ПАЛЯРЫЗА́ТАР,
прыстасаванне для атрымання поўнасцю ці часткова палярызаванага аптычнага выпрамянення з выпрамянення з адвольнымі палярызацыйнымі характарыстыкамі (гл. Палярызацыя святла); адзін з асн. элементаў палярызацыйных прылад.
Лінейныя П. даюць плоскапалярызаванае святло. Іх дзеянне грунтуецца на падвойным праменепераламленні святла аптычна анізатропнымі палярызацыйнымі прызмамі (гл. Прызма аптычная), адбіцці (ці пераламленні) святла пад пэўнымі вугламі ад паверхні падзелу ізатропных асяроддзяў (пласцінкі ці стосы пласцінак), дыхраізме (гл. Паляроід). Для атрымання святла з кругавой палярызацыяй дадаткова да лінейнага П. дадаюць чвэрцьхвалевую фазавую пласцінку. Любы П. можна выкарыстоўваць таксама ў якасці аналізатара палярызаванага святла.
т. 12, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)