БРА́ЖНІК (Леанід Фёдаравіч) (17.4.1917, в. Маскаленкі Белапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.4.1992),

бел. спявак (бас). Нар. арт. Беларусі (1959). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (1955). У 1952—66 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1964 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Дасканала валодаў вак. тэхнікай, майстэрствам пераўвасаблення; яму былі ўласцівыя натуральнасць сцэн. паводзін, завершанасць пластычнага малюнка роляў. Шмат спяваў у нац. операх: Даніла, Анішчук («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Дураў («Надзея Дурава» А.​Багатырова), Гадлеўскі («Яснае світанне» А.​Туранкова), Якуб («Марынка» Р.​Пукста). Сярод партый класічнага рэпертуару: Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Пімен, Варлаам («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Выступаў як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).

Л.Ф.Бражнік.
Л.Бражнік у ролі Грэміна.

т. 3, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)