разнавіднасць разрыўнога парушэння зямной кары. Уяўляе сабой працяглую на сотні і тысячы кіламетраў адносна вузкую (ад некалькіх сотняў метраў да дзесяткаў кіламетраў) і глыбокую зону рухомага сучлянення буйных блокаў, якое пранікае ў падысподнюю частку верхняй мантыі Зямлі.
Паводле сейсмічных паказчыкаў адрозніваюць разломы: звышглыбінныя (да 400—700 км), глыбокія (да 100—300 км) і ўласна зямной кары. Працягласць іх развіцця розная — да сотняў мільёнаў і больш за мільярд гадоў. Глыбінныя разломы адметныя радамі разнастайных расколін, зон крышэння, рассланцавання і дробнай прыразломнай складкавасцю. Маюць верт., гарыз. і нахіленыя асновы. Глыбінныя разломы падзяляюць зямную кару на асобныя буйныя блокі або глыбы, часта з’яўляюцца граніцамі асноўных тэктанічных элементаў літасферы. З глыбіннымі разломамі звязаны моцныя землетрасенні, павялічаныя цеплавыя патокі з зямных нетраў. Яны з’яўляюцца шляхамі пранікнення ў зямную кару магматычных руданосных і гідратэрмальных раствораў.
На Беларусі найб. выразныя глыбінныя разломы: Полацкі, Выжаўска-Мінскі, Стахоўска-Магілёўскі, Крычаўскі, Чачэрскі. Яны маюць вялікую працягласць і глыбіню, выцягнуты з ПдЗ на ПнУ, паралельныя адзін аднаму. Паміж імі размешчаны менш магутныя разломы зямной кары. У выніку тэр. разбіта на магутныя блокі, дзе верт. перамяшчэнне ўнутранай паверхні рухома-хвалевае. Характар паверхневых верт. зрухаў зямной паверхні вывучаецца з дапамогай геадэзічных назіранняў на геадынамічным палігоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫХ СЯЛЯ́Н РЭФО́РМА 1866—67,
сістэма мер царскага ўрада, накіраваных на ліквідацыю феад. залежнасці дзярж. сялян у Еўрап. Расіі. У рас. губернях, на Левабярэжнай і Паўд. Украіне праводзілася паводле закону ад 24.11.1866, у Беларусі, Правабярэжнай Украіне і Літве адпаведна закону ад 16.5.1867. Землеўладкаванне дзярж. сялян было арганізавана на тых жа пачатках, што і б. панскіх сялян у Беларусі, Правабярэжнай Украіне і Літве. Яны былі пераведзены на абавязковы выкуп і прылічаны да разраду «сялян-уласнікаў». За сялянамі замацоўвалі надзелы, што знаходзіліся ў іх пастаянным карыстанні. Сума штогадовых выкупных плацяжоў вызначалася велічынёй штогадовага аброчнага падатку, павялічанага на 10%. Тэрмін пагашэння выкупнога доўгу складаў 46 гадоў. Пазыкі ад казны б.дзярж. сяляне не атрымлівалі. Да зацвярджэння люстрацыйных актаў яны абавязаны былі па-ранейшаму плаціць аброчны падатак, а зямельныя надзелы заставаліся толькі ў іх карыстанні. У выніку рэформы надзельнае землеўладанне б.дзярж. сялян павялічылася ў 5 зах. губернях на 613 656 дзес. і перавышала надзелы былога прыватнаўласніцкага сялянства ў разліку на рэвізскую душу ў сярэднім на 24,5%, на двор — на 20,8%. Выкупныя плацяжы б.дзярж. сялян адпавядалі мясц. рыначным цэнам на зямлю і былі прыкметна ніжэйшыя, чым у б. панскіх сялян.
В.П.Панюціч.
