ВЕРАНІ́ЦЫН (Канстанцін Васілевіч) (13.6.1834, в. Астраўляны Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 1904),
адзін з удзельнікаў літ. жыцця на Беларусі ў сярэдзіне 19 ст.; магчымы аўтар паэмы «Тарас на Парнасе». Паходзіў з прыгонных. У 1845 атрымаў вольную. У 1851 узяў прозвішча Вераніцын (першапачатковае — Васільеў). Вучыўся ў Віцебскай губ. гімназіі (1845—52), Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі (1852—54). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1859). У 1863—74 і з 1880 жыў і працаваў у Пецярбургу, у 1874—79 працаваў у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У рукапісных сшытках фалькл. і літ. твораў А.Рыпінскага Вераніцыну прыпісваюцца паэмы «Тарас на Парнасе» (тэкст з паметай: 1855, 15 красавіка, Гарадок) і «Два д’яблы» (з паметай: 7.4.1860, Масква). Моўныя асаблівасці і рэаліі несумненна сведчаць пра сувязь апошняга твора з Віцебскам, а таксама пра тое, што аўтарства належыць адной і той жа асобе. Іншых матэрыялаў пра літ. дзейнасць Вераніцына не выяўлена.
Літ.:
Кісялёў Г. На арбіце пошуку // Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖА́Н-ГАРАДО́ЦКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 19 ст. Пабудавана ў 1818 у в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. У архітэктуры выявіліся рысы мясц. школы дойлідства барочнага кірунку. 5-зрубная крыжова-цэнтрычная кампазіцыя. У канцы 19 — пач. 20 ст. да яе прыбудавана 3-ярусная шатровая званіца (васьмярык на 2 чацверыках) з тамбурам. Да цэнтр. васьмерыка з 2-ярусным верхам (васьмярык на чацверыку) далучаны прамавугольныя ў плане аб’ёмы (бабінец, апсіда з рызніцай і 2 бакавыя прыбудовы) з чацверыковымі 1-яруснымі вярхамі. У інтэр’еры дамінуе цэнтр. трохсветлавы аб’ём, у які арачнымі праёмамі раскрываюцца двухсветлавыя памяшканні. Царква багата аздоблена паліхромнай драўлянай скульптурай і разьбой у стылі ампір (пач. 19 ст., майстар І.Астапчык). 2-ярусны пазалочаны іканастас, гал. алтар завершаны скульптурай Іаана Хрысціцеля, бакавыя алтары ў прыбудовах аформлены ракайлямі, пальметамі, фрызамі з раслінных гірляндаў, карнізамі з іонікамі і сухарыкамі, капітэлямі накшталт тасканскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАЛЁЎСКІ (Юзаф) (5.3.1777, г.Гарадок, паводле інш. крыніц, каля г. Орша Віцебскай вобл. — 12.8.1845),
бел. педагог, паэт. Скончыў клас рыторыкі ў Аршанскім езуіцкім калегіуме (1790), вывучаў франц. мову ў Полацкім езуіцкім калегіуме, лац. і польск. л-ру ў Оршы. З 1794 настаўнік у езуіцкіх калегіумах у Мсціславе, Магілёве, Полацку. З 1806 праф. рыторыкі, паэтыкі і рус. мовы ў езуіцкім калегіуме ў Пецярбургу, з 1810 у Оршы, дзе загадваў і б-кай кляштара. З 1814 сакратар ордэна езуітаў бел. правінцыі, з 1816 «міністр» (адміністратар) Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1818 пераехаў на Валынь. Друкаваўся ў час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі штомесячнік»), «Вестник Европы». Пісаў на польск., лац., рус. мовах. Творчасць М. выяўляла характэрныя рысы л-ры ў часы пераходу ад класіцызму да рамантызму. Адначасова з класіцыстычнымі трэнамі, элегіямі, эпіграмамі, панегірыкамі, наследаваннямі Гарацыю пісаў у перадрамант. стылі лірычныя песні, у якіх з агульнагуманіст. і хрысціянскіх пазіцый разважаў пра выхаваўчае значэнне паэзіі, выказваў замілаванне да прыроды і роднага краю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРУ́СКІ МУР»,
спецыфічны тып агараджальнай канструкцыі будынкаў (фахверка) на Беларусі. Аснову канструкцыі складаў драўляны каркас з верт. стоек, злучаных гарыз. бэлькамі, раскосамі і крыжовымі сувязямі. Прамежкі паміж элементамі каркаса запаўнялі каменем, цэглай або глінай, часта атынкоўвалі і бялілі, а каркас пакідалі адкрытым, і ён утвараў на паверхні сцен характэрны дэкар. малюнак.
