машына для пасадкі ў адкрыты грунт расады гароднінных, тэхн. (тытунь), эфіраалейных культур, чаранкоў пладова-ягадных культур і вусоў суніцы. Бываюць навясныя і прычапныя, 2-, 4- і 6-радковыя.
Маюць пасадачныя секцыі (апараты), сашнікі, каткі, паліўную сістэму, механізм прывода, стэлажы для расады і інш. У працэсе работы Р.м. ўтварае ў глебе баразну, падае ў яе расаду і ваду, закрывае каранёвую частку глебай і ўшчыльняе яе вакол расліны. Пашыраны 6-радковыя Р.м. з шырынёй захопу да 4,2 м. Для пасадкі сеянцаў і саджанцаў дрэвавых і хмызняковых парод выкарыстоўваюць лесапасадачныя машыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМЕ́ТР (ад грэч. optos бачны + ...метр),
оптыка-механічная прылада для найб. дакладных вымярэнняў лінейных памераў дэталяў. З дапамогай аптыметра вызначаюць памер у межах шкалы (абс. метады вымярэння) ці параўноўваюць лінейны памер з канцавой мерай даўжыні або з эталонам (адносны метад). Пераўтваральны элемент аптыметра — рычажна-аптычнае прыстасаванне: рычажная перадача — рухомае люстэрка і пераўтваральнік — аўтакаліматар. Бываюць верт. і гарызантальныя; з акулярам або з праекцыйным экранам. Цана дзялення да 0,2 мкм, межы вымярэнняў да 500 мм. Аптыметр забяспечваецца зменнымі прыстасаваннямі для вымярэнняў сярэдняга дыяметра разьбы, даўжыняў канцавых мер, спец. галоўкай для вымярэнняў адтулін дыяметрам ад 1 да 13,5 мм, праекц. насадкай для акулярных трубак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАШУКА́ЛЬНІК,
прыстасаванне фота- і кіназдымачных апаратаў для навядзення іх на аб’ект і назірання за ім пры здымцы. Дазваляе ўбачыць межы відарысаў аб’ектаў і іх адпаведнасць памерам кадравай рамкі. Бывае рамачны, тэлескапічны і люстраны. Падбіраецца пад аб’ектыў з пэўнай фокуснай адлегласцю.
Калі аптычныя восі відашукальніка і здымачнага аб’ектыва не супадаюць, то ўзнікае паралакс — несупадзенне межаў відарыса, які назіраецца ў відашукальніку і які пераходзіць на фота- або кінаплёнку. Для змяншэння паралаксу ў поле зроку некаторых відашукальнікаў змяшчаюць некалькі прамавугольных рамак, што дазваляе ўвесці папраўку пры здымцы з розных адлегласцей. У люстраных фотаапаратах з адным здымачным аб’ектывам і кінаапаратах з люстраным абтуратарам паралакс адсутнічае. У некаторых фотаапаратах відашукальнік канструктыўна аб’яднаны з аптычным дальнамерам.
Аптычная схема відашукальніка: а — тыпу трубы Кеплера; б, в — люстраных фотаапаратаў; 1 — аб’ектыў; 2 — абарачальная сістэма; 3 — рамка; 4 — акуляр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС ((Davis) Майлс Дзьюі) (25.5.1926, г. Олтан, штат Ілінойс, ЗША — 28.9.1991),
амерыканскі джазіст, трубач, кампазітар; адзін з вядучых прадстаўнікоў і наватараў сучаснага джаза. Выступаў з 1941 у Сент-Луісе, з 1945 у Нью-Йорку. Кіраваў многімі ансамблямі. Першы (разам з Ч.Паркерам) эксперыментаваў у стылях бібоп (1945), кул-джаз (1950-я г.), джаз-рок (з канца 1960-х г.). Звяртаўся да стылю дыска, поп-музыкі, запрашаў у ансамбль рок-музыкантаў. У 1968 пачаў іграць на электраінструментах, дадаў электроннае прыстасаванне да сваёй трубы, павялічыў колькасць ударных інструментаў у ансамблі. Сярод альбомаў Д.: «Нараджэнне кула» (1957), «Іспанскія замалёўкі» (1959), «Заваруха» (1970), «Балетная пачка» (1985). Аўтар музыкі да кінафільма «Ліфт на эшафот» (1958).
