расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1981). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1959). Працаваў у маскоўскіх т-рах «Сучаснік», на Таганцы, на Малой Броннай, імя М.Ярмолавай, з 1980 у МХАТ імя М.Горкага, з 1989 у МХАТ імя А.Чэхава. Выканальніцкае майстэрства адметнае псіхалагізмам і вострым драматызмам, імпульсіўнасцю, канцэнтраваным выражэннем сутнасці вобраза: Шаманаў («Мінулым летам у Чулімску» А.Вампілава, 1974), Тарцюф («Тарцюф» Мальера, 1981), Князь Тэймураз Хевіставі («Абвал» паводле М.Джавахішвілі, 1984), Вяршынін («Тры сястры» Чэхава», 1985), Міша («Мішаў юбілей» А.Гельмана і Р.Нельсана, 1993) і інш. З 1959 здымаецца ў кіно: «Мне дваццаць гадоў» (1965), «Альпійская балада» (1966), «Печкі-лавачкі» (1972), «Ксенія, любімая жонка Фёдара» (1974), «Не страляйце ў белых лебедзяў» (1980), «Кін-дза-дза» (1986), «Дзіцячыя гульні» (1987), «Чорны манах» (1988), «Вечны муж», «Князь Сярэбраны» (абодва 1991) і інш.
адна з асн. тэарэм квантавай тэорыі паля. ПаводлеЛ.—П.т. ўраўненні захоўваюць свой від, калі адначасова правесці пераўтварэнне зарадавага спалучэння, прасторавай інверсіі і абарачэння часу (замена часу t на -t). Сфармулявана і даказана ням. фізікам Г.Людэрсам і швейц. фізікам В.Паўлі (1955).
Сцвярджае, што калі ў прыродзе адбываецца які-н. працэс, то з той жа імавернасцю можа адбывацца працэс, у якім часціцы заменены на антычасціцы, праекцыі іх спінаў набылі процілеглы знак, а пачатковыя і канцавыя станы працэсу памяняліся месцамі. Устанаўлівае пэўную сувязь паміж характарыстыкамі часціцы і адпаведнай антычасціцы, якія маюць аднолькавыя масы спакою, час жыцця, энергетычныя спектры, а таксама вуглавыя размеркаванні прадуктаў распаду (калі ўзаемадзеянне часціц у канцавым стане слабае), а праекцыі спінаў на зададзеную вось процілеглыя. У доследах адхіленняў ад Л.—П.т. не выяўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НАЎ (Яўген Паўлавіч) (2.9.1926, Масква — 29.1.1994),
расійскі акцёр тэатра і кіно. Нар.арт.СССР (1978). Скончыў Маскоўскую драм. студыю (1948). З 1948 працаваў у маскоўскіх драм. т-ры імя К.Станіслаўскага, т-ры імя У.Маякоўскага, з 1972 у т-ры «Ленком». Камедыйны, характарны акцёр, па-майстэрску валодаў сродкамі гумару і сатыры. У камедыйных ролях умеў паказаць драматызм вобраза: Іванаў («Іванаў» А.Чэхава, 1975), Важак («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага, 1983), Тэўе («Памінальная малітва» паводле Шолам-Алейхема, 1989) і інш. З 1947 здымаўся ў кіно. Сярод фільмаў: «Паласаты рэйс» (1960), «Данская аповесць» (1965), «Трыццаць тры» (1966), «Джэнтльмены ўдачы», «Беларускі вакзал» (абодва 1971), «Старэйшы сын», «Афоня» (абодва 1975), «Прэмія» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1976), «Асенні марафон» (1980, Дзярж. прэмія Расіі 1981), «Забіць дракона» (1989), «Пашпарт» (1990), «Насця» (1993) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГАДХА,
