РЭ́СЛІНГ (ад англ. wrestling барацьба),

спартыўныя адзінаборствы, у якіх адзін з сапернікаў імкнецца вымусіць другога дакрануцца плячыма да дывана на падлозе («пакласці на лапаткі»). Налічваецца больш за 50 разнавіднасцей Р. (вольная барацьба, грэка-рымская барацьба, сумо і інш.). Барцы карыстаюцца прыёмамі ў межах правілаў для кожнага віду барацьбы. Адзін з асн. прыёмаў — захват, які дазваляе ўтрымліваць саперніка і кантраляваць яго рухі.

Вядомы са стараж. часоў. Паядынкі паміж барцамі ўваходзілі ў праграму Алімп. гульняў у Стараж. Грэцыі з 708 да н.э. З 1921 аматарскі Р. аб’ядноўвае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (FILA). У праграму сучасных Алімп. гульняў уваходзяць грэка-рымская і вольная барацьба. Па асобных відах Р. штогод праводзяцца чэмпіянаты свету. Спаборніцтвы сярод жанчын праводзяцца з 1988. Паядынкі паміж прафесіяналамі адбываюцца звычайна на рынгу накшталт баксёрскага.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т ЕЎРАПЕ́ЙСКАГА САЮ́ЗА (да 18.11.1993 Савет Міністраў Еўрапейскіх Супольнасцей),

адзін з кіруючых органаў (разам з Еўрапейскім Парламентам, Камісіяй Еўрапейскіх Супольнасцей і інш.) Еўрапейскага Саюза. Утварыўся ў выніку дзейнасці Еўрапейскай Эканамічнай Супольнасці (засн. ў 1957), якая паводле Маастрыхцкага дагавора 1992 разам з інш. Еўрапейскімі Супольнасцямі трансфармавалася ў Еўрап. Саюз (ЕС). Ў Савет ЕС уваходзяць па 1 прадстаўніку ад урадаў усіх 15 краін — членаў ЕС. З’яўляецца заканад. і пагаджальным органам ЕС (вышэйшы за Еўрапарламент). Працуе ў Бруселі на непастаяннай аснове (міністры перыядычна збіраюцца на 1—2-дзённыя пасяджэнні). Абмяркоўвае пытанні фінансаў, эканомікі, знешняй палітыкі (удзельнічаюць адпаведныя міністры); рашэнні прымаюцца кваліфікаванай большасцю. Ад С.Е.С. адрозніваецца Еўрап. Савет — кансультатыўны орган, які складаецца з кіраўнікоў урадаў краін — членаў ЕС.

Літ.:

Штайнер Ю. Еўрапейскія дэмакратыі: Пер. з англ. Мн., 1996. С. 292—293, 295—296.

т. 14, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНА́ЦЫЯ (лац. sanatio лячэнне, аздараўленне) у праве, працэдура конкурснага вядзення справы, якая прадугледжвае пераход права ўласнасці, змену дагаворных і інш. абавязацельстваў, рэарганізацыю, рэструктурызацыю або аказанне фін. падтрымкі даўжніку. Ажыццяўляецца для аднаўлення яго ўстойлівай плацежаздольнасці і ўрэгулявання ўзаемаадносін даўжніка і крэдытораў ва ўстаноўленыя тэрміны. На Беларусі прадугледжана законам «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)» ад 18.7.2000. Уводзіцца гасп. судом на падставе рашэння сходу крэдытораў ці па ўласнай ініцыятыве ў выпадках, прадугледжаных законам. Рашэнне гасп. суда аб С. падлягае неадкладнаму выкананню. Уводзіцца на тэрмін да 18 месяцаў з дня вынясення рашэння аб яе правядзенні, калі інш. не прадугледжана законам. Пасля заканчэння С. эканам. санкцыі за невыкананне плацежных абавязацельстваў, а таксама сумы прычыненых страт, якія даўжнік абавязаны выплаціць крэдытору, могуць быць прад’яўлены да выплаты ў памерах, што існавалі на дату адкрыцця працэдуры банкруцтва.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІДО́ВЕЦ, Свідоўка, Балотніца, Плотніца,

