ЭЛАСЦІ́Н (ад грэч. elasticus пругкі),
фібрылярны бялок з групы склерапратэінаў; асн. кампанент эластычных валокнаў злучальнай тканкі, які надае ёй пруткасць. У беспазваночных жывёл Э. адсутнічае, у млекакормячых — бялок, нерастваральны ў вадзе, у разбаўленых растворах солей, шчолачаў і кіслот. Па расцяжнасці блізкі да каўчуку. Гідроліз Э. адбываецца пры ўздзеянні на яго ферменту эластазы, што выдзяляецца з падстраўнікавым сокам. Лічыцца, што падстраўнікавая залоза драпежных пазваночных мае эластазы болей за траваедныя. У арганізме на Э. багатыя шыйныя звязкі і сценка аорты (40—60% Э. на сухую масу). У многіх тканках трапляецца разам з калагенам, з якім мае шэраг агульных уласцівасцей.
А.С.Леанцюк.
т. 18, кн. 1, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)