ДЗЕРУЖЫ́НСКІ (Авяр’ян Сафонавіч) (н. 10.6.1919, в. Хляўно Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Камуніст.ін-т журналістыкі ў Мінску (1941). Працаваў у прэсе, з 1949 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура», у 1981—84 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1939. Першы зб. вершаў «Песні маладосці» (1959). Піша пераважна для дзяцей: зб-кі «Цуды ёсць на свеце» (1960), «Дзе жыве зіма» (1962), «Кую-кую ножку» (1967), «Смешкі і пацешкі» (1968), «Чабарок» (1970), «Конікі-будаўнікі» (1977), «Касмічны агарод» (1981), «Працалюбы» (1987) і інш. Аўтар тэкстаў песень «Мінскі вальс», «Дзявочая лірычная», «Беларусь» і інш., песні «Мяцеліца» і «Сабірайся ў госці, мой дзядок» сталі народнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДЗІН (Міхаіл Аляксандравіч) (20.11.1916, в. Кляўнёва Іванаўскай вобл., Расія — 31.12.1993),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1976). Друкаваўся з 1934. У 1939—45 у арміі. Як паэт сфарміраваўся на фронце (зб-кі «Фляга», 1943, «Пераправа», 1945). Яго паэзія вострапубліцыстычная і аптымістычная, услаўляе чалавека і яго працу (зб-кі «Масты. Вершы з Еўропы», 1958, «Чацвёртая зона», 1960, «Да запатрабавання», 1963, «Дарога жыцця», 1967, «Час», 1969, «Полюс», 1979, і інш.). Аўтар аповесці «Дзе наша не прападала» (1965), кнігі пра л-ру «Поле прыцягнення. Проза пра паэзію» (1981). На бел. мову творы Д. перакладалі Р.Барадулін, С.Грахоўскі, П.Макаль, Ю.Свірка, М.Танк і інш.Дзярж. прэмія СССР 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛО́СКІ САЮЗ, Першы афінскі марскі саюз,
аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў узбярэжжа і а-воў Эгейскага м. Створаны каля 478 да н.э. пад гегемоніяй Афін. Узнік у перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. для барацьбы супраць перс.Ахеменідаў дзяржавы. Сходы саюза праходзілі на в-ве Дэлас (адсюль назва) у свяцілішчы Апалона, дзе да 454 да н.э. захоўвалася саюзная казна. Фармальна гэта быў саюз незалежных і раўнапраўных полісаў, але яго справы фактычна вялі афіняне. Паступова Д.с. ператварыўся ў Афінскую марскую дзяржаву. У эпоху росквіту ў яго ўваходзіла да 200 гарадоў. Спробы саюзнікаў выйсці з-пад афінскай апекі жорстка караліся. У Пелапанескую вайну 431—404 да н.э. пачаўся распад Д.с., у 404 пасля паражэння ў вайне па патрабаванні спартанцаў і іх саюзнікаў саюз распушчаны. Адноўлены ў 378—377 да н.э. як Другі афінскі марскі саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРАНІ́М ПРА́ЖСКІ (Jeroným Pražsky; каля 1378—30.5.1416),
чэшскі рэліг. рэфарматар, вучоны, прамоўца; паплечнік Я.Гуса. Скончыў Пражскі ун-т (1398). У 1399 быў у Оксфардзе, дзе стаў прыхільнікам ідэй англ. рэфарматара Дж.Уікліфа. У 1405—06 выкладаў ва ун-тах Парыжа, Гайдэльберга, Кёльна.
