група захворванняў анімальнай (цэнтр. і перыферычнай) і вегетатыўнай нерв.сістэм. Бываюць прыроджаныя і набытыя, спадчынныя і няспадчынныя. Набытыя і няспадчынныя Н.х. абумоўлены біял. (вірусы, мікробы, рыкетсіі, грыбкі, жывыя паразіты), траўматычнымі, таксічнымі, алергічнымі, радыенукліднымі і інш. ўздзеяннямі. Асобна вылучаюць пухліны і сасудзістыя захворванні нерв. сістэмы. Умоўна Н.х. падзяляюць на арган. (у аснове структурныя змены розных аддзелаў нерв. тканкі) і функцыян. (абумоўлены вострымі і хранічнымі псіхатраўміруючымі ўздзеяннямі — неўрозы, што ўзнікаюць пры мінім. выражаных марфал. расстройствах). Бываюць інфекц. хваробы нерв. сістэмы, сасудзістыя захворванні (найб. пашыраны, напр., інсульт — адна з гал. прычын інваліднасці і смяротнасці насельніцтва). Праяўляюцца суб’ектыўнымі (скаргі на галаўны боль, галавакружэнне, дваенне ў вачах, моташнасць, ірвота і інш.) і аб’ектыўнымі парушэннямі ў выглядзе паралічоў і парэзаў рук і ног, мышачных атрафій, парушэнняў каардынацыі рухаў і інш. Лячэнне Н.х. комплекснае: тэрапеўт. ў спалучэнні з фізіятэрапіяй, псіхатэрапіяй, санаторна-курортным лячэннем; у некат. выпадках — нейрахірург. аперацыі. Выкарыстоўваюць таксама нетрадыц. метады (напр., гамеапатыя).
Літ.:
Болезни нервной системы: Руководство для врачей. Т. 1—2. М., 1995;
Марков Д.А. Основы восстановительной терапии (медицинской реадаптации и реабилитации) заболеваний нервной системы. Мн., 1973;
Шанько Г.Г. Болезни нервной системы у детей: Мед. книга для родителей: В 3 т.Т. 1. Эпилепсия и припадки у детей. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПЕРНЫ ТЭА́ТР ЗІМІНА́,
«Опера С.І.Зіміна», прыватны тэатр Расіі. Існаваў у 1904—17 у Маскве. Развіваў традыцыі Маскоўскай прыватнай рускай оперы. Адкрыты спектаклем «Майская ноч» М.Рымскага-Корсакава на сцэне т-ра «Акварыум». Пазней спектаклі ставіліся на розных сцэнах. Уключаў хор, аркестр, балетную трупу. Пастановачнымі працэсамі кіраваў Зімін, гал.рэж.т-ра (з 1907) П.Аленін. У рэпертуары пераважалі забытыя айч. творы і навінкі рус. і замежнай музыкі.
У розны час у т-ры працавалі: спевакі М.Бачароў, В.Дамаеў, М.Данец, Ю.Кіпарэнка-Даманскі, В.Пятрова-Званцава, М.Спяранскі, А.Цвяткова, Н.Ярмоленка-Южына, рэжысёры А.Іваноўскі, Ф.Камісаржэўскі, А.Пятроўскі, муз. кіраўнікі — М.Іпалітаў-Іванаў, М.Багрыноўскі, Э.Купер, А.Пазоўскі, І.Паліцын, Я.Плотнікаў, Ю.Слівінскі. Спектаклі афармлялі мастакі І.Білібін, А.Васняцоў, А.Галавін, П.Канчалоўскі, С.Малюцін, В.Паленаў, М.Рэрых. В.Сяроў, Ф.Федароўскі і інш. На сцэне т-ра выступалі вакалісты Ф.Шаляпін, Л.Собінаў, М.Батыстыні, Дж.Ансельмі, М.Гай, Л.Кавальеры, Ціта Руфа, балерына М.Кшасінская і інш. З 1917 дзярж.т-р (у 1919—20 Малая дзярж. опера, у 1921 Т-рмуз. драмы, у 1922—24 акц.т-ва «Першая свабодная опера С.І.Зіміна»).
Літ.:
Боровский В. Московская опера С.И.Зимина. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГЛЫНА́ННЕ СВЯТЛА́,
змяншэнне інтэнсіўнасці аптычнага выпрамянення (святла) пры праходжанні яго праз рэчыва.