гістарычная вобласць і стараж. дзяржава на ПнУ сучаснай Індыі. Вядома прыкладна з 9—8 ст. да н.э. Сталіцы — гарады Раджагрыха і Паталіпутра (з 4 ст. да н.э., сучасная Патна). Паводле будыйскіх крыніц, у 7 ст. да н.э. М. была адной з 16 «вял. дзяржаў» Індыі. У 6—3 ст. да н.э.найб. эканамічна развіты раён Індыі. Значна пашырылася пры царах Бімбісары і Аджаташатру (6—5 ст. да н.э.). Была ядром імперый Нандаў (4 ст. да н.э.), Маур’яў (4—2 ст. да н.э.), Гуптаў дзяржавы (4—6 ст.н.э.). Нашчадкі Гуптаў правілі ў М. да пач. 8 ст. У 8—12 ст. у складзе дзяржаў Палау і Сенау. М. — буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Стараж. Індыі, з ёю звязаны важныя этапы ў развіцці будызму і джайнізму. Да 10 ст. назва «М.» выйшла з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Узведзены ў 1903—14 ст.паводле праекта арх. А.В.Друкера (захаваліся эскізныя варыянты пабудовы). Мае рысы стыляў мадэрн, псеўдарус. і позняга класіцызму. 2-павярховы (з невысокім цокальным паверхам) Т-падобны асіметрычнай кампазіцыі ў плане будынак. Гал. фасад расчлянёны 2 рызалітамі. Адзін з іх мае шатровае завяршэнне, аздоблены шчытом у выглядзе какошніка з ляпной разеткай у цэнтры, 2-і вырашаны ў выглядзе 2-яруснай вежы (васьмярык на чацверыку), завершанай нізкім шатровым дахам. У дэкар. афармленні выкарыстаны рустыка цокаля, прафіляваныя архівольты какошнікаў, несапраўдныя машыкулі, дэкар. ўстаўкі ў выглядзе разетак у прамавугольных рамках, паўкалонкі з ляпнымі кампазітнымі капітэлямі, паяскі, расл. арнамент у аздабленні акон-трыфорыумаў, разныя драўляныя дзверы і інш. У будынку знаходзіцца Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава і галерэя П.В.Масленікава.
царкоўна-адм. адзінка каталіцкай царквы ў 18—20 ст. Створана паводле ўказа рас. імператрыцы Кацярыны II у 1773 як Беларуская рымска-каталіцкая епархія (дыяцэзія, біскупства) з цэнтрам у Магілёве, уключала тэрыторыі, далучаныя да Рас. імперыі пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай; першы епіскап — С.Богуш-Сестранцэвіч. Указам ад 17.1.1782 пераўтворана ў Магілёўскую архіепархію, што пацверджана найвысачэйшай граматай ад 11.11.1783. У канцы 1797 Яе архіепіскап пераехаў у Пецярбург, узначальваў сталічную рымска-каталіцкую духоўную калегію (засн. ў 1801) і з’яўляўся мітрапалітам усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў Рас. імперыі. У 1883 Магілёўскай архіепархіі падпарадкаваны касцёлы б. Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У 1920-я г. ў сувязі з антырэлігійнай палітыкай сав. улад дзейнасць архіепархіі фактычна спынілася. У 1991 утворана Мінска-Магілёўская архіепархія з кафедрамі ў Мінску і Магілёве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АРХІРЭ́ЙСКІ ПАЛА́Ц,
помнік архітэктуры позняга барока ў Магілёве. Узведзены ў 1762—85 паводле праекта арх. І.К.Глаўбіца. Уваходзіў у арх. ансамбль Магілёўскага Спаскага манастыра. З’яўляўся рэзідэнцыяй архіепіскапа Г.Каніскага ў 1785—95 (па яго ініцыятыве пабудаваны), з 1797 — А.Братаноўскага. Мураваны 3-павярховы будынак (3-і паверх — атыкавы ў цэнтр. частцы), прамавугольны ў плане з сіметрычнымі 2-павярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Гал. і дваровы фасады маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў, прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі, філянговыя нішы, тонкапрафіляваныя карнізы. Гал. ўваход вылучаны арачным парталам з казырком на металічных калонках. Пасля 1853 на тэр. архірэйскага двара як гал. ўезд пабудавана мураваная брама: 2 масіўныя пілоны, аздобленыя 2 дарычнымі паўкалонамі і завершаныя франтонамі; да іх паўкругам далучаны мураваныя слупы, аб’яднаныя ажурнай металічнай агароджай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДАБАСА́НАЎ (Калый Малдабасанавіч) (н. 28.9.1929, сяло імя Калініна Нарынскай вобл., Кыргызстан),