рака ў Жытомірскай вобл. Украіны і ў Гомельскай вобл. Беларусі, правы прыток р. Убарць (бас. р. Прыпяць). Даўж. 61 км, у межах Беларусі — 16 км. Пл. вадазбору 600 км². Пачынаецца за 6 км на ПнЗ ад в. Кованка Алеўскага р-на Жытомірскай вобл., вусце каля в. Картынічы Лельчыцкага р-на (раней рака ўпадала ў р. Лохніца — прыток р. Убарць). Цячэ ў межах Палескай нізіны. Даліна амаль на ўсім працягу невыразная. Пойма ў верхнім і сярэднім цячэнні чаргуецца па берагах, у ніжнім — суцэльная, шыр. да 1,5 км, парасла лесам і хмызняком, месцамі адкрытая, лугавая, у асн. забалочаная. Рэчышча ў верхнім і сярэднім цячэнні слабазвілістае, шыр. 6—8 м, у ніжнім шыр. 15 м, на тэр. Беларусі каналізаванае. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 14, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЙШЫ (ад франц. seiches),

стаячыя хвалі вялікага (ад некалькіх мінут да дзесяткаў гадзін) перыяду, без пашырэння профілю хваль на паверхні замкнёных або паўзамкнёных вадаёмаў. Утвараюцца па інерцыі пасля спынення ветру, сейсмічных штуршкоў, рэзкіх змен атм. ціску або выпадзення інтэнсіўных ападкаў у розных частках вадаёма і інш. Частыя ў азёрах, калі паверхня возера нахіляецца папераменна ў розныя бакі. Нерухомая вось, вакал якой вагаецца люстэрка возера, наз. вузлавой лініяй. С. бываюць адна- і двухвузлавыя, з амплітудамі ад некалькіх міліметраў да некалькіх метраў (напр., у Жэнеўскім воз. амплітуда да 2 м з перыядам больш за 1 гадз). Назіраюцца на азёрах Беларусі: на воз. Нарач выш. хваль да 25 см, перыяды 45—51 мін, на меншых азёрах — 1—2 см, 10—15 мін.

Сейшы: 1 — аднавузлавыя; 2 — двухвузлавыя.

т. 14, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЕРАПІЁНАВЫ БРАТЫ́»

(па назве гуртка сяброў у аднайм. рамане Э.Т.​А.​Гофмана),

літаратурная група ў Петраградзе ў 1921—29. Узнікла пры арг-цыі работнікаў мастацтваў «Дом мастацтваў». Уваходзілі — І.​Груздзеў, М.​Зошчанка, У.​Іванаў, В.​Каверын, Л.​Лунц, М.​Нікіцін, Л.​Палонская, М.​Сланімскі, М.​Ціханаў, К.​Федзін. У «Партызанскіх аповесцях» Іванава, рамантычных баладах Ціханава, сатыр. апавяданнях Зошчанкі, рамане Федзіна «Гарады і гады» і інш. іх творах самабытна і рознабакова адлюстравана рэв. эпоха. Адзіны сумесны зб. — «Серапіёнавы браты» (1922). Падкрэслівалі сваю апалітычнасць. Шмат увагі аддавалі засваенню тэхналогіі мастацтва ў дыяпазоне ад рус. псіхал. рамана да вострасюжэтнай прозы Захаду. За імкненне да эксперыменту «С.б.» часам абвінавачвалі ў фармалізме.