Апісваецца Бугера-Ламберта-Бэра законам, які выконваецца пры адносна невял. інтэнсіўнасцях святла. Залежнасць каэфіцыента паглынання рэчыва ад даўжыні хвалі святла наз. спектрам паглынання (гл.Спектры аптычныя). Спектр паглынання адасобленых атамаў (напр., разрэджаных газаў) складаецца з вузкіх ліній, якія адпавядаюць частотам уласных ваганняў электронаў у атамах. Малекулярны спектр вызначаецца ваганнямі атамаў у малекулах і складаецца са значна больш шырокіх абласцей даўжынь хваль з істотным П.с. (палос паглынання). П.с. ў цвёрдых целах характарызуецца шырокімі абласцямі паглынання і вял. значэннем каэфіцыента паглынання. У светлавых пучках вял. інтэнсіўнасці закон Бугера—Ламберта—Бэра П.с. парушаецца (нелінейнае П.с.), што абумоўлена вял. доляй паглынальных часціц ва ўзбуджаным стане, не здольных паглынаць святло. Калі ў паглынальным асяроддзі створана інверсія заселенасці (гл.Актыўнае асяроддзе), то кожны фатон зыходнага патоку святла мае большую імавернасць выклікаць выпрамяненне такога ж фатона, чым быць паглынутым самому (гл.Вымушанае выпрамяненне). На гэтым заснаваны прынцып работы квантавых генератараў і квантавых узмацняльнікаў. Працэс П.с. выкарыстоўваецца ў розных галінах навукі і тэхнікі, на ім заснаваны многія метады колькаснага і якаснага хім. аналізу, напр., абсарбцыйны спектральны аналіз, спектрафотаметрыя, колераметрыя.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Квантовая теория взаимодействия света и вещества. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДШЫ́ПНІК,
апора вярчальных дэталей (валоў, восей), якая ўспрымае ад іх нагрузку і забяспечвае свабоднае іх вярчэнне. Шырока выкарыстоўваецца ў машынах, механізмах, прыладах і інш.
П. качэння складаюцца з унутранага і вонкавага кольцаў, цел качэння (шарыкаў ці ролікаў) і сепаратара, які ўтрымлівае целы качэння на пэўнай адлегласці адно ад аднаго Целы качэння верцяцца паміж паверхняй дэталі (вала) і апоры, значна зніжаюць трэнне Бываюць шарыкавыя і ролікавыя (цыліндрычныя, канічныя, сферычныя, сфераканічныя); адна-, двух- і шматрадныя; радыяльныя, радыяльна-ўпорныя, упорныя (падпятнікі), розных памераў і класаў дакладнасці. У П. слізгання цапфа вала слізгае непасрэдна па апорнай паверхні, якая бывае цыліндрычнай, канічнай ці шаравой формы Працуюць ва ўмовах паўвадкаснага і вадкаснага трэння. Звычайна гэты П. — адтуліна з нераздымнай утулкай (ці з 2 паўцыліндрычнымі раздымнымі ўкладышамі) з антыфрыкцыйнага матэрыялу, у якой размешчаны вярчальны вал. Каб зменшыць трэнне, знос і награванне П. змазваюць змазачнымі матэрыяламі.
На Беларусі П. вырабляе Мінскі падшыпнікавы завод. Гл. таксама Падшыпнікавая прамысловасць.
Падшыпнікі: а — будова падшыпніка слізгання (1 — вал, 2 — укладыш, 3 — кольца змазкі); б — падшыпніка качэння (1 — знешняе кольца, 2 — унутранае кольца, 3 — шарык, 4 — сепаратар); в — тыпы шарыкападшыпнікаў (верхні рад) і ролікападшыпнікаў (ніжні рад): 1 — радыяльны аднарадны, 2 — двухрадны сферычны, 3 — упорны аднарадны, 4 — радыяльна-ўпорны, 5 — з цыліндрычнымі ролікамі, 6 — двухрадны сферычны, 7 — з канічнымі ролікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНОЧНАБЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён позняга неаліту і бронзавага веку, якія ў канцы 3-га — 3-й чвэрці 2-га тыс. да н.э. жылі на тэр. сучасных Віцебскай, Пн Мінскай абл. Беларусі, Пд Пскоўскай вобл. Расіі, а таксама ў некат. суседніх раёнах. Насельніцтва жыло пераважна па берагах азёр і невял. рэк у пабудовах з двухсхільным дахам. Займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, а таксама земляробствам і жывёлагадоўляй. Для культуры характэрны ляпны вастрадонны і пласкадонны посуд з дамешкамі раслінных рэшткаў і тоўчаных ракавін у гліняным цесце. Сценкі пасудзін штрыхаваныя, іх арнамент складаецца з паясоў насечак, адбіткаў грэбеня, розных наколак. Знойдзены прылады працы і зброя з рогу і косці (наканечнікі стрэл, кінжалы, праколкі, гарпуны, цёслы і інш.), каменныя сякеры, амулеты з зубоў, косці, бурштыну, творы першабытнага мастацтва (статуэткі людзей, звяроў і птушак і інш.). На позніх этапах існавання П.к. сустракаюцца медныя і бронзавыя вырабы. Культура сфарміравалася на аснове крывінскага варыянта нарвенскай культуры пры ўдзеле носьбітаў верхнедняпроўскай культуры і шнуравой керамікі культуры. На Беларусі найб. вядомыя помнікі: Крывіна-1, -2, -3 (гл. ў арт.Галоўск), Асавец (верхнія пласты) на памежжы Бешанковіцкага і Сенненскага р-наў Віцебскай вобл.
