КІНАЗДЫ́МКА,

бесперапыннае фатаграфаванне на кінаплёнку шэрагу паслядоўных кадраў, якія адлюстроўваюць фазы руху аб’екта ці змены яго стану; этап стварэння кінафільма. Выконваецца з дапамогай кіназдымачнага апарата.

Бывае К. сінхронная (робіцца адначасова з гуказапісам) і нямая (без гуказапісу, з наступным агучваннем ці пад папярэдне запісаную фанаграму). Адрозніваюць К. пакадравую, запаволеную (менш як 24 кадры за секунду), нармальную (24—25), паскораную (да 120—150), скарасную (750—10 000) і высокаскарасную (больш за 10 000). Да спец. відаў К. адносяць падводную, камбінаваную, мікра-, рэнтгена-, стэрэакіназдымку, здымку ў інфрачырвоных і ультрафіялетавых прамянях. Паводле пазіцыі кіназдымачнай камеры адрозніваюць К. статычную, дынамічную і панарамную, паводле месца выканання — натурную і павільённую (гл. Кінастудыя).

т. 8, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)