ШЧАЦІНАХВО́СТКІ (Thysanura),
атрад першаснабяскрылых насякомых. Больш за 400 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках, сінантропныя іх віды — у больш халодных абласцях. Жывуць у лясным подсціле, у шчылінах кары, глебе, мурашніках, жылых памяшканнях. На Беларусі найб. трапляюцца 2 віды — лускаўніца звычайная, або цукровая (Lepisma saccharina), і тэрмобія хатняя (Thermobia domestica).
Даўж. 8—20 мм. Цела верацёнападобнае, у большасці ўкрытае лускавінкамі. Вусікі доўгія, ніткападобныя. Брушка з 2 і больш членістымі шчацінкамі і доўгай хваставой ніткай на канцы (адсюль назва). Вочы фасетачныя. Ротавыя органы грызучыя. Апладненне вонкава-ўнутранае. Развіццё па тыпе протаметабаліі (гл. Метамарфоз). Кормяцца жывёльнымі і расл. рэшткамі. Псуюць кнігі, крухмал, цукар.
т. 17, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)