ГАСЦЮ́ХІН (Уладзімір Васілевіч) (н. 10.3.1946, г. Екацярынбург, Расія),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1996). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1970). Працаваў у Т-ры Савецкай Арміі. З 1981 акцёр Тэатра-студыі кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм». У кіно з 1970. Лепшыя работы вызначаюцца арганічнасцю, яркасцю індывід. характарыстык, глыбінёй спасціжэння характараў, дакладнасцю выразных сродкаў у стварэнні вонкавага малюнка ролі. Сярод роляў: Рыбак «Узыходжанне» (паводле аповесці В.Быкава «Сотнікаў»; прыз за лепшую мужчынскую ролю на Міжнар. кінафестывалі ў Сан-Рэма, Італія, 1982), Мяжэнін («Бераг»; Дзярж. прэмія СССР 1985), Сяргей («Урга — тэрыторыя кахання»). На кінастудыі «Беларусьфільм» зняўся ў фільмах: «Нас выбраў час» (Лазутнікаў; прэмія Ленінскага камсамола 1980; тэлевізійны), «Вазьму твой боль» (Іван Батрак; Дзярж. прэмія Беларусі 1982), «Наш браняпоезд» (Мікалай Кузняцоў), «Шляхціц Завальня» (гал. роля) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БЕЛЬ ((Hebbel) Крысціян Фрыдрых) (18.3.1813, Весельбурэн, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 13.12.1863),
нямецкі драматург, паэт і празаік. Вывучаў права, філасофію, л-ру ў Гайдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах (1836—39). У аснове яго драматургіі метафізічная канцэпцыя ўсеагульнай віны чалавека, які толькі пакутамі і ахвярнасцю, блізкімі да самазнішчэння, можа наблізіць выратаванне свету. Вядомасць Гебелю прынесла ўжо першая п’еса «Юдзіф» (1840). П’еса «Марыя Магдаліна» (1844) паклала пачатак сучаснай мяшчанскай трагедыі. Сярод лепшых яго твораў «Ірад і Марыямна» (1850), «Агнеса Бернаўэр» (1851), «Гіг і яго пярсцёнак» (1856), трылогія «Нібелунгі» (1862), дзе аўтар імкнуўся праз старажытнае і легендарнае спасцігнуць сучаснасць. Пісаў таксама вершы, навелы. Свае эстэт.-філас. погляды выклаў у працах «Маё слова пра драму» (1843), «Пра стыль драмы» (1847) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬЦЭР (Кацярына Васілеўна) (14.11.1876, Масква — 12.12.1962),
расійская балерына. Нар.арт. Расіі (1925). Дачка танцоўшчыка В.Ф.Гельцэра. Скончыла Маскоўскую балетную школу (1894). З 1894 і ў 1898—1935 салістка Вял.т-ра ў Маскве, у 1896—98 — Марыінскага т-ра. У Вял. т-ры асн. выканальніца ў балетах А.Горскага. Яркая прадстаўніца рус. школы класічнага танца, у сваім выкананні спалучала лёгкасць, віртуознасць, імклівасць з шырынёй і мяккасцю рухаў. Сярод партый: Саламбо («Саламбо» А.Арэндса), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Ліза («Марная засцярога» Л.Герольда), Медора («Карсар» А.Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.Гліэра). З 1910 гастраліравала за мяжой, у т. л. ў Рускіх сезонах у Парыжы. Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІХ (Яўген Міхайлавіч) (11.1.1922, Масква — 25.11.1985),
бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў студыю пры Свярдлоўскім т-ры оперы і балета (1937) і да 1941 артыст гэтага т-ра. У 1946—49 саліст Пермскага т-ра оперы і балета. У 1949—57 вядучы танцоўшчык Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, у 1952—69 выкладчык Бел. харэагр. вучылішча. Артыст лірыка-драм. плана, добра валодаў мастацтвам дуэтнага танца. Сярод партый на бел. сцэне: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Феб, Іванушка («Эсмеральда», «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.Гліэра). Стварыў вострахарактарны вобраз Князя («Палымяныя сэрцы» В.Залатарова).
рускі балетмайстар, артыст, педагог. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1915). Пасля заканчэння Пецярбургскага тэатр. вучылішча (педагогі П.Карсавін і М.Петыпа) у 1889—1900 у Марыінскім т-ры, з 1896 выкладаў у Пецярбургскім і Маскоўскім тэатр. вучылішчах. Выконваў класічныя і гратэскавыя партыі: Дэзірэ («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Сатыр, Арлекін («Поры года», «Выпрабаванне Даміса» А.Глазунова) і інш. У 1902—24 балетмайстар Вял.т-ра ў Маскве. Рэфарматар балетнага т-ра, у спектаклях імкнуўся пераадолець умоўнасці акад. балета 19 ст., дамагаўся гіст. праўды, стылявога адзінства: «Дачка Гудулы» А.Сімона (1902), «Саламбо» А.Арэндса (1910), «5-я сімфонія» на муз. Глазунова (1916) і інш.Сярод вучняў: Т.Карсавіна, А.Месерэр, М.Габовіч.
