КСЕНА́КІС ((Xenakis) Яніс) (н. 29.5.1922, г. Брэіла, Румынія),

французскі кампазітар. Па паходжанні грэк. Чл. Ін-та Францыі (1983). Скончыў Політэхн. ін-т у Афінах (1947, педагог Ле Карбюзье), працаваў архітэктарам. Музыцы вучыўся ў А.Анегера і Д.Міё (1948—50), у Парыжскай кансерваторыі ў А.Месіяна (1950—53). З 1965 жыве ў Парыжы. Адзін з лідэраў муз. авангарда. Арганізаваў шэраг муз. цэнтраў па вывучэнні ўзаемасувязей музыкі і матэматыкі (Францыя, Індыя), стварыў уласную, т.зв. стахастычную сістэму кампазіцыі, заснаваную на матэм. тэорыі верагоднасцей. Звяртаўся да т. зв. прасторавай музыкі. Аўтар балетаў, твораў для аркестра (1954, 1956, 1966, 1968, 1982), для хору і арк. (1973); для барытона, ударных і арк. (1980), электроннай і лазернай музыкі, кніг «Музычныя формулы» (1963), «Музычная архітэктура» (1971) і інш. Прэмія Акадэміі Шарля Кро (1977).

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)