ПУАСО́Н ((Poisson) Сімеон Дэні) (21.6.1781, г. Пітыўе, Францыя — 25.4.1840),
французскі матэматык, механік і фізік. Чл. Парыжскай АН (1812). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1800), дзе і працаваў (з 1806 праф.). З 1809 праф. Парыжскага ун-та. Навук. працы па тэарэт. і нябеснай механіцы, матэм. аналізе, тэорыі імавернасцей, матэм. фізіцы, тэорыі пругкасці, гідрамеханіцы і інш. Даследаваў праблемы устойлівасці Сонечнай сістэмы і рух планет з улікам узбурэнняў. Устанавіў важныя стат. заканамернасці (гл.Вялікіх лікаў закон, Пуасона размеркаванне). Абагульніў ураўненні тэорыі пругкасці на выпадак анізатропных цел, увёў адну з характарыстык пругкасці матэрыялаў (гл.Пуасона каэфіцыент). Прапанаваў адно з ураўненняў матэм. фізікі (гл.Пуасона ўраўненне) і выкарыстаў яго для рашэння задач па гравітацыі і электрастатыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЮЖЭ́ ((Puget) П’ер) (хрышчаны 16.10.1620, г. Марсель, Францыя — 2.12.1694),
французскі скульптар, жывапісец і архітэктар; прадстаўнік барока. Вучыўся скульптуры ў Ж.Рамана. У 1640—43 жыў у Італіі, дзе займаўся пераважна жывапісам пад кіраўніцтвам П’етра да Картоны. Працаваў у Тулоне, Марселі, Парыжы, Генуі. Скульпт. творы вызначаліся яснасцю кампазіцыі, экспрэсіўнасцю вобразаў, пераканаўчасцю перадачы фізічнага напружання і пакут: 2 паўфігуры атлантаў, якія падтрымліваюць балкон ратушы ў Тулоне (1656—57), «Гальскі Геркулес» (1660—61), «Св. Себасцьян» у царкве Санта-Марыя ды Карыньяна ў Генуі (каля 1661—67), «Мілон Кратонскі» (1672—82), «Аляксандр Македонскі і Дыяген» (1681—92), «Персей і Андрамеда» (1683—84), «Чума ў Мілане» (1692—94) і інш. Жывапісу ўласцівы энергічны каларыт: «Хрыстос Выратавальнік свету» (1665) і інш. Аўтар арх. праекта перабудовы Марселя (1660-я г., не ажыццёўлены).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЎСКІ (Яўген Аляксандравіч) (1855, г. Кобрын Брэсцкай вобл. — 1923),
расійскі астрафізік і фізік. Магістр фізікі (1903). Чл. рускіх фіз.-хім. і астранамічнага, Французскага фіз. і Харкаўскага матэм. т-ваў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), дзе і працаваў у фіз. лабараторыі (у 1903—04 прыват-дацэнт); адначасова выкладаў фізіку і матэматыку ў гімназіях Пецярбурга, супрацоўнічаў у рэдакцыі час. «Журнал Русского физико-химического общества». З 1904 в.а. экстраардынарнага прафесара Харкаўскага ун-та. Аўтар навук. прац «Аб складзе атмасферы сонца і планет і іх тэмпературы» (ч. 1—2, 1882—84) і «Яшчэ пра тэмпературу і склад сонца і планет» (1899), за якія ў 1903 удастоены прэміі Рус.астр.т-ва і медаля імя Мікалая II, дысертацыі «Аб знешняй цеплаправоднасці сярэбраных дратоў у вадзе» (1903).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНДО́ (франц. rondeau ад rond круг),
старафранцузскі верш з 8, 13 або 15 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. У адрозненне ад рандэля ў Р. словы (часам радкі), якімі ён пачынаецца, паўтараюцца ў сярэдзіне твора і заканчваюць яго, ствараючы арыгінальнае архітэктанічнае кальцо. Прыкладам 15-радковага Р. можа служыць верш «Рандо» М.Багдановіча:
Узор прыгожы пекных зор
Гарыць у цемні небасхіла;
Вада балот, стаўкоў, азёр
Яго ў глыбі сваёй адбіла.
