ГІПАБІЯСФЕ́РА (ад гіпа... + біясфера),

слой літасферы глыб. 5—6 км, у які жывыя арганізмы трапляюць выпадкова, існуюць часова, але не могуць нармальна жыць і размнажацца (ніжні аналаг парабіясферы).

т. 5, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЯНЕ́ННЕ,

найбольш агульная форма быцця ўсіх аб’ектаў і з’яў, што ўяўляе сабой усялякі рух і ўзаемадзеянне, пераход з аднаго стану ў другі. Уключае ў сябе любыя пераўтварэнні форм руху, усе працэсы развіцця, а таксама ўзнікненне новых з’яў у свеце. Ахоплівае колькаснае павелічэнне ці змяншэнне характарыстык цел і іх якасныя трансфармацыі. Гістарычна змяняюцца не толькі любыя канкрэтныя ўласцівасці цел, але і самі законы руху матэрыі. У філасофіі З. заўсёды проціпастаўляецца спакой і ўстойлівасць цел, але і самі яны адносныя, таму што з’яўляюцца прыватным выпадкам і вынікам агульнага руху матэрыі.

т. 7, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МРУЛЬ (англ. Home Rule літар. самакіраванне, аўтаномія),

рух за гомруль, барацьба за ажыццяўленне праграмы аўтаноміі Ірландыі ў рамках Брыт. імперыі ў 1870-я г.пач. 20 ст. Аўтар праграмы ірл. ліберал І.Бат. Прыхільнікі гомруля патрабавалі скасавання навязанай у 1800 Ірландыі уніі з Вялікабрытаніяй, але не імкнуліся да поўнай незалежнасці. Яны арганізавалі масавую барацьбу (пераважна ірл. сялян), адмаўлялі тэрарыст. метады і супрацоўнічалі з Зямельнай лігай. Праект аўтаноміі для Ірландыі, двойчы (1886, 1893) прапанаваны ліберальным урадам У.Ю.Гладстана, быў адхілены парламентам. У канцы 19 ст. рух за гомруль замяніў незалежніцкі рух Шын фейн. У 1912 ліберальны ўрад 3-і раз прапанаваў біль аб гомрулі, але сутыкнуўся з узбр. супраціўленнем пратэстанцкай большасці Ольстэра. Напярэдадні 1-й сусв. вайны парламент прызнаў аўтаномію Ірландыі (3.8.1914), біль аб гомрулі набыў сілу закона 18.9.1914, але адтэрмінаваны да заканчэння вайны; фактычна ў дзеянне так і не ўведзены. Гэта палітыка брыт. улад стала прычынай Ірландскага паўстання 1916.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІ́МАРАН, аксюмаран (грэч. oxymōron дасціпна-недарэчнае),

спалучэнне процілеглых або кантрастных паняццяў, якія лагічна выключаюць адно аднаго, але ўжытыя разам ствараюць новы маст. вобраз («звонкая цішыня», «пакутлівае шчасце», «жывы труп»).

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАФО́НЫ [ад гама... + ...фон(ы)],

словы, аднолькавыя паводле гучання, але розныя па напісанні і значэнні. Параўн.: «грыб — грып», «род — рот», «везці — весці», «код — кот». Амафанія — звычайна вынік супадзення ў гучанні асобных формаў слова.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЦЫЁЗ (ад лац. officiosus паслужлівы),

1) друкаваны орган, які фармальна не звязаны з урадам, але на справе праводзіць яго палітыку.

2) Тэрмін, які выкарыстоўваецца пры вызначэнні людзей афіц. колаў.

т. 2, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЙКА,

мяккая скура, якую вырабляюць пераважна са шкур авечак і коз. Л. цягучая і пластычная, але няўстойлівая да ўздзеяння вады. З Л. вырабляюць галантарэйныя вырабы (напр., пальчаткі), верх абутку і інш.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАТАКСІ́НЫ (ад ана... + таксіны),

бактэрыяльныя таксіны, якія ў выніку спец. апрацоўкі (напр., фармалінам, цяплом) страцілі ядавітыя ўласцівасці, але захавалі здольнасць стымуляваць імунітэт. Выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння дыфтэрыі, слупняку і інш. інфекцый.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РВАЛЬСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. Размяшчаўся каля в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. У 16 ст. быў бастыённым, але меў і драўляныя ўмацаванні. Горвальскі замак з’яўляўся важным пунктам кантролю за пераправай цераз Бярэзіну і водным шляхам да Дняпра. У час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—51 укр. казакі разбілі ў 1648 пад Горвалем войска стражніка ВКЛ Мірскага і авалодалі замкам. У ліст. 1654 казакі ўкр. гетмана І.Залатарэнкі бралі Горвальскі замак штурмам, у выніку ён быў спалены. Пазней адноўлены, але ў час Паўн. вайны 1700—21 канчаткова знішчаны.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫКАРЫЁН (ад ды... + грэч. karyon арэх, ядро арэха),

клетка грыба, якая мае збліжаныя, але не злучаныя паміж сабой гаплоідныя мужч. і жан. ядры. Узнікае пры палавым працэсе ў аскаміцэтаў (гл. Сумчатыя грыбы) і базідыяльных грыбоў.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)