У 1406 зблізіўся з Гусам. Шмат падарожнічаў, выступаў з пропаведзямі, у якіх выкрываў злоўжыванні каталіцкага духавенства, ням. засілле ў Чэхіі. У 1413 запрошаны ў Кракаў, пазней пры двары вял.кн.літ. Вітаўта ў Вільні, разам з ім наведаў Віцебск і Пскоў з мэтай арганізаваць барацьбу супраць рым. курыі. Паводле пісьма кракаўскага епіскапа Е.П. быў у ВКЛ нядоўга, але выклікаў такое хваляванне ў духавенстве і народзе, якога не ведалі ў гэтых краях. Спадзеючыся выратаваць Гуса, у крас. 1415 прыехаў у Канстанцу на царк. сабор. Асуджаны саборам як ерэтык і спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛОБ,
тып бел.нар. лялечнага т-рабатлейка. Найб. быў пашыраны на Віцебшчыне ў 17—19 ст. Спалучаў статычную лялечную панараму з рухомым т-рам ценяў. Паказы адбываліся на Каляды, звязаны з рэліг. святам нараджэння Хрыста. На Віцебшчыне словам «Ж.» наз. яслі для кармлення жывёлы; паводле падання, Хрыстос у час пакланення вешчуноў ляжаў у яслях.
Знешне Ж. нагадваў макет 2-яруснай 3-купальнай царквы. Ніжні ярус меў 3 нішы-аддзяленні. У сярэдняй, са шклянымі дзверцамі. у час паказу запальвалі свечку і статычная лялечная мізансцэна адлюстроўвалася на задняй люстраной сценцы. Аддзяленні, дзе адбывалася дзеянне (верхні ярус і бакавыя нішы ніжняга), заклейваліся прамасленай паперай — экранамі, за якімі ставілі вяртушкі (рухала іх цяпло ад запаленай свечкі або батлейшчык) з сілуэтамі. Паказы нараджэння Хрыста і пакланення яму вешчуноў суправаджаліся спяваннем псальмаў і кантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІ́,
рака ў Кітаі і Казахстане. Даўж. 1001 км, пл. басейна 140 тыс.км². Пачынаецца ва Усх. Цянь-Шані пры зліцці двух вытокаў — Тэкес і Кунгес. Упадае ў воз. Балхаш. У вярхоўі — горная рака, ніжэй упадзення р. Каш даліна расшыраецца і І. падзяляецца на рукавы. Да г. Капчагай цячэ па шырокай катлавіне, у нізкіх, месцамі забалочаных берагах, ніжэй уступае ў цясніну Капчагай, дзе пабудаваны Капчагайская ГЭС і вадасховішча. Потым цячэ па Прыбалхашскай раўніне, пры ўпадзенні ўтварае дэльту (пл. 9 тыс.км²) з мноствам рукавоў. Асн. прытокі: Каш, Харгос (справа), Чарын, Чылік, Талгар, Каскелен, Курты (злева). Жыўленне ледавікова-снегавое. Ледастаў са снеж. да сакавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 329 м³/с, на 270 км вышэй (с. Учжарма) — 469 м³/с. Суднаходная ад г. Кульджа (Кітай); у Казахстане — ад дзярж. мяжы да прыстані Баканас. Выкарыстоўваецца на арашэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫГІ́РКА,
рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція) Рас. Федэрацыі. Даўж. 1726 км, пл.бас. 360 тыс.км². Пачынаецца з двух вытокаў — Хастах і Тарын-Юрах на паўн. схілах Халканскага хр.; упадае ва Усх.-Сібірскае м. У вярхоўях цячэ па Аймяконскім нагор’і, далей у вузкай цясніне праразае хр. Чэрскага, утварае парогі. Ніжняе цячэнне на Яна-Індыгірскай нізіне, дзе характэрны прамыя доўгія плёсы шыр. 350—500 м. Асн. прытокі: Селенях, Уяндына, Алаіха (злева), Мома, Бадзярыха (справа). За 130 км ад вусця І. разбіваецца на рукавы, утварае дэльту пл. 5,5 тыс.км². Жыўленне снегавое і дажджавое. Ледастаў з кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Месцамі перамярзае, тыповыя вял. наледзі (тарыны). Характэрны летнія паводкі. Сярэдні расход вады 1850 м³/с. Суднаходная ад упадзення р. Мома (1154 км). У вусці промысел рыбы (рапушка, нельма, муксун і інш.). Гал. прыстані: Хануў, Дружына, Чакурдах, Табор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРАДУ́КЦЫЯ,
