ДУБРО́ЎКА (Potentilla),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Больш за 300 відаў. Пашырана пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі больш за 20 дзікарослых і 3 інтрадукаваныя віды. Найб. вядомыя Д. гусіная, або гусіная лапка (P. anserina), прамастойная, або калган (P. erecta), серабрыстая (P. argentea), нарвежская (P. norvegica), паўзучая (P. reptans), радзей трапляюцца Д. белая (P. alba), прамая (P. recta), пясчаная (P. arenaria); Д. скальная (P. rupestris) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі. Растуць на сухіх сонечных мясцінах, у лясах, на балотах, каля жылля, як пустазелле. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны Д. цёмна-крывава-чырвоная (P. atrosanguinea), пурпуровая (P. purpurea) і непальская (P. nepalensis).

Шмат-, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны, паўкусты і паўкусцікі. Сцяблы прамастойныя, прыўзнятыя або сцелюцца. Лісце пальчата- або перыста-складанае. Кветкі жоўтыя або пурпуровыя, з 5—4 пялёсткамі, адзіночныя або ў шчыткападобнамяцёлчатых суквеццях. Плод — шматарэшак. Лек., меданосныя, дубільныя, фарбавальныя, харч. і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 6, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЫНА́МА»,

беларускае фізкультурна-спарт. т-ва. Аб’ядноўвае супрацоўнікаў і ваеннаслужачых Мін-ва ўнутр. спраў, Камітэта дзярж. бяспекі, мытні, пагран., унутр. войск, навуч. устаноў. Арганізавана ў 1923. Культывуецца 20 алімп. відаў спорту. Мае калектывы «Юны дынамавец», «Юны сябра міліцыі», «Юны сябра пажарных», падлеткавыя клубы. Падрыхтаваны 61 засл. майстар спорту, 280 майстроў спорту міжнар. класа, 2312 майстроў спорту. Выхаванцы «Д.» заваявалі 57 алімп. медалёў, з іх 22 залатыя, і 891 медаль на Кубках, чэмпіянатах, першынствах свету і Еўропы. Найб. вядомыя выхаванцы: Т.​Самусенка, А.​Бялова, А.​Раманькоў (фехтаванне), У.​Парфяновіч, В.​Рэнейскі, У.​Раманоўскі, А.​Масяйкоў (веславанне), Л.​Петрык (спарт. гімнастыка), М.​Лобач (маст. гімнастыка), В.​Яноўскі (бокс), І.​Шылава, К.​Лукашык (кулявая стральба), А.​Партноў (скачкі ў ваду), А.​Папоў (біятлон) і інш. Званне «Заслужаны трэнер» маюць 246 чал. Спарт. базы: стадыён «Дынама», комплекс з лёгкаатлетычным манежам, спецыялізаваныя спартзалы і аднаўленчыя цэнтры ў Мінску, Гомелі, Брэсце, базы ў Стайках і Раўбічах.

Дз.​А.​Ашмянскі.

т. 6, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАТУ́РЫІ, марскія агуркі,

марскія скарбонкі (Holothurioidea),

клас марскіх беспазваночных тыпу ігласкурых. 5 атр., каля 1100 сучасных відаў пашыраны ў морах і акіянах, пераважна на дне. Найб. вядомыя трэпанг далёкаўсходні (Stichopus japonicus), кукумарыя, або марскі агурок японскі (Cucumaria japonica), марскі агурок выцягнуты (Trachythyone elongata), марская курачка (Psolus phantapus). Выкапнёвыя шкілетныя пласцінкі вядомы з дэвону, на Беларусі зрэдку трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах Прыпяцкай упадзіны.

Даўж. бочачкападобнага або чэрвепадобнага цела ад некалькіх мм да 2 м, у многіх з вонкавымі прыдаткамі (шчупальцы, ножкі, папілы, парус і інш.). Цела ўкрыта мяккай скурай, якая ўтрымлівае мікраскапічныя шкілетныя вапняковыя пласцінкі (спікулы). Рот на пярэднім канцы цела, акружаны венчыкам шчупальцаў. Многія здольныя да аўтатаміі задняй ч. цела з наступнай рэгенерацыяй. Палавыя прадукты выводзяцца ў ваду, дзе яйцы апладняюцца і развіваюцца. Лічынка плавае. Некаторыя галатурыі выношваюць малявак. Аб’екты промыслу і аквакультуры (пераважна трэпанг).

Галатурыі: 1 — марскі агурок выцягнуты; 2 — марская курачка; 3 — кукумарыя, або марскі агурок японскі; 4 — трэпанг далёка-ўсходні.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРТЭ́НЗІЯ, гідрангія (Hydrangea),

род кветкавых раслін сям. гартэнзіевых. 35 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Гімалаях, Амерыцы. На Беларусі ў культуры адкрытага грунту 3 віды: гартэнзія дрэвападобная (H. arborescens; яе стэрыльная садовая форма — f. sterilis вызначаецца пышным і працяглым цвіценнем), гартэнзія мяцёлчатая (H. paniculata) і рознашарсцістая (H. heteromala); у бат. садах і парках трапляецца таксама гартэнзія попельная (H. cinerea); у пакаёвай культуры вырошчваюць гартэнзію буйналістую, або садовую (H. macrophylla).

