ПАНДЭМІ́Я (ад грэч. pandēmia увесь народ),

катэгорыя інтэнсіўнасці эпідэмічнага працэсу, калі інфекц. хвароба пашырана сярод насельніцтва краіны, некалькіх краін ці кантынентаў. Ступень пашыранасці інфекц. хвароб абумоўлена ўспрымальнасцю чалавека да інфекцый, частатой зменлівасці ўзбуджальніка (напр., вірус грыпу), шляхамі перадачы інфекцыі (часцей узнікаюць П. інфекц. хвароб, што перадаюцца паветрана-кропельным шляхам), войнамі, эміграцыяй і інш. Апісаны П. чумы, халеры, грыпу, малярыі і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. адсутнічаюць (за выключэннем грыпу). Гл. таксама Эпідэмія.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНСПЕРМІ́Я (ад пан... + сперма),

гіпотэза пераносу жывых істот у касм. прасторы з аднаго цела на другое (напр., на Зямлю з космасу). Прапанавана ням. вучоным Г.​Рыхтэрам (1865). Паводле гіпотэзы, жывыя зародкі занесены на Зямлю метэарытамі, касм. пылам або пад уздзеяннем ціску святла. Гіпотэза абапіраецца на звесткі пра высокую ўстойлівасць некат. мікраарганізмаў і іх спор да радыяцыі, глыбокага вакууму і інш. уздзеянняў. Аднак няма дакладных фактаў, якія б пацвярджалі пазаземнае паходжанне мікраарганізмаў, знойдзеных у метэарытах. Гл. таксама Абіягенез, Біягенез, Экзабіялогія.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКСІ́ДЫ АРГАНІ́ЧНЫЯ,

арганічныя пераксідныя злучэнні, у якіх пераксігрупа злучана з 2 атамамі вугляроду. Маюць агульную ф-лу ROOR′, дзе R,R′ — арган. радыкалы. Паводле прыроды радыкалаў адрозніваюць пераксіды алкілаў і аралкілаў, цыклічныя (напр., 1,2-дыаксетан і яго вытворныя), дыацылпераксіды (напр., бензаілу пераксід), пераксідныя вытворныя карбанільных злучэнняў, а таксама элементаарган. пераксіды, у якіх адзін ці абодва радыкалы далучаны да пераксігрулы праз гетэраатам (фосфару, серы, крэмнію і інш.).

Да арт. Пераксіды арганічныя: а — 1,2-дыаксетан; б — 1,2-дыаксетандыён.

т. 12, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЕ БАЛГА́РСКАЕ ЦА́РСТВА,

раннефеадальная дзяржава на Балканскім п-ве ў 680—1018. Сталіцы — гарады Пліска (да 893) і Прэслаў. Засн. ў 680 ханам цюркскіх протабалгараў Аспарухам на слав. землях Візантыі, якая ў 681 прызнала яго незалежнасць. Найб. магутнасці дасягнула пры цару Сімяоне [893—927], У 969 з яго вылучылася асобнае Зах.-Балг. царства з цэнтрам у сучаснай Македоніі. У 971 астатнюю тэр. П.Б.ц. з г. Прэслаў захапіла Візантыя, якая ў 1018 заваявала і Зах.-Балг. царства. Гл. таксама Балгарыя.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕТРО́БРАЗ»

(Petróbraz),

дзяржаўная нафтагазавая і нафтахім. кампанія Бразіліі. Праводзіць геолага-разведачныя работы, здабычу, перапрацоўку і збыт нафты і газу ўнутры краіны, а таксама знешнегандлёвыя аперацыі з гэтымі таварамі. Засн. ў 1954. Мае 87 даччыных і асацыіраваных кампаній, 11 нафтаперапр. з-даў, сетку нафтаправодаў, нафтасховішчы і танкерны флот. Вядзе пошукі на нафту ў Лівіі, Конга, Індыі, Іране, Анголе і інш. Аб’ём продажу 14,8 млрд. дол. ЗША, чысты прыбытак 765 млн. дол., занята 67 тыс. чал. (канец 1980-х г.).