І гімн спявае жабаў хор
Красе, каторую з’явіла
Гразь луж; напоўніць мгла прастор,
І ўстане з іх гарашчы міла Узор.
І сонца дальш клянуць, што скрыла
Луж зоры днём. І чуе бор,
І чуе поле крэхат хілы,
Ды жаб не ўчуць вышэй ад гор,
Там, дзе чыясь рука зрабіла Узор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАУ́ЛЯ ЗАКО́НЫ,
колькасныя залежнасці, якія звязваюць канцэнтрацыю раствору з ціскам насычанай пары растваральніку над растворам ці са зменай т-ры кіпення (замярзання) раствору. Сфармуляваныя Ф.М.Раулем у 1882—88 пры даследаванні ўласцівасцей разбаўленых раствораў.
Паводле аднаго з Р.з. адноснае паніжэнне парцыяльнага ціску пары растваральніку над растворам роўнае малярнай долі растворанага рэчыва (xB) : (pA0 − pA)/pA0 = xB, дзе рА — парцыяльны ціск растваральніку, pA0 — ціск насычанай пары чыстага растваральніку. Растворы, для якіх гэты закон выконваецца пры ўсіх канцэнтрацыях для абодвух кампанентаў, наз. ідэальнымі. Паводле 2 інш. Р.з. павышэнне т-ры кіпення ці паніжэнне т-ры замярзання раствору ў параўнанні з адпаведнымі т-рамі для чыстага растваральніку прама прапарцыянальна канцэнтрацыі растворанага рэчыва (гл.Эбуліяскапія, Крыяскапія). Растворы электралітаў не падпарадкоўваюцца Р.з., што абумоўлена электралітычнай дысацыяцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЯ́НЦАЎ (Пётр Васілевіч) (1859, Масква — 15.5.1929),
расійскі рэвалюцыянер, сацыял-дэмакрат. Скончыў Маскоўскае камерцыйнае вучылішча (1878). Напачатку народнік. з канца 1880-х г. сацыял-дэмакрат. За рэв. дзейнасць у вучылішчы высланы ў Цвярскую губ. У 1886 па заданні арг-цыі «Чорны перадзел» стварыў падп. друкарню ў Цверы, за што сасланы ў Акмолінскую вобл. З сярэдзіны 1890-х г. працаваў у Мінску ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. Чл. Мінскай с.-д. арг-цыі. 13—15.3.1898 на кватэры Р. адбыўся Першы з’езд РСДРП. У ліп. 1898 арыштаваны і сасланы ў Кіеўскую губ. У 1901 вярнуўся ў Мінск, працаваў на чыгунцы, надворны саветнік (1910); тайна працягваў удзельнічаць у с.-д. руху. З 1919 у Гомелі. Пазней пераехаў у г. Сураж Бранскай губ. У доме ў Мінску, дзе жыў Р., Дом-музей I з’езда РСДРП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАІНДУ́КЦЫЯ,
з’ява ўзнікнення электрарухальнай сілы індукцыі ў праводным контуры пры зменах сілы току ў ім; асобны выпадак электрамагнітнай індукцыі. Напрамак эрс С. вызначаецца Ленца правілам, г.зн. пры павелічэнні сілы току ў ланцугу эрс С. перашкаджае яго нарастанню, а пры змяншэнні сілы току — яго спаданню.
