ІНТЭРМЕ́ЦЦА (італьян. intermezzo літар. перапынак, ад лац. intermedius тое, што пасярэдзіне, прамежкавы),
1) інструментальная п’еса прамежкавага значэння ў цыклічным творы (санаце, сюіце) або сярэдняя частка (трыо) у трохчасткавай інстр. кампазіцыі. У бел. музыцы І. ёсць у сімф. сюітах Г.Вагнера, А.Клумава, фп. сюіце Я.Касалапава, сюіце для эстр.арк. У.Чараднічэнкі. Сустракаецца і ў оперы, дзе часта наз.інтэрмедыяй, інтэрлюдыяй («Матухна Кураж» С.Картэса).
2) Невял. інстр. п’еса, пераважна для фп. Упершыню ўведзена Р.Шуманам (6 І. для фп.). Шырока вядомы І. для фп. І.Брамса, А.Лядава, В.Каліннікава, для сімф.арк. — М.Мусаргскага. У бел. музыцы І. стварылі Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, А.Багатыроў, Р.Бутвілоўскі, Я.Глебаў, А.Залётнеў, Дз.Смольскі, А.Туранкоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬКО́ (Мікалай Андрэевіч) (4.5.1883, г.п. Браілаў Вінніцкай вобл., Украіна — 23.6.1961),
расійскі дырыжор, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1909) па класах кампазіцыі (у М.Рымскага-Корсакава), дырыжыравання і фп. З 1909 дырыжор Марыінскага т-ра. У 1918—21 узначальваў Віцебскую нар. кансерваторыю і сімф. аркестр. З 1925 гал. дырыжор філармоніі і праф. кансерваторыі ў Ленінградзе. З 1928 за мяжою, выступаў як прапагандыст рус. і сав. музыкі, працаваў дырыжорам Радыё ў Капенгагене (1928—32). З 1938 у ЗША, заснаваў дырыжорскія курсы ў Чыкага. З 1957 узначальваў створаны ім сімф. аркестр у Сіднеі (носіць яго імя). Аўтар кн. «Асновы тэхнікі дырыжыравання» (1950). Сярод яго вучняў: Л.Гінзбург, А.Мелік-Пашаеў, Я.Мравінскі, І.Мусін, Б.Хайкін. З 1963 у Капенгагене праводзіцца Міжнар. конкурс дырыжораў імя М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБКО́ВА (Тамара Аляксандраўна) (н. 13.1.1936, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. музыказнавец. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыла Бел. кансерваторыю па класах тэорыі музыкі (1958) і фп. (1959). У 1959—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБССР. Займаецца распрацоўкай тэарэт. праблем прафес. і нар.бел. музыкі. Мае значныя дасягненні ў даследаванні нац. сімфанізму. Выступае як муз. крытык. Аўтар сцэнарыяў фільма «Жыцця вымярэнні» (1983), фільма-оперы «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1984), шматлікіх радыё- і тэлеперадач.
Тв.:
Анатоль Багатыроў. Мн., 1972;
Беларуская сімфонія. Мн., 1974;
Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;
Балады: [укладанне муз. часткі, камент і ўступны арт.]. Кн. 1—2. Мн., 1977—78 (Бел.нар. творчасць);
Некаторыя тэндэнцыі фарміравання жанру сімфоніі ў сучаснай беларускай музыцы // Мастах і сучаснасць. Мн., 1980;
Музычны тэатр Беларусі. [Кн. 2, 4]. Мн., 1993, 1997 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗУ́РКА (польск. mazurek, mazur ад назвы жыхароў Мазовіі),
польскі нар. танец. Мае своеасаблівую харэаграфічную (асн. элементы — хуткі бег пар з падскокам на 1-ю долю такта і вярчэнне) і метрарытмічную (тыповая рытмаформула ці , трохдольнасць, капрызная акцэнтуацыя, рубатнасць) арганізацыю. Муз. памер 3/4 ці 3/8. Тэмп ад умеранага да хуткага. Найб. раннія запісы з мазуркавымі рытмамі (т.зв. польскі танец) выяўлены ў табулатурах і канцыяналах пач. 17 ст. З 2-й чвэрці 19 ст. пашырана ў еўрап. краінах як бальны танец. Як муз. жанр дасягнула росквіту ў творчасці Ф.Шапэна. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку пры дварах знаці, у гарадах, потым і ў вясковым побыце. Захоўваецца ў рэпертуары сучасных музыкантаў. У прафес.бел. музыцы жанр М. распрацоўвалі ў 19 ст. Н.Орда, Міхал Клеафас Агінскі, М. і А.Ельскія, Ф.Міладоўскі, у 20 ст. А.Багатыроў, Г.Вагнер, Э.Тырманд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАБА́С (італьян. contrabasso),
1) струнны смыковы муз. інструмент найвялікшага памеру (даўж. каля 2 м) і самага нізкага гучання. 4 метал. струны настройваюцца па квартах (E1—A1—D—G). Дыяпазон 4 актавы (пашыраецца пры дапамозе флажалетаў). Гучанне глухаватае, але густое і мяккае.
