ВЕ́ЙТЛІНГ ((Weitling) Вільгельм) (5.10.1808, г. Магдэбург, Германія — 25.1.1871),
дзеяч ранняга ням. рабочага руху, сацыяліст. Кравец. У 1836 у Парыжы ўступіў у Саюз справядлівых, напісаў яго маніфест «Чалавецтва, якое яно ёсць і якім яно павінна быць» (1838). Удзельнік няўдалага паўстання бланкістаў (1839). З 1841 у Швейцарыі, дзе апублікаваў гал. твор «Гарантыі гармоніі і свабоды» (1842); арыштаваны за паліт. агітацыю і зняволены (1843). Вызвалены ў 1844. Чл. Брусельскага камуніст. карэспандэнцкага к-та (1846). З 1846 у ЗША (у час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі быў на радзіме). Асуджаў капіталізм, але не прымаў навук. камунізму К.Маркса і Ф.Энгельса. Быў упэўнены ў магчымасці неадкладна здзейсніць сац. пераварот з апорай на немаёмныя слаі. Пераацэньваючы стыхійнасць рэв. бунту, лічыў яго ўдарнай сілай люмпен-пралетарыяў і нават крымін. злачынцаў. Бачыў у асобе Хрыста перадавога змагара за сац. справядлівасць.
кампанент клеткі нуклеапратэіднай прыроды, які ўтвараецца пры яе дзяленні і забяспечвае разыходжанне храмасом у мітозе і меёзе. Уяўляе сабой сістэму мікратрубачак з двайным праменепраламленнем, што фарміруецца ў праметафазе і распадаецца ў целафазе. Складаецца з апорных, або безупынных ніцей, арыентаваных ад аднаго полюса клеткі да другога (полюсных), і цягнучых, або храмасомных. Цягнучыя ніці злучаюць полюсы клеткі з цэнтрамі храмасом, якія ёсць на экватарыяльнай пласцінцы. Скарачэнне даўжыні цягнучых ніцей лічыцца гал. фактарам анафазнага руху храмасом да полюсаў клеткі. Верацяно дзяленне бывае прамога і непрамога тыпаў (у залежнасці ад характару сувязі храмасом з полюсамі), астральным (з выяўленымі полюсамі, напр. у шматклетачных жывёл) ці анастральным (без выразных полюсаў, напр. у кветкавых раслін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСПУ́ЧЫ ((Vespucci) Амерыга) (9.3.1451, г. Фларэнцыя, Італія — 22.2.1512),
італьянскі мараплавец і даследчык. Доўгі час быў дробным служачым банкірскага дома Медычы і агентам гэтай фірмы ў Севільі. У маі 1499 — вер. 1500 на ісп. марской службе, з вясны 1501 па чэрв. 1504 — на партугальскай; потым зноў вярнуўся ў Іспанію, у 1508—12 гал. стырнавы Кастыліі. У 1499—1504 прымаў удзел у некалькіх экспедыцыях да берагоў Паўд. Амерыкі, якую ён назваў Новым Светам. Лісты аб гэтых падарожжах, у якіх Веспучы ўпершыню апісаў прыроду паўн.ч. кантынента, набылі сусв. вядомасць і неаднаразова перавыдаваліся ў 1505—10. Латарынгскі картограф М.Вальдземюлер прыпісаў адкрыццё «чацвёртай часткі свету», зробленае Х.Калумбам, Веспучы і прапанаваў назваць гэты мацярык у гонар Амерыга Веспучы Амерыкай. Для Паўд. Амерыкі гэта абазначэнне хутка стала агульнапрызнаным, а ў 1538 на карце Г.Меркатара ўпершыню было пашырана і на Паўн. Амерыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭНСКАЯ ШКО́ЛА, фрайбургская школа, гейдэльбергская школа,
кірунак у неакантыянстве канца 19 — пач. 20 ст. Мела значны ўплыў у Германіі. Гал. прадстаўнікі В.Віндэльбанд, Г.Рыкерт, Р.Кронер, Э.Ласк, Г.Мюнстэрберг і інш. Паводле вучэння прадстаўнікоў гэтай школы, у свеце неабходнасці і ўсеагульных абсалютных каштоўнасцяў існуе надіндывідуальная абстрактная дасканалая свядомасць, вышэйшая ступень існавання якой ідэал. Але ідэалы не заўсёды здзяйсняюцца. Адсюль і кантаўская супярэчнасць паміж быццём і неабходнасцю, павіннасцю. Асн. ідэя Бадэнскай школы ў тым, што філасофія — гэта навука пра ідэальныя нормы і абсалютныя каштоўнасці, а эмпірычныя навукі вывучаюць тое, што існуе заўсёды, устанаўліваюць агульныя заканамернасці з’яў прыроды; у адрозненне ад гэтых навук гіст. навука — ідэаграфічная (апісвае і ацэньвае грамадскія з’явы).
