арганізм на першых стадыях развіцця (ад яйца да здольнасці самастойна жыць і перамяшчацца). Развіваецца з аплодненага яйца (зіготы) і жывіцца назапашанымі ў ім пажыўнымі рэчывамі (у птушак) ці за кошт матчынага арганізма (у млекакормячых жывёл і чалавека). У акушэрстве — арганізм чалавека на працягу першых 8 тыдняў ва ўлонні маці. У раслін — зачатак папарацепадобных і насенных раслін, пач. этап іх развіцця — антагенез. Гл. таксама Апладненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАБЛЕ́ННЕяйца, сегментацыя яйца,
рад паслядоўных дзяленняў аплодненага яйца, у выніку якіх утвараюцца больш дробныя клеткі (бластамеры); стадыя развіцця ўсіх шматклетачных жывёл. Пачынаецца пасля збліжэння мужч. і жан. клетак (гл.Апладненне) і аб’яднання іх храмасом. У некат. жывёл бывае Д. неаплодненых яец (гл.Партэнагенез). Іншы раз аплодненыя яйцы знаходзяцца ў стане спакою (гл.Дыяпаўза) і пачынаюць развівацца пры змяненні знешніх умоў (напр., т-ры навакольнага асяроддзя). У чалавека Д. прыводзіць да ўтварэння комплексу бластамераў — морулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЙСТАГА́МІЯ (ад грэч. kleistos закрыты + gamos шлюб),
самаапыленне і самаапладненне раслін у нераскрытых кветках. Бывае пастаянная (у фіялкі, кісліцы), звязана з рэдукцыяй калякветніка і памяншэннем памераў кветкі. Асобная форма пастаяннай К. — развіццё і апладненне кветак у глебе (у арахісу). Непастаянная К. абумоўлена неспрыяльнымі ўмовамі (засуха, высокая або нізкая т-ра навакольнага асяроддзя) і не суправаджаецца рэдукцыяй калякветніка (у аўса, кавылю, пшаніцы і інш.). На адной расліне бываюць клейста- і хазмагамныя (адкрытыя) кветкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААПЛАДНЕ́ННЕ,
зліццё мужчынскай і жаночай палавых клетак, якія ўтвараюцца ў адной асобіны. Адбываецца звычайна пры немагчымасці перакрыжаванага апылення і апладнення (неспрыяльныя ўмовы, адсутнасць палавога партнёра). Сярод жывёл трапляецца ў гідраў, некат. кольчатых чарвей, малюскаў, рыб (гл.Гермафрадытызм); сярод раслін — у шэрагу водарасцей, грыбоў, кветкавых раслін (гл.Самаапыленне). У працэсе эвалюцыі ў арганізмаў з’явіліся прыстасаванні, якія прадухіляюць С. і забяспечваюць перакрыжаванае апладненне, у выніку чаго павялічваецца генет. разнастайнасць патомства і жыццяздольнасць асобін віду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОКАНЕРВО́ВЫЯ (Amphineura),
падтып найб. прымітыўных марскіх малюскаў. 2 класы: панцырныя малюскі і баразнаватабрухія (бяспанцырныя), па інш. сістэме і 3-і клас. — каўдафавеаты. Вядомыя з ранняга кембрыю. Каля 100 вымерлых і 1300 сучасных відаў. Жывуць ва ўсіх краявых морах і акіянах.
Цела (даўж. ад некалькіх міліметраў да 35 см) двухбаковасіметрычнае. Кутыкула мантыі ўкрыта вапняковымі лускавінкамі (спікуламі). У большасці на спінным баку цела рухома сучлененая ракавіна. Галава без вачэй і шчупальцаў. Нерв. сістэма з дзвюх пар падоўжаных ствалоў. Крывяносная сістэма незамкнёная. Апладненне вонкавае, развіццё праз стадыю плаваючай лічынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМБУ́ЗІЯ (Gambusia affinis),
рыба сям. пецыліевых атр. карпазубых. Радзіма — Паўн. і Цэнтр. Амерыка. Жыве ў невял. стаячых прэснаводных вадаёмах. Акліматызавана ў многіх краінах Еўразіі, Аргенціне, на Гавайскіх а-вах у мэтах барацьбы з малярыйнымі камарамі. Разводзяць у акварыумах.