Літ.:

Горький М. Группа «Серапионовы братья» // Литературное наследство. М., 1963. Т. 70;

Каверин В. Освещенные окна. М., 1978. С. 406—544.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЕ́С, Сіеес,

Сьеес (Sieyès) Эмануэль Жазеф (3.5.1748, г. Фрэжус, Францыя — 20.6.1836), дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99. Да рэвалюцыі абат. Аўтар брашуры «Што такое трэцяе саслоўе?» (1789). Ад трэцяга саслоўя Парыжа выбраны дэпутатам у Ген. штаты 1789. Па прапанове С. сход прадстаўнікоў трэцяга саслоўя абвясціў сябе Нац. сходам. С. удзельнічаў у выпрацоўцы Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з заснавальнікаў Якабінскага клуба. У наступныя гады ўхіляўся ад вызначэння сваёй пазіцыі. Будучы чл. Канвента, галасаваў за смяротнае пакаранне Людовіка XIV. Пасля контррэв. тэрмідарыянскага перавароту (1794) разгарнуў актыўную паліт. дзейнасць. Адзін са складальнікаў канстытуцыі 1795, якая ўстанавіла рэжым Дырэкторыі. Актыўна рыхтаваў дзярж. пераварот 18 брумера 1799; стаў адным з трох часовых консулаў, з 1800 чл. Сената. З 1803 чл. Франц. акадэміі. У 1816—30 у выгнанні як «царазабойца».

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСМАНДЗІ́ ((Sismondi) Жан Шарль Леанар Сімонд дэ) (9.5.1773, Жэнева — 25.6.1842),

швейцарскі эканаміст і гісторык. Скончыў Жэнеўскі ун-т. Жыў у Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, у 1798 вярнуўся ў Швейцарыю. З 1833 член франц. Акадэміі маральных і паліт. навук. У працы «Аб камерцыйным багацці» (1803) выступаў за палітыку неўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Потым кардынальна змяніў сваю пазіцыю: сцвярджаў, што неўмяшанне дзяржавы ў эканам. справы прыводзіць да масавых бедстваў («Новыя прынцыпы палітычнай эканоміі», 1819). Асуджаў неабмежаваную канкурэнцыю і перавытворчасць тавараў, якія звязваў з падзелам працы і буйнамаштабнай вытв-сцю. Лічыў, што дробная вытв-сць здольна забяспечыць раўнавагу паміж вытв-сцю і спажываннем і абмежаваць канкурэнцыю. У працах па гісторыі Францыі і Італіі імкнуўся гістарычна абгрунтаваць свае эканам. погляды. Эканам. вучэнне С. паўплывала на тэорыі сацыялізму і ідэі народніцтва.

Ж.Ш.Сісмандзі.

т. 14, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСАЗНА́ЎСТВА,

абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. і інш. навук пра Беларусь і бел. народ — яго сацыяльную і этнічную гісторыю, умовы бытавання, матэрыяльную і духоўную культуру, мову ў іх сучасным стане і гістарычным развіцці. Абазначаецца таксама тэрмінам беларусістыка, які выкарыстоўваецца і ў больш вузкім значэнні — дысцыпліны бел. філалогіі (мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыка) або наогул толькі тыя з іх, што звязаны з вывучэннем бел. мовы. Для абазначэння беларусазнаўства асабліва ў замежным асяроддзі выкарыстоўваюцца тэрміны беларусіка, альбарусіка (ад лац. alba белая + russicus рускі), беларосіка, альбаросіка (з грэч. коранем Rhōs Русь, рускі), беларутэніка, альбарутэніка (ад лац. ruthenicus рускі), рэдка — беларусаведа. Беларусазнаўства ўключае шэраг разгалінаваных навук: гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, эканоміку, этнаграфію, мастацтвазнаўства, кнігазнаўства Беларусі, бел. фалькларыстыку, літаратуразнаўства і мовазнаўства, гісторыю культуры, гісторыю рэлігіі і канфесій на бел. землях і інш. Навукоўцаў, што працуюць у галіне беларусазнаўства, называюць беларусазнаўцамі, беларусаведамі, беларусістамі.

