ВІРО́ІДЫ,

вірусападобныя інфекц. агенты, якія ўяўляюць сабой нізкамалекулярную адналанцужковую кальцавую рыбануклеінавую кіслату і ў якіх адсутнічае антыгенная актыўнасць. У адрозненне ад вірусаў не маюць вірыённай стадыі, устойлівыя да процівірусных прэпаратаў, награвання, ультрафіялетавых прамянёў. Выклікаюць хваробы жывёл (скрэйпі авечак, энцэфалапатыі норак і інш.) і раслін (верацёнападобнасць клубняў бульбы, экзакорпіс цытрусавых, карлікавасць хрызантэм і хмелю, бледнаплоднасць агурка і інш.).

Сімптомы захворванняў, што выклікаюцца віроідамі, падобныя да вірусных хвароб: прыгнечанне росту, хлароз лісця, дэфармацыі. Пры экзакорцісе цытрусавых, напр., кара лускаватая, растрэскваецца і адломліваецца ад ствала. Сцёблы бульбы, пашкоджанай віроідамі, прыгнечаныя, выцягнутыя і прамастойныя, клубні верацёнападобныя з выяўленымі над паверхняй вочкамі і рэзкімі бровамі, ураджай клубняў зніжаецца на 20—70%.

Літ.:

Шелудько Ю.М., Рейфман В.Г. Вироиды — новый класс патогенов. М., 1978.

Ж.​В.​Блоцкая.

т. 4, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІ́НТЫ [ад грэч. helmins (helminthos) чарвяк, гліст],

глісты, паразітычныя чэрві, узбуджальнікі глісных хвароб (гельмінтозаў) чалавека, жывёл і раслін. Вядома каля 18 тыс. відаў. Паводле цыкла развіцця падзяляюцца на біягельмінты і геагельмінты. Да гельмінтаў адносяцца чэрві тыпаў плоскія чэрві: трэматоды, або смактуны, і стужачныя чэрві, або цэстоды; з трэматод у чалавека часцей трапляюцца апістархіды, з цэстод — шырокі стужачнік, бычыны*, свіны і карлікавы цэпні, лічынкі эхінакока і альвеакока; круглыя чэрві, або нематоды, — аскарыды, воласагаловы, вастрыцы, трыхінелы, анкіластаміды і інш.; скрэбні, або акантацэфалы; кольчатыя чэрві, або анеліды. Прадстаўнікі скрэбняў і кольчатых чарвей у чалавека паразітуюць рэдка. Гельмінты паразітуюць практычна ва ўсіх органах і тканках. Звычайна заражаюцца гельмінтамі праз ежу, ваду, скуру, плацэнту, пры паяданні прамежкавага гаспадара. Вывучае гельмінты і выкліканыя імі хваробы гельмінталогія.

т. 5, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРО́ФІЛА (Hygrophila),

род кветкавых раслін сям. акантавых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Афрыкі і паўд.-ўсх. Азіі ў вадаёмах, на балотах і інш. вільготных месцах; некаторыя віды трапляюцца як пустазелле на рысавых палях. На Беларусі ў акварыумах культывуюць найчасцей гігрофілу шматнасенную (H. polysperma), зрэдку азёрную (H. lacustris) і гвіянскую (H. guianensis).

Шмат- або аднагадовыя водныя травяністыя расліны з прамым або ўзыходным сцяблом. Кветкі сабраны невял. групамі, рэдка адзіночныя, у пазухах лісця або ў канцавых суквеццях, гермафрадытныя. Плод — каробачка. У гігрофілы шматнасеннай каранёвая сістэма развіта слаба, сцябло доўгае, тоўстае; паветранае лісце простае, вузкае, доўгае, размешчанае супраціўна парамі, апушчанае ў ваду. Лепш расце ў мяккай, слабакіслай вадзе пры т-ры 22—24 °C. Размнажаецца чаранкамі і грунтавымі парасткамі.

Г.​У.​Вынаеў.