Літ.:
Симоненко В.С. Лексикон джаза. Киев, 1981;
Конен В.Д. Пути американской музыки. 3 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. in не + адаптацыя),
інадаптыўная спецыялізацыя, кірунак эвалюцыі, пры якім прыстасаванне да пэўных умоў жыцця вядзе да ўзнікнення ўнутр. супярэчнасцей у арганізме, якія перашкаджаюць далейшаму ўдасканаленню гэтага прыстасавання, а іншы раз і агульнай эвалюцыі таксона, што прыводзіць да яго вымірання. Прасочваецца ў гіст. развіцці розных груп жывёл і раслін. Апісаў рус. палеантолаг У.А.Кавалеўскі (1873) на прыкладзе філагенетычных пераўтварэнняў канечнасцей парнакапытных млекакормячых. У эвалюцыі некат. капытных у сувязі з недасканалымі зменамі ў шкілеце і суставах канечнасцей пры змене спосабу іх руху ад пальцахаджэння да фалангахаджэння ўтваралася механічна нетрывалая канечнасць, што, магчыма, стала адной з прычын вымірання гэтых форм капытных жывёл. Інадаптыўныя формы з’явіліся раней за адаптыўныя, але потым імі выцясняліся. Напр., плацэнтарныя млекакормячыя выцеснілі сумчатых, якія захаваліся толькі ў Аўстраліі і Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСАР,
прыстасаванне, якое дае магчымасць пабудаваць лінію аднаго віду (напр., прамую) з лініі другога віду (напр., акружнасці). Прынцып работы засн. на геам.інверсіі; асн. частка І. — шарнірны механізм.
Першы І., які набліжана пераўтвараў кругавы рух у прамалінейны вынайшаў Дж.Уат (паралелаграм Уата, 1784) і выкарыстоўваў яго ў паравой машыне для спалучэння паступальнага руху поршня з вярчальным рухам махавіка. Шэраг падобных механізмаў сканструяваў П.Л.Чабышоў на аснове створанай ім тэорыі функцый, якія найменш адхіляюцца ад нуля (1858). Дакладныя спрамляльныя механізмы (напр., інверсар Паселье; 1864) выкарыстоўваюцца для пераўтварэння ліній з аднаго віду ў другі, у тэхніцы — для пераўтварэння кругавога руху ў зваротна-паступальны (гл. таксама Крывашыпны механізм, Кулісны механізм).
Інверсары: а — Паселье (здабытак адлегласцей OA∙OC= const пры любых перамяшчэннях пункта A адносна цэнтра інверсіі O); б — падвойны паралелаграм Уата ў паравой машыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧНІ́К, светач, дзед,
у беларусаў стараж.прыстасаванне для асвятлення хаты з дапамогай лучыны ці смалістых корчыкаў. Былі стацыянарныя і пераносныя (рухомыя). Стацыянарны Л. меў дымаход, верхняя частка якога выходзіла на дах, і гарызантальна падвешаную пад ім жал. рашотку, дзе палілі смалістыя корчыкі. Сярод рухомых вылучаліся звычайныя і падвесныя Л. Звычайны ўяўляў сабой драўляную стойку, на верхнім канцы якой замацоўваўся клямар для лучыны, з суцэльнай асновай з выемкай для вады ці крыжападобнай, тады побач ставілі пасудзіну з вадой. Падвесны Л. — кароткі кій з клямарам для лучыны на адным канцы і з крукам для падвешвання на другім. Л. з дымаходам быў пашыраны ў цэнтр. Беларусі і на Палессі. Месцамі ўжываўся да 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕТРО́Н [ад грэч. magnētis магніт + (элек)трон],
электравакуумная прылада для генерыравання звышвысокачастотных ваганняў, у якой электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях.