Беларусазнаўства складвалася і развівалася па меры станаўлення асобных навук пра Беларусь і беларусаў, паглыблення дыферэнцыяцыі і адначасова — узаемадзеяння паміж гэтымі навукамі. На ранніх этапах развіцця цесна змыкалася з краязнаўствам. Узнікшы напачатку з памкнення пазнаёміць грамадскасць з малавядомым краем і яго насельнікамі, беларусазнаўства паступова выходзіла за межы чыста пазнавальных мэтаў і стала навукай нац. самапазнання і самавызначэння бел. народа, усведамлення ім уласнага гіст. шляху, неабходнасці захавання нац. формы быцця. У выніку ўсебаковага, комплекснага падыходу да вывучэння Беларусі акрэсліліся змест і задачы беларусазнаўства, яго культ.-пазнавальнае і грамадска-паліт. значэнне. На пач. 20 ст. з пашырэннем ідэй нац. незалежнасці былі зроблены спробы аформіць беларусазнаўства ў абагульнены міждысцыплінарны курс для азнаямлення шырокай грамадскасці з асн. беларусазнаўчай праблематыкай.

Цікавасць да Беларусі і яе народа пачала праяўляцца яшчэ ў старажытнасці. Так, ужо ў стараж.-рус. летапісах прыводзяцца звесткі пра рассяленне, звычаі, заняткі, грамадскі лад, культуру ўсх.-слав. плямёнаў на тэрыторыі, якую займае сучасная Беларусь. Багаты фактычны матэрыял пра сац.-эканам., культ., канфесіянальную і паліт. гісторыю Беларусі змяшчаюць пісьмовыя помнікі 13—18 ст. эпохі ВКЛ — летапісы і хронікі, мемуарная, юрыд., грамадска-філас. і інш. л-ра. У філалагічных дапаможніках 16—17 ст. — граматыках, слоўніках (гл. ў арт. Лексікаграфія), букварах — шырока адзначаліся з’явы бел. мовы. Аднак да 19 ст. гэты фактычны матэрыял падаваўся фрагментарна, без глыбокага навук. асэнсавання. На мяжы 18—19 ст. цікавасць да Беларусі стала прыкметна ўзрастаць. Гэта было звязана з агульным уздымам навукі ў Еўропе (у прыватнасці, славяназнаўства) і з гіст. зменамі ў Беларусі: у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай яна адышла да Расіі. З паліт. меркаванняў Расіі важна было даказаць свае правы на далучаныя землі як на спрадвечную ўласнасць, часова страчаную ў неспрыяльных гіст. абставінах. Самастойнасць бел. народа і яго мовы катэгарычна адмаўлялася афіц. коламі Расіі. У сваю чаргу, прадстаўнікі шавіністычна настроеных слаёў польск. грамадскасці трактавалі Беларусь як частку Польшчы, беларусаў і іх мову разглядалі ў межах «пальшчызны». Вывучэнне Беларусі, такім чынам, ад самага пачатку ішло ва ўмовах вострай ідэалагічнай і паліт. барацьбы розных сац. сіл, саслоўна-класавых і нац.-рэліг. супярэчнасцяў, што адмоўна адбілася на вырашэнні кардынальных праблем беларусазнаўства. Не спрыяла развіццю беларусазнаўства і адсутнасць на Беларусі навук. цэнтраў і арг-цый, якія б узначальвалі і каардынавалі даследаванні з пункту гледжання інтарэсаў бел. народа. Распрацоўка беларусазнаўства часткова ініцыіравалася і падтрымлівалася рознымі навук. і грамадскімі арг-цыямі па-за межамі Беларусі. Прыкметную ролю ў абуджэнні цікавасці да Беларусі адыграў Віленскі ун-т (1803—32), некаторыя яго выкладчыкі займаліся вывучэннем бел. гісторыі, этнаграфіі, помнікаў бел. пісьменства і заахвочвалі да гэтага студэнтаў, якія стварылі гурток бел. філалогіі. Навук. вывучэнне Беларусі распачалі даследчыкі М.​К.​Баброўскі, І.​М.​Даніловіч, З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, Я.​Чачот, Т. і Ю.​Нарбуты і інш. Значную падтрымку ў зборы, навук. апрацоўцы і выданні матэрыялаў пра Беларусь аказалі даследчыкам Расійская АН, ун-ты С.-Пецярбурга, Масквы, Кіева і інш. гарадоў Расіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр. т-ва, Маскоўская і мясц. археаграфічныя камісіі і археал. т-вы, губернскія стат. к-ты і інш. ўстановы. Дзякуючы іх падтрымцы была выяўлена і выдадзена вял. колькасць бел. стараж. рукапісаў і друкаваных кніг: граматы, дагаворы, прывілеі, суд. пратаколы і інш. канцылярска-адм. дакументы, заканад. акты і кодэксы, у т. л. статуты, «судзебнікі» (у зб. «Беларускі архіў старажытных грамат», выдадзены І.​І.​Грыгаровічам у 1-й чвэрці 19 ст., «Руска-лівонскія акты», у шматтомных Актах Заходняй Расіі, Актах Паўднёвай і Заходняй Расіі, «Рускай гістарычнай бібліятэцы», Актах Віленскай камісіі і інш.); летапісы ВКЛ, гіст. запісы і хронікі мясц. і замежных аўтараў (ад «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» 15 ст. да помнікаў пач. 18 ст.); арыгінальныя і перакладныя маст. і публіцыстычныя творы — вершы А.​Рымшы (16 ст.) і Сімяона Полацкага (17 ст.), «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча» (17 ст.), аповесці пра Атылу, Трыстана, Баву (у спісах 16 ст.) і інш.; пераклады рэліг. л-ры (пачынаючы з 15 ст.); навук. творы і палеміка правасл. дзеячаў з католікамі і уніятамі (у якой закраналіся не толькі вузкадагматычныя тэмы, але і з’явы грамадска-паліт. жыцця), драм. творы 17—18 ст. (т.зв. інтэрмедыі, або інтэрлюдыі). Публікаваліся каштоўныя зборы этнагр. і фалькл. матэрыялаў, стат. звесткі па эканоміцы Беларусі і гэтак далей. Аднак у цэлым у вывучэнні Беларусі адсутнічалі мэтанакіраванасць і арганізаваны пачатак, амаль усё залежала ад асабістых інтарэсаў і схільнасцяў даследчыкаў. На пач. 19 ст. працы, што публікаваліся па бел. гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і мове (пераважна ў рус. і польск. друку), не заўсёды вызначаліся дакладнасцю ў падачы фактычнага матэрыялу і навуковасцю яго вытлумачэння. Яны адлюстроўвалі адсутнасць у некаторых аўтараў дакладнага ўяўлення аб прадмеце даследавання і ўвогуле невысокі ўзровень тагачаснай навукі, якая звярталася да бел. матэрыялу спарадычна, выкарыстоўвала яго часцей як пабочны, дадатковы пры разглядзе агульных пытанняў паходжання славян, гісторыі культуры і мовы асобных слав. народаў (пераважна рускага).