Літ.:
Бахрушин Ю. А.А.Горский. М.; Л., 1946;
Суриц Е.Я. Хореографическое искусство двадцатых годов. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЦАВА (Ларыса Мікалаеўна) (н. 15.9.1942, в. Луцыкоўка Сумскай вобл., Украіна),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1963). Працуе ў Тэатры юнага гледача Беларусі. Выконвае разнапланавыя ролі — драматычныя, характарныя, адметныя пластычнасцю, музыкальнасцю. Сярод лепшых: Марынка («Цудоўная дудка» В.Вольскага), Марына («Экзамен на восень» І.Шамякіна), Аліна («Сіні снег» Я.Шабана), Наташа («У спадчыну — жыццё» А.Петрашкевіча і «Горад на Світанні» А.Арбузава), Цётка («Далучэнне» А.Вольскага), Пампея («Зялёная птушка» паводле К.Гоцы), Марыя («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Маша («Чайка» А.Чэхава), Мар’яша («Пойдзем у кіно?» А.Алексіна), Кэт («Стваральніца цуду», У.Гібсана), Кошка («Кошчын дом» паводле С.Маршака), Аніта («Вестсайдская гісторыя» паводле А.Лоўрэнс). Знялася ў тэлефільмах «Апошняя ноч Элаізы» (Цётка), «Водар папараці» (выканала 4 ролі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ФЫ,
група буйных птушак атр. драпежных. Каля 20 відаў. Падзяляюць на грыфы сапраўдных (14 відаў у бязлесных гарах і перадгор’ях Афрыкі, Паўд. Еўропы і Азіі) і грыфы амерыканскіх, пашыраных ва ўсіх прыродных зонах Паўн. Амерыкі. Найб. вядомыя грыфы сапраўдныя: чорны (Aegypius monachus), сцярвятнік, сіп белагаловы (гл.Сіпы), барадач; сярод грыфаў амерыканскіх: каралеўскі (Sarcoramphus papa), кондар (Vultur gryphus), кондар каліфарнійскі (Gymnogyps californianus; занесены ў Чырв. кнігу МСАП). На Беларусі выпадкова залётны від грыф чорны.
Даўж. каля 1 м, размах крылаў да 3 м. Галава і шыя голыя або ўкрытыя пухам. Крылы шырокія, доўгія, прыстасаваныя да працяглага лунаючага палёту. Лапы масіўныя, пальцы тоўстыя. Нясуць 1 яйцо. Жывяцца пераважна мярцвячынай. Карысныя як прыродныя санітары. Колькасць рэзка скарачаецца (асабліва ў Еўропе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБАЙДУ́ЛІНА (Соф’я Асгатаўна) (н. 24.10.1931, г. Чыстапаль, Татарстан),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1990). Скончыла Казанскую (1954) і Маскоўскую (1959) кансерваторыі. Вучаніца М.Пяйко і В.Шабаліна (кампазіцыя). У творчасці, якая сінтэзуе муз. традыцыі Захаду і Усходу, выкарыстоўвае сучасныя сродкі муз. выразнасці, у т. л. тэмбравай (нетрадыцыйныя інстр. склады).
Сярод твораў: балет «Бягучая па хвалях» паводле А.Грына (1963), кантаты «Ноч у Мемфісе» (1968), «Рубаят» (1969), «Perception» (1983), «Прысвячэнне Марыне Цвятаевай» (1984), «Алілуя» (1990); 1-часткавыя творы для вял.сімф. аркестра «Час душы» (з мецца-сапрана, 1976), «Offertorium» (1980); сімфонія «Чую... Змоўкла...» (1986); канцэрты для саліруючых інструментаў з камерна-інстр. складамі; камерна-інстр. творы для нетрадыцыйных складаў; сольныя інстр. творы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. З пач. 1990-х г. жыве ў Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́БСКАЯ (Надзея Аляксандраўна) (н. 3.2.1947, в. Стары Каўрай Чаркаскай вобл., Украіна),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1975). У 1966—77 працавала на Украіне і ў Расіі. З 1977 салістка Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам вял. напаўнення, багатай і высакароднай тэмбравай афарбоўкі. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Яраслава («Князь Ігар» А.Барадзіна), Графіня, Паміна («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Аіда, Леанора, Лізавета, Амелія («Аіда», «Трубадур», «Дон Карлас», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Чыо-Чыо-сан, Тоска ў аднайм. операх Дж.Пучыні, Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І.Глінкі (1973).
грузінскі жывапісец і графік. Нар. мастак Грузіі (1957) і СССР (1972). Герой Сац. Працы (1976). Вучыўся ў Школе жывапісу і скульптуры (Тбілісі, 1910—14). У 1919—26 жыў у Парыжы, наведваў Акадэмію Ронсана. Зазнаў уплыў сярэдневяковага груз. мастацтва і заходнееўрап. плыней 1920-х г. У 1926—32 праф. Тбіліскай АМ. Яго творы насычаны фальклорнымі матывамі, міфалагічнымі і фантаст. вобразамі (алегарычныя і сатыр. карціны, сцэны з жыцця тыфліскай багемы, партрэты, кніжныя іл., тэатр. дэкарацыі). Сярод іх жывапісныя карціны «Рыба Цоцхалі» (1920), «Ніко Пірасмані» (1946), іл. да зб. «Грузінскія народныя песні» Г.Чхіквадзе (1946), да кн. «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі (2-е выд. 1976) і інш.Дзярж. прэмія Ш.Руставелі 1965.