Літ.:
Ситковский Е. Неокантианство // Из истории философии XIX века: Сб. ст.М., 1933;
Григорьян Б. Неокантианство: Критич. очерк. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДА́РЧЫК (Таццяна Андрэеўна) (12.11.1902, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 24.7.1974),
бел. актрыса. Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1920 на настаўніцкіх курсах у Бабруйску арганізавала драм. гурток «Крыніца», дзе паставіла п’есу Я.Купалы «Паўлінка» і выканала гал. ролю. Працавала ў т-рах: Бел.дзярж. (цяпер імя Я.Купалы, да 1921), Бел. імя Я.Коласа (1926—48), драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе (1949—56), Бабруйскім вандроўным (1956—67). Майстар эпізоду. Яе мастацтву былі ўласцівыя яркая характарнасць, акрэсленасць малюнка. Найб. каларытныя характары стварыла ў бел. драматургіі: Паланея («Прымакі» Я.Купалы), бабка Наста («Вайна вайне» Я.Коласа), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Маці («Ірынка» К.Чорнага), Жабрачка («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Аўдоцця, Акуліна («Любоў, Надзея, Вера» і «Дзіўны дом» П.Васілеўскага).
рускі і бел. артыст балета і балетмайстар. Засл. арт. Расіі (1957), засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1939). Да 1959 саліст і балетмайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. У 1960—64 і 1971—73 гал. балетмайстар Дзярж.т-ра оперы і балета БССР. Паставіў (разам з Н.Стукалкінай) першыя нац. балеты на сучасную тэму «Мара» Я.Глебава (1961) і «Святло і цені» Г.Вагнера (1963). З інш. пастановак на бел. сцэне: «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава (1961), «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1962), «Трыстан і Ізольда» на муз. Р.Вагнера і «Балеро» на муз. М.Равеля (1963), «Гарэзлівыя частушкі» на муз. Р.Шчадрына (1971; усе са Стукалкінай).