Да сярэдзіны 19 ст. паступова назапасіўся вял. фактычны матэрыял, выпрацаваліся больш дасканалыя метады даследавання беларусазнаўства. З’явіліся буйныя беларусазнаўчыя працы: па сац. гісторыі і археалогіі — Я.П. і К.​П.​Тышкевічаў, А.​Кіркора, М.​Ф.​Уладзімірскага-Буданава, М.​К.​Любаўскага, Ф.​І.​Леантовіча, І.​І.​Лапо, У.​К.​Стукаліча, М.​В.​Доўнар-Запольскага, А.​С.​Грушэўскага і інш.; па гісторыі культуры і стараж. пісьменства — П.​У.​Уладзімірава, К.​В.​Харламповіча, І.​І.​Флёрава, І.​А.​Бадуэна дэ Куртэнэ і інш.; па этнаграфіі, фальклоры і мове — І.​І.​Насовіча, П.​А.​Бяссонава, П.​В.​Шэйна, Е.​Р.​Раманава, У.​М.​Дабравольскага, П.​П.​Чубінскага, М.​Я.​Нікіфароўскага, М.​Федароўскага, М.​А.​Янчука, А.​І.​Сабалеўскага, А.​А.​Патабні, І.​А.​Нядзёшава і інш. Большасць даследчыкаў і збіральнікаў этналінгвістычных матэрыялаў паходзілі з Беларусі, многія прытрымліваліся прагрэсіўных поглядаў, усведамлялі сваю сувязь з бел. народам і самаахвярна яму служылі. Але нават і ў тых выпадках, калі даследчыкі глядзелі на Беларусь як на этнічную і дзярж. правінцыю Расіі ці Польшчы, сваімі працамі яны так або інакш сцвярджалі самабытнасць беларусаў, абуджалі цікавасць грамадскасці да іх гіст. лёсу. У канцы 19 ст. сфарміраваўся комплекс асн. (традыцыйных) раздзелаў (навук) беларусазнаўства. Вынікі даследаванняў у галіне беларусазнаўства падвёў Я.​Ф.​Карскі ў 1-м томе манаграфіі «Беларусы» (Варшава, 1903), дзе акрэсліў у абагульненым выглядзе асн. праблематыку беларусазнаўства, паказаў супярэчлівасць поглядаў тагачаснай навукі на Беларусь і яе народ, вызначыў найменш распрацаваныя раздзелы беларусазнаўства і намеціў перспектывы далейшых даследаванняў. У канцы 19 ст. ўсё часцей сталі з’яўляцца працы, у якіх яскрава праявіўся падыход да беларусаў як да асобнай, самастойнай фармацыі ў сям’і слав. народаў. Аб самастойнасці бел. народа і яго мовы сцвярджалі некаторыя вучоныя і грамадскія дзеячы яшчэ ў 1-й пал. 19 ст. А.​Міцкевіч, Я.​Чачот, З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, М.​Вішнеўскі, А.​К.​Ельскі (у польск. друку), М.​І.​Надзеждзін, П.​М.​Шпілеўскі, М.​А.​Максімовіч (у расійскім). У польск. навуцы погляд на беларусаў як на асобны слав. народ пад канец 19 ст. стаў пануючы. У рус. навуцы яго рашуча падтрымліваў рус. гісторык і філолаг А.​А.​Шахматаў. Карскі таксама разглядаў беларусаў і бел. мову ў якасці самастойных, хоць з-за цэнзурных умоў быў вымушаны карыстацца тэрмінамі «бел. племя», «мова бел. племені» замест «бел. народ», «бел. мова». Прызнанне беларусаў самастойным народам шырылася разам з ростам іх нац. самасвядомасці, абуджэннем ідэй адраджэння нацыянальнага, што прагучалі ўжо ў публіцыстыцы К.​Каліноўскага, асабліва моцна — у творчасці Ф.​Багушэвіча і інш. бел. пісьменнікаў, у дзейнасці бел. народнікаў (гл. «Гоман»). На пач. 20 ст. з нарастаннем рэв. ўздыму па ўсёй Расіі ідэі сац. і нац. разняволення прыгнечаных народаў набылі асаблівую сілу, у т. л. на Беларусі. Адмена ў 1905 забароны бел. друку дала новы штуршок развіццю бел. друкаванага слова і распрацоўцы праблем беларусазнаўства. Кола даследчыкаў пашырылася дзякуючы прытоку нац. свядомых людзей, якія па-новаму сталі асвятляць кардынальныя праблемы гісторыі бел. народа, паходжання бел. мовы і г.д. Абмеркаванне гэтых пытанняў выйшла за межы акад. навукі, у яго ўключыліся прадстаўнікі розных грамадскіх арг-цый, паліт. партый, прэса (напр., газ. «Наша ніва» і інш.). У 1910 у Вільні была выдадзена першая навук. праца на бел. мове «Кароткая гісторыя Беларусі» В.​Ю.​Ластоўскага, у якой намеціўся рашучы паварот навукі ад традыц. поглядаў на гісторыю Беларусі як на частку гісторыі Расіі ці Польшчы. Рэв. падзеі 1917 паставілі пытанне аб укараненні здабыткаў беларусазнаўства непасрэдна ў асв. практыку. У 1918 у Маскве ў Беларускім народным універсітэце дасведчанымі беларусазнаўцамі У.​І.​Пічэтам, Дз.​М.​Анучыным, Янчуком, П.​А.​Растаргуевым, З.​Ф.​Жылуновічам (Ц.​Гартны) упершыню быў прачытаны сістэматызаваны курс лекцый па беларусазнаўстве (частка іх была выдадзена ў 1918—20 асобнай кнігай пад назвай «Курс беларусазнаўства»).

