тэорыя, якая вывучае залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам. Чалавечае вока ўспрымае рэчыва афарбаваным, калі яно паглынае святло ў бачным дыяпазоне спектра (400—750 нм). Колер рэчыва дапаўняльны да колеру паглынутых прамянёў, напр., калі яно паглынае сінія прамяні — прадмет бачым жоўтым, чырвоныя — сінявата-зялёным; непразрыстае цела, якое адбівае ўсе прамяні, — бясколернае.
Залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам даследавалі ням. хімікі-арганікі К.Ліберман і К.Грэбе (1869); О.Віт прапанаваў у 1876 храмафорную тэорыю, паводле якой за афарбоўку арган. злучэнняў адказныя групы атамаў з кратнымі сувязямі (храмафоры), напр., —N=N—, —N=O. Паводле сучасных уяўленняў для афарбоўкі арган. злучэнняў неабходна наяўнасць спалучанай сістэмы двух ці больш храмафораў; значны ўплыў на яе маюць электрадонарныя і электраакцэптарныя групы (аўксахромы), напр., —OH, —NH2, C6H5O—. Зрушэнне паглынальнага максімуму ў доўгахвалевую вобласць (батахромны эфект) выклікае паглыбленне колеру, напр., ад жоўтага да чырвонага ці ад сіняга да зялёнага. Паглыбленню колеру спрыяе таксама падаўжэнне ланцуга спалучэння, увядзенне аўксахромных груп і іх іанізацыя, змяненне валентных вуглоў у выніку прасторавых перашкод, утварэнне ўнутрыкомплексных злучэнняў з металамі за кошт непадзеленых пар электронаў. Павышэнне колеру (гіпсахромны эфект) звязана з парушэннямі плоскасці малекулы ў выніку прасторавых перашкод, іанізацыяй малекулы са знікненнем электрадонарных уласцівасцей, напр., батахромны эфект групы NH2 змяншаецца ў выніку ўтварэння групы NH3. К.т. мае важнае значэнне ў распрацоўцы новых фарбавальнікаў.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в химию и технологию органических красителей. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКАНФУЦЫЯ́НСТВА,
кірунак у кітайскай філасофіі. Узнік у перыяд панавання дынастыі Сун (960—1279) на глебе аднаўлення традыц.канфуцыянства і яго тэарэт. абгрунтавання дуалістычнай касмагоніяй і філас. антрапалогіяй. Сфарміраваўся ў працэсе барацьбы з будыйскімі філас. школамі, значны ўплыў на яго зрабілі касмаганічныя тэорыі даасізму і погляды школы чань (японская дзэн). З 10 ст. ў канфуцыянстве, якое з канца эпохі Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) абмяжоўвалася выключна тлумачэннем і каменціраваннем стараж. канфуцыянскіх тэкстаў, вырасла цікавасць да пытанняў анталогіі, натурфіласофіі і касмагоніі. Мысліцелі Чжоў Дуньі і Чжан Цзай пры разглядзе праблемы ўзнікнення сусвету схіляліся да матэрыяліст. іх вырашэння (вучэнне пра «ці» як першаматэрыю). Адначасова інш. мысліцелі (Чэн Хао і Чэн І) спрабавалі даць тэарэт. абгрунтаванне традыц. канфуцыянскай этыцы, заснаванае на прынцыпах дуалізму з выразнымі ідэаліст. тэндэнцыямі («лі» — розум, зразумелы як «агульны прынцып» рэчы, яе форма; «ці» — матэрыя, зразумелая як субстанцыя рэчы). Погляды папярэднікаў абагульніў і развіў Чжу Сі. Ён прызнаваў «лі» першасным, а «ці» другасным пачаткам, стварыў дуалістычную касмагонію панпсіхічнага толку (гл.Панпсіхізм) і заснаваў на ёй філас. антрапалогію, паводле якой спалучэнне «лі» і «ці» знаходзіць у чалавеку сваё поўнае ўвасабленне. Гэтую канцэпцыю ён зрабіў зыходным пунктам інтэрпрэтацыі канфуцыянскіх тэкстаў і стаў стваральнікам Н., якое было прынята як афіц. ідэалогія Кітайскай імперыі і захавала пануючае становішча ў філас. і грамадска-паліт. думцы Кітая да пач. 20 ст.