Створаны ў сярэдзіне 17 ст.італьян. майстрам М.Тадзіні на аснове віёлы да гамба. Выкарыстоўваўся як ансамблевы, з 18 ст. таксама як аркестравы, з 20 ст. і сольны інструмент. У эстр. практыцы пашыраны электра-К. На Беларусі К. вядомы з 2-й пал. 18 ст. (прыдворныя капэлы Нясвіжа, Слоніма, Гродна; кантрабасісты Райскі, В.Блажэўскі, П.Станкевіч, Л.Шышкоўскі, Ф.Янкоўскі). Творы для К. пісалі бел. кампазітары АБагатыроў, Л.Шлег, П.Падкавыраў, Я.Дзягцярык і інш. У Бел. акадэміі музыкі і муз. вучылішчах Беларусі існуюць класы К.
2) Самы нізкі па гучанні інструмент адной сям’і (балалайка-кантрабас, кларнет-кантрабас і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́НДА (італьян. rondo, франц. rondeau ад rond круг),
музычная форма, заснаваная на шматразовым чаргаванні гал. тэмы (рэфрэна) з эпізодамі. Рэфрэн праводзіцца ў асн. танальнасці, эпізоды — у пабочных.
Паходзіць ад нар. карагодных песень. Шырока прадстаўлена ў музыцы франц. клавесіністаў 17—18 ст. У класіч. музыцы выкрышталізавалася Р. 5-часткавай структуры (з 2 эпізодамі) з больш развітой гал. тэмай. Венскія класікі выпрацавалі вышэйшую форму Р. (традыц. назва — Р.-саната), дзе асн. прынцып рандальнасці спалучаецца з рысамі складанай трохчасткавай і санатнай форм. У форме Р. пішуцца інстр. п’есы, ч. санатна-сімф. і сюітных цыклаў, радзей рамансы, оперныя арыі.
У бел. музыцы Р. для розных інструментаў, камерных саставаў і аркестраў пісалі М.Аладаў, А.Багатыроў, Р.Бутвілоўскі, Р.Сурус, М.Чуркін і інш. У форме Р. напісаны фіналы сімфаньеты Аладава, 2-й сімфоніі Г.Вагнера, скрыпічнага канцэрта Г.Гарэлавай, 3-га цымбальнага канцэрта Дз.Смольскага і інш. Прыклады Р. ёсць і ў бел.нар.інстр. музыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬС (франц. valse, ням. Walzer ад walzen кружыцца),
парны танец, засн. на плаўным кружэнні ў спалучэнні з паступальным рухам. Муз. памер , радзей 3/8, 6/8. Тэмп вар’іруецца ад павольнага да ўмерана хуткага. Паходзіць ад ням., аўстр., чэшскіх нар. танцаў тыпу лендлера. Узнік у 2-й пал. 18 ст., на пач. 19 ст. пашырыўся па ўсёй Еўропе, стаў адным з самых папулярных танцаў. Найб. вядомы т.зв. венскі вальс (І.Ланер, І.Штраус-бацька, І.Штраус-сын). Разнавіднасць вальса — павольны вальс-бастон. Як сцэн. форма выкарыстоўваецца ў оперы, балеце, аперэце, музыцы да драм. спектакляў, стаў самаст. формай арк., фп. музыкі, асновай песень, рамансаў, цыклічных твораў (сюіты, сімфоніі). На Беларусі вядомы з 2-й пал. 19 ст. ў гарадскім і сял. побыце. У наш час — неад’емная частка нар.танц. і муз.-інстр. рэпертуару. У жанр вальса значны ўклад зрабілі бел. кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, Р.Бутвілоўскі, Я.Глебаў, В.Залатароў, І.Лучанок, С.Картэс, Р.Пукст, Дз.Смольскі, Э.Ханок і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліп. 1944 у Гродне. Складалася з 6 груп (60 чал.): б. ваеннаслужачых і сав. работнікаў (кіраўнік М.А.Волкаў), рабочых мясакамбіната (В.Д.Разанаў), рабочых з-да па рамонце аўтамаб. тэхнікі (С.П.Лямаў), 3 групы чыгуначнікаў лакаматыўнага дэпо (Н.Н.Багатыроў, С.П.Панасюк, Г.І.Святлічны). Падполле працавала ў цесным кантакце з партызанамі брыгад імя Ленінскага камсамола Баранавіцкай, імя К.