МО́ЎЧАДЗЬ, Моўчадка,

рака ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 98 км. Пл. вадазбору 1140 км². Пачынаецца каля в. Кузевічы Баранавіцкага р-на, цячэ пераважна па Навагрудскім узв. Асн. прытокі: Сваротва, Ятранка, Паніква, Промша (справа), Івязянка, Дзятлаўка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. каля 1,5 км. Пойма двухбаковая, часткова забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі. Схілы спадзістыя, сярэдне стромкія, на ўсім працягу верхняга і сярэдняга цячэння перарывістыя, тэрасы шыр. да 1,5 км. Рэчышча моцназвілістае, каля 10 км каналізаванае, паміж вёскамі Дварэц і Агароднікі Дзятлаўскага р-на і ў ніжнім цячэнні невял. астравы. За 9 км ад вусця — ГЭС і Гезгальскае вадасховішча; у сутоках М. і Ятранкі г.п. Наваельня, на зах. ускраіне якога курортная зона і санаторый. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/с.

т. 10, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДНАГА МАСТА́ЦТВА,

філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты 12.12.1979 у в. Раўбічы Мінскага р-на ў будынку б. касцёла. Пл. экспазіцыі і выставачнай залы 400 м², больш за 500 экспанатаў (2000). У музеі вырабы ткацтва, разьбы па дрэве, керамікі, саломапляцення 16—20 ст., большасць прадметаў канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў драўляная браціна 16 ст., разное культавае начынне 18 ст. (укрыжаванне, фрагменты прыдарожных крыжоў), плеценыя з саломы царскія вароты, жаночае нар. адзенне і святочнае ўбранства, камянецкія прасніцы, узоры мотальскіх, неглюбскіх, краснапольскіх, пінска-івацэвіцкіх ручнікоў, гараднянскай, дубровенскай, івянецкай, пружанскай керамікі, тканыя дываны і посцілкі з розных рэгіёнаў Беларусі, творы сучасных бел. майстроў дробнай пластыкі, саломапляцення, інкрустацыі і інш. Музей наладжвае выстаўкі тэматычныя і прыватных калекцый.

Літ.:

Музей беларускага народнага мастацтва: [Фотаальбом]. Мн., 1983.

І.​М.​Паньшына.

т. 11, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖНЕДУНА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА, Румынская нізіна. На Пд Румыніі і Пн Балгарыі. Цягнецца ўздоўж р. Дунай ад Жалезных Варот да Чорнага м. Даўж. 560 км, шыр. 40—120 км. Размешчана на месцы тэктанічнага прагіну, складзена з лёсаў і алювію. Паверхня ўзгорыстая, расчлянёная рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі, шмат азёр і балот. Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -1 да -3 °C, ліп. 22—23 °C. Ападкаў 400—600 мм за год. Лета засушлівае, зімовае снегавое покрыва няўстойлівае. У р. Дунай, што перасякае Н.р., упадаюць злева шматлікія рэкі, у т. л. Жыў, Олт, Арджэш, Яламіца, Сірэт. Тэрыторыі разараны (пасевы збожжавых, цукр. буракоў; сады, вінаграднікі). На водападзелах месцамі рэдкастойныя дубовыя лясы. Па поймах лясы з вярбы, вольхі, асіны чаргуюцца з вільготнымі лугамі і трыснягова-асаковымі балотамі. На Н.р. сталіца Румыніі Бухарэст.

т. 11, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛО́Г,

злачынства, якое выяўляецца ў падробцы сапраўдных або ў складанні фальшывых дакументаў. Адрозніваюць службовы П. і П., які ўчыняецца прыватнай асобай. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць за: выпуск (эмісію) службовай асобай суб’екта гаспадарання каштоўных папер без іх рэгістрацыі ва ўстаноўленым парадку, а таксама выкарыстанне заведама падложных дакументаў для іх рэгістрацыі; П. праспекта эмісіі каштоўных папер; П. выбарчых дакументаў (па выніках выбараў і рэферэндумаў), заведама няправільны падлік галасоў або парушэнне тайны галасавання, учыненыя членам выбарчай камісіі або службовай асобай дзярж. ці грамадскага органа; службовы П., учынены з карыслівай або інш. асабістай зацікаўленасці; падробка знакаў паштовай аплаты і праязных білетаў, падробка, выраб або збыт падробных дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў. Найб. небяспечным злачынствам з’яўляецца П. грашовых знакаў і каштоўных папер, якія знаходзяцца ў абарачэнні (гл. Фальшываманецтва).

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСО́ЧКА,

спосаб атрымання жывіцы, цукрыстых сокаў і латэксу натуральнага з дрэў шляхам штучнага паранення ствалоў у перыяд вегетацыі.

На ствале спелага дрэва робяць косыя зрэзы, якія ўскрываюць смаляныя хады, і накіравальны жалабок, па якім жывіца сцякае ў прыёмнікі. Для стымуляцыі выдзялення ці змянення хім. саставу смалы зрэз апрацоўваюць хім. стымулятарамі. Пашырана таксама П. бярозы для атрымання бярозавага соку. З пачаткам руху соку ў ствале свідруюць невял. адтуліны, пад якія змяшчаюць жалабок і посуд для соку. П. аслабляе дрэвы, таму яе праводзяць за 10—15 гадоў да высечкі.

Забаронена П. ў запаведніках, заказніках, нац. парках, дрэў ці насаджэнняў — помнікаў прыроды, насенных дрэў. Для павышэння жыццеўстойлівасці падсочаных дрэў і актывізацыі працэсаў смола- і сокаўтварэння праводзяць іх падкормку, біял. меліярацыю і інш. На Беларусі асн. прамысл. значэнне мае П. хвоі звычайнай.