Кусты, невял. дрэвы выш. 3—10 м, ліяны даўж. да 25 м. Лісце яйцападобнае або эліпсоіднае, даўж. 5—10 см, на чаранках, зубчастае або пілаватае. Кветкі двухполыя, звычайна белыя, зеленавата-, ружова- ці блакітна-белыя (у садовых і пакаёвых формах бываюць блакітныя, малінавыя, ружовыя) у буйных шчыткападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца для адзіночных і групавых пасадак на газонах, пры афармленні ўзлескаў, у стварэнні кампазіцый. Вільгацялюбныя расліны. Абмярзаюць у паўн. раёнах інтрадукцыі. Размнажаюць насеннем, садовыя формы — адводкамі, зялёнымі чаранкамі, атожылкамі, дзяленнем куста.

Гартэнзія мяцёлчатая.

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСФЕ́РА (ад гідра... + сфера),

сукупнасць вод зямнога шара; перарывістая водная абалонка Зямлі, якая ўключае хімічна не звязаную вадкую, цвёрдую і газападобную ваду. Ахоплівае воды Сусв. ак., сушы, атмасферы, літасферы і біясферы. Паводле даных 1994 аб’ём вады ў гідрасферы 1386 млн. км³, з іх 1338 млн. км³ (96,5%) у акіянах і морах, 24,1 млн. км³ (1,7%) у ледавіках і снежніках, 23,4 млн. км³ (1,7%) у падземных водах, 0,21 млн. км³ (0,015%) у паверхневых водах сушы (азёры, рэкі, балоты, глебавыя воды), каля 0,013 млн. км³ у атмасферы і каля 0,001 млн. км³ у жывых арганізмах. Гідрасфера — крыніца водных і гідраэнергетычных рэсурсаў планеты. Прэсныя воды гідрасферы — асн. крыніца водазабеспячэння, арашэння і абваднення, складаюць 35 млн. км³ (2,5% яе аб’ёму). Воды гідрасферы знаходзяцца ў пастаянным узаемадзеянні з атмасферай, зямной карой і біясферай; узаемадзеянні і пераход адных відаў вады ў іншыя адбываюцца ў працэсе кругавароту вады. Мяркуецца, што ў гідрасферы зарадзілася жыццё на Зямлі.

В.​В.​Дрозд.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНОЙ,

1) у сельскай гаспадарцы арганічнае ўгнаенне з цвёрдых і вадкіх выдзяленняў жывёл з подсцілам або без яго. Мае азот, фосфар, калій, мікраэлементы, якія павышаюць біял. актыўнасць глебы. Выкарыстоўваюць гной цвёрды (на саламяным і тарфяным подсціле), паўвадкі і вадкі. Асабліва эфектыўны на дзярнова-падзолістых пясчаных і супясчаных глебах, дзе з’яўляецца крыніцай пажыўных рэчываў і меліяравальным сродкам, паляпшае аграхім. і фіз. ўласцівасці глеб на некалькі гадоў.

Хім. састаў і ўласцівасці гною залежаць ад віду жывёл, якасці кармоў і подсцілу, спосабаў яго прыгатавання і захоўвання. У сярэднім ад спажываных кармоў у гной пераходзяць каля 40% арган. рэчыва, 50—70% азоту, 80% фосфару, да 90% калію. Конскі і авечы гной мае больш пажыўных рэчываў, чым свіны і буйн. раг. жывёлы. Гной зберагаюць у гнаясховішчах. Выкарыстоўваюць ў чыстым выглядзе, як тарфагнойныя кампосты разам з мінер. ўгнаеннямі.

2) У медыцыне адзін з відаў запаленчага выпату (эксудату), непрыемная на пах густая вадкасць жоўтага або шэрага колеру, якая ўтвараецца ў тканках арганізма пры іх запаленні.

т. 5, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ТА (Secaled),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. злакаў. 6—8 відаў. Вырошчваюць (з 1—2-га тыс. да н.э.) пераважна ў краінах Паўн. паўшар’я Ж. пасяўное (S. cereale) — азімыя і яравыя формы. На Беларусі Ж. азімае — адна з найважнейшых збожжавых і кармавых прамежкавых культур.

Ж. пасяўное — аднагадовая расліна выш. 60—180 см. Каранёвая сістэма валасніковістая, магутная. Сцябло — саломіна, лісце лінейна-ланцэтнае. Каласы шчыльныя, двухрадковыя, пры выспяванні шэра- або светла-жоўтыя. Каласкі двухкветныя, каласковыя лускавінкі завостраныя, з кароткім асцюком. Зярняўкі маршчакаватыя, з глыбокай баразёнкай і невял. чубком. Зерне мае 9—13% бялкоў, 55—70 крухмалу, 1—2% тлушчу, вітаміны B1, B2, PP. Самая марозаўстойлівая культура сярод азімых злакаў, пераносіць кароткатэрміновыя маразы да -20 °C (на глыб. вузла кушчэння). Перыяд актыўнай вегетацыі 140—170 сутак. Раянаваныя сарты бел. селекцыі: тэтраплоідныя — Пухаўчанка, Верасень, Ігуменская; дыплоідныя — Радзіма, Калінка.