З абвяшчэннем БНР, а затым БССР беларусазнаўства стала дзярж. справай. Цэнтр беларусазнаўчых даследаванняў перамясціўся на Беларусь. Напачатку яны былі сканцэнтраваны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (засн. ў 1921) і Інстытуце беларускай культуры (засн. ў 1922), на базе якога ў 1929 створана Акадэмія навук Беларусі з разгалінаванай сістэмай беларусазнаўчых ін-таў. Было наладжана выданне спец. л-ры, перыяд. навук. выданняў («Запіскі аддзела гуманітарных навук Інстытута беларускай культуры», «Працы БДУ»), а таксама розных грамадска-паліт. і літ.-крытычных часопісаў. У 1920—21 беларусазнаўства як прадмет пачала вывучацца ў школах, гуртках і на курсах, у сувязі з чым вялася падрыхтоўка настаўнікаў і лектараў-беларусазнаўцаў (гл. ў арт. Вышэйшыя курсы беларусазнаўства). Асв. і навук. беларусазнаўства развівалася і ў Зах. Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут існавалі бел. школы, яны забяспечваліся адпаведнымі падручнікамі, на бел. мове друкаваліся грамадска-культ. і навук. часопісы, дзе публікаваліся даследаванні па беларусазнаўстве (гл. ў арт. Беларускае навуковае таварыства, Таварыства беларускай школы ў Вільні). Пасля 1-й сусв. вайны навук. асяродак беларусазнаўства (Навуковае таварыства імя Ф.​Скарыны) склаўся таксама ў Чэхіі, дзе ў Пражскім Карлавым ун-це праходзілі навучанне многія студэнты-беларусы, што апынуліся па-за межамі СССР. Былі створаны Бел. навук. т-ва ў Рызе, Бел. камітэт у Чыкага і інш. Развіццю беларусазнаўства спрыяў узяты ў краіне на пач. 1920-х г. курс на беларусізацыю. Аднак у канцы 1920—30-х г. рэпрэсіі ўлад супраць нац. кадраў, барацьба з т.зв. бурж. нацыяналізмам нанеслі вял. страты беларусазнаўству. За «адыход ад марксісцка-ленінскай метадалогіі», «праяўленне буржуазнага нацыяналізму» ў БССР панеслі значныя страты кадры беларусазнаўцаў, амаль поўнасцю спынілася сур’ёзная даследчыцкая праца ў галіне беларусазнаўства. Аднаўляцца яна пачала толькі пасля Вял. Айч. вайны, але так і засталася ў рэчышчы паліт. дактрыны КПСС.