перасяленне асобных відаў жывёл і раслін за межы іх натуральнага арэала, у мясцовасці ці экасістэмы, дзе яны раней не жылі або іх шчыльнасць была нізкая; пачатковы этап акліматызацыі. Від, які перасяляюць, павінен мець перавагі перад блізкімі абарыгеннымі відамі або не мець аналагаў. На Беларусі інтрадукавана каля 30 відаў жывёл, у т. л. 13 відаў млекакормячых (напр., андатра, янот-паласкун), 2 віды птушак (курапатка барадатая, фазан), 12 відаў рыб (напр., еўрапейскі вугор, карась сярэбраны, пелядзь), некалькі відаў беспазваночных (мізіды). І. раслін вядзецца (паводле археал. даследаванняў) з 3 ст. да н.э. (напр., віка, проса, пшаніца); бульбу пачалі вырошчваць у 18 ст. З 2-й пал. 18 ст. ў сувязі з развіццём садова-паркавага мастацтва пачалася І. іншаземных відаў дрэвавых і кустовых раслін, пераважна лек. і вітамінаносных (абляпіха, барбарыс, лімоннік кітайскі, рабіна чарнаплодная і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРАВА́ННЕў матэматыцы,
аперацыя знаходжання інтэграла па пэўных правілах; знаходжанне рашэння дыферэнцыяльнага ўраўнення. Бывае аналітычнае, графічнае (гл.Графічныя вылічэнні) і лікавае (гл.Лікавае інтэграванне, Лікавыя метады).
Асн. метады аналітычнага І.: непасрэднае І., замена пераменнай і І. па частках. Непасрэднае І. [вылічэнне нявызначанага інтэграла ∫𝑓(x)dx] — аперацыя, адваротная дыферэнцаванню: знайсці функцыю F(x), вытворная ад якой роўная зададзенай функцыі 𝑓(x). Пры гэтым ∫[𝑓i(x) + 𝑓2(x) + ... + 𝑓n(x)]dx = 𝑓1(x)dx + ∫𝑓2(x)dx + ... + ∫𝑓n(x)dx. Вызначаны інтэграл у выпадку неперарыўнай 𝑓(x) і элементарнай F(x) вылічваецца па формуле Ньютана—Лейбніца: ∫𝑓(x)dx = F(b) − F(a). Для складанай функцыі 𝑓(x), дзеx = g(t) — дыферэнцавальная функцыя, выкарыстоўваецца метад замены пераменнай (метад падстаноўкі): ∫𝑓(x)dx = ∫𝑓[g(t)]g(t)dt. Метад І. па частках; калі u = u(x) і v = v(x) — дыферэнцавальныя функцыі, то ∫udv = uv + ∫vdu.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАБЫ́ЛА»,
«кабылка», «конь», гульня-паказ і маска-персанаж у стараж.усх.-слав.нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. На Беларусі асабліва пашырана на Бел. Палессі, дзе захавалася і ў наш час. «К.» майстравалі па-рознаму (напр., да замацаваных на канцах палкі рэшатаў прыладжвалі галаву і хвост з лёну). Накрыты посцілкай выканаўца ў час паказу сядзеў вярхом ва кіі. Паводле складу ўдзельнікаў вядомы малая (уваходзілі «К.» і яе павадыр-«цыган») і вялікая (яшчэ і «дзед», «афіцэр», «барыня», «улан», 10—12 «песельнікаў» і музы́ка). «К.» вадзілі па хатах. Гал. у дзеі было выступленне «цыгана», які ладзіў імправізаваны торг: мяняў або прадаваў «К.». Калі гаспадар не запрашаў у хату, у яго адрас спявалі здзеклівую песню. Гульня вызначалася імправізацыяй, выдумкай, акцёрскім пераўвасабленнем выканаўцаў асн. роляў. Уваходзіла ў паказы нар. тэатра.