Тэхніка «П.м.» запазычана з Зах. Еўропы. Пашырана ў 15—17 ст. у буд-ве пераважна малапавярховых абарончых збудаванняў (брама замка ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на), жылых, гасп. і вытв. будынкаў. У 18 ст.дэкар. матывы «П.м.» выкарыстоўваліся для аздаблення сцен манум. драўляных будынкаў (брама Пінскага замка). У тэхніцы «П.м.» да пач. 20 ст. пабудаваны жылыя дамы ў вёсках Грозаў Капыльскага, Заазер’е Нясвіжскага р-наў Мінскай вобл., гасп. пабудова ў в. Манькавічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл., вадзяны млын у в. Гервяты Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. і інш.
Ю.А.Якімовіч.
Жылы дом, пабудаваны ў тэхніцы «прускага муру» ў вёсцы Заазер’е Нясвіжскага раёна Мінскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́ВА (Тамара Міхайлаўна) (н. 20.4.1950, г. Мюльдорф, Германія),
бел. мастак. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). У 1973 выкладала ў Бабруйскім маст. вучылішчы, у 1974 працавала на Мінскім маст. камбінаце, з 1975 на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. З 1988 чл. творчага аб’яднання «Няміга—17». Працуе ў кераміцы. Аўтар гарэльефа «Купальская ноч» і пано для рэстарана «Папараць-кветка» ў г. Маладзечна (1984), дэкар. скульптуры «Танец» для Палаца культуры ў г. Мазыр (1985), «Хімеры», «Вартавы» для Дома творчасці Бел. саюза тэатр. дзеячаў у в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на (1988). Аўтар керамічных пластоў і скульптур, часта афарбаваных у адзін або кантрастныя колеры. Ім уласцівы геаметрычнасць формаўтварэння, архітэктанічнасць, канцэптуальны падыход да вырашэння ідэі: цыклы «У прасторы сіняга» («Танга», кампазіцыі «З’яўленне», «Джаз», усе 1994), «Спакуса» («Спакуснік», «Аракул», «Жоўты сабака», кампазіцыя «Вежы», усе 1995), «Пункт вяртання» («Гексаграма», «Чаргаванне», «Узаемадзеянне», «Хронас», «Белы зігзаг», «Чорны зігзаг», «Лесвіца», усе 1997), кампазіцыі «Вусень» (1998), «Множанне», «Злучэнне», «Меандр» (усе 1999), серыя «Трохмерныя аб’екты» (2001).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́Л (М.) (сапр.Пятэльскі Сцяпан Язэпавіч; каля 1890, мяст.Гарадок Беластоцкага пав. — канец 1917 ці пач. 1918),
бел. паэт, перакладчык, публіцыст, фалькларыст. Скончыў царк. настаўніцкае вучылішча ў Ялоўцы (1909, Беласточчына). Настаўнічаў на Беласточчыне, Гродзеншчыне, Ковеншчыне. З 1914 на фронце. Узнаг. Георгіеўскім крыжам. З 1909 друкаваўся ў «Нашай ніве». У паэзіі Арла — матывы паняволення роднага краю і народа, роздум над рэнегацтвам часткі бел. інтэлігенцыі. Вершы адметныя лірызмам, паяднаннем рэальнага і абагульнена-сімвалічнага, філасафічнасцю. У іх прыкметны ўплыў вобразаў, матываў, паэтыкі Я.Купалы і Я.Коласа. Даследчык і прапагандыст бел.нар. песні. Лічыў яе крытэрыем высокага паэт. майстэрства. Перакладаў на бел. мову В.Бялінскага, дастасоўваючы думкі рус. крытыка да патрэб самасцвярджэння нацыі, гал. праблем маладой бел. л-ры. З укр. л-ры пераклаў байкі Л.Глібава.
Тв.:
Лірнік. Мн., 1991.
Літ.:
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2. С. 459—561;
Саламевіч Я.М. Арол — нашаніўскі паэт, перакладчык, публіцыст // Бел. мова і літаратура ў школе. 1988. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙАШКАР-АЛА,
горад у Расійскай Федэрацыі, сталіца Марый Эл Рэспублікі, на р. Малага Какштага (левы прыток Волгі). 251 тыс.ж. (1996). Чыг. станцыя. Вузел шашэйных дарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (паўправадніковыя прылады, гандл. халадзільнае абсталяванне, інструменты і інш.), лёгкая, дрэваапр., харч., вытв-сць вітамінаў. 3 ВНУ, у т. л.ун-т. Тэатры: муз.-драм., рус. драмы, лялек. Філармонія. Планетарый. Краязн. музей, Дом-музей марыйскага кампазітара І.С.Палантая (Ключнікава). Царква Ушэсця (1756), мураваныя і драўляныя дамы 19 ст. аздобленыя разьбой.
Засн. як крэпасць у 1584 пасля далучэння марыйскіх зямель да Расіі. Першапачаткова вядома пад назвай Какшажск, пазней — Какшацкі гарадок. З 1708 у складзе Казанскай губ., з 1781 — павятовы горад. Улетку 1918 цэнтр антыбальшавіцкага паўстання эсэраў. Да 1919 наз. Царовакакшайск, у 1919—27 — Чырвонакакшайск, з 1927 — Й.А. (марыйск. — Чырвоны горад), у 1936—90 — сталіца Марыйскай АССР.
