ПУАСО́Н ((Poisson) Сімеон Дэні) (21.6.1781, г. Пітыўе, Францыя — 25.4.1840),
французскі матэматык, механік і фізік. Чл. Парыжскай АН (1812). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1800), дзе і працаваў (з 1806 праф.). З 1809 праф. Парыжскага ун-та. Навук. працы па тэарэт. і нябеснай механіцы, матэм. аналізе, тэорыі імавернасцей, матэм. фізіцы, тэорыі пругкасці, гідрамеханіцы і інш. Даследаваў праблемы устойлівасці Сонечнай сістэмы і рух планет з улікам узбурэнняў. Устанавіў важныя стат. заканамернасці (гл.Вялікіх лікаў закон, Пуасона размеркаванне). Абагульніў ураўненні тэорыі пругкасці на выпадак анізатропных цел, увёў адну з характарыстык пругкасці матэрыялаў (гл.Пуасона каэфіцыент). Прапанаваў адно з ураўненняў матэм. фізікі (гл.Пуасона ўраўненне) і выкарыстаў яго для рашэння задач па гравітацыі і электрастатыцы.