Літ.:
Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;
Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Пробл. идеологии. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦТВЫ,
1) рэлігійна-нацыянальныя арг-цыі бел. і ўкр.гар. насельніцтва ў 16—18 ст. Існавалі правасл., уніяцкія, каталіцкія брацтвы. Ствараліся звычайна пры цэрквах, манастырах, касцёлах або парафіях. У іх уваходзілі рамеснікі, купцы, духавенства. Брацтвы займаліся рэліг. дабрачыннай дзейнасцю, распаўсюджваннем рэліг. л-ры. На Беларусі першыя праваслаўныя брацтвы ўзніклі ў 2-й пал. 16 ст. На пач. 17 ст. існавалі ва ўсіх значных гарадах. Брацтвы будавалі цэрквы, дамы прытулку, дапамагалі збяднелым «братчыкам», сіротам. З канца 16 ст. актыўна змагаліся супраць паланізацыі, акаталічвання, уніі, супраць нац. прыгнёту, абаранялі бел. мову, культуру бел. народа. Вялі культ.-асв. дзейнасць, адкрывалі брацкія школы і брацкія друкарні, адыгралі значную ролю ў пашырэнні і дэмакратызацыі адукацыі, л-ры, мастацтва, кнігадрукавання, школьнага тэатра. Каталіцкія брацтвы спрыялі пашырэнню ў бел. гарадах польск. культуры, утрымлівалі прытулкі, багадзельні і шпіталі, старым і хворым «братам», іх удовам і сіротам выдаваліся пенсіі і інш.Гал. мэтай уніяцкіх брацтваў (узніклі пасля Брэсцкай уніі 1569) была таксама рэліг. дабрачынная і асв. дзейнасць; яны зрабілі значны ўклад у развіццё бел.нац. культуры.
2) У сярэднія вякі брацтвамі наз. аб’яднанні гар. рамеснікаў (часам і сялян).
3) У 17—18 ст. — купецкія арг-цыі ў рамесна-гандл. цэнтрах Беларусі.
Літ.:
Харлампович К. Западнорусские церковные братства и их просветительная деятельность в конце XVI и начале XVII в. Б.м., 1899;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗАБЕТО́Н,
штучны будаўнічы матэрыял з бетону і стальной арматуры, якія маналітна злучаны і працуюць у канструкцыі як адно цэлае. Сумесная работа бетону і арматуры забяспечваецца іх трывалым счапленнем, амаль аднолькавымі каэф. лінейнага расшырэння. Бетон успрымае ў асн. сціскальныя намаганні, надае канструкцыі жорсткасць, ахоўвае арматуру ад карозіі; арматура (падоўжаныя стрыжні, папярочныя хамуты, мантажная для каркасаў) успрымае расцягвальныя намаганні. Вызначаецца высокай трываласцю, даўгавечнасцю, вогнеўстойлівасцю, прастатой формаўтварэння. Выкарыстоўваецца ў жыллёвым і прамысл. буд-ве, мостабудаванні, гідратэхн. буд-ве і інш. З Ж. робяць разнастайныя жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.