Літ.:
Йошкар-Ола: Очерки о столице Марийской республики. Йошкар-Ола, 1984;
Андреянов А.А. Город Царевококшанск: страницы истории (конец XVI — нач. XVIII в.). Йошкар-Ола 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНКЕ́ВІЧ (па мужу Асіповіч) Каміла Вінцэнтаўна
(1837 ?, Мінск ? — пасля 1890),
бел. піяністка, кампазітар, педагог; удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі ў 1860-я г. Дачка В.Дуніна-Марцінкевіча. Ігры на фп. вучылася ў Мінскім пансіёне Мантэграндзі. З 1847 канцэртавала ў Мінску, Слуцку, Кіеве, Варшаве, у т. л. з братам Міраславам. Выконвала творы І.Гумеля, Ф.Ліста, Ф.Шапэна і ўласныя, у т. л. варыяцыі на тэму песні А.Варламава «Чырвоны сарафан», фантазію «У летуценні мінулага». Удзельнічала ў спектаклях Дуніна-Марцінкевіча тэатра. Выкладала музыку ў прыватных пансіёнах. На пач. 1860-х г. арганізавала ў Мінску і мяст.Гарадок на Маладзечаншчыне школы для дзяцей беднаты. У яе доме збіраліся члены мінскай арг-цыі Літоўскага правінцыяльнага камітэта. За ўдзел у дэмакр. руху праследавалася царскімі ўладамі. Ў 1863 саслана пад строгі нагляд паліцыі ў г. Салікамск Пермскай вобл. У 1880-я г. вярнулася на радзіму.
Літ.:
Ахвердава А. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 148—174;
Барышев Г. Из истории семьи В.И. Дунина-Марцинкевича // Неман. 1961. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАБЕ́ЛЬСКІЯ «ВАРО́ТЫ»,
разрыў у лініі ням. фронту групы армій «Цэнтр» шырынёй каля 10 км паміж Азарычамі і Парычамі з канца ліст. да канца снеж. 1943 у Вял.Айч. вайну. Утварыліся ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 і баявых дзеянняў 123-й Акцябрскай партыз. брыгады. Подступы ўтрымлівалі 37-я (ген.-маёр Я.Р.Ушакоў) і 60-я (палк. А.В.Богаяўленскі) стралк. дывізіі 65-й арміі Бел. фронту, партызаны Палескага і Мінскага злучэнняў. Праз Р.«в.» ў тыл ворага накіроўваліся разведгрупы і сувязныя, дастаўляліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, л-ра. З акупіраванай тэрыторыі партызаны перадавалі камандаванню Чырв. Арміі разведданыя, забяспечвалі армейскія часці праваднікамі, перапраўлялі ў сав. тыл параненых і хворых, вывелі некалькі дзесяткаў тысяч мірных жыхароў, добраахвотнікаў, якія папоўнілі рады 65-й арміі, абозы з хлебам, жывёлу. Калі гітлераўцы прарвалі абарону і закрылі Р.«в.», падраздзяленні Чырв. Арміі, што засталіся ў тыле ворага, сфарміраваліся ў зводны полк, які каля 2 месяцаў разам з партызанамі вёў актыўныя баявыя дзеянні і 16.2.1944 прарваўся праз лінію фронту. У гонар Р.«в» каля в. Мікуль-Гарадок Акцябрскага р-на пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДКО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Фёдаравіч; 21.1.1907, в. Вусце Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 16.8.1968),
бел. і расійскі кінарэжысёр, кінадраматург, пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). Да 1945 рэжысёр і сцэнарыст на кінастудыях Масквы, Адэсы, Кіева, Ташкента. У 1946—47 і 1950—53 міністр кінематаграфіі Беларусі, у 1953—56 нам. міністра культуры Беларусі. Працаваў гал. рэдактарам і рэжысёрам Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў (Масква). Рэжысёр маст. і дакумент. фільмаў «Шчаслівыя кольцы» (1929), «Песня пра першую дзяўчыну» (1930, абодва з Л.Голубам), «Шумі, гарадок» (1939), «Дэмакратычная Германія» (сумесна з «Дэфа», 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951). Сцэнарыст і пастаноўшчык фільмаў «Майская ноч» (паводле М.Гогаля, 1940), «Беларускі кінаканцэрт» («Жыві, родная Беларусь!»), «Вызваленне Савецкай Беларусі» (абодва з У.Корш-Сабліным, 1944). Аўтар гіст. раманаў «Георгій Скарына» (з Я.Львовым, 1951), «Мадам Любоў» (1966), «Аповесці аб ясным Стахоры» (1956), аповесці «Чалавек у тумане» (1960), сцэнарыяў фільмаў «Міколка-паравоз» (з М.Лыньковым, 1957), «Наша зямля» (1960), «Ахвяры абвінавачваюць» (1962), «Я, Францыск Скарына» («Беларусьфільм», 1970).