вакальная група Бел. філармоніі. Створана ў 1986. Кіраўнікі А.Шыкуноў (з 1986), І.Мельнікаў (з 1995). У складзе групы (1998): В.Вараб’ёва, Т.Дробышава, Ю.Караткевіч, Г.Гардынец, А.Доўнар, А.Бурдзялёў. Першапачаткова рэпертуар уключаў харавыя акапэльныя творы 14—20 ст., з 1988 — джазавыя стандарты. У 1989 канцэртнай праграмай «Музыка падсвядомасці» акрэслены асн. кірунак групы: уласныя кампазіцыі (у т. л. В.Вараб’ёвай), якія спалучаюць спевы а капэла з тэхнікай мікрафонных спеваў і адначасовай апрацоўкай галасоў электронікай. Творчая вяршыня калектыву — пастаноўка містэрыі «Бог сярод нас» Шыкунова (1995). З 1996 «К.» супрацоўнічае з Дзярж. канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга, выконвае апрацоўкі эстр. песень. У рэпертуары некалькі разнапланавых праграм: ад старадаўняй духоўнай музыкі да авангарда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕНА́КІС (Xenakis) Яніс (н. 29.5.1922, г. Брэіла, Румынія),
французскі кампазітар. Па паходжанні грэк. Чл. Ін-та Францыі (1983). Скончыў Політэхн.ін-т у Афінах (1947, педагог Ле Карбюзье), працаваў архітэктарам. Музыцы вучыўся ў А.Анегера і Д.Міё (1948—50), у Парыжскай кансерваторыі ў А.Месіяна (1950—53). З 1965 жыве ў Парыжы. Адзін з лідэраў муз.авангарда. Арганізаваў шэраг муз. цэнтраў па вывучэнні ўзаемасувязей музыкі і матэматыкі (Францыя, Індыя), стварыў уласную, т.зв. стахастычную сістэму кампазіцыі, заснаваную на матэм. тэорыі верагоднасцей. Звяртаўся да т. зв. прасторавай музыкі. Аўтар балетаў, твораў для аркестра (1954, 1956, 1966, 1968, 1982), для хору і арк. (1973); для барытона, ударных і арк. (1980), электроннай і лазернай музыкі, кніг «Музычныя формулы» (1963), «Музычная архітэктура» (1971) і інш. Прэмія Акадэміі Шарля Кро (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ГЕЦІ (Ligeti) Дзьёрдзь (н. 28.5.1923, г. Тырнэвені, Румынія),
венгерскі кампазітар, музыказнавец; прадстаўнік зах.-еўрап.муз.авангарда. Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Будапешце (1949), выкладаў у ёй (з 1950 праф.). У 1956 і з пач. 1980-х г. у Вене. У галіне электроннай музыкі распрацаваў уласную тэхніку статычнай санорнай кампазіцыі, заснаваную на мікразмяненнях у цэлым нерухомага гукавога масіву («Уяўленні», 1959; «Атмасферы», 1961, для аркестра), спалучаў санорную статыку з дынамічнымі «выбухамі» («Рэквіем», 1965; «Мелодыі» для арк., 1971). Некат. вак. творы звязаны з т-рам абсурду («Прыгоды», 1962; «Новыя прыгоды», 1965). У творах апошніх гадоў рысы неарамантызму. Аўтар оперы «Вялікі мярцвяк» (1978), твораў «Гадзіны і воблакі» для хору і арк. (1973), «Далёкае» для арк. (1967), «Разгалінаванні» (1969) і інш.