Даўж. цела самца да 4 см, самкі да 7,5 см. Афарбоўка цела шаравата-аліўкавая ці жаўтаватая з цёмнымі плямамі, плаўнікі бясколерныя. Самцы цямнейшыя. У самцоў пярэднія прамяні анальнага плаўніка пераўтвораны ў спаравальны орган (ганаподый). Апладненне ўнутранае. Жывародная. Корміцца лічынкамі і кукалкамі камароў, зоапланктонам, ікрой і маляўкамі рыб, у т. л. і сваімі. Шкодзіць рыбнай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСПЕРМІ́Я (ад полі... + сперма),
у раслін — апладненне яйцаклеткі і другаснага ядра зародкавага мяшка некалькімі (звычайна двума) сперміямі; у жывёл — пранікненне ў яйцо пры апладненні да некалькіх дзесяткаў сперматазоідаў. Пры фізіялагічнай П. (вядома ў членістаногіх — насякомыя, павукападобныя, і хордавых — акулавыя рыбы, хвастатыя земнаводныя, паўзуны, птушкі) у цытаплазме яйца галоўкі сперматазоідаў ператвараюцца ў мужчынскія прануклеусы. Адзін з іх злучаецца з жаночым прануклеусам і ўтварае ядро зіготы, а астатнія дэгенерыруюць. Пры паталагічнай П. (у фізіялагічна манаспермных жывёл, у т. л. млекакормячых) механізмы, што абараняюць яйцо ад пранікнення звышколькасных сперматазоідаў, аказваюцца недастаткова эфектыўнымі. У выніку парушэнняў апладнення зародак звычайна гіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАХЕЙНАДЫ́ХАЛЬНЫЯ, трахейныя,
непаўнавусыя (Tracheata, або Atelocerata),
падтып наземных або другаснаводных членістаногіх жывёл. Уключае мнаганожак і насякомых.
Маюць 1 пару вусікаў (2-я пара адсутнічае; адсюль адна з назваў). Дыханне звычайна трахейнае, радзей праз скуру або (у другаснаводных лічынак насякомых) трахейнымі жабрамі — вырастамі сценак цела. У некат. інш. падтыпах (напр., у хеліцэравых) таксама ёсць формы з трахейным дыханнем. У покрывах Т. прысутнічаюць воска- і тлушчападобныя рэчывы. якія засцерагаюць арганізм ад высыхання. Большасці Т. уласціва ўнутр.апладненне і наяўнасць т.зв. «тлушчавага цела» — тлушчавай тканкі, якая ўдзельнічае ў водазабеспячэнні арганізма. Функцыя выдзялення ажыццяўляецца праз мальпігіевыя сасуды або сценкі кішэчніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯВЫ́Я РЫ́БЫ (Osteichthyes),
клас водных пазваночных. 2 падкл.: прамянёвапёрыя (Actinopterygii) і лопасцевапёрыя (Sarcopteiygii), 11 надатр., 38 атр., каля 20 тыс. відаў. З’явіліся ў канцы сілуру (каля 410 млн. гадоў назад). У сучаснай іхтыяфауне прэсных і марскіх вадаёмаў складаюць больш за 96% відаў. На Беларусі 58 відаў; рэшткі выкапнёвых К. р. трапляюцца ў адкладах позняга сілуру, дэвону і карбону (каля 400—300 млн.г. назад).
Даўж. ад 7 мм (некат. бычкі) да 7 м (бялуга), маса да 1,5 т. Маюць унутр. касцявы шкілет і акасцяненні ў вонкавым шкілеце; луска пласціністая, касцявая. Дыханне шчэлепнае, зрэдку лёгачнае (у дваякадыхальных). Апладненне вонкавае, зрэдку ўнутранае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧАЦІНАХВО́СТКІ (Thysanura),
атрад першаснабяскрылых насякомых. Больш за 400 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках, сінантропныя іх віды — у больш халодных абласцях. Жывуць у лясным подсціле, у шчылінах кары, глебе, мурашніках, жылых памяшканнях. На Беларусі найб. трапляюцца 2 віды — лускаўніца звычайная, або цукровая (Lepisma saccharina), і тэрмобія хатняя (Thermobia domestica).
Даўж. 8—20 мм. Цела верацёнападобнае, у большасці ўкрытае лускавінкамі. Вусікі доўгія, ніткападобныя. Брушка з 2 і больш членістымі шчацінкамі і доўгай хваставой ніткай на канцы (адсюль назва). Вочы фасетачныя. Ротавыя органы грызучыя. Апладненне вонкава-ўнутранае. Развіццё па тыпе протаметабаліі (гл.Метамарфоз). Кормяцца жывёльнымі і расл. рэшткамі. Псуюць кнігі, крухмал, цукар.