ПЯЦІРАДКО́ЎЕ, квінціла,

страфа з 5 вершаваных радкоў, злучаных дзвюма (радзей адной) рыфмамі або клаўзуламі. Часцей сустракаецца рыфмоўка па схеме АБААБ:

Я — мужык, а гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»
(Я.​Колас. «Мужык»)

Радзей кампаноўка рыфмаў у П. можа быць іншай: ААББА («Не шукай» Я.​Купалы), АБББА («Людзьмі завемся» Е.​Лось), ААААА («Дыханне» А.​Лойкі). Часам адзін радок (1-ы, 2-і, 3-і і г.д.) застаецца нерыфмаваным («У маршы», «Да штурму», «Вянок» М.​Танка). Сустракаецца П. зусім без рыфмаў (у белым вершы).

А.​А.​Майсейчык.

т. 13, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)