РО́КАШ (польск. Rokosz літар. бунт, мяцеж),

від узброенай шляхецкай апазіцыі ў Польшчы і Рэчы Паспалітай у 16—17 ст. Першапачаткова азначаў з’езд на сейм усёй шляхты, а не толькі яе выбраных прадстаўнікоў. Назва паходзіць з Венгрыі, дзе ў пач. 16 ст. шляхта з’язджалася на сеймы на полі Рокаш каля г. Пешт. Кароль і магнаты не прызнавалі права ўсёй шляхты на непасрэдны ўдзел у сеймах, адсюль тэрмін «Р.» стаў сінонімам бунту супраць караля. Шляхецкія ідэолагі разглядалі Р. як сродак абароны шляхецкіх вольнасцей і інстанцыю, якая можа судзіць караля, міністраў і сенатараў; юрыд. асновай Р. лічылі права на адмову ў паслушэнстве каралю, зафіксаванае ў Генрыкавых артыкулах і Пакта канвента. Характар мяцяжу мелі Р. Мікалая Зебжыдоўскага 1606—09 і Ежы Любамірскага 1665—66. Шляхта, якая збіралася на Р., утварала канфедэрацыю. Пазней ідэя рокашавых сеймаў была заменена шляхтай на лозунг збірання т.зв. конных сеймаў.

В.​С.​Пазнякоў.

т. 13, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)