Літ.:
Савенко С. Приключения в воображаемом пространстве: Заметки о творчестве Д.Лигети // Сов. музыка. 1987. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КШЭ́НЕК, Кршэнек (Křenek) Эрнст (23.8.1900, Вена — 22.12.1991), аўстрыйска-амерыканскі кампазітар, педагог. Вучыўся ў Акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва ў Вене (з 1916), у Вышэйшай школе музыкі ў Берліне (1920—23). З 1937 у ЗША, праф. шэрагу ун-таў і каледжаў. У 1920-я г. зазнаў уплыў Б.Бартака, І.Стравінскага, П.Хіндэміта, як оперны кампазітар быў пад уплывам экспрэсіянізму. оперы «Скачок праз цень» (паст. 1924), «Джоні найгравае» (паст. 1927) з элементамі джаза і атанальнай муз. структурай. З 1930-х г. шырока выкарыстоўваў дадэкафонію, серыяльнасць (гумарыстычная тэлеопера «Разлічана і прайграна», 1961). З 1950-х г. адзін з вядучых прадстаўнікоў муз.авангарда (тэлеопера «Чароўнае люстэрка», 1966). Пісаў электронную музыку, карыстаўся алеаторыкай. Аўтар 17 опер, 3 балетаў, аперэт, 5 сімфоній (1923—50), канцэртаў для інструментаў з аркестрам і інш.; кніг «Аб новай музыцы» (1937), «Эцюды аб кантрапункце» (1940), аўтабіяграфіі (1948) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́РАХАЎ Іван Сямёнавіч (23.9.1762—25.4.1815),
расійскі ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1812). Скончыў Артыл. і інж. шляхетны кадэцкі корпус у Пецярбургу (1787). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91. кампаніі па задушэнні паўстання 1794. Вызначыўся ў войнах супраць Францыі 1805 і 1806—07, у рус.-швед. вайне 1808—09. Напярэдадні вайны 1812 у 4-м пяхотным корпусе 1-й арміі, камандзір карпуснога авангарда. Пасля бою 30 чэрв. каля Вял. Салечнікаў (цяпер Шальчынінкай, Літва) быў вымушаны адступіць. 6 ліп. спрабаваў адбіць у французаў Валожын, аднак пры набліжэнні вял. сіл праціўніка адышоў на Камень (Валожынскі р-н). 7 ліп. злучыўся каля Стоўбцаў з 2-й арміяй П.І.Баграціёна. Удзельнічаў у Смаленскай аперацыі 1812 і ў Барадзінскай бітве 1812. У вер. — кастр. 1812 камандзір асобнага атрада, заняў г. Верая (Маскоўская вобл.). У бітве каля Малаяраслаўца цяжка паранены. Біяграфія Д., складзеная яго сынам Руфінам у 1850, захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі (фонд І.Ф.Паскевіча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКРЭ́ТНАЯ МУ́ЗЫКА,
музыка, заснаваная на тэхн. апрацоўцы запісаных на стужку «натуральных», немузычных гукаў (гул цягніка, розныя шумы, шапаценне, крыкі, галасы птушак і інш.). Можа спалучацца з гукамі муз. інструментаў і пеўчых галасоў. Блізкая да электроннай музыкі, крайніх форм санарыстыкі (гл.Санорыка). У працэсе стварэння К.м. і яе запісу кампазітар з дапамогай сучасных тэхн. сродкаў (магнітафоны, сінтэзатары) здзяйсняе шматлікія аперацыі, якія забяспечваюць разнастайныя акустычныя эфекты. К.м. ўзнікла ў канцы 1940-х г. у Францыі. Яе стваральнік — П.Шэфер («Канцэрт шумоў», «Сюіта для 14 інструментаў», «Канцэрт двухсэнсавасцей»), паслядоўнікі — прадстаўнікі найб. радыкальнага крыла муз.авангарда П.Анры, П.Булез, А.Месіян, К.Штокгаўзен. Найб. пашырана пры муз. афармленні драм. спектакляў і кінафільмаў. Для дасягнення каларыстычнага эфекту часта выкарыстоўваецца ўключэнне «натуральных», «канкрэтных» гукаў у кантэкст тонавай музыкі (напр., запіс спеваў салаўя ў «Пініях Рыма» А.Рэспігі).
Літ.:
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́НІН Алег Барысавіч (н. 10.4.1948, Берлін),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, кл. М.Аладава і А.Багатырова). З 1974 выкладаў у Лідскім муз. вучылішчы, у мінскіх муз. школах, з 1979 у Мінскім муз. вучылішчы імя М.Глінкі. Прыхільнік сучаснага муз.авангарда з шырокім вобразным дыяпазонам, экспрэсіўнасцю, трагедыйнай і лірыка-рамант. накіраванасцю. У творах выкарыстоўвае дадэкафонную і постдадэкафонную тэхніку пісьма, алеаторыку, санорыку, шматэлементную поліметрыю. Аўтар балета «Каханне Сапфо» (1998—2001), 4 сімфоній (1-я, 1974; 2-я «Zorca in memoriam», 1985; 3-я «Прысвячэнне Сапфо», 1987; 4-я «Музыка для Восіпа Мандэльштама» для фп., 1992), кантаты «Родная зямля» на вершы Я.Купалы і ўласныя (1975), 3 канцэртаў (1980—2001), камерна-інстр. ансамбляў, вак. цыклаў «Родны край» на вершы А.Бачылы, «Пад вечнымі соснамі» на вершы Р.Барадуліна (абодва 1978), «Месяцовыя песні» на вершы Ф.Гарсія Лоркі (1989), твораў для фп. і інш. Заснавальнік (1990) і прэзідэнт (да 1995) Бел. асацыяцыі сучаснай музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СТАВАНГАРД (ад пост... + авангард),
неаавангард, у музыцы ўмоўная назва розных плыней сучаснага зах.-еўрапейскага муз. мастацтва, для якіх характэрна адмаўленне ад эстэт. установак авангарда. Тэрмін зацвердзіўся ў канцы 1960-х г. Выявіўся ў змешванні розных стыляў (гл.Полістылістыка), тэхнік пісьма ў адным творы (напр., «Атмасферы» Дз.Лігеці). Разрыў паміж пераўскладненай авангарднай музыкай і ўспрыманнем яе публікай прывёў да ўзнікнення музыкі мінімалістаў з культам прастаты, звароту да традыц. музыкі ўсх. культур з іх запаволеным успрыманнем часу. Для П. характэрны пошук новых уласцівасцей гуку (у галіне санорыкі, мікрахраматыкі, электроннай музыкі), панаванне т.зв. афармальнай музыкі: «адкрытых» твораў, ці якія «развіваюцца» (усе віды алеаторыкі, «момантавая музыка», «жывая электронная музыка», «музыка дзеяння» і інш., у якіх муз. твор прадстаўлены не як вынік творчай дзейнасці, а як працэс). Яскравыя вынаходніцтвы П. — формульная, мультыформульная і суперформульная кампазіцыі. Рысы П. найб. уласцівы творчасці кампазітараў Л.Берыо, Г.Генцэ, К.Штокгаўзена, П.Булеза, Л.Нона. У бел. музыцы П. у чыстым выглядзе не знайшоў увасаблення, пэўныя яго прыёмы выкарыстоўваюць А.Сонін («Прысвячэнне Сапфо»), Дз.Смольскі («Актафонія») і інш.