М.М.Чарняўскі.
Касцяныя скульптура і гарпун паўночнабеларускай культуры (в. Асавец Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАХВАЛА́ ВІ́ТАЎТУ», «Похвала о великом князи Витовте», «Сказание о великом князи Витовте»,
помнік бел. літаратуры 15 ст.; адзін з першых твораў бел. свецкай панегірычнай (гл.Панегірык) прозы. Напісана невядомым аўтарам ў канцы 1420-х г. у Смаленску. Вядома ў 4 рэдакцыях: 1-я (1428) — прыватны дзелавы запіс-пасляслоўе, змешчаны ў кнізе слоў Ісаака Сірына (што перапісана ў Смаленску); 2-я (летапісная, каля 1430) — асобны твор панегірычнага жанру, напісаны на аснове папярэдняй як своеасаблівае ідэйна-маст. завяршэнне 1-га бел.-літоўскага летапіснага зводу, захавалася ў асобных спісах Беларуска-літоўскага летапісу 1446; 3-я (новая, 1-я пал. 16 ст.) — аб’яднаны скарочаны тэкст летапіснай «П.В.» з уступнай часткай т.зв.Смаленскай хронікі, збераглася ў спісах кароткай (гл.Красінскага летапіс) і пашыранай (гл.Альшэўскі летапіс) рэдакцыях 2-га бел.-літ. летапіснага зводу — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»; 4-я (рус. скарочаная, 16 ст.) змешчана ў розныхгіст. зборніках, што бытавалі ў Расіі ў 16—18 ст. У творы ўслаўляецца вял.кн. Вітаўт як мудры і ўсемагутны валадар, гаспадар ВКЛ, які карыстаецца высокім міжнар. аўтарытэтам, ідэалагічна абгрунтоўваецца аб’яднаўчая палітыка князя на ўсх.-слав. землях. Напісана на падставе сапр.гіст. фактаў урачыста-ўзнёслым стылем з выкарыстаннем стараж.-рус.літ. традыцый, кніжных выразаў і зваротаў, без рытарычнай шматслоўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАГРА́ФІЯ (ад грэч. petros камень + ...графія),
навука аб горных пародах. У шырокім паняцці П. — тое, што петралогія, у вузкім — апісальная частка навукі пра горныя пароды (вывучэнне мінер. і хім. саставу, структуры і тэкстуры). Займаецца пытаннямі класіфікацыі і наменклатуры горных парод па розных прыкметах.
Як самастойная навука зарадзілася ў пач. 19 ст. (класіфікацыя горных парод франц. вучонага А.Браньяра, 1813) і інтэнсіўна развіваецца з сярэдзіны 19 ст. (даследаванні з дапамогай палярызацыйнага мікраскопа; англ. фізікі У.Нікаль і Г.К.Сорбі; 1849). З пашырэннем мікраскапічных даследаванняў з’явіліся класіфікацыі горных парод ням. геолагаў Ф.Цыркеля (1866) і К.Г.Розенбуша (1873), рас. петрографа Ф.Ю.Левінсона-Лесінга (1893). У 1-й пал. 20 ст. пачаты петрахім. і геахім. даследаванні (рас. вучоныя У.І.Вярнадскі, А.Я.Ферсман, А.М.Заварыцкі, амер. Ф.Кларк і інш.) У 1950—70-я г. створаны новы кірунак у П. — вучэнне аб магматычных і метамарфічных фармацыях (Ю.А.Кузняцоў і інш.). З даследаванняў амер. вучонага Р.Горансана (1937) пачаўся этап развіцця эксперыментальнай П. Тэхнічная П. даследуе састаў і ўласцівасці шлакаў, цэменту, керамікі, шкла, каменнага ліцця (рас. вучоны Дз.С.Бялянкін); П. буд. каменю — якасці буд. матэрыялаў. П. касм. аб’ектаў вывучае метэарыты, узоры парод з Месяца і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁРЛ-ХА́РБАР, Пірл-Харбар (Pearl Harbor),
галоўная ваенна-марская база (ВМБ) ЗША у бухце на паўд. беразе в-ва Ааху (Гавайскія астравы). У 1887 порт перададзены ЗША уладаром Гаваяў; пасля анексіі Гаваяў ЗША у 1898 ператвораны ў ваен. базу. У час 2-й сусв. вайны 1939—45 на П.-Х. размяшчаліся гал. сілы Ціхаакіянскага флоту ЗША. Раптоўным нападам на ВМБ 7.12.1941 без абвяшчэння вайны Японія пачала баявыя дзеянні на Ціхім акіяне (гл.Ціхаакіянскія кампаніі 1941—45). Самалёты з 6 яп. авіяносцаў 2 эшалонамі з розных напрамкаў на працягу 2 гадз нанеслі шэраг паслядоўных удараў па амер. караблях, аэрадромах і берагавых батарэях. У выніку ЗША страцілі 15 буйных караблёў (у т. л. патоплена і пашкоджана 8 лінкораў), шмат малых суднаў, 272 самалёты, 3400 чал. забітымі і параненымі. Страты японцаў склалі 29 самалётаў, 5 падводных лодак і 60 чал. Аднак гал. мэта нечаканага нападу — паралізаваць амер. флот — не была дасягнута. 8.12.1941 ЗША і Вялікабрытанія аб’явілі вайну Японіі. 2-я сусв. вайна ахапіла акваторыю Ціхага акіяна.