Ж. бывае звычайны і папярэдне напружаны (яго арматуру перад бетанаваннем штучна нацягваюць, што абціскае бетон, павялічвае яго трываласць і трэшчынаўстойлівасць; гл.Папярэдне напружаныя канструкцыі), саманапружаны (робіцца з выкарыстаннем т.зв. напружвальнага цэменту, які пры цвярдзенні расшыраецца), зборны, маналітны і інш. Патэнт на Ж. атрымаў франц. вучоны Ж.Манье ў 1867. Канструкцыі з Ж. хутка пашырыліся ў Англіі, ЗША, Расіі (з 1885) і інш. краінах. У 1901—02 на чыг. лініі Віцебск—Жлобін было пабудавана 27 жалезабетонных мастоў і пуцеправодаў. Ж. стаў адным з найб. пашыраных матэрыялаў у буд-ве, які выкарыстоўваецца ў розных канструкцыях будынкаў і збудаванняў (фундаментаў, пліт, сцен, труб, мастоў, плацін і г.д.), ва ўсіх кліматычных зонах (фіз.-мех. ўласцівасці Ж. пры т-рах ад -40 да + 60 °C практычна не змяняюцца). Значны ўклад у развіццё навукі пра Ж. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.А.Белялюбскі, А.Ф.Лалейт, Р.П.Перадзерый, В.В.Міхайлаў, А.А.Гвоздзеў, бел. вучоныя І.М.Ахвердаў, Я.І.Дрозд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕ́ТЫКА ХІМІ́ЧНАЯ,
вучэнне аб скарасцях і механізмах хім. рэакцый; раздзел фізічнай хіміі.
К.х. вызначае часавыя заканамернасці працякання рэакцый хімічных, эмпірычную сувязь паміж скорасцю рэакцый і ўмовамі іх правядзення (канцэнтрацыяй рэагентаў, т-рай, ціскам, фазавым станам і інш.), выяўляе фактары, што ўплываюць на скорасць і напрамак рэакцыі (каталізатары, ініцыятары, інгібітары і інш.). К.х. вывучае таксама механізмы складаных хім. працэсаў: высвятляе, з якіх простых хім. рэакцый (элементарных стадый) складаецца хім. працэс, як гэтыя рэакцыі звязаны адна з адной, якія прамежкавыя прадукты ўтвараюцца і ўдзельнічаюць у хім. працэсе, устанаўлівае ролю лабільных прамежкавых часціц (атамаў, свабодных радыкалаў, іонаў, актыўных комплексаў і інш.) у элементарных рэакцыях. Для рашэння гэтых задач у К.х. выкарыстоўваюць хім. і фіз.-хім. метады аналізу зыходных рэчываў і прадуктаў пераўтварэнняў, матэм. метады для тэарэт. абагульненняў, а таксама дасягненні хім. тэрмадынамікі, атамнай і малекулярнай фізікі, аналіт. хіміі, квантавай механікі.
Першыя даследаванні скорасці хім. рэакцый у 1870-я г. праведзены М.А.Мяншуткіным. У 1930-я г. фізікахімікі амер. Г.Эйрынг і англ. М.Паляні на базе квантавай механікі і статыст. фізікі стварылі тэорыю абс. скарасцей рэакцый, М.М.Сямёнаў і С.Н.Хіншэлвуд — тэорыю ланцуговых працэсаў. Значны ўклад у развіццё кінетыкі ланцуговых рэакцый зрабілі сав. фізікахімікі В.М.Кандрацьеў, М.М.Эмануэль. Тэарэт. канцэпцыі і кінетычныя даныя К.х. выкарыстоўваюць пры стварэнні схем складаных хім. працэсаў, аналізе пытанняў будовы хім. злучэнняў і іх рэакцыйнай здольнасці, для вырашэння тэхнал. і тэхн. задач.
