КАНСО́РЦЫУМ (лац. consortium саўдзельніцтва, супольнасць),
часовае пагадненне паміж некалькімі банкамі або прамысл. прадпрыемствамі для сумеснага размяшчэння пазыкі ці ажыццяўлення буйнога прамысл. праекта. Удзельнікамі К. бываюць і прыватныя фірмы, і дзярж. ўстановы. Яны захоўваюць сваю самастойнасць, але падпарадкоўваюцца сумесна выбранаму кіраўніцтву ў той частцы дзейнасці, якая датычыцца мэт К. У міжнар. гандлі К. найчасцей ствараецца для сумеснай барацьбы за атрыманне заказаў і для іх сумеснага выканання. Каб павысіць сваю канкурэнтаздольнасць, фірмы і арг-цыі адной або некалькіх краін аб’ядноўваюцца ў міжнар. К.
т. 7, с. 592
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)