Да арт.Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР. Сцэна са спектакля «Глыбокія карэнні» Дж.Гоу і А.Д’Юса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІТАЦЭНО́З (ад паразіты + цэноз),
гістарычна складзеная сукупнасць паразітычных арганізмаў (паразітаў) і інш. сімбіёнтаў, якія насяляюць расліны, жывёлы і чалавека. Відавы склад П. і колькасныя суадносіны яго мікрапапуляцый могуць вар’іраваць нават у аднаго віду гаспадара. У П. могуць уваходзіць вірусы, бактэрыі, грыбы, прасцейшыя, гельмінты і некат. членістаногія. Паняцце «П.» увёў Я.Н.Паўлоўскі (1937). На Беларусі даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны і інш.н.-д. установах.
Усе сучлены П. ўздзейнічаюць адзін на аднаго і на гаспадара. Узаемадзеянне паміж кампанентамі П. бывае непасрэднае (напр., прадуктамі выдзялення) і праз арганізм гаспадара (змена ўнутр. асяроддзя гаспадара або яго асобных органаў і інш.). Уздзеянне паразітычных арганізмаў — сучленаў П. — на гаспадара бывае сумарнае, калі яны не аказваюць значнага ўздзеяння адзін на аднаго (напр., аскарыды і паразітычныя нематоды на арганізм птушкі), сінергічнае, калі яны ўзаемна ўзмацняюць ўздзеянне на арганізм гаспадара, і антаганістычнае, калі ўздзеянне паразітаў адзін на аднаго зніжае іх шкоднасць для гаспадара. Даследаванні складаных узаемаадносін П. ці асобных яго кампанентаў з арганізмам гаспадара і інш. даюць магчымасць устанавіць сутнасць паразітарных і інфекц. хвароб, выбіраць метады іх лячэння і прафілактыкі. Вывучае П. паразітацэналогія. Гл. таксама Паразіталогія, Паразітызм.
Літ.:
Паразитоценология: Теоретич. и прикладные пробл. Киев, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕХІСТУ́Н (Behistun),
Бізітун, скала ў Іране паміж гарадамі Керманшах (цяпер Бахтаран) і Хамадан з клінапіснымі надпісамі і барэльефам, у якіх адлюстравана гісторыя перамог цара персаў Дарыя I і стварэння дзяржавы Ахеменідаў. Надпісы зроблены ў 516 да н.э. па загадзе Дарыя. Яны выкананы на З мовах (стараж.-персідскай, эламскай і вавілонскай), на барэльефе — выявы Дарыя, яго заступніка бога Ахурамазды і палонных ворагаў. Надпісы далі ключ для расшыфроўкі эламскага і вавілонскага клінапісаў.
А.В.Іоў.
Агульны выгляд скалы Бехістун і прамалёўка рэльефу на ёй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АД’ЕКТЫВА́ЦЫЯ (ад лац. adjectivum прыметнік),
пераход у прыметнікі словаформаў інш. часцін мовы. Часцей за ўсё пераходзяць дзеепрыметнікі, калі яны страчваюць працэсуальныя адзнакі і набываюць атрыбутыўныя прыкметы, што ўказваюць на ўласцівасць прадмета ці з’явы («квітнеючы край», «любімая кніга»), і зрэдку — парадкавыя лічэбнікі («першы снег»), абагульнена-якасныя займеннікі («У машыніста хлеб траякі — чорны, белы і ніякі», М.Лынькоў). Ад’ектывавацца могуць не ўсе дзеепрыметнікі, лічэбнікі і займеннікі, што звязана з асаблівасцямі іх семантыкі, марфемнага саставу, замацаванасцю ці незамацаванасцю спалучэння з назоўнікамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІЯ́ЦКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