кіргізскі дырыжор, кампазітар, педагог. Нар.арт.СССР (1979). Герой Сац. Працы (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954), Кірг.ін-т мастацтваў (1973). З 1954 дырыжор, у 1966—73 гал. дырыжор Кірг.т-ра оперы і балета. З 1975 выкладае ў Кірг. ін-це мастацтваў (з 1984 праф., рэктар). Пад яго муз. кіраўніцтвам у Кірг. т-ры пастаўлены оперы «Манас» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ, «Невядомы салдат» К.Малчанава, «Атэла» Дж.Вердзі, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, балеты «Асель» Уласава і «Легенда аб каханні» А.Мелікава і інш. Сярод твораў: балетараторыя «Мацярынскае поле» (паст. 1974) і балет «Сказ пра Манкурт» (паст. 1986; абодва паводле Ч.Айтматава), вак.-сімф., сімф. і камерна-інстр. творы; хары, рамансы, песні і інш.Дзярж. прэмія СССР 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ МА́СА ПАЛІМЕ́РА, адносная малекулярная маса палімера,
сярэдняе статыст. значэнне адносных малекулярных мас макрамалекул, што складаюць палімер; адназначная характарыстыка макрамалекулы, абумоўленая ступенню полімерызацыі.
Значэнне М.м.п. залежыць ад малекулярна-масавага размеркавання палімера — суадносін колькасці макрамалекул рознай малекулярнай масы ва ўзоры палімера і спосабу ўсярэднення, які абумоўлены эксперым. метадамі вызначэння малекулярнай масы. Паводле спосабу ўсярэднення адрозніваюць сярэднялікавую (), сярэднямасавую (); Z-сярэднюю (), якую атрымліваюць пры вымярэнні седыментацыйнай раўнавагі (гл.Седыментацыя). Усярэдненыя малекулярныя масы маюць розныя адносныя значэнні
. М.м.п. вызначае многія яго ўласцівасці. З яе павелічэннем хутка мяняюцца фіз. і хім. ўласцівасці палімера, якія, аднак, дасягаюць некаторых гранічных значэнняў, і далейшае павелічэнне М.м.п. істотна не ўплывае на іх (напр., для поліэтылену высокай шчыльнасці аптымальнае значэнне малекулярнай масы — ад 105 да 3∙105).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРГАРЫ́Н (франц. margarine),
штучна прыгатаваны цвёрды харч. тлушч. Па знешнім выглядзе, каларыйнасці, засваяльнасці арганізмам блізкі да сметанковага масла.
Атрымліваюць эмульгаваннем сумесі саламасу (гідрагенізаваны алей, рыбін тлушч; гл.Гідрагенізацыя), жывёльных тлушчаў, какосавага і інш.алеяў з вадой, малаком (цалкам ці часткова сквашаным), смакавымі і пахучымі дабаўкамі, фарбавальнікамі. Вырабляюць М. малочны і кулінарны, ці безмалочны. Малочны М. (сметанковы, сталовы, экстра і інш.), які мае 82—84% тлушчу, спажываюць у ежу, а таксама выкарыстоўваюць ў кулінарыі ў асн. для выпечкі (перашкаджае чарсцвенню мучных вырабаў). Кулінарны М. паводле паходжання зыходнай сыравіны падзяляюць на раслінны (напр., гідратлушч) і камбінаваны (найб. пашыраны маргагуселін — сумесь 70% гідратлушчу, 20% свінога шмальцу, 10% алею, араматызаваная алейнай выцяжкай цыбулі). Выкарыстоўваюць для смажання, тушэння, прыгатавання фрыцюру, выпечкі кандытарскіх вырабаў.
На Беларусі асн. вытворцы М. — Мінскі маргарынавы завод і Гомельскі тлушчавы камбінат.