т. 12, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’Е́ХА (Эдзіта Станіславаўна) (н. 31.7.1937, г. Нуаэль-су-Лян, Францыя),

расійская эстрадная спявачка. Нар. арт. СССР (1988). Скончыла пед. ліцэй у Гданьску (Польшча), вучылася ў Ленінградскім ун-це. З 1955 артыстка Ленканцэрта (з 1994 Пецярбург-канцэрт). Першая выканальніца шматлікіх песень В.​Салаўёва-Сядога, А.​Астроўскага, А.​Пятрова, А.​Фельцмана і інш. У рэпертуары таксама франц. і польскія песні. Творчасць адметная лірычнасцю і высакароднасцю выканання. Знялася ў маст. фільмах: «Лёс рэзідэнта», «Непапраўны лгун», «Брыльянты для дыктатуры пралетарыяту».

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНАВА́ННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

навукова абгрунтаванае вызначэнне мэт, паказчыкаў, заданняў (тэрмінаў, тэмпаў, прапорцый) развіцця сац. працэсаў і асн. сродкаў іх ажыццяўлення. Аб’екты П.с.: грамадства ў цэлым; кожная са сфер грамадскага жыцця; сац. працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве. Асн. мэта — дасягненне сац. справядлівасці, сац. роўнасці і сац. абароненасці людзей. Наяўнасць агульных для ўсяго грамадства мэт не выключае спецыфічных мэт, паколькі грамадства складаецца з мноства падсістэм, канкрэтных аб’ектаў, кожны з якіх займае асобнае месца і вырашае свае задачы. Гл. таксама Планаванне ў эканоміцы.

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСНА́К,

у беларусаў даўняе хлебнае печыва ў выглядзе тоўстага бліна. Пяклі з жытняй мукі без закваскі, на содзе і сыроватцы. Цеста замешвалі крута, як на хлеб; выпякалі на патэльні. Спечаны П. пасыпалі соллю, кменам, змазвалі здорам; елі замест хлеба. Часам П. пяклі з хлебнага цеста, якое не падышло, з тоўчанай варанай бульбы і мукі, а таксама з рашчыненага на бліны, крута замешанага цеста. Пяклі П. і спецыяльна на квас. Месцамі П. наз. недакіслы хлеб.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТО́РАВАЯ СІСТЭ́МА ў будаўнічай механіцы,

сістэма нясучай канструкцыі (або яе разліковая схема), якая характарызуецца прасторавым размеркаваннем мех. намаганняў у яе элементах. Падзяляюцца на масіўныя (напр., падмуркі, плаціны, станіны машын); танкасценныя (у выглядзе пласцін і абалонак); стрыжнёвыя (вежы, мачты, фермы мастоў, апоры ЛЭП і інш.); прасторавыя каркасы (складаюцца з калон і рыгеляў, звязаных у рамныя злучэнні). П.с. геаметрычна нязменныя, што забяспечвае іх эфектыўнасць (эканамічнасць), аднак іх буд-ва патрабуе складаных разлікаў. Гл. таксама Камбінаваная сістэма, Плоская сістэма.

т. 13, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ІДЭ́І,

уяўленні і веды, якія не могуць быць набыты, паколькі не маюць адносін да пачуццёвага свету (напр., матэм. і лагічныя аксіёмы, маральныя каштоўнасці, зыходныя філас. прынцыпы); паняцце тэорыі пазнання. Пачынальнік вучэння аб П.і. — Платон. Паводле адных філосафаў, П.і. дадзены ад Бога (Р.​Дэкарт); іншыя лічылі іх задаткамі розуму, развіццю якіх садзейнічае пачуццёвы вопыт (Г.​Лейбніц). У сенсуалістычнай філасофіі (Т.​Гобс, Дж.​Лок) існаванне П.і. адмаўлялася. Існуе тэндэнцыя разглядаць П.і. як набытыя ў спадчыну. Гл. таксама Апастэрыёры і апрыёры.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)