Літ.:
Эйринг Г., Лин С.Г., Лин С.М. Основы химической кинетики.: Пер. с англ.М., 1983;
Денисов Е.Т. Кинетика гомогенных химических реакций. 2 изд. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁД,
вада ў цвёрдым стане. Адрозніваюць аморфны Л. і 10 яго крышт. мадыфікацый. У прыродзе вядома адна форма Л. — са шчыльн. 0,92 г/см³, цеплаёмістасцю 2,09 кДж (кг∙К) пры 0 °C, цеплынёй плаўлення 334 кДж/кг. Л. празрысты, у тонкім слоі бясколерны, у вял. масе блакітнаваты. Звычайна чысцейшы за ваду, аднак можа мець мех. прымесі — цвёрдыя часцінкі, кропелькі раствораў, бурбалачкі газу. Л. бывае атмасферны (снег, іней, град), водны (сала, ледзяное покрыва, ледзяныя іголкі, донны Л.), падземцы (утварае зімовае прамярзанне глеб і вечную мерзлату) і ледавіковы. Адно з самых пашыраных цвёрдых цел на зямной паверхні (каля 30 млн.км³). Займае вял. прасторы ў Антарктыдзе (мацерыковы Л.), Арктыцы (марскі Л.), у горных раёнах (ледавікі), у абласцях пашырэння вечнай мерзлаты. Ва ўмовах Беларусі Л. утвараецца зімой на рэках і вадаёмах, у глебе і грунтах, выпадае з воблакаў, утварае снегавое покрыва, галалёд, галалёдзіцу, шэрань, іней, у цёплую пару выпадае з воблакаў у выглядзе граду. У геал. мінулым на тэр. Беларусі існавала магутнае ледавіковае покрыва, якое неаднаразова ўтваралася ў час мацерыковых зледзяненняў антрапагену, на прылеглых да яго тэрыторыях была вечная мерзлата. Л. аказвае значны ўплыў на фарміраванне ўмоў пражывання на Зямлі і гасп. дзейнасці чалавека. Абледзяненні самалётаў, суднаў, ліній сувязі і электраперадач, дарожнага палатна прыводзяць да аварый, гляцыяльныя селі знішчаюць населеныя пункты, прамысл. і трансп. збудаванні, рачныя заторы і зажоры выклікаюць мясц. паводкі і інш. Л. скарыстоўваюць для захавання і ахаладжэння харч. прадуктаў, біял. і хім. прэпаратаў.
Ёсць звесткі пра наяўнасць Л. на планетах Сонечнай сістэмы і ў каметах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЛІН (Lublin),
горад на У Польшчы, на р. Быстшыца. Адм. ц. Люблінскага ваяводства. 350 тыс.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Эканам. і культ. цэнтр усх.ч. Польшчы. Прам-сць: машынабуд. (у т. л. аўтамабільная і вытв-сцьс.-г. машын), харч. і харчасмакавая (цукр., мясная, мукамольная, макаронная, тытунёвая, піваварная, спіртагарэлачная), гарбарна-абутковая, швейная, галантарэйная, буд. матэрыялаў, паліграфічная. 5 ВНУ, у т. л.ун-т. Бат. сад. Біскупства. Люблінскі музей. Арх. помнікі: каралеўскі замак (13—19 ст., цяпер музей), ратуша, дамы, палацы і касцёлы (14—18 ст.) у стылях готыкі, рэнесансу, барока.
