат Аляска). Даўж. 3700 км (ад вытоку р. Льюіс), пл. бас. 855 тыс. км². Вытокі ў Кардыльерах, у вярхоўях цячэ па плато Юкан у глыбокай горнай даліне. Большая ч. цячэння — па раўнінах Аляскі, упадае ў зал. Нортан Берынгава мора, утварае дэльту. Гал. прытокі: Танана (злева), Пелі, Порк’юпайн, Каюкук (справа). Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля вусця 6,5 тыс. м³/с. Ледастаў з кастр.—ліст. да канца крас.—мая. Марскія прылівы пашыраюцца ўверх па рацэ на 160 км. Суднаходная з мая па верасень на 3,2 тыс. км (ад парогаў Уайтхарс да вусця). Гал. прыстані: Танана (ЗША), Уайтхарс, Доўсан (Канада).

т. 18, кн. 1, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛО́БАВА Вера Леанідаўна (н. 29.8.1943, в. Крыўча Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фітапаталогіі і селекцыі раслін. Д-р с.-г. н. (1999). Скончыла БСГА (1965). З 1972 у Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва, з 1991 у Бел. НДІ агародніцтва (заг. лабараторыі). Навук. працы па імунітэце агароднінных культур і селекцыі агурка. Аўтар і сааўтар раянаваных і перспектыўных сартоў агурка: Верасень, Зарніца, Світанак, Беларускі, Карал і гібрыдаў Янус і Зубраня.

Тв.:

Создание исходного материала огурца с устойчивостью к комплексу болезней // Весці Акад. аграрных навук Рэспублікі Беларусь. 1997. № 3;

Многолетняя динамика болезней огурца в открытом грунте в условиях Беларуси // Весці АН Беларусі. Сер. біял. навук. 1997. № 4.

т. 11, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫГАРХАНЯ́Н Армен Барысавіч (н. 3.10.1935, Ерэван),

армянскі і расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Ерэванскі маст.-тэатр. ін-т (1958). Ў 1955—66 у Рус. драм. т-ры (Ерэван), у 1969—96 у т-ры імя У.​Маякоўскага, з 1996 у «Ленкоме» (Масква). Акцёр моцнага тэмпераменту, майстар пераўвасаблення, стварае тонкі і заўсёды дакладны псіхал. малюнак вобраза. Сярод роляў: Стэнлі Кавальскі («Трамвай «Жаданне» Т.​Уільямса), Сакрат і Нерон («Гутаркі з Сакратам» і «Тэатр часоў Нерона і Сенекі» Э.​Радзінскага), Хлудаў («Бег» М.​Булгакава), Мэндэль Крык («Захад сонца» І.​Бабеля). З 1960 здымаецца ў кіно («Добры дзень, гэта я!», «Калі настае верасень», «Жураўлік», «Тэгеран-43») і тэлефільмах («Аперацыя «Трэст», «Нікало Паганіні», «Добры дзень, я ваша цёця», «Месца сустрэчы змяніць нельга», «Сабака на сене» і інш.). Дзярж. прэміі Арменіі 1975, 1979.

т. 6, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАКУСА́Й Кацусіка, (верасень 1760, Токіо — 18.4.1849), японскі жывапісец і графік; заснавальнік пейзажнага жанру ў яп. гравюры. Вучыўся ў гравёра К.​Сюнсё і інш. майстроў. Буйнейшы прадстаўнік кірунку укіё-э. У сваіх творах адлюстроўваў разнастайныя ландшафтныя матывы (каля 30 тыс. малюнкаў і гравюр) з дапамогай смелых перспектыўных эфектаў і нечаканых колеравых спалучэнняў: серыі каляровых і тонавых ксілаграфій «36 відаў Фудзі» (1823—29), «Вандраванне па вадаспадах розных правінцый» (1827—33), «100 відаў Фудзі» (1834—35). Працаваў таксама ў жанрах «прыгажуні», «людзі». Выканаў серыю «Паэты Кітая і Японіі» (1830), ілюстраваў кнігі (больш за 500), ствараў зб-кі «Манга» («Змешаныя малюнкі», да 1871 выдадзена 15 тамоў). Яго творчасць паўплывала на еўрап. жывапіс і графіку канца 19 — пач. 20 ст.

Літ.:

Воронова Б.Г. Кацусика Хокусай: Графика. М., 1975.

К.Хакусай. Гара Фудзі ў ясны дзень. Брыз.

т. 16, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́ЗВУК Валерый Сцяпанавіч (н. 16.10.1952, Мінск),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). З 1980 кіраўнік студыі па выяўл. мастацтве ў Палацы піянераў і школьнікаў у Мінску. з 1983 выкладаў у Мінскім пед. ін-це, з 1986 у Цэнтры пазашкольнай і класнай работы «Маяк». Працуе ў станковым жывапісе і акварэлі. Сярод твораў: карціны «Мы будуем метро» (1978), «Пачатак» (1980). «Вяселле» (1982), «Нядзельны матч» (1983), «Зямля касманаўтаў» (1983), «Рабочыя» (1984), «Верасень» (1987), «Ліквідатары» (1988), «На Дзвіне», «Сувязь» (абедзве 2000), «Баб’е лета» (2003); партрэты Т.​Ганчаровай (1985), Г.​Петрачэнка (1986), А.​Злотнікавай (1988), І.​Аўчыннікава (2002); серыі бел. гар. пейзажаў «Радашковічы» (1990), «Заслаўе» (1993), «Ракаў» (1996), «Лагойск» (2002), «Палессе» (2003). Творы вылучаюцца напружанай эмацыянальнасцю, выразнай кампазіцыяй, псіхалагізмам, гармоніяй каларыту.

Б.​А.​Крэпак.

В.Юзвук. На Дзвіне. 2000.

т. 18, кн. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАЧО́Ў Канстанцін Міхайлавіч (7.5.1911, в. Мікуліна Руднянскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 4.8.1992),

бел. жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1932). У 1948—57 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у гіст. жанры і пейзажы: «Першая зелень», «Бэзавы май», «Раўбічы ў кастрычніку», «На Вячы», «Вясна прыйшла», «Бацькоўскі дом. Мікуліна», «Мікулінскія ўзгоркі», «Белавежская пушча», «Верасень», «Рабіны» (усе 1966—76). Аўтар твораў, прысвечаных помнікам стараж. архітэктуры Беларусі («Нясвіж. Замак», «Мірскі замак», «Слуцкая брама», усе 1967; «Ускраіна Лагойска», 1968; «Белая вежа. Сакавік», 1974) і Расіі («Пскоў. Грымучая вежа», «Масква. Крэмль», «Загорск. Троіцкі сабор», усе 1968). Сярод графічных работ аўтапартрэт, партрэты маці (усе 1969), дзяўчыны (1981), Я.​Коласа (1983) і інш.

Літ.:

Ганчароў М.І. Касмачоў К.М. Мн., 1970;

Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979.

К.Касмачоў. Белая вежа. Сакавік. 1974.

т. 8, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)