Г.​В.​Юзафовіч.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦЯРУ́ХА (Сцяпан Піліпавіч) (27.8. 1904, в. Калядзічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.3.1982),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1953). За ўдзел у стварэнні арг-цыі КПЗБ у Палескім ваяв. ў 1925—27 зняволены ў турму. З 1928 сакратар Пружанскага падп. райкома КПЗБ. Адзін з кіраўнікоў забастоўкі лесарубаў Белавежскай пушчы (1932). У 1932—37 зняволены ў турму, у 1938—39 у Бяроза-Картузскі канцлагер. У Вял. Айч. вайну нам. упаўнаважанага ЦК КП(б)Б па Брэсцкай вобл. чл. Брэсцкага падп. абкома, сакратар Пружанскага падп. райкома КП(б)Б. У чэрв.—ліп. 1943 камісар партыз. брыгады імя Панамарэнкі Брэсцкай вобл. Пасля вайны на парт. рабоце ў Брэсцкай вобл. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1940—46.

М.​П.​Клімец.

т. 12, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШПАРТ (франц. passeport ад passe праход + port гавань),

афіцыйны дакумент, які сведчыць асобу і грамадзянства яго ўладальніка. Паводле палажэння аб пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай урада ад 14.7.1993, П. выдаецца асобам, якія дасягнулі 16 гадоў і пражывалі на тэр. краіны на дзень прыняцця закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» (18.10.1991) або набылі грамадзянства ва ўстаноўленым парадку. П. утрымлівае фотакартку, прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, дату і месца нараджэння, звесткі пра пол прад’яўніка, сямейнае становішча, месца жыхарства і інш., ідэнтыфікацыйны нумар. Са згоды грамадзяніна ў яго П. можа быць унесены запіс пра групу і рэзус-фактар крыві. П. сведчыць асобу грамадзяніна ў межах краіны і за мяжой. Запісы зроблены на бел., рус. і англ. мовах. Апрача агульнаграмадзянскага П. існуюць дыпламат. і службовыя П.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІПЕПТЫ́ДЫ,

арганічныя злучэнні, якія маюць астаткі амінакіслот (ад 6—10 да некалькіх дзесяткаў). Умоўная мяжа паміж П. і бялкамі знаходзіцца ў вобласці малекулярнай масы 6000 (ніжэй за яе — П., вышэй — бялкі). Бялкі сінтэзуюцца на рыбасомах у выглядзе поліпептыдных ланцугоў і маюць адзін або некалькі такіх ланцугоў, кожны з якіх сінтэзуецца асобна, а потым злучаюцца паміж сабой (напр., гемаглабін). У арганізме П. ўтвараюцца пры ферментатыўным расшчапленні бялкоў (аўтоліз тканак, страваванне і інш.) і пры біясінтэзе з амінакіслот. Простыя П. — крышталічныя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, па фіз. і хім. уласцівасцях блізкія да амінакіслот. Складаныя П. — аморфныя, з вадой утвараюць калоідныя растворы. Многія прыродныя П. маюць біял. актыўнасць гармонаў, антыбіётыкаў і таксінаў. Сінт. П. выкарыстоўваюць у якасці мадэлей пры вывучэнні будовы і біял. актыўнасці бялкоў. Гл. таксама Пептыды.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖА́НСКІ (Фелікс) (?—пасля 1903),

бел. паэт, мемуарыст, удзельнік рэв. руху 1860-х г. Працаваў каморнікам. У 1861 увайшоў у Гродзенскую рэв. арг-цыю К.Каліноўскага. Удзельнічаў у выданні і распаўсюджванні газ. «Мужыцкая праўда», вёў агітацыю сярод нар. мас. У 1863 у паўстанцкіх атрадах В.Урублеўскага. Пасля паўстання эмігрыраваў у Кракаў. Аўтар паўстанцкіх песень на бел. мове «Гэй-га разам, хлопцы...», «Ах ты, мая чарнаброва...» (апубл. ў 1865 б. паўстанцам І.​Арамовічам) і інш., успамінаў «З Гродзенскага ваяводства» (1903), якія з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі рэв. руху 1860-х г. на Гродзеншчыне, утрымліваюць важныя факты з біяграфіі Каліноўскага.

Тв.:

[Песні] // Aramowicz I. Marzenia: Pamiętnik o ruchu partyzanckim w województwie Grodzieńskiem w 1863 i 1864 r. Bendlikon, 1865. S. 21—23;

Гродзенская арганізацыя // Каліноўскі К. За нашую вольнасць: Творы, дак. Мн., 1999.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 13, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДО́ЛЬФ II (Габсбург) (Rudolf; 18.7.1552, Вена — 20.1.1612),

імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» і эрцгерцаг Аўстрыі ў 1576—1612; кароль Венгрыі [1572—1608] і Чэхіі [1575—1611]. З дынастыі Габсбургаў. Сын імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Максіміляна II, пляменнік (па маці) ісп. караля Філіпа II. У 1572 атрымаў венг. карону, у 1575 — чэш. карону і ў 1576 у спадчыну ад бацькі тытулы імператара і эрцгерцага. Праводзіў у цэлым антыпратэстанцкі курс (гл. Контррэфармацыя), але з-за супраціўлення гэтаму ў Венгрыі (рух пад кіраўніцтвам І.​Бочкаі) і Чэхіі даў свабоду веравызнання венг. і чэш. пратэстантам (адпаведна ў 1607 і 1609). У выніку міжусобнай барацьбы з братам Маціясам саступіў апошняму ўладу над Верхняй і Ніжняй Аўстрыяй, Венгрыяй, Маравіяй (1608) і Чэхіяй (1611). Супраціўляўся тур. экспансіі (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.).

У.​Я.​Калаткоў.

Рудольф II.

т. 13, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)