За пасляваенныя гады на Беларусі аднавіліся кадры беларусазнаўцаў, павялічылася іх колькасць за мяжой, былі створаны новыя н.-д. і навуч. ўстановы, узніклі новыя навук. выд-вы і перыяд. выданні, навук. кірункі, адбылося далейшае разгалінаванне навук пра бел. народ, беларусазнаўчыя даследаванні набылі шырокі размах. Склалася эміграцыйнае беларусазнаўства (у ЗША, Канадзе, Англіі, ФРГ) як альтэрнатыўнае савецкаму беларусазнаўству. За мяжой пачала выдавацца беларусазнаўчая перыёдыка: «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, «The Journal of Byelorussian Studies» (гл. «Джорнал ов беларашн стадыз»), «Occasional Papers in Belarusian Studies» («Альманах беларускіх даследаванняў») у Лондане і інш., бел. матэрыялы друкуюць самыя розныя (перш за ўсё славістычныя) замежныя выданні «Slavia» («Славія», Прага), «Slavia Orientalis» («Усходняя Славія», Варшава), «Zeitschrift für Slawistik» («Славяназнаўчы часопіс», Берлін) і інш. Аднак ідэалаг. супрацьстаянне «савецкай» навукі «заходняй», «буржуазнай» не спрыяла развіццю беларусазнаўства ў краіне. Улады ўсімі метадамі імкнуліся ізаляваць «савецкае» беларусазнаўства ад «заходняга», не дапусціць пры вырашэнні яго кардынальных праблем ніякіх адхіленняў ад ідэалаг. догмаў КПСС. Тым не менш за пасляваенны час у краіне і за яе межамі было створана нямала прац, якія трывала замацаваліся ў залатым фондзе беларусазнаўства. З 2-й паловы 1980-х г. стварыліся ўмовы для ўсебаковага, аб’ектыўнага даследавання беларусазнаўчай праблематыкі. Сталі агульнадаступныя тыя працы па беларусазнаўстве, што былі забаронены сав. уладай, з’явілася магчымасць абмяркоўваць тэмы, якіх раней у краіне нельга было закранаць або якія вырашаліся адназначна, толькі з пазіцый марксізму-ленінізму і паліт. інтарэсаў улады. Узніклі новыя грамадска-паліт. і навук. перыядычныя выданні па розных галінах беларусазнаўства. Створаны новыя грамадска-культ. і н.-д. ўстановы і арг-цыі: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.​Скарыны з аддзелам беларусазнаўства; адкрыты беларусазнаўчыя кафедры, аддзяленні і ф-ты ў ВНУ, у якіх беларусазнаўства выкладаецца як абавязковы прадмет. У 1991 заснавана Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ), якая аб’ядноўвае каля 600 навукоўцаў з розных краін свету, рэгулярна праводзіць навук. кангрэсы для абмеркавання праблем беларусазнаўства і вызначэння кірункаў яго развіцця.