Гігрофіла шматнасенная.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПСАВА́ННЕ ГЛЕ́БЫ,

унясенне ў глебу гіпсу для нейтралізацыі залішняй шчолачнасці, шкоднай для многіх с.-г. раслін; спосаб хім. меліярацыі саланцоў і саланцовых глеб. Пры гіпсаванні глебы натрый у глебе замяшчаецца кальцыем, у выніку паляпшаюцца яе фіз., фіз.-хім. і біял. якасці. Глеба становіцца камякаватай, палягчаецца яе апрацоўка, паляпшаюцца водапранікальнасць і аэрацыя, павышаецца ўрадлівасць. На Беларусі гіпсаванне глебы праводзяць з мэтай угнаення (абагачэнне глебы кальцыем і серай).

Для гіпсавання глебы выкарыстоўваюць пераважна сырамолаты гіпс прыродных пакладаў, фосфагіпс (адходы вытв-сці суперфасфату і прэцыпітату), адходы содавай прам-сці. Уносяць перад ворывам і пасля яго пад культывацыю. Эфектыўнасць павялічваецца, калі гіпсаванне глебы спалучаюць з глыбокім ворывам, арашэннем, унясеннем угнаенняў, снегазатрыманнем і затрыманнем талых вод, пасевам шматгадовых траў. Гл. таксама Вапнаванне глебы.

Н.​М.​Івахненка.

т. 5, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДУ́Н, грыжная трава (Herniaria),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Зах. Азіі, пераважна ў Міжземнамор’і. У Беларусі ўсюды трапляецца гладун гладкі (H. glabra) і зрэдку, пераважна ў паўд. раёнах, гладун мнагашлюбны (H. polygama). Растуць на сухіх грунтавых, пераважна пясчаных агаленнях, на пустках, папарах, каля дарог.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з кароткім галінастым распасцёртым сцяблом даўж. 5—20 см, прыціснутым да зямлі накшталт разеткі. Лісце прадаўгавата-эліптычнае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, двух- ці аднаполыя, жаўтавата-зялёныя або белыя ў пазухах верхняга лісця. Плод — шарападобны аднанасенны арэшак. Лек. (мачагонны і вяжучы сродак), дэкар., кармавыя і інсектыцыдныя расліны. Маюць пахучае рэчыва кумарын, сапаніны. Ядавітыя.

Г.​У.​Вынаеў.

Гладун гладкі.

т. 5, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,

ператварэнне горнай пароды ў асобае самастойнае цела прыроды — глебу. Адбываецца ў выніку сукупнасці фіз., хім. і біял. з’яў, што працякаюць у верхнім слоі зямной кары (гл. Глебаўтваральныя фактары). Пачатковая стадыя глебаўтваральнага працэсу — мікрапрацэсы, або элементарныя глебавыя працэсы (ЭГП) 1-га парадку, звязаныя з жыццядзейнасцю ніжэйшых раслін. З цягам часу яны змяняюцца мезапрацэсамі, ці ЭГП 2-га парадку, якія фарміруюць глебавыя гарызонты (утварэнне гумусу, распад і пераўтварэнне мінералаў). Гарызонты ўтвараюць глебавы профіль, у якім працякаюць макрапрацэсы, цесна звязаныя з водным рэжымам. У фарміраванні глебы можа ўдзельнічаць адзін глебаўтваральны працэс або іх сукупнасць. Гасп. дзейнасць уплывае на глебаўтваральны працэс праз асушэнне, арашэнне, угнаенне і апрацоўку глеб. На Беларусі развіваюцца глебаўтваральныя працэсы: дзярновы, буразёмаўтварэнне, ападзольванне, лесіваж, глееўтварэнне, карбанатна- і жалезіста-саланчаковы.

Т.​А.​Раманава.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБ ШЫ́ЗЫ (Columba livia),

птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Паўн. Афрыцы, на Пд Еўразіі. Насяляе скалы, горныя цясніны, яры, абрывістыя берагі рэк. Паўсвойскія галубы шызыя жывуць у паселішчах і пабудовах чалавека ўсюды. На Беларусі трапляецца шматлікі аселы паўсвойскі падвід — голуб шызы звычайны (C.l. livia).