Эрс С. прапарцыянальная скорасці змены сілы току: ε = -Ldi/dt, дзе L — індуктыўнасць контуру. З С. вынікае, што пры далучэнні контуру да крыніцы пастаяннага току найб. значэнне сілы току ўстанаўліваецца праз некаторы час, а пры адключэнні — эрс, якая ўзнікла, можа ў шмат разоў перавысіць эрс крыніцы току. У ланцугах пераменнага току ў выніку С. сіла току ў ланцугу з індуктыўнасцю адстае па фазе ад напружання на канцах шпулі на π/2. З’ява С. важная ў электра- і радыётэхніцы. Гл. таксама Вагальны контур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЎЦІ ((Southey) Роберт) (12.8.1774, г. Брысталь, Вялікабрытанія —21.3.1843),
англійскі паэт-рамантык; прадстаўнік «азёрнай школы». Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1792—94), дзе зблізіўся з С.Т.Колрыджам. Паэт. творчасць пачаў з жанру нар. балады. Аўтар вершаванай драмы «Уот Тайлер» (1794, апубл. 1817) і паэмы «Жанна д’Арк» (1796), напісаных пад уплывам франц. рэвалюцыі 1789—93. Вядомасць прынеслі рамант. балады «Бленгеймскі бой» (1798) і «Суд божы над епіскапам» (1799). У паэмах на фантаст. сюжэты «Талаба-разбуральнік» (1801), «Мэдак» (1805), «Родэрык, апошні з готаў» (1814) выявілася эвалюцыя С. ад бунтарскіх настрояў да захаплення фальклорам і містыкай, да рэліг. пакорлівасці. Аўтар наратыўнай паэмы «Пракляцце Кехамы» (1810), біягр. працы «Жыццё Нельсана» (1813), кніг па гісторыі, эсэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЧАНКА (Іван Іванавіч) (н. 8.11.1938, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. гісторык, публіцыст. Брат Б.І.Сачанкі. Д-ргіст.н. (1983), праф. (1984). У 1943 з бацькамі вывезены ў Германію. Скончыў БДУ (1965), дзе з 1970 працуе на ф-це журналістыкі (з 1978 нам. дэкана, адначасова з 1984 заг. кафедры). Даследуе публіцыстыку бел. пісьменнікаў. Адзін з аўтараў падручніка «Гісторыя беларускай журналістыкі» (1979, з Р.В.Булацкім, С.В.Говіным), адзін са складальнікаў «Хрэстаматыі па гісторыі беларускай савецкай публіцыстыкі» (1974, з Булацкім).
Тв.:
Кузьма Чорны — публіцыст. Мн., 1972 (разам з Р.В.Булацкім);
Хто такія беларускія «патрыёты»? Мн., 1975;
Публіцыстыка беларускіх пісьменнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Мн., 1977;
Война и публицистика. Мн., 1980;
Меридианы дружбы. Мн., 1992 (разам з А.В.Шарапам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ННЕНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918.
Адбылося 8—10 жн. як працяг Аршанскага паўстання 1918, найб. арганізаванае ў ланцугу леваэсэраўскіх мяцяжоў 1918. Кіравала паўстаннем мясц.арг-цыя левых эсэраў на чале з А.Закрэўскім. У ім удзельнічалі чырвонаармейцы 2-га Смаленскага і Стайкаўскага палкоў, якія паходзілі з мясц. сялян і гал. задачай лічылі барацьбу супраць ням. акупантаў. У пач. жніўня пав. з’езд саветаў, дзе большасць належала эсэрам, прыняў рэзалюцыю аб непадпарадкаванні сенненскіх саветаў сав. ўраду. Непасрэдным повадам да паўстання паслужыла спроба чырв. камандавання змяніць камандзіра 2-га Смаленскага палка (эсэр Дз.Ф.Прышчэпаў), які дыслацыраваўся ў зоне дэмаркацыйнай лініі за 10 км ад Сянно. Паўстанне задушыў сфарміраваны спецыяльны атрад на чале з В.Даўбэ з дапамогай 1-га Латышскага кавалерыйскага палка.
Літ.:
Дзядзенка З. Аршанскае й сеньненскае паўстаньні // Спадчына. 1999. №4.