Дасягненні беларусазнаўства ў розных яго галінах асвятляюцца ў адпаведных артыкулах «Беларускай савецкай энцыклапедыі» (т. 1—12, 1969—75), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—2, 1993—94), энцыклапедычных даведніках «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Беларуская мова» (1994) і інш.

Літ.:

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 1—5. Мн., 1993—95.

Л.​М.​Шакун.

т. 2, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕЖАВА́ЛЬНЫЯ ЗАКО́НЫ па землеўладанні і землекарыстанні,

сукупнасць расійскіх нарматыўных актаў па абмежаванні маёмасных правоў насельніцтва Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў сферы землеўладання і землекарыстання. Пасля далучэння гэтых тэрыторый да Рас. імперыі канфіскоўваліся маёнткі памешчыкаў, якія адмовіліся прысягаць расійскім імператарам, землі ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31, 1863—64 падлягалі і секвестру (у гэтым выпадку ўладальнік павінен быў прадаць зямлю або абмяняць яе на маёнтак ва ўнутраных раёнах Расіі). У 1864—65 набываць зямлю (за выключэннем пераходу па спадчыне) і ўступаць у землекарыстанне было забаронена «асобам польскага паходжання» і яўрэям. У 1860—1-й пал. 1870-х г. канфіскаваны або секвестраваны сотні зямельных участкаў ваколічнай шляхты. У 1882 у сельскай мясцовасці мяжы аселасці яўрэям забаронена арандаваць, браць у заклад ці кіраванне зямельную маёмасць усіх відаў. У 1884 аналагічны закон прыняты да «асоб польскага паходжання». З 1887 на Беларусі (апрача Магілёўскай губ.) права куплі зямлі пазбаўлены іншаземцы. У канцы 1860-х—80-я г. пэўныя абмежаванні ўведзены і для сялян (напр., яны маглі купляць канфіскаваныя або секвестраваныя маёнткі толькі цалкам). У выніку абмежавальных законаў плошча зямель мясц. памешчыкаў на Беларусі паменшылася з 7,5 млн. дзес. (78,4%) да 4,1 млн. дзес. (42,4%). Пад уплывам рэв. руху ў пач. 20 ст. шэраг абмежавальныя законы скасаваны, астатнія праіснавалі да 1917.

Літ.:

Громачевский С.Г. Ограничительные законы по землевладению в Западном крае с мотивами и разъяснениями. Спб., 1892;

Жукович П.И. О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России. Спб., 1895.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)