Даўж. цела 33—37 см, маса 240—360 г. Апярэнне шызае, на шыі з металічна-зялёным і фіялетавым адценнем, на паясніцы белая паласа. На крылах 2 папярочныя чорныя палосы, на канцы хваста адна шырокая. Гняздуецца ў трэшчынах скал, норах па абрывах, пад стрэхамі, у нішах пабудоў, на балконах, карнізах. Нясе 2 яйцы. Расліннаедны, корміцца насеннем дзікіх і культ. раслін, рэшткамі ежы чалавека. Ад голуба шызага паходзяць шматлікія пароды дэкар. і паштовых галубоў.

Голуб шызы.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РВІН ((Darwin) Чарлз Роберт) (12.2.1809, г. Шрусберы, Вялікабрытанія — 19.4.1882),

англійскі прыродазнавец, заснавальнік дарвінізму. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1867). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1831). У 1831—36 на караблі «Бігль» прымаў удзел у кругасветным падарожжы, у час якога сабраў матэрыял па фауне і флоры, калекцыі невядомых выкапнёвых жывёл, геал. парод і мінералаў. У асн. навук. працы «Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору» (1859) абагульніў вынікі асабістых назіранняў, дасягненні біялогіі і селекцыйнай практыкі, выявіў асн. фактары эвалюцыі арган. свету. У працы «Змяненне свойскіх жывёл і культурных раслін» (т. 1—2, 1868) разглядаў дадатковы фактычны матэрыял да асн. працы. У кнізе «Паходжанне чалавека і палавы адбор» (1871) абгрунтаваў гіпотэзу паходжання чалавека ад малпападобнага продка. Навук. працы па геалогіі, батаніцы і заалогіі. Гл. таксама Дарвіна прынцып класіфікацыі.

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРНО́ВА-ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ЗАБАЛО́ЧАНЫЯ ГЛЕБЫ, балотна-падзолістыя глебы,

перыядычна залішне ўвільготненыя глебы, якія ўтварыліся пад лісцева-хвойнымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з травяным наземным покрывам. Пашыраны на раўнінных паніжэннях з запаволеным сцёкам паверхневых (атмасферных) вод ці блізкім заляганнем грунтавых вод. Паводле грануламетрычнага складу падзяляюцца на суглінкавыя, супясчаныя і пясчаныя, па ступені залішняга ўвільгатнення — на глеевыя, глеяватыя і слабаглеяватыя. Лішак вільгаці трымаецца 60—200 дзён у годзе, улетку магчымы яе недахоп. Такія глебы маюць часцей высокую кіслотнасць і бедныя элементамі жыўлення раслін, патрабуюць вапнавання. Колькасць гумусу павялічваецца ў залежнасці ад ступені ўвільгатнення: пад прыроднай расліннасцю 10—25%, на ворнай зямлі 2—3,5%. Іх асваенне і акультурванне патрабуе асушальнай меліярацыі. унясення арган. і мінер. угнаенняў, паляпшэння водна-фіз. уласцівасцей.

Т.​А.​Раманава.

т. 6, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАСЁНАКВЕ́ТНЫЯ (Polygonales),

парадак двухдольных кветкавых раслін. Уключае 1 сям. — драсёнавыя, больш за 30 родаў, каля 800 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў паўн. умераных паясах. На Беларусі больш за 30 дзікарослых і каля 10 інтрадукаваных відаў з 9 родаў. Найб. вядомыя роды: грэчка, драсён, рэвень, шчаўе. Сярод Д. лек., кармавыя, каштоўныя харч., дубільныя, фарбавальныя і меданосныя расліны, ёсць ядавітыя.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, кусты, ліяны, рэдка дрэвы (у тропіках). Сцябло галінастае, вузлаватае, каленчатае. Лісце звычайна чаргаванае, рэдка супраціўнае або кальчаковае, простае, суцэльнае ці лопасцевае, з прылісткамі, якія зрастаюцца каля асновы чаранка ў раструб. Кветкі дробныя, звычайна двухполыя, правільныя, трохчленныя, беспялёсткавыя, сабраныя ў складаныя суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Насенне з мучністым эндаспермам.

т. 6, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)