атрад насякомых. Вядомы з мезазойскай эры (каля 200 млн г. назад). 50 сям., больш за 30 тыс. відаў. На Беларусі каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на сушы (паверхня і верхні слой глебы, расліны), на паверхні вады і ў вадзе (водныя расліны, дно).
Даўж. ад 0,7 мм да 12 см. Крылаў 2 пары, пярэднія неаднародныя: верх перапончаты, аснова цвёрдая, скурыстая (адсюль назва), ёсць кароткакрылыя і бяскрылыя (пасцельны клоп) формы. Ротавы апарат колюча-сысучага тыпу, складаецца з членістага хабатка, утворанага скручанай у трубку ніжняй губой і 2 парамі стылетаў (верхнія і ніжнія сківіцы). Ёсць пахучыя грудныя залозы. Развіццё з няпоўным ператварэннем (стадыя кукалкі адсутнічае). Большасць К. корміцца сокамі раслін (у асн., генератыўныя органы і насенне), некаторыя — драпежнікі, крывасмокі, паразіты інш. жывёл. Могуць пераносіць узбуджальнікаў вірусных хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЦІС ((Lācis) Віліс) (12.5.1904, с. Рынужы, цяпер у межах г. Рыга — 6.2.1966),
латышскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Нар. пісьменнік Латвіі (1947). Вучыўся ў Барнаульскай настаўніцкай семінарыі (1917—18). У 1940—46 старшыня Саўнаркома, у 1946—59 — Савета Міністраў Латвіі. Друкаваўся з 1921. Увёў у лат. л-ру самабытнага, валявога героя — шукальніка праўды, носьбіта лепшых якасцей прац. народа: трылогія «Бяскрылыя птушкі» (1931—33), раманы «Сын рыбака» (т. 1—2, 1933—34), «Старое марацкае гняздо» (1935—37, перапрацаваны варыянт «Сям’я Зітараў», 1955) і інш. Аўтар раманаў «Да новага берага» (1950—51, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Страчаная бацькаўшчына» (1953), аповесці і п’ес пра Вял.Айч. вайну «Кавалі будучыні» (1942), «Нявестка» (1943), «Перамога» (1945), рамана-эпапеі «Бура» (1945—48, Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш. Многія творы Л. інсцэніраваны і экранізаваны. На бел. мову асобныя творы пераклалі Я.Скрыган, В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПОНЧАТАКРЫ́ЛЫЯ (Hymenoptera),
атрад насякомых. Вядомы з трыясу (каля 220 млн.г. назад). 2 падатр.: сядзячабрухія (Symphyta, або Phytophaga) і сцяблістабрухія (Apocryta); сцяблістабрухіх падзяляюць на паразітычных (Parasitica) і джалячых (Aculeata). Больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Вызначаюцца складанымі паводзінамі (адзіночныя і грамадскія насякомыя), у многіх развіты інстынкт будовы гнязда і клопату пра патомства. На Беларусі каля 3 тыс. відаў, найб. пашыраны арэхатворкі, восы, мурашкі, наезнікі, немкі, пільшчыкі сапраўдныя, пчолы. рагахвосты, трыхаграмы, хальцыды, іхнеўманіды і інш.
Даўж. 0,2—60 мм. На галаве 1 пара фасетачных вачэй і 3 простыя вочкі. Вусікі простыя, перыстыя, булава- або грэбенепадобныя. Пярэдняспінка злучана нерухома з сярэднегрудзямі, а пярэднягрудзі — рухома з пярэдняспінкай. Маюць 2 пары празрыстых перапончатых крылаў (адсюль назва), зрэдку другасна бяскрылыя (мурашкі, немкі). Ротавыя органы грызучыя ці грызуча-лізальныя або сысучыя У самак на канцы брушка яйцаклад або джала. Ногі хадзільныя, бегальныя. Дарослыя пераважна расліннаедныя, некат. — драпежнікі, паразіты; лічынкі кормяцца рознымі ч. раслін. Самцы развіваюцца з неаплодненых (гаплоідных) яец, самкі — з дыплоідных (з двайным наборам храмасом), звычайна аплодненых, толькі ў некат. відаў — з неаплодненых яец (гл.Партэнагенез). Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія або вусенепадобныя. Многія П. — апыляльнікі раслін; наезнікаў выкарыстоўваюць у біял. барацьбе са шкоднікамі с.-r. раслін; пчолы меданосныя даюць мёд, воск, пропаліс. Ёсць шкоднікі с.-г. культур і лясных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ШКІ (Formicidae),
сямейства насякомых атр. перапончатакрылых. Каля 15 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. Жывуць сем’ямі ў складаных гнёздах (мурашнікі і інш.) ад некалькіх дзесяткаў да соцень тыс. асобін, ёсць вандроўныя (падсям. Dorylinae). На Беларусі больш за 50 відаў, найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў М. земляныя (Lasius), М.-мірмікі (Myrmica), М. сапраўдныя (Formica), М. фараонаў (Monomorium), М.-шашалі (Camponotus). У складзе сям’і — самкі-заснавальніцы («царыцы»), бяскрылыя працоўныя (самкі з недаразвітымі палавымі органамі) і крылатыя самцы (паяўляюцца на кароткі час і пасля спароўвання гінуць). Працоўныя М. выконваюць розныя функцыі: фуражыраў, якія забяспечваюць гняздо кормам; салдат, што ахоўваюць яго; асобін, якія з’яўляюцца рэзервуарамі для вадкага корму (т.зв. мядовыя бочкі) і інш. У аснове існавання цэласнай сям’і ляжыць абмен паміж асобінамі кормам, выдзяленнямі залоз (трофалаксіс) і цесныя ўзаемаадносіны паміж яйцакладучай самкай і працоўнымі гал. чынам праз пасрэдніцтва хім. пачуцця (нюх, смак). Жыццядзейнасць сям’і рэгулюецца пераважна ферамонамі.
Даўж. ад 0,8 да 30 мм (самкі-вытворніцы буйнейшыя). Грудзі злучаны з брушкам тонкай рухомай сцяблінкай (з 1—2 членікаў). Вусікі 4—13-членікавыя (звычайна 11—12), доўгія. Ротавыя органы жавальнага тыпу. Вочы фасетачныя. Кормяцца насякомымі, жывёльнымі рэшткамі, насеннем раслін, выдзяленнямі тлей і какцыд. Адна сярэдняя сям’я рыжых лясных М. за суткі спажывае да 20 тыс. насякомых. Раздзельнаполыя. Маюць залозы, у экскрэце якіх да 65% мурашынай кіслаты.