Літ.:
Соколов А.С. Музыкальная композиция XX в.: Диалектика творчества. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАХА́НАЎ Аляксандр Андрэевіч (н. 26.2.1938, Тбілісі),
рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Маскоўскі авіяцыйны ін-т (1960). У 1969—71 карэспандэнт «Литературной газеты». З 1991 гал. рэдактар газ. «Завтра» (да 1993 «День»). У аповесцях «Вясковыя» (1969), «Радуйся», «Іду ў шлях мой», «Палёт вечаровай гусі», «Трактат пра хлеб» (усе 1971) спалучэнне авангарда і архаікі. Заклік да беражлівага стаўлення да прыроды і чалавека ў раманах «Час поўдзень» (1977), «Месца дзеяння» (1979), «Вечны горад» (1981). Раманы «Дрэва ў цэнтры Кабула» (1982), «Малюнкі баталіста» (1986), «Сон пра Кабул» (2000), зб. навел «Трэці тост» (1991) пра ўдзел сав. войск у вайне ў Афганістане. Аўтар раманаў «І вось прыходзіць вецер», «Афрыканіст» (абодва 1984), «Анёл праляцеў» (1991), «Апошні салдат імперыі» (1993), «Чэчэнскі блюз» (1998), «Чырвона-карычневы» (1999), «Якія ідуць уначы» (2001), аповесцей «Адмірал» (1983), «Знак Дзевы» (1990), аповесці-рэпартажу «Расколаты свет» (1983), апавяданняў, артыкулаў і інш. Прозе П. ўласцівы філасафічнасць, дынамізм, экспрэсіўнасць, пафаснасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫЯНАЛІ́ЗМу архітэктуры,
сукупнасць арх. кірункаў 1-й пал. 20 ст., якія арыентаваліся на асваенне дасягненняў сучаснай навукі і тэхнікі. У шырокім сэнсе Р. часам атаясамліваюць з паняццем «сучасная архітэктура». Асн. яго прынцыпы пачалі складвацца ў канцы 19 ст. (арх. Л.Салівен у ЗША, Х.П.Берлаге ў Нідэрландах, А.Лоз у Аўстрыі, А.Перэ ў Францыі і інш.). Развіццю Р. ў 1920—30-я г. спрыялі ідэі і творчасць арх.Ле Карбюзье ў Францыі, В.Гропіуса і арх. школы «Баўгауз» у Германіі (гл.Функцыяналізм), работы сав. архітэктараў і арх. школы вышэйшых маст.-тэхн. ін-та ў Ленінградзе і маст.-тэхн. майстэрняў у Маскве. Ідэі Р. ляглі ў аснову дзейнасці Міжнар. кангрэса сучаснай архітэктуры (1928—59) і т.зв. Афінскай хартыі (1933), якія сфармулявалі прынцыпы сучаснага горадабудаўніцтва. У 1950-я г. лідэры Р. ў ЗША (Л.Міс ван дэр Роэ, Э.Саарынен, фірма «СОМ») і Еўропе (Дж.Понці ў Італіі, Э.Аерман у Германіі) распрацавалі універсальныя формы будынкаў т.зв. інтэрнац. стылю, разлічаныя на размяшчэнне ў іх жылых, дзелавых, вытв. і інш. інтэр’ераў. Расчараванне ў дагматызме і утапічнасці позняга Р., крытыка яго аднастайнасці, ігнаравання мясц. умоў і традыцый прывялі да змены Р. на новыя кірункі (бруталізм, неакласіцызм, постмадэрнізм). У СССР рацыяналістамі называлі сябе чл.Асацыяцыі новых архітэктараў (М.Ладоўскі, В.Крынскі, К.Мельнікаў, бел. архітэктар І.Валадзько і інш.), якія шукалі вобразную выразнасць у творчым асэнсаванні новых канструкцый і матэрыялаў.
Літ.:
Хан-Магомедов С.О. Архитектура советского авангарда. М., 1996.