РЫГАРЫ́ЗМ (франц. rigorisme ад лац. rigor суровасць, строгасць),
няўхільнае прытрымліванне пэўнага прынцыпу ў дзеяннях, паводзінах і думках. Выключае кампрамісы, улік інш. прынцыпаў, прыстасаванне да канкрэтных абставін, часта звязаны з аскетызмам, фанатызмам. Як этычны прынцып сфармуляваны І.Кантам у яго вучэнні пра абавязак, паводле якога маральнымі ўчынкамі прызнаюцца толькі здзейсненыя паводле матываў абавязку; учынкі, здзейсненыя паводле інш. матываў (напр., схільнасцей), не прызнаюцца маральнымі, нават калі не супярэчаць абавязку. Супраць кантаўскага Р. выступаў Ф.Шылер, які лічыў, што гэты прынцып накіраваны на заглушэнне асабістых схільнасцей і пажаданняў і прыводзіць да абмежаванасці чалавека.
т. 13, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)