Літ.:

Мухін М.​Дз. Азімае жыта. Мн., 1969;

Кобылянский В.Д. Рожь. М., 1982.

Жыта пасяўное.

т. 6, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНЕ́Ц,

біялагічны заказнік на Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1996. Пл. 10 460 га. Створаны з мэтай захавання эталонных участкаў балотна-лугавых і лясных угоддзяў, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму Дняпроўска-Бугскага балотна-карбанатна-саланчаковага комплексу. Расліннасць з бярозавага драбналесся з невял. лугамі; трыснягова-асакова-гіпнавае балота з бярозай пушыстай, вярбой попельнай і размарыналістай. На пагорках дрэвастоі з дуба, асіны, вольхі чорнай, граба, клёна, ліпы, ясеня, а таксама кустовыя віды: арэшнік, брызгліна бародаўчатая, жасцёр слабільны, каліна, крушына ломкая, свідзіна і інш. Фауна прадстаўлена млекакормячымі: андатра, бабёр, барсук, воўк, выдра, заяц-русак, дзік, казуля. ліс, лось, норка амер. сабака янотападобны, арнітафауна — відамі адкрытых прастораў, ляснымі, каляводнымі, балотнымі, сінантропнымі: крыжанкі, кулікі, луні лугавыя і камышовыя, пастушковыя, цецерукі, чыркі; з паўзуноў — чарапаха балотная; у энтамакомплексе 40 відаў матылёў. Занесеныя ў Чырв. кнігу: расліны — венерын чаравічак, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны, жывёлы — аўсянка садовая, варакушка, журавель шэры, кулон вялікі, пустальга звычайная, сава балотная, саракуш шэры.

П.​Д.​Лабанок.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМА́,

пара года, кліматычны сезон паміж восенню і вясной. У астраноміі — перыяд ад дня зімовага сонцастаяння да веснавога раўнадзенства (з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўн. паўшар’і, з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўднёвым). Паводле календара зімовыя месяцы ў Паўн. паўшар’і снежань, студзень, люты, у Паўд.чэрв., ліп., жнівень. На тэр. Беларусі пачаткам З. як клімат. сезона лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок паніжэння, за канец — праз 0 °C у бок павышэння. На ПнУ З. пачынаецца ў 2-й дэкадзе ліст., на ПдЗ у канцы ліст., заканчваецца адпаведна ў канцы сак., у 2-й дэкадзе сакавіка. Устойлівае снегавое покрыва ўстанаўліваецца на працягу снеж. і трымаецца ад 75 на ПдЗ да 125 дзён на ПнУ. На тэр. Беларусі З. вызначаецца адмоўным радыяцыйным балансам, узмоцненай атмасфернай цыркуляцыяй, пахмурным надвор’ем, туманамі, мяцеліцамі, частай зменай марозных і адлігавых перыядаў, спыненнем вегетацыі раслін, спячкай або анабіёзам у многіх відаў жывёл.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МПУЛЬСНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ від мадуляцыі ваганняў, у выніку якой нясучыя ваганні (гарманічныя ці паслядоўнасць імпульсаў) набываюць выгляд кароткачасовых радыёімпульсаў або паслядоўнасці відэаімпульсаў (гл. Відэасігнал, Імпульс электрычны). Ажыццяўляецца з дапамогай імпульсных мадулятараў. Выкарыстоўваецца ў аптычнай, гідра- і радыёлакацыі, аптычнай сувязі, радыёсувязі, тэлеметрыі, тэлекіраванні і інш.

Пры І.м. перададзены сігнал можа змяняць розныя параметры зыходнай паслядоўнасці імпульсаў: амплітуду (амплітудна-імпульсная мадуляцыя), зрушэнне імпульсаў у часе без змены іх працягласці (фазава-імпульсная), працягласць імпульсаў (шыротна-імпульсная). Пры імпульсна-кодавай мадуляцыі розным відам перададзенага сігналу адпавядаюць розныя кодавыя групы імпульсаў. У гідра- і радыёлакацыйных прыладах выпрамяняюцца пакеты (акустычныя ці радыёімпульсы) высокачастотных ваганняў канечнай працягласці з агінальнай, якая мае форму відэаімпульсу. Магчыма камбінаванае выкарыстанне І.м. розных відаў.

Літ.:

Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992;

Баскаков С.И. Радиотехнические цепи и сигналы. 2 изд. М., 1988.

В.​І.​Вараб’ёў.

Да арт. Імпульсная мадуляцыя: а — зыходны перадавальны сігнал; б — нясучыя імпульсныя відэаваганні; в — відэасігнал з амплітудна-імпульснай мадуляцыяй; г — гарманічныя нясучыя ваганні; д — радыёімпульсы з амплітудна-імпульснай мадуляцыяй.

т. 7, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)