Найб. пашыраны шматрэзанансныя М., з дапамогай якіх атрымліваюць вял. магутнасці ЗВЧ ваганняў. Яны маюць высокі ккдз і даволі простую канструкцыю. Магутнасць М. ў бесперапынным рэжыме складае дзесяткі кілават у дэцыметровым і дзесяткі ват у міліметровым дыяпазонах; у імпульсным рэжыме магутнасць М. дасягае 5 МВт у дзесяцісантыметровым дыяпазоне. Ккдз М. найб. высокі сярод ЗВЧ прылад і дасягае 83% у дэцыметровым дыяпазоне. Шырока выкарыстоўваецца ў радыётэхн. і прамысл. устаноўках (напр., у перадатчыках радыёлакацыйных станцый, генератарах ЗВЧ награвання). Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.
А.А.Кураеў.
Многарэзанатарны магнетрон: 1 — анодны блок з рэзанатарамі 2 тыпу «шчыліна—адтуліна»; 3 — вывады падагравальніка катода 4; 5 — прыстасаванне вываду ЗВЧ-энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭНАГЕНЕ́З (ад грэч. parthenos нявінніца + ...генез),
нявіннае размнажэнне, адна з форм палавога размнажэння арганізмаў, пры якой развіццё зародка адбываецца з неаплодненай яйцаклеткі без удзелу сперматазоіда. Пашыраны ў жывёл (некат. насякомыя, ракападобныя, чэрві) і раслін (некат. водарасці, грыбы, вышэйшыя расліны). Адрозніваюць П. аблігатны (абавязковы) — яйцо развіваецца толькі партэнагенетычна, факультатыўны (неабавязковы) — яйцо развіваецца таксама ў выніку апладнення, цыклічны — чаргаванне П. з двухполым размнажэннем. Пры П. паяўляецца патомства пераважна аднаго полу (самцы або самкі). Як адаптыўнае прыстасаванне П. дае магчымасць размнажацца пры рэдкіх кантактах разнаполых асобін (напр., на экалагічнай перыферыі арэала), а для відаў з вял. цыклічнай смяротнасцю (напр., насякомыя) — рэзка павялічыць колькасць патомства. Штучны П. (развіццё яйца пад уплывам т-ры, хім. рэчываў і інш.) выкарыстоўваецца ў селекцыі. Гл. таксама Андрагенез, Апаміксіс, Гінагенез, Партэнакарпія, Педагенез.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
электрычная машына, агрэгат, электроннае ці інш.прыстасаванне для пераўтварэння (змены напружання, частаты, колькасці фаз або віду) эл. току. Бывае інфармацыйны і сілавы.
Інфармацыйныя П.э. пераўтвараюць эл. (ці інш.) велічыню аднаго віду ў ал. велічыню другога віду, напр., вымяральны пераўтваральнік, гетэрадзін. Выкарыстоўваюцца ў вымяральнай, выліч. і імпульснай тэхніцы, радыётэхніцы, тэлебачанні і інш. (гл.Лічбавая апрацоўка сігналаў). Сілавыя П.э. пераўтвараюць пераменны ток у пастаянны і наадварот, пераменны ток адной частаты і колькасці фаз ў пераменны ток другой частаты і колькасці фаз, пастаянны ток аднаго напружання ў пастаянны ток другога напружання. Бываюць электрамашынныя і статычныя. Да электрамашынных адносяць рухавікі-генератары, сістэмы пераўтварэння частаты з сінхронным і кампенсацыйным калектарным генератарам, асінхронны і калектарны пераўтваральнік і інш. Статычныя П.э. падзяляюцца на электрамагнітныя (напр., памнажальнікі частаты) і вентыльныя (напр., выпрамнікі току, інвертары, цыклаканвертары).