СО́НЕЧНІКІ (Heliozoa),

клас (раней падкл.) прасцейшых падтыпу саркодавых. Некалькі дзесяткаў прэснаводных і марскіх відаў. На Беларусі найб. пашыраны ў сажалках і канавах: Actinosphaerium eichhorni, Actinophrys sol, клатруліна зграбная (Clathrulina elegans).

Цела дыям. да 1 мм, шарападобнае з ніткападобнымі радыяльнымі адросткамі — аксаподыямі. Па восі кожнай аксаподыі праходзіць пучок мікратрубачак. Частка С. пазбаўлена мінер. шкілета, у некат. ён з крэменязёму. У вегетатыўных форм адно ці некалькі ядраў, бывае больш за 200. Маюць пульсуючую і стрававальную вакуолі. Размнажэнне бясполае (дзяленне папалам, пачкаванне) і палавое (з утварэннем амёбападобных, радзей жгуцікавых гамет). Кормяцца водарасцямі, дробнымі прасцейшымі, калаўроткамі і інш.

Сонечнікі. 1 — актынофрыс сол; 2 — актынасферыум эйхорні; 3 — клатруліна зграбная.

т. 15, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)