У 10—11 ст.гандл. паселішча. У 13 ст. неаднаразова быў разбураны татарамі, русінамі, яцвягамі. З канца 13 ст. належаў галіцка-валынскім князям (да 1302). Гар. правы з 1317. Прывілей на гандаль з ВКЛ (1383), мытныя прывілеі і інш. спрыялі хуткаму развіццю горада. Гал. цэнтр гандлю паміж Каронай (Польшчай) і ВКЛ, месца правядзення міжнар. кірмашоў; значны асяродак рамеснай вытв-сці. З 1474 цэнтр ваяводства. У Л. адна з буйнейшых і найб. значных у Польшчы яўр. абшчын (з 11 ст.); з 1623 месца правядзення сеймаў яўрэяў Кароны. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў Рэфармацыі; да 1648 існавала абшчына антытрынітарыяў (М.Чаховіц і інш.), кальвінская абшчына. Месца заключэння Люблінскай уніі 1569. У 1795 уключаны ў склад Аўстрыі, у 1809 — Варшаўскага герцагства, у 1815 — Каралеўства Польскага. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны аўстр. войскамі. У 2-ю сусв. вайну ў прадмесці Л. створаны ням.-фаш. канцэнтрацыйны лагер Майданак. У ліп. 1980 у горадзе адбыліся забастоўкі рабочых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАКЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад мікра... + кліматалогія),
раздзел кліматалогіі, які даследуе мікраклімат. Вывучае асаблівасці фіз. працэсаў у сістэме глеба — расліна — прыземны слой паветра ў залежнасці ад неаднароднасці зямной паверхні, размеркаванне мікракліматаў па тэрыторыі, колькасныя характарыстыкі і змены іх пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека. Распрацоўвае метады і прыёмы аптымізацыі мікраклімату. Цесна звязана з метэаралогіяй, фізікай глебы, біяметрыяй раслін, экалогіяй. Мікракліматычныя даследаванні праводзяцца ў сельскай гаспадарцы. На аснове вывучэння радыяцыйнага, цеплавога і воднага балансу робіцца ацэнка мікракліматычных рэсурсаў, цяпло- і вільгацезабеспячэння асобных палёў і гаспадарак. Складаюцца комплексныя мікракліматычныя карты, што дазваляе прыстасаваць с.-г.вытв-сць да мікракліматычных асаблівасцей кожнага поля, падабраць с.-г. культуры і меліярац. прыёмы (асушэнне, арашэнне, двухбаковае рэгуляванне воднага рэжыму і інш.), устанавіць аптымальныя нормы і тэрміны агратэхн. мерапрыемстваў. Улік мікракліматычных асаблівасцей пры гар. буд-ве дазваляе правільна размяшчаць прамысл. прадпрыемствы і памяншаць шкодны ўплыў іх на жылыя раёны. Даследаванні праводзяцца таксама для абслугоўвання розных відаў транспарту, пры праектаванні і буд-ве ліній электраперадач і сувязі і інш. Вывучаецца мікраклімат на тэрыторыі і ў цэхах прамысл. прадпрыемстваў, музеях, збожжа і агароднінасховішчах, жывёлагадоўчых комплексах. Мікракліматычныя даследаванні праводзяцца аграметэаралагічнымі станцыямі, агранамічнай службай, навук; і праектнымі арг-цыямі. На Беларусі даследаванні па М. праводзяцца ў БДУ, БСГА, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, Гідраметэаслужбе і інш.Значны ўклад зрабілі М.А.Гольберг, М.А.Гольчанка, П.А.Каўрыга, Т.С.Папова, Я.Б.Фрыдлянд, М.П.Хаміцкі, В.Ф.Шабека, А.Х.Шкляр і інш.
Літ.:
Ковриго П.А. Микроклимат болотных экосистем и его оптимизация. Мн., 1995. Шебеко В.Ф. Изменение микроклимата под влиянием мелиорации болот. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЫФІ́ЗМ (ад лац. pacificus міратворчы),