Каліноўскага Беластоцкай абл., са спецгрупамі Чырв. Арміі. Падпольшчыкі здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, перавязачныя сродкі, адзенне, разведданыя аб праціўніку і варожай агентуры, распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і газеты. Падпольшчыкі групы Лямава вывелі са строю каля 150 машын, шмат абсталявання аўтарамонтных майстэрняў, групы Панасюка знішчылі воданапорную калонку на ст. Гродна; большасць «адрамантаваных» групай чыгуначнікаў паравозаў хутка выходзіла са строю, закладзеныя імі ў тэндэры толавыя шашкі, замаскіраваныя пад вугаль, вывелі са строю каля 20 паравозаў, падарваны таксама 2 эшалоны, учынена крушэнне 2 сустрэчных цягнікоў на ст. Гродна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЕ́ВІЧ (Антон Пятровіч) (27.5.1914, в. Дуброўка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 11.4.1978),
бел.паэт. Вучыўся ў Магілёўскім педтэхнікуме, у 1933—35 — у Магілёўскім палітасветным ін-це. Друкаваўся з 1937. У першым зб. «Чалавек з Дубровы» (М., 1945, на рус. мове) — творы ваен. часу. У творчасці Бялевіча ўслаўленне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну, жыццё калгаснай вёскі. Яго паэзіі ўласцівыя традыцыйна-фалькл. вобразнасць, нар.-песенны лад, выразнасць маст.-выяўл. сродкаў, даступнасць лексікі, адкрытасць выказвання. Аўтар сатыр. і гумарыстычных твораў (зб-кі «Хлеб і нахлебнікі», 1957; «Маштабны Міканор», 1963), вершаў, казак і паэм для дзяцей. Выступаў як празаік і публіцыст (зб-кі нарысаў «Людзі робяць вясну», 1959; «Споведзь сэрца», 1978; нарыс «Хатынь: боль і гнеў», 1971; аповесць «Малюнкі маленства», 1977; кн.літ. партрэтаў пісьменнікаў «Чарадзеі», 1970). Пераклаў на бел. мову паэму А.Твардоўскага «За даллю — даль» (1962), паасобныя творы А.Пракоф’ева, М.Бажана, А.Малышкі, У.Няходы і інш. На словы Бялевіча напісалі песні М.Аладаў, А.Багатыроў, Я.Цікоцкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКА́ЛЬНА-СІМФАНІ́ЧНАЯ ПАЭ́МА,
буйны музычны твор (часцей адначасткавы), звязаны з літаратурным тэкстам. Прызначаны пераважна для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра. Узаемадзеянне музыкі са словам абумоўлівае яе праграмнасць (гл.Праграмная музыка), характэрную тэндэнцыю да ўзаемадзеяння розных формаў і жанраў. Ад кантаты і араторыі адрозніваюцца большай цэласнасцю (значнай роляй скразнога сімф. развіцця, выкарыстаннем прынцыпаў монатэматызму і інш.). У некаторых з іх выкарыстоўваюцца прынцыпы тэатралізацыі, элементы сцэн. дзеяння. Вытокі вакальна-сімфанічнай паэмы ў прынцыпах паэмнага сімфанізму Ф.Ліста (гл.Сімфанічная паэма). У рус. музыцы 19—20 ст. вядомыя вак.-сімф. паэмы «Званы» С.Рахманінава, «Паэма памяці С.Ясеніна» Г.Свірыдава і інш. Пачатак бел. вакальна-сімфанічнай паэмы паклалі М.Аладаў («Над ракой Арэсай», 1933), Багатыроў («Паэма-казка пра Мядзведзіху», 1937). Да гэтага жанру ў бел. музыцы належаць «Буравеснік» Я.Цікоцкага (1944), «Попел» С.Картэса (1966), «Два твары зямлі» Дз.Смольскага (1969), «Вечна жывыя» (1959) і «Героям Брэста» (1975) Г.Вагнера, «Янка Купала» В.Помазава (1983). Сярод вакальна-сімфанічных паэм 1980—90-х г. — «Радуйся, Францыск Скарына» Э.Наско, «Зямля» Э.Казачкова, «Памяці маці» У.Кур’яна, «Настальгія» Г.Ермачэнкава і інш.