Літ.:
Что произошло в Пирл-Харборе: Док.: Пер. с англ.М., 1961;
Бунич И.Л. Второй Перл-Харбор;
Лорд У. День позора. СПб., 1999;
Медведь А. Удар по Жемчужной гавани // Крылья Родины. 1992. № 1.
Амерыканскія караблі пасля налёту японскай авіяцыі на Пёрл-Харбар. Снежань 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНЕТА́РЫЙ (ад новалац. planetarium),
апарат для мадэліравання і дэманстрацыі выгляду зорнага неба, узаемнага размяшчэння планет і руху іх вакол Сонца, руху штучных нябесных цел, паказу розныхастр. з’яў. Першы мех. П. пабудаваны ў 1712 у Англіі, з 1920-х г. пашыраны аптычныя П. Аснова П. — праекцыйны апарат.
П. устанаўліваюць у цэнтры круглага памяшкання з паўсферычным купалам-экранам (дыяметр самых вял. купалаў 25 м і болей). Відарысы зорак праецыруюцца 2 праектарамі ў выглядзе шароў (адзін для праецыравання Паўн. паўшар’я неба, другі — Паўднёвага). Відарысы інш. нябесных цел, асн. лініі нябеснай сферы, назвы ствараюцца дапаможнымі праектарамі і спец. прыладамі, размешчанымі паміж шарамі. Найб. сучасныя П. вырабляюцца ў Германіі, Японіі, ЗША. П. таксама наз.культ.-асв. ўстанова, дзе чытаюцца лекцыі па астраноміі з адпаведнымі дэманстрацыямі.
На Беларусі П. дзейнічаюць у Мінску ў парку імя Горкага (для ўсеагульнага карыстання) і пед. ун-це імя М.Танка (для навуч. мэт).
А.А.Шымбалёў.
Схема планетарыя: 1 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі зорнага неба; 2 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі назваў сузор’яў; 3 — праектары Млечнага Шляху; 4 — праекцыйныя механізмы Сонца, Месяца і планет; 5 — праектар зоркі Сірыус; 6 — прылада для дэманстравання сонечных і месяцавых зацьменняў; 7 — праектар нябеснага мерыдыяна; 8 — праектары нябеснага экватара і экліптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА НА ЖЫЦЦЁ,
адно з асноўных асабістых правоў чалавека, якое абараняецца міжнар. правам і канстытуцыямі большасці дэмакр. краін. Змест П. на ж. шматгранны і адрозніваецца ў розных дзяржавах. Там, дзе смяротная кара адменена (Аўстралія, Аўстрыя, ФРГ, Францыя і яшчэ больш як 40 дзяржаў), П. на ж. азначае, што ні адзін чалавек ні за якія дзеянні не можа быць пазбаўлены жыцця. У краінах, дзе існуюць розныя рэжымы захавання смяротнай кары(прымяненне смяротнай кары, выкарыстанне яе ў выключных выпадках, адмаўленне ад яе прымянення на практыцы), пад П. на ж. разумеецца, што ніхто не можа быць пазбаўлены жыцця без неабходнай прававой працэдуры. У шэрагу канстытуцый П. на ж. канкрэтызуецца пералікам пэўных злачынстваў, за якія можа быць устаноўлена законам смяротная кара, а таксама кола асоб, да якіх яна не можа прымяняцца (напр., жанчыны, непаўналетнія). Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, разам з абвяшчэннем П. на ж. робіць агаворку, што «смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда», і ўдакладняе, што да гэтай меры пакарання не могуць быць асуджаны асобы, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, жанчыны, а таксама мужчыны, якія дасягнулі на дзень вынясення прыгавору 65 гадоў.