антываенны міратворчы рух, які выступае супраць усіх войнаў, за раззбраенне. У аснове П. гуманіст. ідэя аб усеагульным братэрстве людзей. Асн. форма барацьбы за мір — перакананне і асабісты прыклад. Пацыфісты вядуць прапаганду, пераконваюць улады вырашаць ваен. праблемы шляхам перагавораў, адмаўляюцца ўдзельнічаць у любых насільных актах, арганізуюць масавыя акцыі, накіраваныя на мірнае ўрэгуляванне канфліктаў. П., які зыходзіць не столькі з рэальнай паліт. практыкі, колькі з гуманіст. ідэалаў, нясе на сабе пэўны адбітак утапізму. Ен пашыраны ў розных пластах насельніцтва пераважна ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі: інтэлігенцыі, рэліг. настроеных міратворцаў, моладзі і інш. Першыя пацыфісцкія арг-цыі ўзніклі ў ЗША (1815) і Вялікабрытаніі (1816) як рэакцыя на напалеонаўскія і англа-амерыканскую (1812—14) войны. У 1848 адбыўся 1-ы міжнар. кангрэс пацыфістаў у Бруселі. Найб. развіцця П. дасягнуў у 1880—90-я г. Шматлікія міжнар. кангрэсы пацыфістаў заклікалі ўрады ўсіх краін да забароны войнаў, усеагульнага раззбраення і вырашэння міжнар. канфліктаў шляхам прымусовых трацейскіх судоў. Спробай увасобіць некаторыя ідэі П. стала дзейнасць Лігі Нацый (1919—46). Пасля 2-й сусв. вайны некаторыя пацыфісцкія арг-цыі ўключыліся ў Рух прыхільнікаў міру. У розныя часы віднымі дзеячамі П. былі або падзялялі яго ідэалы пісьменнікі Б. фон Зутнер, Л.М.Талстой, А.Барбюс, палітыкі М.К.Гандзі, М.Л.Кінг і інш.Гал. вынік дзейнасці П. да канца 20 ст. ў тым, што ідэя мірнага вырашэння паліт. праблем заняла трывалыя пазіцыі ў свеце, міратворчы рух, які ўключае П., аказвае значны ўплыў на глабальную палітыку.
Літ.:
Пацифизм в истории: Идеи и движения мира. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРА́,
горад ва Узбекістане, цэнтр Бухарскай вобл., у даліне р. Зераўшан. 224 тыс.ж. (1994). Чыг. станцыя. Лёгкая (каракулевая, бавоўнаачышчальная, швейная, трыкат., шоўкаматальная), харчасмакавая (маслаэкстракцыйная, малочная, кандытарская і інш.), мэблевая прам-сць. Старадаўнія маст. промыслы (залаташвейны, шаўкаткацкі, чаканка па медзі і інш.). Пед.ін-т. Тэатр.
Засн. каля 1 ст.н. э. У 709 заваявана арабамі, значны гандлёва-рамесны і культ. цэнтр Сярэдняй Азіі. У 9—10 ст. сталіца Саманідаў дзяржавы, у канцы 10 ст. захоплена качэўнікамі, у 1220 Чынгісханам, у 1370 Цімурам, на пач. 16 ст. качэўнікамі-узбекамі, увайшла ў склад Шайбанідаў дзяржавы і стала яе сталіцай. З сярэдзіны 16 ст. сталіца Бухарскага ханства. З 1868 у складзе Расіі. У 1920—24 сталіца Бухарскай народнай савецкай рэспублікі, з 1925 ва Узбекістане, цэнтр Зераўшанскай акр., з 1938 Бухарскай вобл.
Бухара горад-музей, у якім захавалася каля 140 помнікаў архітэктуры. Найб. значныя: маўзалей Ісмаіла Самані (9—10 ст.), медрэсэ Улугбека (1417), ансамбль медрэсэ Міры-Араб (1535—36) і саборнай мячэці Калян (1514) з мінарэтам (1127), медрэсэ Абдулазіз-хана (1651—52). У 18—19 ст.маст. традыцыі захоўвала нар. дойлідства. Горад значна захаваў арх.-планіровачную структуру абкружанага сцяной Старога горада з магутнай цытадэллю (18—19 ст.) і традыц. жылымі дамамі з разьбой і размалёўкай у інтэр’ерах. Сучаснае буд-ва не закранае ансамбль Старога горада. Сярод помнікаў у наваколлі Бухары: мячэць-намазга (1119—20), ханакі Файзабад (1598—99) і Бехаўдзіна (1544—45), мемарыяльны ансамбль Чар-Бакр (мячэць, ханака і медрэсэ, 1560—63), палац эміраў Сітараі-махі-хаса (канец 19 ст. — 1918).
Да арт.Бухара. Медрэсэ Улугбека. 1417.Да арт.Бухара. Керамічная абліцоўка медрэсэ Кукельташ.