буйныя комплексныя спарт. спаборніцтвы краін Азіі. Праводзяцца з 1951 раз у 4 гады (праз 2 гады пасля Алімпійскіх гульняў). Іх арганізацыю і правядзенне ажыццяўляе федэрацыя Азіяцкіх гульняў (засн. ў 1949), у якую ўваходзяць нац.алімп. к-ты азіяцкіх краін. У праграме Азіяцкіх гульняў абавязковыя віды спорту (лёгкая атлетыка, плаванне) і не менш як 8 інш. відаў, якія ўключаюцца Аргкамітэтам Азіяцкіх гульняў пры ўмове, што яны існуюць не меней, як у 6 краінах, 4 з якіх — удзельнікі чарговых гульняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АБ’ЯДНА́НЫЯ ІРЛА́НДЦЫ»
(United Irishmen),
ірландская паліт.арг-цыя ў 1791—98. Створана ў г. Белфаст Т.У.Тонам, Э.Фіцджэралдам, Т.Раселам і інш. з мэтай дасягнення свабоды каталіцкага веравызнання, правядзення (разам з пратэстантамі) парламенцкай рэформы. З 1794 ператварылася ў падп. рух за незалежнасць Ірландыі. Вяла перамовы з рэв. Францыяй аб ваен. дапамозе. Напярэдадні запланаванага на 1798 паўстання лідэры «Аб’яднаных ірландцаў» былі арыштаваны, што пазбавіла паўстанцаў цэнтралізаванага кіраўніцтва. Толькі ў графстве Уэксфард яны захапілі частку тэр., але не ўтрымалі яе. Паўстанне пацярпела крах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКАНО́ІДНАЯ РА́СА,
адгалінаванне вял. мангалоіднай расы, уключае карэннае насельніцтва Амерыкі — індзейцаў. Асн. прыкметы чалавека амерыканоіднай расы — прамыя чорныя валасы, цёмныя вочы, скура з бурым адценнем, вял. твар, вусы і барада растуць слаба. Сярод прадстаўнікоў амерыканоіднай расы адсутнічаюць рэзус-адмоўныя індывідуумы, амаль усе яны маюць 0 (І) групу крыві, што разам са слаба развітой мангольскай складкай павека і адносна буйным носам адрознівае амерыканоідаў ад мангалоідаў. Індзейцы складаюць значную частку сучаснага насельніцтва ў краінах Паўд. Амерыкі, у Паўн. Амерыцы іх засталося няшмат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАМЕ́ДА,
у грэчаскай міфалогіі дачка эфіопскага цара Кефея і Касіяпеі. Калі Пасейдон з нерэідамі наслалі на Эфіопію пачвару і навадненне, бацька прынёс Андрамеду ў ахвяру. Персей забіў пачвару, выратаваў Андрамеду і ажаніўся з ёю. Пасля яны ператварыліся ў сузор’і. Тэма выратавання Андрамеды адлюстравана ў л-ры (Лопэ дэ Вэга, Г.Сакс, П.Кальдэрон) і выяўл. мастацтве (малюнкі на ант. вазах, фрэскі ў Пампеі, палотны Тыцыяна, Рубенса, Рэмбранта і інш.).
Персей і Андрамеда. Фрэска з дома Дыяскураў у Пампеях. 65—70 н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧА-ТЭХНІ́ЧНАЕ НАВУЧА́ННЕ,
сістэма планамернай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, навучання сумяшчальным і новым прафесіям, павышэння кваліфікацыі рабочых і служачых на прадпрыемствах. Уключае таксама вытв. практыку навучэнцаў тэхнікумаў, прафес.-тэхн. вучылішчаў, студэнтаў ВНУ. Ажыццяўляецца шляхам курсавога і індывід. навучання. На 1996 у Беларусі дзейнічала каля 200 галіновых вучэбна-курсавых камбінатаў, у якіх ажыццяўлялася падрыхтоўка спецыялістаў больш чым па 400 прафесіях. За год яны рыхтавалі каля 150 тыс. рабочых, з іх каля 20 тыс. набывалі новыя прафесіі. Прадпрыемствы таксама ажыццяўляюць перакваліфікацыю незанятага насельніцтва.