Літ.:
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБЕ́Й (Лідзія Львоўна) (н. 27.6.1925, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Канд.філал.н. (1958). Скончыла БДУ (1951). Працавала ў рэдакцыях час. «Вожык», «Полымя», газ. «Чырвоная змена», выд-ве «Беларусь». Друкуецца з 1946. Аўтар манаграфій «Цётка (Алаіза Пашкевіч)» (1956) і «Хвядос Шынклер» (1959), твораў для дзяцей (зб. апавяданняў «Калібры», 1960, аповесць «Сіні бор», 1972; зб. апавяданняў і казак «Ісці ў разведку», 1989). Пра жыццё і творчасць Цёткі аповесці «На струнах буры» (1966) і «Стану песняй» (1977). Актуальныя праблемы сучаснасці ў аповесцях «Мера часу» (1962), «Экзамен» (1963), «Ваўчкі» (1972). Айч. вайна — гал. тэма аповесцяў «На другой зіме вайны» (1966) і «Сярод ночы» (1968), раманаў «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980), зб. прозы «Мне трэба ехаць» (1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАБО́ЦКІ (Белаблоцкі) Андрэй
(Ян) Хрыстафоравіч, усходнеславянскі філосаф і паэт 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Скончыў Слуцкую кальвінісцкую гімназію, вучыўся ў Францыі, Італіі, Іспаніі. Быў кальвінісцкім прапаведнікам у Слуцку, настаўнікам у Магілёве. З-за ганенняў езуітаў пераехаў у Смаленск, у 1681 — у Маскву, дзе прыняў праваслаўе. Да пераходу ў праваслаўе не прызнаваў афіц. царквы, крытыкаваў Біблію. Веру лічыў асабістай справай кожнага чалавека, філасофію ставіў вышэй за багаслоўе. У яго філас. поглядах перапляталіся ідэі рацыяналізму, дэізму і пантэізму. Адстойваў адзінства душы і цела. Аўтар твораў «Кароткая гутарка літасці з ісцінаю» (1685),
«Вялікая навука Раймунда Люлія» і «Кніга філасофская» (1698—99) і інш. У гал.паэт. творы — паэме «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» — сцвярджаецца марнасць зямнога быцця, апісваюцца карціны пякельных пакут, канца свету. Пераклаў першыя 2 кнігі трактата Фамы Кемпійскага «Аб наследаванні Хрысту».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗІ́ЛА Іосіф, ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст 17 ст. Быў мазырскім харунжым, каралеўскім палкоўнікам і інш. З 1607 знаходзіўся ў лагеры Лжэдзмітрыя II. У 1611—12 удзельнічаў у баявых аперацыях па захопе і ўтрыманні Масквы (адзін з гал. военачальнікаў польск.-літ. гарнізона ў горадзе). Пасля здачы Масквы рус. ваяводу Дз.Пажарскаму сасланы ў Ніжні Ноўгарад, зняволены ў турму (1612—19). Яго дзённік «Гісторыя Дзмітрыя фальшывага» — важная дакумент. крыніца для вывучэння т.зв. смутнага часу. Як літ. помнік вылучаецца вобразнасцю мовы, дынамізмам у апісанні гіст. падзей, яркімі аўтарскімі ацэнкамі, багаццем інфарм. матэрыялу.
Тв.:
Дневник событий, относящийся к Смутному времени (1603—1613 гг.), известный под именем истории ложного Димитрия // Русская историческая библиотека. Т. 1. Памятники, относящиеся к Смутному времени. Т. 1. СПб., 1872.
Літ.:
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977. С. 211—212.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬЯМС (Пётр Уладзіміравіч) (30.4.1902, Масква — 1.12.1947),
рускі тэатр. мастак, жывапісец, графік. Засл. дз. мастацтваў Расіі (1944). Праф. (1947). Вучыўся ў студыі В.Мяшкова (з 1909) і ў Вхутэмасе (1919—24) у К.Каровіна, І.Машкова і інш.Чл.Т-ва мастакоў-станкавістаў (1925—30). Напачатку займаўся станковым жывапісам (партрэт У.Меерхольда, 1925, «Акрабатка», 1926). Ілюстраваў дзіцячыя кнігі. З 1929 у т-ры, у 1941—47 гал. мастак Вялікага т-ра ў Маскве. Тэатр. работы: «Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса (МХАТ, 1934), «Вільгельм Тэль» Дж.Расіні (1942; Дзярж. прэмія СССР 1943), «Папялушка» (1945; Дзярж. прэмія СССР 1946), «Рамэо і Джульета» (1946; Дзярж. прэмія СССР 1947) С.Пракоф’ева — усе ў Вялікім т-ры. У Бел. т-ры оперы і балета аформіў «Пікавую даму» П.Чайкоўскага (1934).
М.Л.Цыбульскі.
П.Вільямс. Эскіз дэкарацый да спектакля «Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса (МХАТ, 1934).